Hunger Strike Diary. Day 7
https://t.me/neabyjakavyСёмы дзень галадоўкі і 25 суткі ў зняволенні пачаліся з таго, што ўся камера прачнулася, а я спаў далей, нават не пачуўшы грукату ў дзверы. Праз фортку ў дзвярах сукамернікі ўжо прымалі сняданак, а я яшчэ ляжаў на матрасе і толькі раздупліў вочы. Я займаю ў камеры месца, якое менш за астатнія праглядаецца праз відэакамеру ці кармушку, але яно не настолькі ў сляпой зоне, каб мяне на матрасе можна было не заўважаць столькі часу. Вельмі дзіўна. Калі быць аптымістам і разглядаць тэорыю аб тым, што я выйду за браму СІЗА і не буду перазатрыманы 29-га, то большая частка галадоўкі ўжо сзаду, а наперадзе засталося не так ужо і шмат. Але ўсё роўна час цягнецца невыносна павольна: 6 дзён галадоўкі падаюцца больш працяглымі за папярэднія 18 дзён зняволення. Калі кожную секунду страўнік нагадвае пра сябе, а самаадчуванне таксама ня вельмі, то хвіліну ў такіх абставінах можна прыраўняць да пяці ў звычайных абставінах. Такім чынам я самастойна змяніў сабе ўмовы ўтрымання з узроўня «easy» на ўзровень «hardcore». Але для мяне галоўнае, што гэта быў мой выбар, што гэта я кантралюю сітуацыю, а не выконваю загад «начальніка». Гэта дае маральныя сілы ісці далей.
Сёння тым, хто паліць, далі магчымасць зрабіць гэта ў суседняй камеры, якую часова ператварылі ў палільню, каб не выводзіць людзей у прагулачныя дворыкі. Зразумела, далёка, а супрацоўнікі тут лянівыя і ім так значна прасцей. А тым, хто сядзіць, то выбар паміж тым, каб папаліць у суседняй камеры замест прагулкі і тым, каб не атрымаць зусім нічога, таксама відавочны. Таму ўсе задаволены. Прагулка павінна быць кожны дзень, але за апошнія 9 дзён яна была толькі аднойчы + першы раз магчымасць папаліць арганізавалі вось такім вось чынам. Мне з большага ўсё роўна, я з галадоўкай і паліць кінуў, а вось для некаторых хлопцаў гэта ледзь не падзея тыдня — схадзілі папаліць, эмоцый і абмеркаванняў цяпер на некалькі гадзін.
Падчас размовы, выпадкова, у кантэксце чагосьці іншага, зноў узгадалі пра затрыманне Міколы. Як апынулася, пра яго затрыманне ведалі ў камеры амаль што ўсе, я ледзь не адзіны, да каго гэта інфармацыя не дайшла. І нікому, нажаль, не прыйшла ў галаву думка, што гэта інфармацыя можа мець для мяне нейкую каштоўнасць.
Пасля 3-дзённага перапынку зноў прыйшлі лісты, вельмі шмат лістоў, толькі я атрымаў адразу тры, два з якіх патрабавалі адказу. У мяне і раней было тэарэтычнае разуменне важнасці ліставання са зняволенымі, але сапраўдную каштоўнасць гэтага можна зразумець, напэўна, толькі адсюль, з гэтага боку крат. Эмоцыі, якія адчуваеш у момант, калі бачыш сваё прозвішча на канверце ў агульным стосе лістоў, калі адчыняеш канверт, калі чытаеш ліст і уяўляеш усмешку чалавека, які напісаў гэты ліст, калі ў галаве чуеш голас гэтага чалавека ... Для апісання гэтых эмоцый мой слоўнікавы запас вельмі абмежаваны. Калі выйду, буду па магчымасці старацца таксама пісаць лісты, шкада што ніколі не рабіў гэтага раней. У чытанні і бясконцым перачытванні лістоў, а таксама ў напісанні адказаў прайшоў увесь вечар і частка ночы.