Hunger Strike Diary. Day 12

Hunger Strike Diary. Day 12

https://t.me/neabyjakavy

Дванаццаты дзень галадоўкі і юбілейныя 30 суткі ў зняволенні пачаліся як заўсёды цяжка. Ноч зноў была бяссоннай, заснуў толькі недзе бліжэй да раніцы. Першы раз за 30 сутак мне прысніўся сон, прыснілася ежа, але чамусьці крэмавыя пірожныя — не па вегану :) Некалькі дзён таму я ў размовах між іншым падкрэсліваў, што ў мяне тэрмін заканчваецца ў дзень нараджэння. Таму сукамернікі з самой раніцы самі ўзгадалі пра яго: кожны падпісаў кнігу, якую я зараз чытаю, і цяпер прыйдзецца забраць яе з сабой на памяць. Вельмі добрая ідэя, дзякуй! У сустрэчы дня нараджэння на сутках няма чагосьці незвычайнага. Тут за 45 сутак у сезоне 2020 я сустрэў каля 7-8 імяніннікаў і нават чалавека, які знаходзячыся тут, прапусціў сваё ж вяселле. Спадзяюся, што яго нявеста не асабліва на яго пакрыўдзіцца. Дык што не я першы, не я апошні.

Нядзеля — адзіны дзень на тыдзень, у які прагулка, штодзённае абавязковае па графіку мерапрыемства, сапраўды адбывалася штотыдзень. Магчымасці адмовіцца ад яе і застацца ў камеры, як мінулы раз, мне не далі: або ўся камера ідзе на прагулку, або ўся камера застаецца. Значная частка хлопцаў адразу падкрэсліла, што гатовы не ісці на прагулку, каб не цягнуць мяне прымусова. Але я вырашыў не падводзіць хлопцаў, апрануў куртку і выйшаў у калідор. Прагулачны дворык ноччу, або яшчэ ўчора, замяло снегам, які пад нагамі такіх як мы, але яшчэ да нас, ператварыўся ў кашу. Гуляючы па такой паверхні, я амаль адразу прамок у ногі. Добра, што хоць батарэі сёння працуюць, ёсць надзея хутка высушыць кросы. 40 хвілін на нагах у мяне было апошні раз у дзень суда, яшчэ да пачатку галадоўкі. Вярнуўся з прагулкі з адчуваннем, што прайшоў кіламетраў 30 і адразу заваліўся на металічныя пласціны ложку.

Заўважыў, што кніга ў мяне не асабліва чытаецца і за сёння скончыць яе ўжо няма шансаў, таму вырашыў трохі паспаць, каб хутчэй бег час.

Адчыніліся дзверы і мне загадалі: «На выход без вещей». Па ашчушчэніям было яшчэ рана, гадзіны 2 не хапала. «Ну, вось і усё — падумаў я — зараз будзем складаць чарговы новы пратакол». Калідорны завёў мяне ў нейкую «капцёрку» і пачаў размову:

— Я понимаю, что ты отказывался от еды, но у меня приказ: если ты не подписываешь квитанцию об оплате за питание, то тебя не выпускать.

— І на якой падставе?

— 23.4, неподчинение, приедет наряд и составит протокол.

— Я 15 сутак таму падпісаў, але нешта ўсё яшчэ тут.

— Нет, сейчас точно выйдешь, не переживай по этому поводу.

— Я павінен у гэта паверыць і адразу падпісаць? — у мяне пачаўся істэрычны смех, але супрацоўнік не звяртаў на гэта ўвагу і працягнуў быць максімальна сур'ёзным..

— Я тебе ситуацию объяснил, а ты делай как знаешь, мне всё равно. Можешь подумаць ещё какое-то время.

— Да, я бы падумаў...

Абмеркавалі сітуацыю з сукамернікамі. Некаторыя ўвогуле шчыра не разумелі навошта рызыкаваць і не падпісваць, які сэнс правяраць блефуе ён ці не, калі надзея на выхад застаецца. Але прынцыповасць для мяне ў гэтую хвіліну выглядае важней, нават калі гэта супярэчыць здароваму сэнсу. Пасля доўгіх роздумаў прыняў рашэнне ўсё ж такі падставіць подпіс, нягледзячы на тое, што не камільфо. Ва ўсякім разе плаціць я ў любым выпадку не збіраюся.

Недзе праз 2 гадзіны зноў адчыняюцца дзверы і называецца маё прозвішча «С вещами на выход». Я развітваюся з усімі, выхаджу ў калідор, гляджу па баках у пошуках мясцовага ўчастковага інспектара, але бачу там Вову і Сашу з пакетамі ў руках. Падпісваю дакументы, забіраю рэчы і нас падземнымі калідорамі выводзяць на КПП. Там называю сваё прозвішча і нейкі сяржант кажа: «Всё! Свободен! Счастливо!». Я адказваю яму: «Да сустрэчы!» і выхаджу на вуліцу. Нас сустракаюць, нягледзячы на тое, што сустрэча Сашы Бялова 30 дзён таму і стала прычынай усіх падзей апошняга месяцу. Але ён таксама тут, вось я ўжо бачу ўдалечыні яго фігуру. Едзем у Менск, па дарозе я мяняю машыну і захаджу на свой раён праз тыя двары, дзе няма камер назірання. Наперадзе некалькі дзён адпачынку, выхад з галадоўкі, аналіз сітуацыі і разважанне аб тым, у якім фармаце дзейнічаць далей. Барацьба працягваецца ...

Ноч з 29 на 30 лістапада 2020 года



Report Page