Hunger Strike Diary. Day 9
https://t.me/neabyjakavyДзявяты дзень галадоўкі і 27 суткі ў зняволенні прайшлі, як і мінулыя, без падзей, нават без дробных. Цяжка нават знайсці, што запісаць у дзённік, але штосьці запісаць трэба. Сёння была прагулка, але я вырашыў адмовіцца ад яе. Па дарозе ў прагулачныя дворыкі трэба некалькі разоў падымацца ўверх-уніз па прыступках, прычым цябе ўвесь час падганяюць ісці хутчэй, што не так проста рабіць у абутку без шнуркоў. Неяк я ўжо не на столькі ўпэўнены ў сваіх сілах для падобных іспытаў. Сядзіш сабе на адным месцы — і норм. За гэтыя хвілін 30, пакуль усе былі на прагулцы, была магчымасць пабыць трошкі ў цішыні, адпачнуць ад пастаяннай мітусні, гулу і смеху. Самыя ціхія хвіліны за амаль месяц. Калі гэта не лепш за прагулку, то як мінімум раўназначна ёй. Зноў правёў цэлы дзень за кнігай і бліжэй да ночы дачытаў «Зялёную мілю», трэба выбіраць на заўтра што-небудзь новае для чытання. Я амаль ніколі не кладуся спаць адразу пасля адбоя, у 22.00, заўсёды яшчэ некалькі гадзін ляжу і думаю аб нечым, або чытаю кнігу. А вось сёння яшчэ да 22.00 з'явілася адчуванне, што вось зараз лёг бы і заснуў, таму карыстаючыся момантам, адразу пасля 22.00 раскруціў матрас і заснуў маментальна. Прачнусь раніцай — і 8 гадзін зняволення (1/4 сутак) як не было.