Калектыўны Захад на чале з ЗША плануе напад на Беларусь

Калектыўны Захад на чале з ЗША плануе напад на Беларусь

ЗБС | Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў

16 верасня Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь выдала новае «Палажэнне аб установе вышэйшай адукацыі», дзе з сямі асноўных задач вышэйшых навучальных устаноў тры прысвечаныя ідэалагічнаму выхаванню студэнтаў:

  1. арганізацыя ідэалагічнай і выхаваўчай працы;
  2. рэалізацыя дзяржаўнай моладзевай палітыкі;
  3. грамадзянскае, патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне.

У дадатак, адной з асноўных функцый ВНУ цяпер з’яўляецца «фармаванне ў навучэнцаў грамадзянскасці, патрыятызма і нацыянальнай самасвядомасці на грунце дзяржаўнай ідэалогіі, духоўна-маральных каштоўнасцей, авалодання каштоўнасцямі і навыкамі здаровага лада жыцця».

Пасля змяненняў у Палажэнні па беларускіх ВНУ пракацілася хваля прапаганды. Замест заняткаў па спецыяльнасці, студэнтаў_к адсылалі на сустрэчы з прапагандыстамі, ваеннымі камісарамі, палітолагамі і пракурорамі, дзе гучалі апраўданні напада Расеі на Ўкраіну, маніпуляванні гісторыяй, аповеды пра «пагрозу тэрытарыяльнай цэласці Беларусі, якая паступае ад усяго калектыўнага Захада на чале з ЗША».

Што адбываецца ў сценах універсітэтаў

У БрДТУ з лекцыяй прыехаў Грыгорый Азаронак — беларускі прапагандыст, які выступае ў падтрымку самаабвешчанага прэзідэнта. Выказаўшыся пра пратэсты 2020 года і вайну ва Ўкраіне ў самай разбэшчанай форме, ён не забыўся падмацаваць сваё меркаванне гістарычнымі фактамі, перакруціўшы іх на сваю патрэбу. Цягам дзвюх гадзін студэнтам_кам расказвалі пра тое, як ва Ўкраіне квітнее нацызм, а палякі мараць заняволіць беларусаў_к. 

У БДУІРы і МДЛУ прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя «актуальным пытанням ваенна-палітычнага становішча». Прадстаўнікі Міністэрства абароны суправадзілі выступ прэзентацыяй, якая адлюстроўвае нейкую вайсковую актыўнасць у прымежных з Беларуссю раёнах і намнажэнне прысутнасці НАТА ў Еўропе. Прэзентацыя павінна была пераканаць студэнтаў у «неабходнасці спецыяльнай ваеннай аперацыі», якая, па сцвярджэнню прамоўцаў, апроч мэтавых «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі Ўкраіны», яшчэ і ахоўвае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласць Беларусі. 

Пазней тыя ж выступоўцы прыехалі з гэтай прэзентацыяй і ў БрДТУ.

У БНТУ студэнтаў_к сагналі на кінапаказ стужкі «Актуальныя пытанні абароны праў асобы і грамадства…», але замест сапраўды актуальных пытанняў пра правы рэпрэсаваных студэнтаў_к і выкладнікаў_цаў выступоўцы адзін за адным абмяркоўвалі прычыны і неабходнасць узбуджэння крымінальнай справы праз «генацыд насельніцтва Беларусі ў годы Вялікай Айчыннай вайны».

Што з гэтымі мерапрыемствамі не так з пункту гледжання закона?

Любая прапаганда ў навучальных установах не проста этычна недапушчальная — яна парушае Артыкул 123 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусі «Распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй ці заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць іншай (прапаганда вайны)» і павінна карацца штрафам ці пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Болей таго, прапаганда, накіраваная на «Ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або разладу па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або іншай сацыяльнай прыналежнасці», парушае Артыкул 130 Крымінальнага Кодэкса і можа прывесці да абмежавання свабоды або пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

У гэты ж час беларусы, якія з першых дзён поўнамаштабнай вайны выступаюць супраць расейскага ўварвання і імкнуцца дапамагчы Ўкраіне, атрымліваюць вялікія тэрміны за сваё сумленне. Прыклад — справа студэнткі Дануты Перадня, якую асудзілі на 6,5 гадоў калоніі і ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў» за перапост тэкста з крытыкай дзеянняў Пуціна і Лукашэнкі.

Навошта гэта робіцца? Гістарычны досвед

Навіны пра такія «лекцыі» ў беларускіх ВНУ — сапраўдны знак бяды. Прапаганда ва ўніверсітэтах прысутнічала і раней, але зазвычай у форме абавязковых для ўсіх спецыяльнасцяў прадметаў кшталту «Гісторыі Беларусі», «Паліталогіі» (апроч выпадкаў, калі выкладнікі_цы сумленна выконвалі сваю працу). У гэтым годзе да спіса дадалі «Гісторыю беларускай дзяржаўнасці» і «Сучасную палітэканомію», на занятках па якіх параўноўваюць прэзідэнства Лукашэнкі з манархічнымі ўладамі і распавядаюць пра поспехі беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Цяпер беларускія ўлады не прыкрываюцца і дасылаюць прапагандыстаў распаўсюджваць погляды і аргументы са скажонай ці свядома непраўдзівай інфармацыяй. Такая індактрынацыя — выкладанне ідэй без мажлівасці для крытычнага ўспрымання —  накіравана на сфармаванне ў грамадства патрэбных дзяржаве меркаванняў, якія людзі лічаць суб’ектыўнымі, але гэта, вядома, не так. Наяўны гістарычны вынік такой методы — выпускнікі_цы савецкіх устаноў адукацыі з кансерватыўным поглядам на ўсе галіны жыцця. Катэгарычны супраціў старэйшых пакаленняў сучасным тэхналогіям, непрыняцце ЛГБТКІА+ людзей і адмаўленне існавання ўразлівых груп людзей — не праявы суб’ектыўнага стаўлення, а яго адсутнасць, бо замест «разумення» вучылі «ведаць», а ўсё астатняе — ўспрымаць варожым.

Але такія выказванні і рыторыка выкарыстоўваліся не толькі ў СССР. Падобныя метады прапаганды, апісанні яе прыцягнення ў паўсядзённае жыццё і навучальны працэс можна сустрэць у дакументальнай літаратуры, дзённіках і лістах, якія распавядаюць пра Трэці Рэйх. На працягу некалькіх гадоў Другой сусветнай вайны гітлераўская прапаганда з дапамогай радыё, газет і плакатаў пашырала сярод грамадства думку, што Германія імкнецца да міру, а ўварванне ў іншыя краіны было змушанай мерай дзеля абароны іх волі і незалежнасці.

«Берлін. 4 кастрычніка 1939 года. Заўтрашні ранішні выпуск газеты “Volkische Beobachter”, асабістага гітлераўскага рупара мілітарызму, ледзь не прынесены голубам міру. Вось яго запальныя загалоўкі: “ІМКНЕННЕ ГЕРМАНІІ ДА МІРУ”, “АДСУТНАСЦЬ ВАЙСКОВЫХ ПЛАНАЎ СУПРАЦЬ ФРАНЦЫІ І АНГЛІІ», “НІЯКІХ ПАТРАБАВАННЯЎ ПЕРАГЛЯДУ МЕЖАЎ, АПРОЧ МЕЖАЎ КАЛОНІЙ”, “СКАРАЧЭННЕ ЎЗБРАЕННЯЎ”, “СУПРАЦА З УСІМІ КРАІНАМІ ЕЎРОПЫ”, “ПРАПАНОВЫ ПА МІРНАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ”».  / Уільям Шырэр «Берлінскі дзённік»
«”Але вы напалі на Польшчу, і сёй-той мяркуе, што праз гэта пачалася вайна”, — уставіў я… “…дакументы, апублікаваныя нашым міністэрствам замежных спраў, — працягваў ён, — не пакідаюць і цені сумневу ў тым, што вайну пачалі Брытанія і Францыя, і яны сапраўды рыхтавалі яе больш за год”».  / Уільям Шырэр «Берлінскі дзённік»
«Берлін. 9 красавіка 1940 года. Досвіткам узброеныя сілы нацыстаў уварваліся ў дзве нейтральныя краіны — Данію і Нарвегію, для таго, каб, як крывадушна гаворыцца ў афіцыйнай заяве, “абараніць іх волю і незалежнасць”».  / Уільям Шырэр «Берлінскі дзённік»

Каб з’яднаць немцаў у адну грамаду, трэба было сфармаваць новае пакаленне, адданае Гітлеру і яго партыі. Для ажыццяўлення гэтага ідэалагічнага і палітычнага задання былі выпрацаваныя рэформы ў сістэме адукацыі. У выніку гэтых рэформаў усе навучальныя ўстановы пазбыліся сваёй самастойнасці. Калі раней рэктары і дэканы абіраліся калегамі-прафесарамі, то цяпер толькі міністр навукі і адукацыі меў права прызначаць іх. Апроч таго, ён прызначаў кіраўнікоў саюза студэнтаў і саюза выкладнікаў універсітэтаў, куды павінны былі ўваходзіць усе выкладнікі. Прызначэнцы сталі строга кантраляваць адбор выкладнікаў і сам працэс навучання. У нямецкіх універсітэтах ствараліся «камітэты па змаганню з негерманскім духам». Іх мэтай было пазбавіцца непажаданых прафесараў, «ачысціць» бібліятэкі ад антыпатрыятычных твораў.

Партыя карэнным чынам змяніла традыцыйную канцэпцыю нямецкай адукацыі, на чале якой стаяла развіццё асобы. Сістэма адукацыі была распрацавана, каб ідэалагічна падрыхтаваць пакаленне нямецкай моладзі для службы дзяржаве ў ваенны час.

«Лектарам “левых” перакананняў, не арыйскага паходжання, а таксама кабетам было забаронена выкладаць у ВНУ». / Уільям Шырэр «Узлёт і падзенне Трэцяга рэйха»
 «З германскіх ВНУ паўсюдна выганяліся “ненадзейныя элементы”, якія лічыліся недастаткова нацыяналістычна наладжанымі, а іншадумцаў усяляк тэрарызавалі.» / Роберт Юнг «Ярчэй за тысячу сонцаў» 

 Усё гэтае ж адбываецца ў сучаснай Беларусі на працягу 28 гадоў. Лаяльная адміністрацыя ўніверсітэтаў прызначаецца Лукашэнкам, выкладнікі_цы падпадаюць пад рэпрэсіі і звальняюцца, ствараюцца спісы «ненадзейных» супрацоўнікаў_ц і забароненых пісьменнікаў_ц, прапагандысты размаўляюць фразамі з германскіх ваенных газетаў і ўлётак, і ў апошні час такія падзеі толькі набіраюць тэмп. Вядома, рэформы адукацыі праводзяцца ў спробе прадбачыць незадаволенасці ў грамадстве і пазбавіцца іх у корані — адабраць у моладзі ўменне крытычна аналізаваць падзеі і інфармацыю. Але актыўная ваенная прапаганда ва ўстановах адукацыі — з'ява новая, што стварае падставы для трывожных думак і разважанняў.

Report Page