Hunger Strike Diary. Day 3

Hunger Strike Diary. Day 3

https://t.me/neabyjakavy

Трэці дзень галадоўкі і 21 суткі ў зняволенні пачаліся як звычайна ў 06:00 і пачаліся як звычайна цяжка. Нягледзячы на тое, што спаў на гэты раз я моцна і доўга, прачнуўся я разбіты: усё роўна хацелася спаць, адчувалася слабасць ва ўсім целе, боль у галаве. Крану таксама не здаровілася і ён вырашыў зламацца трэці раз за 3 дні. Пасля сняданку прыйшлі сантэхнікі, на гэты раз прыйшлі ўжо ўдваіх. Вайскоўцы у камуфляжы, якія прывялі сантэхнікаў, сталі ў дзвярах, а нам загадалі стаяць у супрацьлеглым канцы камеры і чакаць пакуль скончыцца «рамонт». З самой раніцы мяне пачало калаціць і я апрануў на сябе ўсю вопратку, што толькі была ў мяне, нават зімовую куртку, у якой я быў затрыманы, і якую я не апранаў з таго моманту. Пакуль мы стаялі і чакалі заканчэння працы сантэхнікаў, мяне кінула ў жар, стала не хапаць паветра і пачало цямнець у вачах. Я пачаў цяжка дыхаць, на што адразу звярнулі ўвагу сукамернікі і сталі патрабаваць выклікаць фельдшара. Фельдшар з'явіўся буквальна на працягу хвіліны. Ён узяў мяне пад правую руку, Паша — за левую, і такім чынам мяне павялі ў фельдшарскую. Там фельдшар зрабіў усё што мог — «паслухаў» мяне ды памераў ціск. Лічбы ён агучыць адмовіўся, але сказаў, што ціск крытычна нізкі і ў такім стане мяне ў камеру назад весці нельга, што ён зараз будзе дакладваць аб гэтым «наверх». Гэта ўсё пачуў адзін з калідорных і пачаў крычаць штосьці накшталт: «хватит жаловаться», «от еды сам отказался, никто тебя в ней не ограничивает», «будешь сидеть в камере на общих условиях»... Такім чынам даклад «наверх» быў адменены, а Паша паспрабаваў выбіць для мяне пасцельны рэжым, але няўдала і мы ўдваіх вярнуўся назад у камеру. Адчуванне было вельмі дрэнным, таму я сам сабе ўключыў пасцельны рэжым і адразу заснуў. Маё нахабства з раскручаным сярод дня матрасам або засталося незаўважаным, або мяне вырашылі не чапаць, бо за некалькі гадзін ніхто ў дзверы не стукаў і не абураўся на мяне.

Я прачнуўся ад холаду, ад якога ўжо не сагравае нават зімовая куртка. Але як высветлілася, справа не ў куртцы і нават не ў маім стане — справа ў адключаным ацяпленні. Прычына адключэння — «на улице слишком высокая температура». Амаль што ўвесь дзень я праспаў, не праяўляючы ніякай актыўнасці.

На вячэрняй паверцы запатрабаваў памераць тэмпературу, палова камеры таксама праявіла жаданне. Вынік — 36,8. Упэўнены, што яна ў мяне значна больш, але ўсё роўна ў мяне яна самая высокая ў камеры, не ва ўсіх нават да 36,0 атрымалася нагрэць гэты дзіўны тэрмометр. Нават не дачакаўшыся 22.00 раскруціў матрас і лёг спаць.


Report Page