Hunger Strike Diary. Day 2
https://t.me/neabyjakavyДругі дзень галадоўкі і 20 суткі ў зняволенні пачаліся як звычайна ў 06:00. Некаторыя сукамернікі падняліся і соўкаліся па камеры яшчэ на хвілін 30 раней. Я такое бачыў упершыню: звычайна і ў 6 прачнуцца — моцнае штодзённае выпрабаванне, а тут яшчэ раней прачынаюцца, прычым па сваёй волі. Спаў я зноў дрэнна: спачатку гадзіны 2 я перапісваў начыста першыя 2 дні дзённіка, а потым Пеця пачаў спаць настолькі ўслых, што заснуць было ўжо немагчыма. Пеця — добры і цікавы хлопец, але ў той момант я шкадаваў аб тым, што мы не раз'ехаліся па розным камерам. Прачнуўся я з болем у галаве, але зусім не зразумела наколькі гэта звязана з адмаўленнем ад ежы, можа тут банальная невыспанасць?
У першай палове дня была прыемная падзея — паход у душ. Душ знаходзіцца ў іншым корпусе, які ўжо не СІЗА, а менавіта турма, нават знешне вельмі адрозніваецца. Ахова там ў іншай форме — у камуфляжы. На выдачы бялізны сядзіць зэк, у робе, з біркай і г.д. Карацей зусім іншая атмасфера. Па дарозе мы сустракалі іншыя камеры, якія вярталіся з душа, але знаёмых твараў, нажаль, мне не давялося ўбачыць. Апошні раз з гарачай вадой я кантактаваў 8 дзён таму. Цяпер можна зноў адчуць сябе чалавекам. Гэта ж трэба стварыць такія ўмовы ўтрымання, каб пасля такой базавай рэчы, як душ, адразу паднімаўся настрой і можна было адчуваць сябе годна нават у такім месцы! Пасля вяртання ў камеру на стале ўбачылі стос лістоў, мне прыйшла першая паштоўка. Зразумела, што без подпісу, таму здагадацца хто адправіў не так проста: усё ж такі я больш атрымліваю ад таварышаў і таварышак электронныя паведамленні, а не рукапісныя, таму ў каго які почырк ня ведаю нават прыблізна. Але дзякуючы малюнку я, здаецца, разумею. Настрой адразу палепшыўся і я далучыўся да гульні ў даміно. Час да абеду прайшоў незаўважна. За ўсю другую палову дня амаль нічога не адбывалася. Я ўвесь час або чытаў кнігу, або «забіваў казла». Мы зноў зламалі кран, ужо другі раз за 2 дні, а мясцовы сантэхнік, з ліку адбываючых тут пакаранне, адрамантаваў яго з лайна і палак. Не выключна, што заўтра яму зноў прыйдзецца зайсці да нас у госці. У Пашы заўтра павінен адбыцца яшчэ адзін суд, праз суд яго спрабуюць звольніць з Беларуськалія. У камеры ён напісаў заяву, што адмаўляецца ўдзельнічаць у гэтым фарсе. Пецю выклікаў следчы і дапрасіў як сведку аб нейкіх падзеях на Раманаўскай Слабадзе ў дзень яго затрымання. Спадзяюся што ён так і застанецца ў статусе сведкі.
Мой фізічны стан на вечар такі ж добры як і ўчора. Вельмі разлічваю на тое, што заўтра-паслязаўтра згублю апетыт і ва мне скончыцца бойка паміж пачуццём голаду і прынцыповасцю.