Истории людей, которые перешли на белорусский язык

Истории людей, которые перешли на белорусский язык

Блог "Отражение"

Варта падумаць, як зрабіць так, каб кожны беларус ведаў сваю мову, заявіў нядаўна Аляксандр Лукашэнка. Цікава, што палітык заклапаціўся пра гэта, калі колькасць школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, стала крытычна нізкай — на ёй атрымлівае школьную адукацыю толькі адзін з дзесяці. А як жывуць у краіне дарослыя беларускамоўныя людзі, як да іх ставяцца ў асяроддзі і ці сутыкаюцца яны з цяжкасцямі — расказвае блог «Отражение».

1990-я (і трошкі 1980-х). «Беларуская мова ўспрымалася натуральна, не было ніякага прымусу»

Дзякуючы сваёй бабулі, якая размаўляла, пела калыханкі і «казала казкі», фізік Алеся (імя зменена па просьбе суразмоўцы) добра валодала беларускай мовай з маленства. Але ў школе з-за пэўных абставін яе не вывучала і вярнулася да яе ў 1980-я, калі адбывалася, як кажа жанчына, першае для людзей яе пакалення моўнае адраджэнне. Тады ў яе сям'і нарадзілася дзіця, і яна з мужам вырашылі цалкам перайсці на беларускую — каб дзіця расло «без комплексаў нацыянальнай непаўнавартасці».

— Хоць не прыйшлося вучыць мову ні ў школе, ні ва ўніверсітэце, ні нават у аспірантуры, дзякуючы кніжкам яна ў мяне стала больш-менш багатай па лексіцы. А пасля 1991 года навуковыя справаздачы трэба было пісаць па-беларуску. Тады аб’ядналіся вучоныя — і беларусы, і ўкраінцы, і яўрэі — і пачалі працаваць над пашырэннем навуковай тэрміналогіі. Бо не ўсе словы былі на беларускай ці нават на рускай. Перадавая навука — гэта ж перш за ўсё англійская мова. Памятаю, што адбываліся хуткія палітчныя змены, а ў нас, навукоўцаў, існавала нейкая ўпэўненасць і еднасць на гэтай плыні.

Тады ж дзіця Алесі пайшло ў сталічны дзіцячы сад, зразумела, беларускамоўны. Ехаць трэба было шэсць прыпынкаў.

— Кажуць, што тады нацыяналісты прымушалі да беларускай мовы. Дык калі б так было, відаць, я не мусіла вазіць дзіця ў садок за шэсць прыпынкаў, бо яны былі б на кожным кроку, — расказвае Алеся. — Усё беларускае ў той час было напоўнена душой. Памятаю, грошай было мала, але на кніжкі чамусьці хапала. У выхавацеляк у садку тады не было беларускамоўных метадычак ці сцэнароў для працы з дзецьмі, а яны ўсё адно працавалі, заўсёды штосьці прыдумлялі.

Усё змянілася пасля рэферэндуму 1995 года, па якім руская мова атрымала роўны статус з беларускай, успамінае Алеся.

— Назаўтра пасля рэферэндуму да нас прыйшлі і сказалі перапісваць класы на рускую мову. Мы адмовіліся. І вось тады адбываўся прымус, у выніку якога з васьмі паралельных класаў у школе не перайшлі на рускую толькі два. А да сёмага года навучання і тыя ліквідавалі. Але гэта не перашкодзіла нашым дзецям валодаць беларускай, шмат з іх, ведаю, карыстаюцца ёй па жыцці.

Грамадскі дзеяч і экс-дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім таксама размаўляе на беларускай мове больш гадоў, чым існуе незалежная Беларусь. Родная мова атачала яе з маленства, нават вучыцца ў школе дзяўчынка пачынала па-беларуску. На пачатку 1980-х яна, ужо навучаючыся на філфаку БДУ, разам з іншымі студэнтамі вырашылі вучыцца па-беларуску.

— Мы для сябе адваёўвалі прастору беларускай мовы, нічога не патрабуючы ні ад каго іншага. З таго часу я карыстаюся ёй паўсюль і з усімі — дома, на працы, у транспарце, у крамах — акрамя тых выпадкаў, калі людзі проста не валодаюць беларускай.

Экс-дэпутат таксама кажа, што напачатку 1990-х па ўсёй краіне на хвалі ўздыму нацыянальнага адраджэння пашыралася выкарыстанне роднай мовы.

— Тады не было непрыняцця. Не скажу, што ў крамах адразу пераходзілі на беларускую. Але ў той час шмат дзе працавалі людзі з вясковым мінулым, якія навучаліся па-беларуску ў школах. Таму гаворка на ёй успрымалася натуральна, — прыгадвае яна.

Але пасля выбараў прэзідэнта ў 1994 годзе і наступнага рэферэндума працэс пачаў згортвацца.

Алена Анісім, кажа, адчула гэта нават на прыкладзе навучання сваіх дзяцей. У 1992 годзе адзін з яе сыноў пайшоў у беларускамоўную школу і адвучыўся на роднай мове да 11 класа. У першай палове 1990-х, адзначае Анісім, не існавала праблемы аддаць дзіця ў беларускамоўны клас, бо іх мелася шмат. А вось з другім сынам, які пайшоў у школу ў 1999 годзе, было складаней. Яго ўжо даводзілася вазіць у беларускамоўную гімназію праз увесь горад, бо ў тым мікрараёне Мінска, дзе жыла грамадскі дзеяч, ніводнай адпаведнай школы не засталося.

2000-я. «Беларускамоўнаму ў Мінску было прасцей знаёміцца з дзяўчынамі»

Прадпрымальнік і стартапер Яўген успамінае, што перайсці на беларускую яму дапамаглі стасункі з замежнікамі. У нулявых ён, тады яшчэ студэнт, удзельнічаў у праграме абмену. Вечарамі моладзь з Украіны, Польшчы і Беларусі сустракалася разам. Сярод іншага параўноўвалі, чым падобныя і чым адрозніваюцца іх мовы.

— І вось пытаюцца, як будзе па-беларуску тое ці іншае слова. А мы з сябрам сядзім і не ведаем. У нас пытаюцца, чаму, а мы «А ў нас дзве дзяржаўныя мовы!» А самім сорамна станавілася, — гаворыць Яўген. — Пасля чарговай такой размовы мы з суседам вырашылі, трэба хаця б паспрабаваць [лепш вывучыць яе].

З таго часу студэнт пачаў пашыраць веданне беларускай. У асноўным імкнуўся часцей яе выкарыстоўваць, а таксама чытаў яшчэ даступную друкаваную версію «Нашай Нівы» і слухаў беларускамоўнае радыё. Стаў часцей бываць на мерапрыемствах з удзелам тых, хто гаворыць на роднай мове. А калі Яўген пачаў працаваць у прыватным сектары, і там стаў сустракаць больш людзей, якія карыстаюцца беларускай.

— Цікава, што будучы беларускамоўным, у Мінску аказалася прасцей знаёміцца з дзяўчынамі. Калі ты па-беларуску размаўляеш, то ты ўжо не абы хто, а хутчэй за ўсё адукаваны. А вось у маленькіх гарадах асацыяцыі такія: ты — апазіцыя, выкладчык ці нейкі дзеяч культуры. Але не памятаю, каб нехта мне казаў, што размаўляю па-калхознаму ці нешта такога кшталту. Часта, наадварот, людзі ў адказ таксама спрабавалі гаварыць па-беларуску.

Па яго вопыту, і з чыноўнікамі, і прадстаўнікамі сферы абслугоўвання заўсёды атрымоўвалася знайсці паразуменне — «асабліва калі ты кліент, які плаціць».

— Памятаю, аднойчы ў кавярні мы замовілі каву і гарбату. Старэйшая супрацоўніца нічога не кажа нам, ківае. А потым чуем, кліча маладую калегу «Юля, подойди сюда. Тут ребята на каком-то жаргоне разговаривают», — успамінае Яўген.

Алеся ў сваю чаргу ўспамінае, што на афіцыйным узроўні адчувала, як змянялася стаўленне да роднай мовы. Але сярод людзей яна ніколі не адчувала негатыву.

— Я, можа, толькі два-тры разы за ўсе гады сутыкнулася нават не з кепскім стаўленнем, а хутчэй з лянотай. Напрыклад, недзе напачатку нулявых прыходжу ў натарыяльную кантору і кажу, што мне патрэбная даверанасць на кіраванне машынай на беларускай мове. А яны апраўдваюцца, што ў іх праграмы няма, у нескладовую (гаворка пра «ў». — Заўвага Zerkalo.io) прапісаць не могуць і ўсякае такое. Пасля мінімальных намаганняў выдалі мне, што трэба. Але потым і кажуць «Вы же с этой доверенностью поедете за границу. Как там с белорусским языком будут?», — успамінае той перыяд жанчына.

Іван (імя зменена па просьбе суразмоўцы) родам з невялікага гарадскога пасёлка на поўдні Беларусі. Прыкладна ў 2005−2006 гадах ён паспрачаўся з сябрамі, што пяройдзе на беларускую мову.

— Упершыню гэта быў, можна сказаць, нейкі сцёб. Але атрымалася не адразу. А праз нейкі час дома кажу маці «Пастаў імбрык на пліту». А яна не зразумела, пра што я — пра нейкую кнопку ці рубільнік.

Паступова хлопец стаў пашыраць выкарыстанне беларускай мовы. Кажа, і ў родным мястэчку, і ў Гомелі, дзе ён вучыўся ва ўніверсітэце, гэта часам выклікала здзіўленне.

— Але ж у невялічкім гарадку было прасцей, бо там і так трасянка. А Гомель — гэта агулам русіфікаваны горад.

Менавіта ў Гомелі Іван і зразумеў, што часам яму ўсё ж прыйдзецца пераходзіць на рускую мову. Калі на працы ўсё склалася на яго карысць, бо да нядаўняга часу ён працаваў у беларускамоўнай школе, то з дзяржструктурамі хлопец камунікуе толькі па-руску. Так прасцей і хутчэй. У мясцовых крамах, кажа, часам яго зусім не разумелі, тады хлопец паўтараў сказанае па-руску. Але ён не бачыць у гэтым нейкай праблемы і жартуе, што прытрымліваецца «негвалтоўнай беларусізацыі». Там жа, кажа, не раз сустракаў негатыўнае стаўленне да таго, якой мовай карыстаецца. Запомнілася, як яму казалі, каб гаварыў «на нормальном языке». Кажа, што часцей неадназначнае стаўленне было з боку міліцыянтаў ці прадстаўнікоў улады.

— Увогуле ж людзі прызвычайваюцца. Дома ўжо здзіўляюцца рускай мове, калі я раптам на ёй нешта скажу. Бывае, не паспяваеш пераключыцца на беларускую ў некаторых выпадках, асабліва цяпер, калі я жыву ў Польшчы, то маці кажа «А чаму ты па-руску?». Мая сястра апошнім часам пачала па-беларуску са мной перапісвацца, — распавядае хлопец.

2010-я. «У цябе ўсё нармальна. Ты, часам, не звар’яцела?»

У 2013 годзе актрыса Крысціна Дробыш прыйшла ў Купалаўскі тэатр. З таго часу сярод іншага змянілася і яе асяроддзе.

— Памятаю, давала сваё першае інтэрв'ю, толькі прыйшоўшы ў тэатр, і раптам зразумела: мне так сорамна, што кажу па-руску. Ведала, што ўмею гаварыць на беларускай, але разумела, што не магу выбудоўваць думку на беларускай — сяджу і перакладаю ў галаве. Тады вырашыла, што мне трэба засвоіць мову так, каб я магла спакойна размаўляць на ёй, — расказвае актрыса.

Яна дадае, што акрамя тэатра далучылася да агучцы фільмаў, кніг на беларускую. У яе было беларускамоўнае асяроддзе і блізкі чалавек, яка гаварыў выключна на роднай мове. Дзякуючы гэтаму, праз год цалкам перайшла на беларускую мову, але толькі пару гадоў таму заўважыла, то пачала нават думаць і сніць па-беларуску.

— Самая крутая трэніроўка беларускай мовы — гэта калі ў цябе каханне па-беларуску, — лічыць яна.

Негатыўнага стаўлення ці агрэсіі з нагоды яе ўжывання беларускай мовы Крысціна ніколі не сустракала.

— Хутчэй узнікала неразуменне і непаразуменне. Напрыклад, не бачыцеся з людзьмі некалькі гадоў, і раптам яны заўважаюць, што ты гаворыш па-беларуску. Памятаю, аднойчы ў мяне спыталі «У цябе ўсё нармальна? Ты, часам, не звар’яцела?».

Пры гэтым, працягвае актрыса, яна падладжваецца да сітуацыі ў адносінах з дзяржструктурамі і ў сектары паслуг.

— На пошце я заўсёды пытаюся, ці магу запаўняць дакументы на беларускай — мне ніколі не адмаўлялі. А часам па чалавеку бачыш, гатовы ён ці вы зараз высвятляць, што такое гарбата.

Наша першая суразмоўца Алеся ўспамінае: у нулявых людзі, пачуўшы беларускую, часта выказвалі сваё стаўленне да яе, часцей апраўдваліся, чаму не гавораць на ёй. А вось у дзясятыя гады гэтага амаль не было.

— Ніхто ўголас не захапляўся, ніхто амаль не звяртаў увагу, на якой мове ты гаворыш. Мне гэта падабалася, бо атрымлівалася сапраўды шматмоўнае асяроддзе. Але ж у краме, калі казала «Дзякуй», то ў адказ часцей за ўсё чула не «Калі ласка», а «Што?».

Алена Анісім прыгадвае: каб звярнуцца па-беларуску ў дзяржструктуры, яна разам з аднадумцамі дапамагала перакладаць на яе розныя формы і бланкі заяў. Але ж персанальна ніколі не сутыкалася з нейкай агрэсіяй ці негатыўным стаўленнем да яе з нагоды ўжывання мовы.

У 2016−2019 гадах Алена Анісім з’яўлялася дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. У гэты час яна дамаглася, каб заканадаўчыя акты перакладалі на беларускую мову.

— Калі я прыйшла ў парламент, шмат хто з дэпутатаў успрыняў гэта як далучэнне да сваіх. Нейкі час прыглядаліся, ацэньвалі, а потым людзі зразумелі, што рагоў-капытаў, умоўна кажучы, няма, а ёсць проста пазіцыя — і з таго часу было нармальнае адэкватнае стаўленне. Хоць я не пераходзіла на рускую, ніколі не ўзнікала канфліктаў на гэтай глебе. Адзін толькі раз падчас нейкага мерапрыемства, якое адбылося перад пачаткам сесіі, хтосьці з, скажам так, калег паспрабаваў груба да мяне звярнуцца. Сказаў нешта кшталту «Што ты тут размаўляеш на гэтай мове, будзь як усе». Я нічога не адказала, але прарэагавалі іншыя. Людзі падыходзілі потым да мяне і выказваліся, што пра гэта думаюць. Было бачна, што іх гэта абурыла больш, чым мяне, — успамінае Алена Анісім.

Пачатак 2020-х. «Ведаем, што мы не горшыя за іншых»

Крысціна Дробыш прызнаецца, што пасля падзей 2020 года (да таго часу, як яна з’ехала з Беларусі) старалася «не ствараць сабе праблем», таму, сутыкаючыся з дзяржаўнымі ўстановамі, пераходзіла на рускую мову.

— Ты імкнешся не адсвечваць, не запамінацца людзям ва ўстановах, асабліва дзяржаўных — каб цябе не запаміналі. Бо ты не ведаеш бяспечна гэта ці не. Хто ведае — сёння цябе пазналі, а заўтра артыкул павесяць. Таму прыходзячы ў тую ж падатковую, я буду размаўляць на рускай мове, — кажа актрыса.

У той жа час са жніўня 2020 года яна пачала заўважаць, як усё больш людзей стала цікавіцца роднай мовай.

— Падыходзіць нехта і кажа «Ты можаш са мной размаўляць па-беларуску? Каб я сядзеў і выбудоўваў думку». Пачалі пытацца, як перайсці на беларускую, што я магу парэкамендаваць паглядзець і паслухаць. Людзі сталі часцей пісаць свае пасты ў Facebook на беларускай. І, гледзячы на водгукі на нашыя праекты, як «Кніжны воз», дзе мы агучваем дзіцячыя кнігі, таксама бачу, што цікаўнасць і попыт на яе расце.

Фізік Алеся лічыць, што ў 2020 годзе пачалося «другое адраджэнне» беларускай мовы, якое прыйшлося на яе пакаленне.

— Відаць, маё пакаленне — самае шчаслівае сярод беларусаў, бо мы двойчы перажылі нацыянальны ўздым і пачуццё еднасці, калі «беларус беларусу беларус». Мы ж ведаем, якія беларусы насамрэч людзі, ведаем, што не горшыя за іншых. Так прыемна ў гэтая перыяды адчуваць, што ты дома і можаш не хавацца пад лаўку, а свабодна «людзьмі звацца». Той, хто гэтага паспрабаваў, здаецца, недарма жыццё пражыў, — кажа навукоўца Алеся.

Жанчына ўспамінае, як дамавыя чаты, дзе яшчэ ў 2019 годзе абмяркоўвалі хіба што інфармацыю пра лічыльнікі і адключэнне вады, у 2020-м ператварыліся ў месца для знаёмства з суседзямі. Тады яна нечакана для сябе ўбачыла, колькі людзей навокал выдатна ведае беларускую і хоча ёй карыстацца:

 — Беларускамоўных, аказваецца, такі вялікі спектр. Асабліва маладыя людзі каля 30 гадоў. І яны адукаваныя — і тэхнічныя спецыяльнасці, і юрысты, і эканамісты, шмат айцішнікаў. Нешта ў іх ёсць, не ведаю, ці гэта мода, ці што іншае. Але яны ў размове так лёгка пераходзяць на беларускую мову, не губляюць час на тое, каб падабраць словы, а гавораць натуральна, быццам бы ўсё жыццё размаўлялі на ёй. Зразумела, што была школа, што яны чыталі кніжкі, але ж дзесьці ў іх і асяроддзе было беларускамоўнае, калі яны маюць практыку маўлення. Для мяне гэта вельмі прыемнае адкрыццё.

Report Page