«Каб ведалі, што нашая мова не прывід». Гісторыя дзяўчыны, якая стала адзінай у Нарвегіі беларускамоўнай перакладчыцай
Блог "Люди"Праверкі на трываласць жыццё падкідвала Любе з самага дзяцінства: праз інваліднасць па зроку яна не магла займацца тым, што ёй падабаецца, потым паступіць у ВНУ на цікавую для яе спецыяльнасць. Дзяўчынка змагалася з усімі цяжкасцямі і хворай сябе прызнаваць не хацела. Яна амаль на выдатна скончыла школу, атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларусі, потым з’ехала ў Нарвегію, дзе выйшла замуж і нарадзіла сына, атрымала другую «вышку» і стала адзіным у краіне беларуска-нарвежскім перакладчыкам. Люба расказала блогу «Людзі» пра свае дасягненні.
«Вельмі хацелася самарэалізавацца, застаўся адзіны спосаб — школа»
За часамі СССР бацькі нашай гераіні Любы паехалі на заробкі на поўнач, вось і выйшла так, што родным горадам дзяўчынкі стала Варкута, у тых краях яна пражыла першыя гады свайго жыцця. Потым сям’я выправілася ў Казахстан — на радзіму бацькі Любы. А калі малой споўнілася пяць гадоў, яны перабраліся ў Беларусь — на айчыну Любінай мамы.
— Да школы я не чула беларускай мовы, таму «гэ» і «чэ» даваліся мне цяжэй, чым дзецям, якія нарадзіліся ў краіне. Аднак я старалася. Але мне падабалася не толькі мова, яшчэ і фізіка з матэматыкай, — успамінае Люба сваё дзяцінства.
Аднак цалкам заглыбіцца ў навучанне дзяўчынцы не дазвалялі абмежаванні па здароўі — яна інвалід па зроку: з нараджэння адно вока ў яе не бачыць цалкам, другое — блізарукае. У школе Любу вызвалілі ад малявання, чарчэння, фізкультуры, па астатніх прадметах вучылася яна на «выдатна».
— Я была вельмі здольная да вучобы, старанна (часам доўга) выконвала хатнія заданні, бацькам не трэба было мяне прымушаць. Нават мама дзівілася. Чаму так? Проста я не магла займацца спортам, музыкай, маляваннем, а вельмі хацелася самарэалізавацца, так што мне заставаўся адзіны спосаб — школа.
Люба скончыла школу амаль на выдатна. Але нюансы па здароўі абмежавалі яе ў выбары прафесіі.
— Я хацела атрымаць адукацыю інжынера, аднак трэба было берагчы зрок. Вырашыла, што мне будзе цяжка выконваць гэтую працу, гэта ж трэба быць поўны дзень за камп’ютарам, каб рабіць тэхнічныя чарцяжы — нядобра для вачэй. Таму я паступіла у іняз (сёння — Лінгвістычны ўніверсітэт у Мінску. — Заўв. рэд.) на перакладчыка. Хоць потым стала зразумела — працы за камп’ютарам тут не менш.
У інязе дзяўчына вывучала тры мовы: асноўную ангельскую і дзве дадатковыя — нямецкую, іспанскую. Пасля заканчэння ВНУ Люба адправілася на двухгадовую адпрацоўку ў сталічную фірму. Але ў планах магчымы быў пераезд у Еўропу — у Нарвегіі Любу чакаў яе хлопец, нарвежац Расмус.
«Нарвежац мяне да беларускага сала прывучыў!»
— З Расмусам мы пазнаёміліся у 2007 годзе — я выйграла алімпіяду па ангельскай мове, і галоўным прызам была паездка ў Нарвегію. Спачатку мы проста сябравалі, а потым закахаліся адно ў аднаго, ездзілі па чарзе ў госці. І ўрэшце вырашылі ажаніцца.
Як кажа Люба, Расмусу ў Беларусі вельмі падабалася, а калі ён пачаў размаўляць з беларусамі, то ўбачыў, што нашыя землякі — ветлівыя ўсмешлівыя людзі. Нарвежац любаваўся беларускай прыродай, любіў бываць у бацькоў Любы, яму падабаліся некаторыя нашыя прадукты — квас, квашаная капуста, дранікі і нават салёнае сала.
— Смешна, але нарвежац мяне да беларускага сала прывучыў, хаця я раней яго не ела! Расмус так прасякнуўся нашай культурай, што нават навучыўся польку танчыць, — успамінаючы, засмяялася дзяўчына. — Мы з ім таксама разглядалі варыянт ягонага пераезду ў Беларусь, але потым вырашылі, што мне будзе прасцей адаптавацца ў Нарвегіі.
У 2013 годзе Люба пераехала ў Нарвегію для вывучэння нарвежскай мовы — пад гэта ёй адкрылі візу. Пасля яна хацела атрымаць ВНЖ і паступіць там ва ўніверсітэт, а паралельна шукаць працу перакладчыка.
— У той час мы яшчэ не ажаніліся. Я была вельмі скіраваная на тое, каб пераехаць туды не як жонка, а самастойна.
За паўгода дзяўчына вывучыла нарвежскую да ўзроўню В2 — вышэй за сярэдні. Люба кажа, што дасягнуць такіх вынікаў дапамаглі наяўныя веды іншых замежных моваў, а таксама моўнае асяроддзе, у якое яна трапіла.
А вось дасягненне далейшых планаў Любы затармазілася — у Нарвегіі зрабілі больш жорсткім заканадаўства што да ВНЖ для спецыялістаў, якія вывучаюць нарвежскую мову і знаходзяцца ў пошуках працы. У выніку ёй адмовілі ў падаўжэнні ВНЖ і папрасілі пакінуць краіну, інакш яе дэпартуюць.
— Давялося з’ехаць. За мной следам адправіўся Расмус. Літаральна за тыдзень мы арганізавалі рэгістрацыю шлюбу, усе было вельмі спантанна. А яшчэ праз некалькі месяцаў я вярнулася ў Нарвегію.
На заняткі ва ўнівер — з грудным дзіцем і мужам
Настойлівая і амбітная Люба не збіралася адмаўляцца ад сваіх намераў паступіць у ВНУ. Наадварот, яна стала больш жорсткай і цвёрдай, вырашыла, што ажыццявіць сваю даўнюю мару — стане інжынерам.
— Праз зрок я больш не турбавалася, тым больш што ён у мяне заставаўся на тым жа ўзроўні, што і некалькі гадоў таму. Да таго ж дактары ў Нарвегіі не глядзелі на мяне як на інваліда. Наадварот! Маўляў, які ты інвалід, усё ў цябе добра, жыві далей!
Высветлілася, што ў Любы не хапае ведаў па фізіцы, хіміі і матэматыцы, каб паступіць на інжынерную спецыяльнасць, трэба было давучыцца. Год дзяўчына падцягвала гэтыя навукі на курсах. Пасля паступіла ва ўніверсітэт навакольнага асяроддзя і навук пра жыццё ў горадзе Ос (нарв. Ås, размешчаны за 30 км ад Осла), на спецыялізацыю «фізіка навакольнага асяроддзя і аднаўляльныя крыніцы энергіі — інжынер-энергетык». Гэта была дзённая форма навучання, якая доўжылася пяць гадоў.
— Навучанне ідзе па Балонскай сістэме. Былі абавязковыя прадметы, былі дадатковыя, якія студэнт выбірае па жаданні. Напрыклад, я захацела вывучаць бортніцтва, хоць гэта ніяк не перасякалася з маёй спецыяльнасцю. Падручнікі былі на ангельскай мове, лекцыі ў асноўным чыталі на нарвежскай.
Калі Люба вучылася на другім курсе, у пары нарадзіўся сын Б’ёрн (Bjørn). Маладая мама магла ўзяць на год дэкрэтны адпачынак, але вырашыла гэтага не рабіць. Разам з малым і мужам яна ездзіла на лабараторныя работы ва ўніверсітэт, а асноўную частку прадметаў вывучала дома — у прамежках паміж кармленнямі, сном і шпацырамі дзіцяці.
«Асаблівасць Нарвегіі — вялікі давер людзям, няма жорсткага кантролю»
Вясной мінулага года беларуска скончыла ўніверсітэт. Пошукі працы па інжынернай спецыяльнасці занялі ў яе год. Паводле словаў Любы, праблема з працаўладкаваннем была праз тое, што ў яе не было нават мінімальнага досведу, дзяўчына не бывала і на летняй практыцы — у цёплыя месяцы з’язджала на радзіму: хацела пабачыць родных і сяброў.
— Месяц таму я ўладкавалася інжынерам-планавальнікам у вялікую фірму, якая займаецца ў Нарвегіі электрасеткамі. Мая спецыяльнасць вельмі папулярная і перспектыўная ў краіне. Пакуль я раблю вельмі простыя тэхнічныя праекты на камп’ютары. Напрыклад, працую з трансфарматарнымі будкамі — гляджу, ці дастаткова там месца, каб падлучыць дадатковыя кабелі, ці не перагружаная яна, ці трэба ў ёй нешта абнаўляць.
Працоўны дзень Любы доўжыцца сем з паловай гадзін, ёсць перапынак на абед. Перапрацоўкі — толькі па жаданні і пры магчымасці работніка, але босы просяць, каб чалавек не перапрацоўваў. Прыходзіць на працу можна так, як зручна супрацоўніку, нават ранняй раніцай, напрыклад у 6.30. Некалькі дзён на тыдзень можна працаваць дыстанцыйна. Цікава, што на фірме не фіксуецца, хто ў колькі прыйшоў на працу і сышоў — усё на самасвядомасці, адказнасці чалавека. І ніхто гэтым не злоўжывае, не спрабуе папрацаваць менш, чым належыць.
— Гэта асаблівасць нарвежскага грамадства: тут вялікі давер людзям, няма жорсткага кантролю, дзейнічае прынцып: «Я веру, што ты зробіш так, як абяцаеш і што павінен». У пачатку для мяне гэта было вельмі дзіўна, доўга прывыкала.
Заробак у Любы пакуль не вельмі вялікі, бо яна спецыяліст-пачатковец. Аднак ёсць надзея на перспектыву, бо нават маладыя супрацоўнікі з пэўным стажам зарабляюць «бруднымі» ад 650 тысяч крон у год (гэта 172 867 рублёў, або 56 501 еўра. Тут і далей канвертацыя па курсе Нацбанка на 12 траўня 2023 года).
«Нарадзіўся сын і стала зразумела: я мушу перадаць яму родную мову»
Жыць у Нарвегіі нашай гераіні падабаецца. Тым не менш па Беларусі яна сумуе, але не па нейкіх рэчах або айчынных прадуктах (як гэта часта бывае, калі чалавек жыве ў іншай краіне), а па камунікацыі з роднымі і знаёмымі. Раптам дзяўчына пачала шанаваць хэнд-мэйд, зроблены рукамі беларусаў, радавалася новым знаёмствам з імі. Суразмоўніца адзначыла, што беларусаў у краіне ф’ёрдаў жыве няшмат, а вось расіян дастаткова. Пасля размовы з апошнімі Люба зразумела, што вельмі адрозніваецца ад іх менталітэтам, яна пачала адчуваць сябе беларускай, і ёй захацелася больш падкрэсліць гэты кантраст. Дзяўчына вырашыла, што найлепшы спосаб гэта зрабіць — выкарыстоўваць беларускую мову.
— Бачачы, як нарвежцы шануюць сваю мову, я пачала ганарыцца беларускай мовай і вырашыла, што буду на ёй размаўляць. Дарэчы, я задумвалася пра гэта яшчэ ў Беларусі. Але калі ў мяне нарадзіўся сын, то зразумела: трэба рабіць гэта неадкладна, я мушу перадаць яму родную мову. І нават калі ён абярэ для жыцця Нарвегію ці іншую еўрапейскую краіну, ен будзе валодаць мовай сваёй маці, як я валодаю мовай сваёй бабулі. А рускую ён і так будзе разумець і ведаць — у нашым асяроддзі шмат хто на ёй гаворыць.
У 2017-м Люба пачала паступова пераходзіць на беларускую. Дзяўчына прызнаецца: спачатку было складана, бо некаторыя словы згубіліся ў падсвядомасці і даводзілася іх адтуль «выцягваць». Люба пастаянна зазірала ў слоўнік — успамінала патрэбныя словы.
Мама гераіні падтрымала ідэю дачкі перайсці на беларускую мову. Калі жанчына прыязджае ў госці ў Нарвегію, то таксама пераходзіць на яе. Хоць, кажа Люба, гэта хутчэй «трасянка», але з кожным разам гаворка яе становіцца ўсё лепшай, тым больш ёсць стымул: — маленькі Б’ёрн лепш разумее бабулю, калі яна размаўляе з ім на зразумелай яму беларускай мове.
— Я заўважыла, што дарослыя неяк саромеюцца пераходзіць на беларускую. Яны робяць акцэнт на памылках, і гэта ім замінае. Аднак трэба разумець, што мова — як мускул, з ім трэба працаваць. Як толькі перастаеш гэта рабіць — мускул слабее.
«Цяпер я адзіны беларуска-нарвежскі перакладчык на ўсю Нарвегію»
Летась Люба даведалася, што ў Нарвегіі ёсць магчымасць здаць экзамен на перакладчыка з беларускай мовы на нарвежскую і наадварот. Яна вырашыла прайсці яго. Вядома, у краіне цяпер больш запатрабаваныя перакладчыкі, якія валодаюць рускай і нарвежскай мовамі, але для Любы гэта было неактуальна.
Дзяўчына пачала рыхтавацца да экзамену. Ён праходзіць у сталічным універсітэце Осла (Oslo Metropolitain University) — менавіта там рыхтуюць перакладчыкаў розных катэгорый: ад пачатковай Е (на яе прэтэндавала Люба) да тых, хто мае ступень бакалаўра або магістра і працуе з вельмі складанымі заданнямі. Яна падала заяўку і заплаціла за экзамен каля 500 крон (132 рублі). Чакаць атэстацыі давялося тры месяцы.
— Падрыхтоўка да экзамена была не цяжкая. Аднак я крытычна ставілася да сваіх ведаў, бо мая мова была нейкая дзіцячая, слоўнікавы запас быў абмежаваны. Прагледзела некалькі старонак тэксту з прыкладнымі тэмамі да экзамену. Зразумела, што мне як сінхраністу будзе проста з тэхнічнага боку, асноўнай цяжкасцю было напрацавать лексікон.
У прызначаны дзень Люба прыйшла ва ўніверсітэт, перад ёй былі тры чалавекі: адзін кіраваў працэсам, два экзаменатары чыталі тэксты для перакладу — прыкладна 10−12 прапановаў з беларускай на нарвежскую і наадварот. Уся праверка заняла прыкладна паўгадзіны.
— Вынікі маей экзаменацыйнай працы залічылі. Аднак мне трэба было яшчэ прайсці курс, на якім расказваюць пра асновы перакладчыцкай дзейнасці ў Нарвегіі. А пасля, у верасні мінулага года, мяне залічылі ў рэестр — цяпер (і пакуль) я адзіны беларуска-нарвежскі вусны перакладчык на ўсю Нарвегію.
З таго часу Любу як перакладчыка запрашалі на некалькі валанцёрскіх праектаў. Зрэшты, яна і не планавала, што гэтая дзейнасць будзе прыносіць ёй даход, і ў будучыні не хоча працаваць па гэтай спецыяльнасці — хіба што хтосьці папросіць дапамагчы.
— Гэта было трэба мне, бо я хачу працягваць развіваць і прасоўваць беларускую мову. Каб людзі, якія пытаюць пра мову Беларусі, ведалі, што нашая мова жыве, гэта не прывід нейкі.
Характэрна, што муж Любы Расмус так прасякнуўся ідэяй жонкі, звязанай з беларускай мовай, што з мінулага года сам пачаў вывучаць яе. Для гэтага ён наняў рэпетытара, з якім займаецца анлайн двойчы на тыдзень. Нарвежац ужо ведае ключавыя фразы на беларускай мове, трохі можа падтрымаць гутарку. А маленькі Б’ёрн яму дапамагае — падказвае пераклад нарвежскіх словаў на беларускую.
— У Нарвегіі вельмі клапоцяцца пра сваю ідэнтычнасць, яны разумеюць, што такое «роднае». Бо раней краіна была часткай Даніі, потым Швецыі. Шмат дакументаў вялі на дацкай мове, нават іх цяперашняя мова, букмол, падобна да дацкай, у іх ёсць нованарвежская мова — нюнорск. А колькі тут дыялектаў! І ўсе імі ганарацца. Таму Расмус заўсёды падтрымліваў мяне ў маім жаданні шанаваць родную мову і вырашыў вучыць беларускую замест рускай.