Hunger Strike Diary. Day 5
https://t.me/neabyjakavyПяты дзень галадоўкі і 23 суткі ў зняволенні пачаліся, што дзіўна, даволі бадзёра. Праспаўшы амаль поўнасцю мінулыя 2 сутак, ноччу спаць не хацелася ад слова зусім. Ну не магчыма ж спаць бясконца! Таму я адчыніў кнігу, чаго не рабіў ужо 2 сутак, але яна хутка скончылася і я паспрабаваў заснуць яшчэ раз. Нічога не атрымалася, таму прыйшлося ісці да сумкі-бібліятэкі, каб здаць кнігу і ўзяць новую. Пачаў чытаць «Бойцовский клуб», экранізацыю якога глядзеў шмат разоў, але кнігу чытаць не даводзілася. Толькі, здаецца, заснуў, а ўжо грукаюць у дзверы «Подъём!». Але нягледзячы на гэта, я падняўся амаль самы першы і адчуваў сябе выспаўшымся. Мне зноў вельмі хацелася есці, хаця мінулыя 2 дні я ўжо не адчуваў голаду. Напэўна дрэннае самаадчуванне ў мінулыя дні звязана не столькі з галадоўкай, колькі з нейкай каляпрастудай, якая пачала праходзіць. Карыстаючыся добрым настроем і такім жа самаадчуваннем, вырашыў памыць галаву і ўвогуле з большага прывесці сябе ў парадак. Соўкаючыся па камеры туды-сюды звярнуў увагу, што з мяне пачынаюць злятаць штаны. Да, шнуркі ў іх падрэзалі яшчэ ў момант майго папярэдняга затрымання 1,5 месяцы таму, але ўвесь гэты час, нават без іх, штаны і так добра сядзелі на мне. З паляпшэннем самаадчування наладзіўся і быт: нам падалі электрычнасць у камеру і батарэі пачалі зноў быць цёплымі, а з цёплымі батарэямі з'явілася магчымасць грэць воду ў бутэльках. А я толькі некалькі гадзін таму памыў галаву ў ледзяной вадзе, ну, як заўсёды.
Сёння вечарам з 14 чалавек павінны вызваліцца 4, заўтра — яшчэ 6 чалавек. Такім чынам у камеры застануся я з 3 хлопцамі са стачкаму. Чакаем, што заўтра нас або перавядуць у іншую камеру, або да нас закінуць чалавек 10. Паглядаю на дзясяткі кніг у некалькіх сумках і вельмі спадзяюся на другі варыянт.
Сёння салігорскія зрабілі нам у нейкім сэнсе лекцыю пра сам Беларуськалій, як арганізавана здабыча на рудніках, што з'яўляецца прычынай аварый, якія адбываюцца там адна за другой, прайшліся па тэрміналогіі і г.д. Усё з малюнкамі, чарцяжамі, усё як мае быць. Больш у нас нічога не адбывалася, увесь час думалі аб тым, што адбываецца ў Менску, як прайшоў нядзельны марш і ці быў ён увогуле, колькі затрыманых на гэты раз, якая там увогуле атмасфера пасля забойства Бандарэнкі. Праз некалькі дзён нейкая інфармацыю будзе і ў нас, але для гэтага павінна прайсці некалькі дзён.