Калі яны – беларусы

Калі яны – беларусы

Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі для @by_culture

Прэм'ера спектакля "1.8 M" адбылася напрыканцы 2021 года у варшаўскім Новым тэатры (Nowy Teatr). Тады ён пакінуў пачуццё, што ўсе мы застылі ў моманце, што мы яшчэ ў 2020 годзе. Сёння ж "1.8 M" успрымаецца як гістарычны дакумент. Што мы можам у ім пабачыць, піша тэатразнаўца Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі.

"1.8 M" назву дакументальнаму спектаклю пра нас і нашу Радзіму дала фактычная колькасць квадратных метраў, адведзеных чалавеку ў перапоўненых беларускіх турмах. Рэжысёрам выступіў Іван Вырыпаеў, а выканаўчымi прадзюсеркамі – Марына Дашук і Іна Кавалёнак. Спектакль на беларускай і рускай мовах з англійскімі субтытрамі і польскім інфармацыйным каментаром у выкананні Барташа Белені і Эвеліны Панкоўскай.

Артысты выконваюць свае эпізоды, з якіх складаецца сцэнічны твор, у светлавым квадраце на планшэце сцэны памерам, вынесеным у загаловак. У спектаклі як уверцюра і фінал гучаць беларускія народныя песні "Ой, пайду я дарогаю…" і "Благаславі, маці, вясну сустракаці…". У гэтым чытаюцца ментальныя вобразы бяздольнасці, гістарычнага шляху, бясконцай надзеі. Калі ў сцэнах ансамблевага выканання вакальных нумароў у квадраце свету аказваюцца ўсе артысты разам, гэта ўспрымаецца як вобраз Беларусі ў яе дзяржаўных межах — фактычна сёння беларуская культура трансгранічная.

Праекцыі, дзе вочы беларусаў хавае чырвоная паласа (у гэтым ёсць неабходная ананімнасць і вобраз нацыянальнага сцяга), транслююцца на заднік з гарызантальных палос, што дае ім вонкавую аб'ёмнасць (відэамастак — Сяргей Шабохін). Сцэнаграфічнае рашэнне асацыюецца з ралетамі ў “казённых дамах” — школах, падатковых, судах, кожны з якіх –– свайго роду разнавіднасць турмы (мастачка-пастаноўшчыца – Караліна Брамовіч).

Іван Вырыпаеў знаходзіць для спектакля рэалістычную дакументальна-драматычную форму, але кожны артыст прапануе сваё сцэнічнае існаванне і самастойны малюнак ролі.

"Ці могуць незнаёмыя людзі быць сябрамі? Могуць! Калі яны — беларусы!" – словамі Вітольда Ашурка гаворыць са сцэны "купалавец" Алег Гарбуз, які працуе ў манеры літаратурнага тэатра. Але ў яго ўзвышаным выкананні па-мастацку таленавітыя лісты Вітольда набываюць гучанне праграмнага нацыянальнага маніфеста — як "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча.

Пранізлівая і эмацыйная ў ролі Жэні К. Паліна Дабравольская раскрывае вобраз гераіні ў тым ліку з дапамогай пластычнага малюнка. Дзяўчына ўсведамляе, што пасля вызвалення з-за кратаў свет дзеліцца на дзве часткі — на тую, у якой ты, і тую, у якой засталіся твае паплечніцы і сукамерніцы…

Павел Гарадніцкі ў ролі Васіля Д. у большай ступені грае ў манеры дакументальнага тэатра. Яго сцэнічнае апавяданне пра выпадак, калі арыштанты ў камеры паказвалі адзiн аднаму свае сінякі, фантазіруючы, на што падобныя іх абрысы, раскрывае прыняцце і аптымізм беларусаў, які мяжуе ў апісаным моманце з псіхалагічным мазахізмам і інфантыльнасцю.

Шматгранна адораны артыст Ігар Шугалееў у ролі Змітра існуе некалькі адхілена, нібыта іранічна распавядаючы пра кагосьці іншага, а не пра сябе. У гэтым вобразе ён — школьнік, сучасны і жывы хлопец-падлетак. Кантрасным і запамінальным у яго гісторыі становіцца момант, калі міліцыянты знаходзяць сярод рэчаў Змітра білет на рок-канцэрт у Нямеччыне, і тады аднойчы сярод іхняга зверства праяўляецца нешта чалавечае.

Роля Галіны Д. — наймацнейшая і надзвычай яркая акцёрская праца ў спектаклі, вырашаная ў ключы драматычнага тэатра псіхалагічнага рэалізму. Яе прататыпам стала Вольга Гопта, маці Дзмітрыя — палітвязня з асаблівасцямі ментальнага здароўя. Гэты эпізод пакідае незабыўнае ўражанне размовы з самой гераіняй, яе фізічнай прысутнасці на сцэне, і надае спектаклю сэнсавай ёмiстасцi, раскрываючы праблемы інклюзіі і медыцынскай экспертызы ў Беларусі.

Прататыпам Любові К. стала Юлія Чарняўская, якая па праве карыстаецца маральным аўтарытэтам сярод беларусаў. Артыстка Валянціна Сізаненка перадае яе вобраз праз шчыры, кранальны і вельмі асабісты для гераіні маналог. Хацелася б адзначыць адну хутчэй за ўсё неўсвядомленую але асацыятыўна моцную дэталь: акторка адзетая ў барвовую сукенку і светла-шэры, "жамчужны" пінжак – гэтае спалучэнне колераў было даспадобы Раісе Гарбачовай, якая стала сімвалам дэмакратычных пераўтварэнняў у савецкім грамадстве.

Для візуальнага рашэння спектакля абранай формы вялікае значэнне мае касцюм (мастачка — Марыя Дуда), што павінен спрыяць стварэнню сацыяльна-псіхалагічнага партрэта героя. Аднак не заўсёды вобразы можна назваць удалымі. Часам касцюмы занадта нейтральныя, як для роляў Васіля Д. (Павел Гарадніцкі) і Галіны Д., а часам яны ўступаюць у адкрыты дысананс з гісторыямі герояў: прадстаўніцы "пакалення Z" Жэня К. (Паліна Дабравольская) і Віка Б. (Паліна Чабатарова) адзетыя як у 1990-я гады, у тым ліку ў рэйв-стылі, а каларытны народны вобраз Вольгі Ярафееўны чамусьці павінен раскрываць летні ансамбль з фатаграфічным рэтра-прынтам.

Выключнай рысай спектакля "1.8 M" з'яўляецца пэўнасць яго адрасата — і гэта не беларусы, а гледачы ва ўсім свеце. Ці патрэбен ён сёння, ці цікавы? Капрадукцыя Фонда крэатыўнай прасторы "WEDA projekt" з "Новым тэатрам", беларускімі і расійскімі тэатральнымі творцамі неабходная i доўгi час будзе актуальнай, бо апавядае пра выбар народам дэмакратычнага шляху і яго высокі кошт, супрацьстаіць сацыяльным фобіям, высвятляе перадумовы сучаснай вайны ў Еўропе.


Бліжэйшы паказ:

29 траўня 2022

21.30

Беласток



Report Page