Каліноўскі: камуніст, нацыяналіст і ліберал у аднім флаконе?

Каліноўскі: камуніст, нацыяналіст і ліберал у аднім флаконе?

Даніла Лаўрэцкі, Моладзевы Блок

Кастусь Каліноўскі, напэўна, самы вядомы беларускі палітык мінуўшчыны. У яго гонар адначасова названы вуліца ў Менску, баявое падраздзяленне ва Украіне і стыпендыяльная праграма ў Польшчы. У прынцыпе, гэта цалкам лагічна, бо ўсе гэтыя з’явы аб’яднаны сувяззю з беларусамі, а дзейнасць Каліноўскага, як-ніяк,  была накіравана на Беларусь.

А вось што рэальна цікава, так гэта тое, што асоба Каліноўскага, атрымліваецца, адначасова аб’ядноўвае лукашыстаў, нацыяналістаў рознага спектру і прыхільнікаў ідэяў свабоды = лібералаў. Тут можна ўзгадаць і тое, што асоба Каліноўскага не проста не была забанена ў Савецкім Саюзе, а нават шанавалася і ўзнасілася як прыклад «чырвонага рэвалюцыянера». Так, адной з першых стужак «Беларусьфільма» стала экранізацыя падзеяў 1863-1864 гг.

Каліноўскі — герой савецкага кіно

Аднак, якія ідэі сапраўды падзяляў Каліноўскі і як гэта адлюстроўвалася ў яго дзейнасці, без прыкрас і прапаганды? Пра яго ідэалагічную аснову, на самой справе, вядома не так шмат. Справа ў тым, што Каліноўскі хутчэй быў грамадскім актывістам, а пазней – ваенным дзеячам, чым палітычным мысляром ці публіцыстам. Але я дазволю сабе зрабіць вельмі кароткі і тэзісны аналіз грамадска-палітычнай думкі Кастуся Каліноўскага.

Пачнем з тэйка «Каліноўскі – камуніст».

Залічаючы Каліноўскага ў камуністы, марксісцкія і неамарксісцкія гісторыкі ў першую чаргу апелююць да аднаго са слупоў яго праграмы: роўнасць народа ў праве на маёмасць. Каліноўскі заклікаў «мужыкоў» далучацца да паўстання праз добрую папулісцкую абяцанку «зямлі і волі». На момант пачатку паўстання прыгоннае права ўжо было скасавана, аднак умовы выкупу зямлі былі амаль немагчымая для большасці сялян.

Увогуле, само паўстанне 1863-1864 гг. брала за мэту аддзяленне гэтых зямель ад улады Расейскай Імперыі і скасаванне царскіх загадаў, датычных у тым ліку і раздачы зямлі. Але ўнутры паўстанскага кам’юніці быў раскол: ці вяртаць гэтую зямлю былым уладарнікам (т.б. той шляхце, што валодала ёй да раздзелаў Рэчы Паспалітай), альбо перазапусціць зямельныя адносіны ўвогуле. Каліноўскі падтрымліваў другі канцэпт і, як мне здаецца, у першую чаргу праз магчымасць далучыць да паўстання яшчэ больш людзей, а ў другую – праз асабістыя перакананні.

У любым выпадку, гаворка не ішла пра ўладу працоўных (да працоўных, якіх тады ўвогуле было вельмі мала на беларускіх землях, увогуле не было ніякіх заклікаў), экспрапрыяцыю ці іншую выключна камуністычную лексіку. Па сутнасці, у сацыяльна-эканамічнай плоскасці гаворка ішла пра роўнасць правоў, скасаванне апошніх феадальных прыкмет і дэцэнтралізацыю маёмасці.

Адназначна можна сказаць толькі тое, што Каліноўскі быў праціўнікам феадальных зносінаў, але гэта ніяк не перашкаджае яму быць прыхільнікам канцэпцыі права ўласнасці. Больш за тое, у «Мужыцкай Праўдзе» Каліноўскі даволі ясна абазначае прыхільнасць ідэям прыватнай уласнасці: «my siehodnia usie uże wiedajem, szto czeławiek wolny heto kali maje kusok swajej ziemli, za katoru ani czynszu i abroku nie płacić, ani pańszczyny nie służyć, — kali płacić małyje padatki i to nie na carskije stajni, psarni i kurwy, a na patrebu cełaho narodu».

Паўстанне 1863-1864, іллюстрацыя французскага выдання Le Monde illustré

Сацыяльна-эканамічныя пытанні, так ці інакш, былі звязаныя з больш шырокай ідэяй – ідэяй аддзялення ад Расейскай Імперыі.

У гэтым кантэксце Кастуся Каліноўскага безумоўна можна лічыць нацыяналістам. У другой палове 19 стагоддзя нацыяналізм увогуле быў мэйнстрымам, можна нават сказаць, знаходзіўся на піку свайго ідэйнага развіцця. У логіку паўстання ён клаўся ідэальна: «stau zaraz Maskal swój rąd uwodzić u naszom kraju i każe: Mużyk dawaj rekruta, mużyk dawaj padatki, da i pańszczynu jeszcze służy albo płaci abrok u kaznu!». У «Мужыцкай Праўдзе» Каліноўскі шматразова дае зразумець, што ўлада Імперыі не проста перашкаджае развіццю нашага краю, але і працуе ў змове з «панамі», прымушаючы аддаваць сваю свабоду, працу і накапленні на чужую справу.

Рашэнне прапануецца адно: стварэнне незалежнай, ці адносна незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Але безумоўна, ёсць пытанні адносна таго, чыя гэта павінна быць дзяржава (хто гэтая самая нацыя), бо толькі ў нявыдадзеным нумары «Мужыцкай Праўды» №6 гаворка ідзе непасрэдна пра Літву і літоўскі народ (пра Беларусь, дарэчы, гаворкі ўвогуле не ідзе ані ў якім нумары, але сама «Мужыцкая Праўда» безумоўна напісана на беларускай мове): «ziemla nasza z wiekou wiecznych nazywajeć sia litouskaja, a my to nazywajem sia Litoucy. Kaliś to i naszyje baćki mieli swaich karaliou, szto adwahu ich na wajnie, a sprawiedliwość u sudzie na ceły świet znali. Dla toho to Palaki szto to żywuć kala Warszawy naszaho Karala wybrali i swaim Karalom. Z hetaje pary Dziaciuczki my prysiahnuli na wiek wiekou życi z Palakami, razom na wajnu chadzici, mieci adzin rąd, adnu wieru, i jak szeroka ziemla nasza, adnu wolność dla usich».

То бок, нацыяналістам, у сэнсе асобай, якая лічыць незалежнасць дзяржавы палітычнай каштоўнасцю і неаобходным інструментам, Каліноўскі, канешне, з’яўляўся. Але, варта адзначыць вельмі кантраверсійную, але відавочную рэч: Каліноўскі быў «паспалітым» чалавекам, які быў бы і не супраць адраджэння польскай ці польска-літоўскай дзяржавы, а не асобнай Беларусі/Літвы. Магчыма, гэта быў пэўны кампраміс, на які трэба было ісці з іншымі паўстанцамі, але ніякіх значных сведчанняў таго, што канчатковай мэтай Каліноўскага была незалежная беларуская дзяржава ў нас няма. Што, на мой погляд, не робіць яго «гістарычна варожай» асобай для беларускай гісторыі, таксама як і не робіць «польскім акупантам», бо ў Расейскай Імперыі беларускі народ таксама знаходзіўся яўна не па сваёй волі.

Кастусь Каліноўскі (М. Філіповіч, 1920-29)

Больш за тое, мне здаецца, што гістарычныя асобы могуць шанавацца і не толькі за свае дасягненні непасрэдна ў дзяржаўным будаўніцтве.

І, дарэчы, у мэйнстрым-версіі «беларускага нацыянальнага пантэону» большасць складае менавіта такія асобы: Францыск Скарына (першадрукарства ніяк не звязана з залежнасцю/незалежнасцю Літвы/Беларусі), Еўфрасіння Полацкая (выключна культурна-рэлігійная дзейнасць), Янка Купала (паэт), Якуб Колас (паэт), Васіль Быкаў (пісьменнік) і г.д. Таму спадара Каліноўскага ў першую чаргу трэба шанаваць як грамадскага актывіста і змагара за правы і свабоды чалавека.

У гэтым сэнсе Каліноўскі сапраўды з’яўляўся лібералам. Менавіта так сябе і абазначалі сябры таварыства «Огул», якое складалася з «паспалітых» студэнтаў Пецярбужскага Ўніверсітэту: Валера Урублеўскага, Зыгмунта Серакоўскага, Яраслава Дамброўскага, Кастуся Каліноўскага і інш. Сябры таварыства абмяркоўвалі найбольш прагрэсіўныя сацыяльныя ідэі чалавецтва, поспехі і правалы еўрапейскіх рэвалюцый, а таксама выношвалі планы па вызваленню «паспалітага народу».

Краевугольным каменем гэтых планаў, безумоўна, з’яўляўся чалавек і яго натуральныя правы: на жыццё, свабоду, маёмасць, шчасце, справядлівасць, роўнасць і маральную аўтаномію. Менавіта на дасягненне гэтага і было накіравана паўстанне, як і шматлікія рэвалюцыйныя рухі 18-19 ст.: «Вольнасць, роўнасць да й свабода народу» (заклік «Урада Польскага», працытаваны Каліноўскім у «Лістах з-пад Шыбеніцы»). Нават у «русафобскіх» урыўках (якіх, дарэчы, сапраўды шмат у тэкстах паўстанцаў) чырвонай ніткай праходзіць супрацьпастаўленне расійскага абсалютысцкага рэжыму, дзе ў першую чаргу стаіць дзяржава, дэмакратычнаму «паспалітаму» духу, які пранізваў дзяржаўную думку нашых зямель. У 4 выпуску «Мужыцкай Праўды» Каліноўскі вельмі канкрэтна абазначае функцыі дзяржавы: «Dla toho, kab była sprawiedliwość i prauda na świeci, a złyje ludzie niezbytkawali i kryudy druhim nierabili, je rąd, szto biere padatki, robić szkoły, nauczaje każnaho kab żyu pa praudzie, stanowić sud: a kali heto niepamahaje i robić sia niesprawiedli­ wość, to najmaje wojsko i tak ściereże każnaho ad licha i zdzierstwa. Ot na szto rąd patrebny. I jak dobry słuha hladzić chudoby haspadarskiej i słuchaj e swaho haspadara, tak dobry rąd hladzieć pawinien szczaścia ludziej, słuchać narodu i rabici tak jak narodowi lepiej. I nie dziwo, bo nie narod zrobleny dla rądu, a rąd dla narodu».

У гэтых вельмі простых словах, на мой погляд, і крыецца т. зв. беларуская нацыянальная ідэя: супольнасць (дзяржава), якая існуе як інструмент для дасягнення шчасця індывідаў (народу) і гарантуе неўмяшанне ў працэс дасягнення гэтага шчасця звонку.

Дык ці быў Каліноўскі камуністам, нацыяналістам і лібералам у аднім флаконе? Кароткі адказ – «не», «так з зорачкай» і «так».

Віленская капліца, у якой у 2019 годзе былі перапахаваныя ўдзельнікі паўстання 1863-1864 гг.



Report Page