Hunger Strike Diary. Day 6

Hunger Strike Diary. Day 6

https://t.me/neabyjakavy

Шосты дзень галадоўкі і 24 суткі ў зняволенні зноў пачаліся з лукашэнкаўскага гімна ў 06:00. Ужо больш за тыдзень гімн або не ўключалі, або я прачынаўся толькі пасля яго заканчэння. Добрыя ж раніцы былі тады, але разуменне гэтага як заўсёды прыходзіць толькі пасля таго, як сітуацыя мяняецца. Узгадалася як раней з намі сядзеў Алесь з Вольнага хору, які пачынаў кожны дзень са спеваў «Пагоні», чым заглушаў лукашэнкаўскі гімн па радыё.

Хлопцы з суседняй камеры кожны дзень пытаюцца як я сябе адчуваю. «Да нармальна я, чё, толькі 6 дзень..» Пашу і Юру павялі на размову з адвакатам. Тут, у Баранавічах, усё па олдскулу — не толькі суды ўжывую адбываюцца, яшчэ і адвакат можа прыехаць на сустрэчу. Хвілін праз 30 яны вярнуліся ў камеру і на выхад прапанавалі мне. «Куды?» — пытаюся. «Куда скажу туда и пойдёшь!» — забрахаў калідорны. Ребята запанікавалі пасля такога адказу і пачалі патрабаваць дакладнасці куды ён мяне павядзе. Той смяецца: «Да туда же, куда и вы ходили, к адвокату». Ух ты! Я не чакаў такіх сюрпрызаў. У калідоры мы спыніліся каля камеры 103, дзверы адчынілі і назвалі прозвішча Сашы. На гутарку з абаронцамі нас павялі разам. «Гэта ты тут галадаеш?» — пры першай магчымасці запытаўся Саша. Значыць інфармацыя пра галадоўку разышлася па ўсяму корпусу, а не толькі па камерам з нашага боку адносна калідора, як я думаў раней. Сустрэча з адвакаткамі, 2 маладымі жанчынамі, праходзіла ў тым жа корпусе, што і суд, толькі ў суседнім памяшканні. Адвакатка мне распавяла апошнія навіны, якія былі з большага дрэнныя: больш 1000 затрыманых у нядзелю на плошчы Перамен, знайшлі і затрымалі Міколу Дзядка. З прыемнага — атрымаў шмат прыветаў і словаў падтрымкі, даведаўся што пра маю галадоўку выйшаў артыкул у «Новым часе». Але пасля навін пра Міколу было ўжо вельмі цяжка ўспрымаць штосьці далей. Я папрасіў яе яшчэ раз нагадаць таварышам пра адсутнасць неабходнасці ў перадачах і што буду трымаць галадоўку да апошняга. Ісці назад у камеру было ўжо фізічна цяжэй, даўно не перамяшчаўся на такія «адлегласці». Усю дарогу размаўлялі з Сашам і нам ніхто не перашкаджаў. Ён распавёў, што таксама трымаў галадоўку з моманту перазатрымання і да суда, але потым адмовіўся ад яе. Магчыма з-за гэтага «начальнікі» і разлічвалі на тое, што я гэтак жа «кіну дурное» праз некалькі дзён, але не ўгадалі. Саша сядзіць увесь час разам з Вовай, які ўжо доўгі час хварэе і ніяк не ідзе на папраўку. Акрамя таго, што па дарозе нам пашчасціла паразмаўляць паміж сабой, падыхаць свежым паветрам, мы яшчэ змаглі павітацца з Наталкай і Марінай, якіх таксама вялі на сустрэчу з абаронцамі, магчыма з тымі ж, з якімі сустракаліся мы.

У момант майго вяртання ў камеру хлопцы гатавалі каву і абмяркоўвалі яе пах, мол, «напэўна нават у камерах насупраць чуваць». Я такі: «Які пах кавы? Ёсць нейкі пах зараз?» На секунд 30 над камерай навісла цішыня. Я зразумеў, што я не адчуваю яе пах. Не адчуваў я яго напэўна і ўчора, проста не звяртаў на гэта асаблівай увагі. Я не адчуваю пах ні зубной пасты, ні шампуня, ні часныку, нічога з таго, што толькі магчыма панюхаць у нас у камеры. Мы ўсе тут ужо перахварэлі, таму давайце хутчэй вызваляйце 6 чалавек, у якіх сёння заканчваюцца суткі, няхай ідуць далей распаўсюджваюць заразу і закідвайце нам новых 10 чалавек!

Так яно і атрымалася — бліжэй да вечара ў нас зноў быў фулхаус. Усе заехаўшыя сядзяць ужо па 1,5-2 тыдні, таму валодаюць яны з большага тымі ж навінамі што і мы. Але журналіст «радыё Свабода» Алег Груздзіловіч, даведаўшыся, што я анархіст, знайшоў у сябе некалькі цікавых для мяне навін. У дзень майго затрымання з'явілася інфармацыя пра затрыманне на ўкраінскай мяжы Ігара Аліневіча, але ніякіх падрабязнасцей тады не было. Ад Алега я даведаўся, што Ігара абвінавачваюць у здзяйсненні тэрактаў, а таксама тое, што разам з Ігарам быў затрыманы Дзіма Дубоўскі, які з 2010 году быў у вышуку па «справе беларускіх анархістаў». 10 год таму, у лістападзе 2010 года, карацелі зладзілі аблаву на Ігара і Дзіму ў Маскве, тады Ігар быў затрыманы і перапраўлены з мяшком на галаве ў мінскае СІЗА КДБ, а Дзіме ўдалося пазбегнуць затрымання. Прайшло 10 год і карацелі зноў робяць аблаву на Ігара і Дзіму, і на гэты раз больш паспяховую. Сёння, пасля 23-дзённай інфармацыйнай ізаляцыі, гэта проста нейкая інфармацыйная лавіна, пасля якой заснуць проста немагчыма.



Report Page