Iх бацькi былi знакавымi беларускiмi дзеячамi. А як склалася жыццё дзяцей?

Iх бацькi былi знакавымi беларускiмi дзеячамi. А як склалася жыццё дзяцей?

@nn_by

Беларусы першай паловы ХХ стагоддзя раслі ў эпоху вялікіх зменаў. Бывала так, што бацькі яшчэ не ўсведамлялі сябе беларусамі, а дзеці — ужо так. Але бывала і наадварот. Па-рознаму было і ў сем’ях лідараў нацыянальнага адраджэння. Піша гісторык Антон Рудак.

Чужая бацькаўшчына

У прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага ад шлюбу з літоўкай Марыяй Іваноўскай было дзве дачкі: Ганна і Станіслава. Марыя разам з сястрой Сафіяй пісала пад псеўданімам Лаздзíну Пяле́да, што па-літоўску значыць «Сава з арэшніку» — іх творы зрабіліся класікай літоўскай дзіцячай літаратуры.

Шлюб Ластоўскіх выявіўся недаўгавечным: да пачатку Першай сусветнай вайны муж і жонка ўжо не жылі разам.

Адам Мальдзіс сведчыць, што малодшая дачка, Станіслава, якая пазней жыла ў Коўне, Ластоўскага за бацьку не лічыла. Сцвярджаюць, што нібыта сапраўдным бацькам Станіславы Ластоўскай быў Янка Купала, які ў афіцыйным шлюбе з Уладзіславай Станкевіч, як вядома, дзяцей не меў.

Што тычыцца старэйшай дачкі, Ганны Ластоўскай (яна ж Она Главацкене), то яна з часоў Першай сусветнай вайны жыла ў Менску, займалася перакладамі на літоўскую мову і нават планавала напісаць успаміны (як цытуе Мальдзіс — «у піку Мядзёлцы»). Адам Мальдзіс піша, што Ганна жыла на праспекце, у доме, дзе знаходзіцца крама «Антыквар» (пр. Незалежнасці, 43). Там жылі па вайне розныя дзеячы культуры. Падрабязнейшых звестак пра асабістае і грамадскае жыццё абедзвюх Ластавічанак, аднак, не выяўлена.

Дзеці класікаў

Што Янка Купала афіцыйна дзяцей не меў — вышэй ужо казалася. А вось у Якуба Коласа з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай было трое сыноў: Даніла, Юрка і Міхась. Даніла стаў хімікам, пасля — першым дырэктарам музея Якуба Коласа, пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску. Юрка (Георгій) прапаў без вестак на фронце пад Вязьмай увосень 1941-га. Малодшы ж сын, Міхась, яшчэ жывы — ён доктар тэхнічных навук і дагэтуль, нягледзячы на паважны ўзрост (93 гады), нярэдка ўдзельнічае ў беларускіх культурных мерапрыемствах.


Якуб Колас са сваякамі. Юрка і Даніла крайнія злева і справа ў другім шэрагу, Міхась — другі справа ў першым. Фота: knigasvet.adu.by.
У яшчэ аднаго славутага беларускага пісьменніка, Змітрака Бядулі (Самуіла Плаўніка), дзяцей было двое — Зоя (Зора) і Яфім.

Зоя памерла ў 1975 годзе, а Яфім (народжаны ў 1934 годзе) яшчэ жыве. Па адукацыі Яфім Плаўнік інжынер, і ён робіць усё магчымае для зберажэння памяці пра свайго бацьку, у прыватнасці, спрабуе ажыццявіць ідэю пераносу ягонага праху з далёкага казахстанскага Уральска, дзе магілу ніхто толкам не даглядае, на радзіму.

Вуліца малодшага сына

У беларускага гісторыка, прыхільніка Беларускай Народнай Рэспублікі Мітрафана Доўнар-Запольскага было трое дзяцей: Вячаслаў, Усевалад і Ірына.
Дзеці Мітрафана Доўнар-Запольскага — Вячаслаў, Усевалад і Ірына. 1910-я гады. Фота: archives.gov.by.
Усевалад, адвучыўшыся ў Кіеўскім універсітэце, дзе выкладаў ягоны бацька, у 1917 годзе зрабіўся актыўным бальшавіком і ўзначаліў у Кіеве атрад Чырвонай гвардыі. У 1919-м ён памёр у Гомелі ад тыфу, а ў Кіеве ягоным іменем была названая вуліца. У 2015 годзе падчас дэкамунізацыі быў знойдзены элегантны выхад з гэтай сітуацыі — вуліцу імя сына перайменавалі ў гонар бацькі.

Малодшы сын, Вячаслаў, таксама загінуў у шэрагах Чырвонай Арміі. Сам Мітрафан Доўнар-Запольскі і надалей падтрымліваў ідэю беларускай дзяржаўнасці ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі, а лёс ягоных сыноў ніяк не паўплываў на тое, што ў 1920-я ў БССР іх бацьку абвінавацілі ў нацдэмаўшчыне, а ягоныя навуковыя канцэпцыі жорстка крытыкавалі.

Грамадзянка Чэхаславакіі

Як і ў Доўнара-Запольскага, з Кіевам пэўны час была звязаная біяграфія беларуса Івана Краскоўскага, вядомага тым, што ён паспеў папрацаваць ва ўрадах адразу дзвюх маладых дзяржаў — Беларускай Народнай Рэспублікі і Украінскай Народнай Рэспублікі.

Пасля гэтага лёс Краскоўскага склаўся дастаткова стандартна для беларускага адраджэнца тых часоў — педагагічная праца ў Вільні і Дзвінску, пераезд у БССР, затым турмы і лагеры… Ягоная ж дачка Людміла ў 1920-я гады паехала вучыцца ў Прагу, дзе скончыла філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта. У Чэхаславакіі яна і пражыла ўсё наступнае жыццё (а жыла яна больш за 90 гадоў), працуючы ў Славацкім краязнаўчым музеі ў Браціславе.

Менавіта ў яе дажываў пару апошніх гадоў свайго шматпакутнага жыцця бацька, выпушчаны пасля смерці Сталіна з савецкага канцлагера. Наяўнасць дачкі — грамадзянкі іншай дзяржавы, дала яму магчымасць атрымаць дазвол на выезд з СССР.
Іван Краскоўскі з дачкой Людмілай. Фота: БДАМЛіМ.

Каханая Казінца

Аўтар гімна «Магутны Божа» кампазітар Мікола Равенскі толькі цудам пазбег рэпрэсій: аднаго ягонага брата расстралялі бальшавікі ў 1937-м, другога — немцы ў 1941-м. Ягоная ж дачка Алена ў акупаваным Менску была сувязной камуністычнага падполля, а акрамя таго — каханай кіраўніка першага складу менскага падполля Ісая Казінца.

Цікава, што звычайна ў мемуарнай літаратуры яна згадваецца як «Лёля Ревинская» — ці то па недакладнасці, ці то каб пазбегнуць асацыяцый з «нязручным» бацькам. У сакавіку 1942 года Алена была арыштаваная разам з Казінцом і ўлетку таго ж года расстраляная.

Алена Равенская і Ісай Казінец. Фота: molodguard.ru.
Равенскі пасля гэтага выехаў з Менска ў Чэрвень, дзе быў рэгентам царкоўнага хору, а пасля адступіў з немцамі на Захад — жонка з малодшымі дзецьмі ехаць з ім адмовілася.

Іншая дачка, Вольга, пайшла па бацькавых слядах і стала салісткай хору Беларускага радыё і тэлебачання.

Мікола Равенскі зрабіўся вядомым найперш як аўтар нацыянальнага гімна «Магутны Божа», напісанага на словы Наталлі Арсенневай.

Загінуў пры выбуху ў Купалаўскім

У паэткі Наталлі Арсенневай і вайскоўца Францішка Кушаля было двое сыноў — Яраслаў і Уладзімір. Жыццё аднаго з іх таксама абарвалася трагічным чынам у акупаваным Менску.

Яраслаў Кушаль 22 чэрвеня 1943 года аказаўся сярод ахвяраў выбуху ў Менскім гарадскім тэатры (цяпер тут Купалаўскі). Выбух зладзілі партызаны, якія спадзяваліся забіць генеральнага камісара Вільгельма Кубэ — але ён на спектаклі нават не з’явіўся. Ды і ўвогуле, у зале амаль не было немцаў, толькі менчукі, пераважна моладзь — у той дзень у тэатры было ўрачыста абвешчана пра стварэнне Саюза беларускай моладзі. У апошні момант выканаўцы спрабавалі зняць міну, але ім гэта не ўдалося. У выніку выбуху загінулі 13 чалавек, якія былі пахаваныя на Вайсковых могілках, на рагу вуліц Даўгабродскай і Берасцянскай. Трое ахвяраў апазнаныя не былі — мяркуюць, што гэта выканаўцы тэракта, якія, магчыма, у апошні момант імкнуліся яго прадухіліць.

Іваноўскія, праведнікі

Вацлаў Іваноўскі, найперш вядомы як заснавальнік беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», меў трох братоў: двое з іх, Юры (Ежы) і Станіслаў, усведамлялі сябе палякамі, а яшчэ адзін, Тадэвуш (Тадас), — літоўцам. Не дзіва, што ў такіх умовах дачка Вацлава Іваноўскага, Ганна, падчас нямецкай акупацыі сведчыла, што ейны бацька нібыта толькі «прыдумаў сабе», што ён беларус, а насамрэч з’яўляецца палякам.

Ганна разам з маці Сабінай (першай жонкай Іваноўскага) у 2001 годзе атрымалі тытул праведнікаў народаў свету: у 1941 годзе, выязджаючы з Вільні ў Менск на пасаду бурмістра, Іваноўскі даручыў былой жонцы і дачцэ вывезці з горада ў свой маёнтак дзвюх яўрэек, такім чынам выратаваўшы іх ад смерці. Сам ён быў забіты ў снежні 1943 года на вуліцы ў Менску — хутчэй за ўсё, гэта была правакацыя нямецкіх карных органаў.

Іваноўскі, сапраўды, спачуваў падполлю. Вільгельм Кубэ заплюшчваў вочы на кантакты Іваноўскага з Арміяй Краёвай, але СС, прыбраўшы ў верасні 1943-га нязручнага для іх Кубэ, у снежні таго ж года прыбрала і Іваноўскага, расчышчаючы дарогу да лідарства свайму пратэжэ — Радаславу Астроўскаму, які акурат у той час з’явіўся ў Менску, уцякаючы ад наступу савецкага войска.

Разведчыкі Луцкевічы

Юрка і Лявон — сыны аднаго з пачынальнікаў беларускага руху Антона Луцкевіча. Жонка Луцкевіча, Зоф’я Абрамовіч, была габрэйкай, таму дзеці, паводле нацысцкіх законаў, лічыліся «мішлінге» — мяшанцамі.

Браты скончылі Віленскую беларускую гімназію, Юрка пасля сканчэння тэхнічнай вучэльні адслужыў у афіцэрскай школе, у 1939-м трапіў у палон і пасля гэтага працаваў у Вільні электраманцёрам.


Зоф’я Абрамовіч і Антон Луцкевіч з сынамі Юркам і Лявонам. Фота: Wikimedia commons.

Юрка і Лявон падчас нямецкай акупацыі настаўнічалі, жылі спачатку ў Радашкавічах, а пасля — у Баранавічах.

Пасля адступлення немцаў з Беларусі яны разам з вялікай групай беларускай моладзі апынуліся ў нямецкай разведшколе ў Дальвіцы (цяпер — Калінінградская вобласць Расіі). Беларускія нацыяналісты спадзяваліся выкарыстаць гэтую падрыхтоўку для стварэння беларускага войска. У іх было спадзяванне, што вайна скончыцца разгромам і Гітлера, і Сталіна, а перамогуць заходнія дэмакратыі. З гэтым і звязвалі надзеі на незалежнасць Беларусі.

У выніку абодва браты былі арыштаваныя саветамі ў Беластоку ў 1945 годзе і асуджаныя на шматгадовыя тэрміны зняволення ў лагерах.

Юрка і Лявон Луцкевічы да скону заставаліся палымянымі патрыётамі і моцна радаваліся абвяшчэнню Беларуссю незалежнасці ў 1991-м. Лявон Луцкевіч напісаў цудоўную кнігу пра беларускую Вільню — «Вандроўкі па Вільні».

Сын айца БССР працаваў на СД?

Антон Шантыр быў сынам беларускай паэткі Людвікі Войцік (Зоські Верас) і Фабіяна Шантыра, падпісанта маніфеста БССР, расстралянага бальшавікамі за «злоўжыванне службовым становішчам» на пасадзе кіраўніка спраў харчовай камісіі ў Чырвонай Арміі.

Як і браты Луцкевічы, падчас нямецкай акупацыі Беларусі Антон аказаўся на нямецкім баку. Напрыклад, нячастае прозвішча Шантыр згадваецца сярод найбліжэйшых памочнікаў начальніка палітычнага аддзела менскага СД Шлегеля ў справе стварэння фіктыўнага «Цэнтральнага камітэта вызвалення Заходняй Беларусі», які ў 1944 годзе мусіў падпарадкаваць сабе савецкія партызанскія злучэнні і аддаць ім загад выступіць супраць наступаючай Чырвонай Арміі.

Існуе легенда, што, арыштаваны савецкімі органамі дзяржбяспекі, Антон Шантыр некалькі гадоў прыкідваўся немцам, але ў выніку, як піша Сяргей Ёрш паводле сведчанняў палітвязня Пятра Рашэтніка, падчас зняволення быў выкрыты нямецкім афіцэрам абверу і атрымаў 25 год лагераў.

Віленскія гімназісты

Па-рознаму складваліся ваенныя лёсы дзяцей выкладчыкаў Віленскай беларускай гімназіі.

Леаніла Чарняўская і Максім Гарэцкі з дзецьмі Леанідам і Галінай. 1923 год. Фота: tut.by.

Сын Максіма і Леанілы Гарэцкіх, Леанід, нарадзіўся ў 1922 годзе і рос у СССР, куды праз год выехалі бацькі. Падчас нямецка-савецкай вайны ён быў у Чырвонай Арміі і загінуў у 1944-м пад Ленінградам. Дарэчы, у Максімавага брата, геолага Гаўрылы Гарэцкага, было двое сыноў — Усяслаў і Радзім. Абодва пайшлі па бацькавых слядах, зрабіліся вядомымі навукоўцамі — Усяслаў памёр у 2009-м, а Радзім яшчэ жыве.

Гаўрыла Гарэцкі з сынамі Радзімам і Усяславам. Фота: svaboda.org.

Сын Алены Сакаловай-Лекант, якая 25 гадоў выкладала ў гімназіі беларускую мову, Анатоль, быў на пачатку акупацыі прызначаны немцамі бурмістрам Беразіна, трапіў у няміласць да немцаў, ледзь не сышоў у партызанку, але ў выніку пакінуў Беларусь ужо афіцэрам Беларускай краёвай абароны і памёр у эміграцыі.

Глеб Багдановіч, сын сенатара польскага парламента Вячаслава Багдановіча, расстралянага бальшавікамі ў 1939 годзе, пры канцы нацысцкай акупацыі апынуўся ў шэрагах дыверсантаў разведшколы ў Дальвіцы, дэсантаваўся ў Беларусі 17 лістапада 1944 года ў складзе групы Міхала Вітушкі, трапіў у партызанскі атрад Арміі Краёвай, потым легалізаваўся і быў арыштаваны ў 1949-м у Польшчы. Пасля лагераў ён працаваў доктарам і памёр у 1971 годзе ў Рудзенску.

Акрамя таго, у 1932 годзе Віленскую беларускую гімназію скончыў сын будучага лідара Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі Фабіяна Акінчыца, забітага ў Менску ў 1943, — Кастусь. Паводле дакументаў, адшуканых аўтарамі часопіса «Беларускі рэзыстанс», Канстанціну Акінчыцу ў студзені 1945 года была нададзена ранга лейтэнанта — праўдападобна, ён служыў у нейкай з беларускіх вайсковых частак, створаных пасля адступлення немцаў з Беларусі, а пазней апынуўся на эміграцыі ў ЗША.

Партызан Тарашкевіч загінуў на Паліку

Сын дэпутата польскага Сейма і стваральніка беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча, Радаслаў, нарадзіўся ў 1925 годзе ў Радашкавічах. Гэтае імя ў той час было папулярнае. Напрыклад, Радаславамі звалі сыноў беларускіх пралетарскіх паэтаў Міхася Чарота і Андрэя Александровіча.
Вера Снітка, Браніслаў Тарашкевіч і іх сын Славік. Фота: belsat.eu.

Палякі да канца 1930-х гадоў беларускія гімназіі пазачынялі, і Славік Тарашкевіч пайшоў вучыцца ўжо ў польскую гімназію імя Тамаша Зана ў Маладзечне.

Пасля прыходу немцаў ён працаваў у аддзеле па зборы падаткаў, а адначасова быў звязаны з савецкім падполлем. У 1943-м яго папярэдзілі пра немінучы арышт і тэрмінова пераправілі ў лес, і ў чэрвені 1944 года, перад самым вызваленнем Беларусі, Радаслаў загінуў у складзе брыгады «Штурмавая» падчас блакады партызанскай зоны ля возера Палік.

Пахаваны ён быў у брацкай магіле ў Бягомлі, але пра гэта стала вядома толькі ў 2015 годзе. Да таго часу сваякі ўшаноўвалі памяць Радаслава Тарашкевіча ля кенатафа, усталяванага на радашкавіцкіх могілках.

Як можна заўважыць, лёс дзяцей айцоў адраджэння не заўжды быў прадказальны, а часам нават кардынальна разыходзіўся з досведам папярэдняга пакалення. Жыццёвы шлях дзяцей такіх бацькоў не быў лёгкім. Зрэшты, нялёгкі тады быў і сам час.




Антон Рудак



Report Page