Кабанчук: Задача Расіі — парушыць лагістыку Украіны і праверыць гатоўнасць супрацьпаветранай абароны краін НАТО
Вадзім Кабанчук, прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецыРасійскія ўдары па памежных пераходах і аб’ектах побач з імі складаюцца ў адзіную кампанію супраць знешняй лагістыкі Украіны. Наступствы адчуваюцца і ў Польшчы: паветраныя трывогі ўжо прыводзяць да эвакуацыі пераходаў і часовага спынення іх працы. 23 верасня эвакуявалі пераходы ў Дарагуску і Зосіне.
Ці правярае Расія рэакцыю НАТО і наколькі вялікая рызыка далейшай эскалацыі? Як такія атакі ўплываюць на забеспячэнне і гандаль — і што Украіна і суседнія краіны ЕС могуць зрабіць для абароны мяжы? Пра гэта мы пагаварылі з Вадзімам Кабанчуком, прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
«Сёння ўжо відавочна, што Расія ператварае заходнія межы Украіны ў асобны напрамак для пастаяннага ціску. Мішэнню становіцца не толькі ваенная лагістыка, якая ў асноўным ідзе з Польшчы, Румыніі і Малдовы, але і сама ўстойлівасць транспартных зносін Украіны з гэтымі краінамі — бо праз іх ідуць не толькі ваенныя грузы, але і амаль увесь гандлёвы абарот.
Адначасова расіяне, безумоўна, правяраюць рэакцыю краін НАТО і іх супрацьпаветраную абарону, таму што ўдары наносяцца непасрэдна ў раёне мяжы. Такіх інцыдэнтаў усё больш, і відавочна, што іх колькасць неўзабаве вырасце.
Адказам на ўсе гэтыя правакацыйныя дзеянні, безумоўна, павінна быць не проста ахова асобных памежных пераходаў, а стварэнне цэлай рэгіянальнай сістэмы з альтэрнатыўнымі маршрутамі, супрацьдронавай абаронай і сумесным назіраннем за паветранай абстаноўкай.
Неабходна загадзя ўзгадніць механізм узаемадзеяння Украіны і краін ЕС пры кожнай новай атацы. У прынцыпе, часткова гэта ўжо пачынае ажыццяўляцца: мы ведаем, былі заявы польскага боку пра тое, што ім трэба ствараць з Украінай сумесную сістэму ранняга апавяшчэння пра паветраныя атакі.
Безумоўна, трэба ўзмацняць ахову ў першую чаргу пад’язных дарог, чыгуначных вузлоў, паліўных аб’ектаў, мастоў, месцаў, дзе ўтвараюцца чэргі аўтамабіляў для перасячэння мяжы. Больш за тое, пажадана, каб чэргі ўвогуле не ўтвараліся, а была сістэма электроннага запісу, калі кожная машына пад’язджае і хутка праходзіць мытнае афармленне, каб аўтамабілі не збіраліся і не стваралі мішэнь для расіян.
Расія ўзмацняе гібрыдную вайну ў Еўропе. Асабліва выразна гэта відаць у краінах Балтыі: 29 верасня ўлады Эстоніі заявілі, што за жнівеньскім падпалам будынка абароннай кампаніі Milrem Robotics у Таліне стаялі расійскія спецслужбы. Трох падазраваных затрымалі ў Латвіі і перадалі Эстоніі. Крэмль адпрэчвае гэтыя абвінавачванні. Дыверсіі, кібератакі, інфармацыйныя аперацыі і спробы дэстабілізацыі еўрапейскіх краін становяцца інструментамі гэтай вайны.
Расійскі ўплыў распаўсюджваецца праз шырокую сетку арганізацый — ад культурных і рэлігійных да адукацыйных і псеўдапатрыятычных. Яны могуць выкарыстоўвацца для прасоўвання інтарэсаў Крамля і ствараць дадатковы механізм кантролю над сітуацыяй у Беларусі на выпадак, калі Лукашэнка праявіць празмерную самастойнасць. Чым больш расійскіх вайскоўцаў і спецслужбаў знаходзіцца ў краіне, тым вышэйшая рызыка ўцягвання Беларусі ў чарговую авантуру Крамля. Мы не павінны дазволіць канчаткова ператварыць яе ў плацдарм для расійскіх ваенных прыгатаванняў.
Цяпер мы бачым, што таксама ўзмацніліся атакі на сістэмы сувязі і электрасеткі. Безумоўна, гэта спроба паралізаваць сістэму аператыўнага апавяшчэння насельніцтва, сістэму інфармавання насельніцтва, таму што інфармацыйнае асяроддзе — адна са сфер вядзення вайны. Такім ціскам яны цяпер ствараюць сацыяльную напружанасць у краіне.
Падводзячы вынік, выкажу меркаванне, што адна з асноўных мэт Расіі сёння — разбурыць інфармацыйную інфраструктуру самой Украіны. Расія фізічна знішчае аб’екты захоўвання і апрацоўкі даных, абсталяванне інтэрнэт-правайдараў і правайдараў тэлебачання. Гэтыя ўдары пазбаўляюць людзей доступу да інфармацыі і аператыўных паведамленняў пра небяспеку.»