I Унівэрсал Смаленскага Рэспубліканскага Цэнтру

I Унівэрсал Смаленскага Рэспубліканскага Цэнтру

СМАЛРЭСЦЭНТАР

Смаленск і Смаленшчына – калісьці адзін з самых разьвітых местаў Усходняй Эўропы й вялікая дзяржава свайго часу (Смаленскае княства) у выніку страты незалежнасьці, нападаў і асіміляцыі прыйшлі ў глыбокі заняпад.

Мы канстатуем, што ў фармаце Смаленскае вобласьці Цэнтральнае Фэдэральнае Акругі Расеі ў Смаленшчыны няма ніякіх пэрспэктываў і яна ў гэтым выглядзе асуджаная на далейшае кананьне, заняпад і страту астатніх сваіх культурных спадчыны й самабытнасьці.

Каб гэта папярэдзіць, адрадзіць наш край і здабыць для яго годнае будучыні, неабходна радыкальная зьмена палітычнага, культурнага й міжнароднага вэктара развіцьця Смаленшчыны.


Мы прапануем наступнае:


1. На месцы й у адміністрацыйных межах сучаснае Смаленскае вобласьці неабходна стварыць Смаленскую Рэспубліку (Рэспубліка Смаленская Зямля), да якой на добраахвотнай падставе змогуць далучыцца ўсякія тэрыторыі іншых суб’ектаў Расейскае Фэдэрацыі, якія калісьці ўваходзілі ў склад гістарычнае Смаленшчыны: Смаленскага княства, Смаленскага ваяводзтва, Смаленскае губэрні, Заходняе вобласьці.

Адпаведна артыкулу 5 Канстытуцыі Расейскае Фэдэрацыі, рэспублікі ў яе складзе маюць статус дзяржаў. Пакуль да ўлады не прыйшоў Пуцін, гэта давала рэспублікам накшталт Татарстану відавочныя перавагі, і каб адрадзіцца Смаленшчыне патрэбна мець як мінімум падобны статус.


2. Задачамі Смаленскае Рэспублікі як дзяржавы павінны стаць ня толькі вырашэньне надзённых праблемаў яе насельніцтва, але й адраджэньне й абарона яе культурна-гістарычнае своеасаблівасьці, ахапляючы смаленскую гаворку, фальклёр і амаль страчаную ўсходне-эўрапейскую мескую культуру.

Смаленская Рэспубліка, будучы дзяржаваю ўсіх яе грамадзян, павінная стаць асяродкам ня толькі карэннае смаленскае культуры, але й карэнных смалян, якія апынуліся па-за межамі сучаснае Смаленскае вобласьці. Усе, хто мае карані на тэрыторыі гістарычнай Смаленшчыны, змогуць атрымаць грамадзянства Смаленскае Рэспублікі й яе падтрымку для перасяленьня на яе тэрыторыю, або для падтрыманьня зь ёй сувязей у якасьці замежных суайчыньнікаў.


3. Смаленская Рэспубліка будзе імкнуцца да ўсталяваньня асаблівых адносінаў і цеснае інтэграцыі зь дзяржавамі й тэрыторыямі, якія ствараюць адзіную (пост-крыўскую) этна-культурную прастору: Беларусьсю, паўночнай і заходняй Браншчынай, паўднёвай Пскоўшчынай, заходняй Цьвершчынай, паўночна-заходняй Калужчынай, заходняй Маскоўшчынай.

Адносіны зь Беларусьсю, якая валодае ўласнымі дзяржавнымі інстытутамі, сталай тоеснасьцю й патэнцыялам самабытнага нацыянальнага разьвіцьця, павінныя стаць для Смаленскае Рэспублікі прыярытэтнымі. Калі для Расеі, якая ўсё больш разварочваецца на ўсход, Смаленская вобласьць гэта выняткова вайсковы трамплін, фарпост, або малазначная заходняя пэрыфэрыя, то для сьвядомых беларусаў Смаленшчына гэта значная частка іх гістарычнае, культурнае й этнічнае прасторы, што робіць смаленска-беларускія супрацоўніцтва й інтэграцыю ўзаемазапатрабаванымі.


4. Смаленская Рэспубліка разам зь Беларусьсю павінныя стаць часткамі таго рэгіёну, да якога яны гістарычна належаць. Летува, Польшча, Украіна – мы ня бачым сваю будучыню бязь іх і ўважаем злачыннай палітыку адлучэньня нас ад іх ды будаўніцтва вакол нас жалезнае заслоны на захадзе.

Нашай задачай стане прывабліванне ў Смаленскую Рэспубліку заходніх інвэстыцый і тэхналёгій, якія будуць гарантаваныя нашай мірнай і прыязнай вонкавай палітыкай. Таксама мэтаю Смаленскае Рэспублікі павінен стаць уваход у бязьвізавую прастору з суседнімі заходнімі дзяржавамі, а ў пэрспэктыве й усімі краінамі Шэнгенскае зоны.


5. Смаленская Рэспубліка як дзяржава эўрапейскага кшталту - парлямэнцкая, шматпартыйная, плюралістычная дэмакратыя, будзе імкнуцца будаваць свае адносіны з усходнімі суседзямі на дагаварной, роўнапраўнай, узаемавыгаднай падставе. Мы жадаем захаваць чалавечыя й карысныя эканамічныя сувязі з усімі, але будзем рашуча супрацьстаяць дыктату ўсходу й палітыцы пазбаўленьня нас сувэрэнiтэту ды культурнае самабытнасьці, і асабліва ўцягненьню нас у злачынныя войны супраць суседзяў і ізаляцыі ад нашых сяброў і партнёраў.

Апроч таго, мы заяўляем, што асобы, якія ня маюць смаленскіх каранёў, якіх перасялілі расейскія ўлады й іх намесьнікі ў Смаленску на тэрыторыю Смаленскае вобласьці пасля пачатку злачыннае вайны 24.02.2022 года, будуць разглядацца намі як не запрошаныя госьці, і пасля абвяшчэньня Смаленскае Рэспублікі ім прыйдзецца пакінуць яе, або прайсьці натуралізацыю ў адпаведнасьці зь яе законамі.


Мы, прыхільнікі пералічаных вышэй прынцыпаў, для змаганьня за іх ператварэньне ў жыцьцё ствараем Смаленскі Рэспубліканскі Цэнтар (СМАЛРЭСЦЭНТАР), на які ўскладаецца задача па падрыхтоўцы да стварэньня Смаленскае Рэспублікі.

Да стварэньня афіцыяльнага сайту СМАЛРЭСЦЭНТАРУ яго інфармацыйным органам будзе тэлеграм-канал "Смаленская Рэспубліка". 

Report Page