Hunger Strike Diary. Day 4
https://t.me/neabyjakavyЧацвёрты дзень галадоўкі і 22 суткі ў зняволенні пачаліся як і папярэднія — я толькі змяніў позу для сну з гарызантальнай на гарызантальна-вертыкальную. Наша камера хварэе амаль поўнасцю: палову — калоціць, 2/3 — з соплямі, кашляюць — здаецца ўжо ўсе. Сукамернік атрымаў ліст ад хлопца, які выйшаў на свабоду ў пачатку тыдня. Распавядае, што ён і яшчэ 2 чалавекі з той камеры, у якую на днях перавялі і мяне, зрабілі тэсты на COVID-19 — ва ўсіх тэст станоўчы. Пачалася мітусня, сукамернікі пачалі рабіць сабе «тэсты» метадам праверкі нюху, шукаць тое, у чаго рэзкі пах. Вынікі такога «тэста» ва ўсіх былі адмоўныя і атмасфера трохі разрадзілася.
Абед сёння чамусьці замест звычайнага баландзёра, з ліку асуджаных, раздавала нейкая жанчына гадоў трыццаці, з ліку супрацоўнікаў. Заўсёды раней рэакцыя супрацоўнікаў на галадоўку была накшталт «Ну и пусть голодает себе на здоровье...» або «Имеет такое право...». На гэты раз пасля нашай адмовы прымаць апошнюю порцыю яна зазірнула ў камеру праз кармушку, ветліва папрасіла мяне падыйсці да дзвярэй і пачала ўгаворваць паесці. Я парыраваў тым, што «яна губляе час, а там яшчэ дзясятак камер яе чакае...». Хтосьці вырашыў скарыстацца яе ўвагай і папрасіў уключыць разетку для кіпяцільніку, каб піць гарачае, бо ўсе хварэюць. Разетку нам паабяцалі ўключыць адразу пасля таго, як толькі я паем. І кармушка раптам зачынілася. «Не забудем, не простим!» — адрэагаваў хтосьці ў мяне за спіной. Танны хітрык з разеткай — спроба настроіць сукамернікаў супраць мяне, выклікаць у іх думку аб тым, што гэта выключна з-за мяне створаны такія ўмовы утрымання, неяк зацікавіць іх у тым, каб я скончыў галадоўку як мага хутчэй. Але дадзеная спроба супрацоўнікаў, мякка кажучы, з трэскам правалілася, была разбіта аб моц салідарнасці. Цяпер было відавочна, што на маю галадоўку пачалі неяк рэагаваць, але якія крокі яны зробяць далей — не зразумела. Спадзяюся, што пасля няўдачы з разеткай не будзе другой спробы настроіць хлопцаў супраць мяне, а будуць выкарыстоўвацца нейкія іншыя сродкі.
Бліжэй да вечара нашу камеру аб'ядналі з суседняй і прывялі да нас яшчэ 6 чалавек, засяліўшы такім чынам месцы, якія вызваліліся раніцай. Цяпер я ў адной камеры з Юрай Корзунам, пра якога яшчэ нядаўна пісалі ўсе СМІ. Будучы працаўніком Беларуськалія, ён у шахце прычапіў сябе кайданкамі і адмаўляўся падымацца на паверхню. У гэтай гісторыі быў вялікі рэзананс. Юра быў свайго роду зоркай: у кожнай камеры ведалі хто ён такі яшчэ да асабістага знаёмства і ведалі яго ў твар. Ведаў у твар яго і я.
Другі раз за дзень прынеслі лісты, у тым ліку і той, якога я чакаў з аўторка, перачытаў раз 5-6 і пачаў пісаць адказ.
На вячэрняй паверцы так званы «начальнік» сходу запытаўся ці працягваю я галадоўку. Атрымаўшы станоўчы адказ, ён сказаў, што мая заява на атрыманне перадач ад чалавека, які не з'яўляецца сваяком, была не так сфармулявана і ён яе не прымае. Я на гэта адказаў пытаннем: «Навошта мне перадачы, калі я галадаю?» «Я вас услышал» — з іроніяй сказаў «начальнік» і ўся дэлегацыя выйшла з камеры, зачыніўшы за сабой дзверы. Здаецца нават пераклічку не рабілі. Чарговае пацвярджэнне таго, што мая галадоўка робіць ім нейкую нязручнасць, бо першапачатковае ігнараванне вельмі рэзка пераключылася на дадатковую ўвагу. Вось бы пацешна было паназіраць за іх абмеркаваннем па вырашэнню мною створанай праблемы..)