Hunger Strike Diary. Day 11
https://t.me/neabyjakavyАдзінаццаты дзень галадоўкі і 29 суткі ў зняволенні пачаліся з болі ва ўсім целе. Мне баліць абсалютна ўсё, але не зразумела што з'яўляецца прычынай гэтага болю. Адказ ад ежы і разам з гэтым ад усіх вітамінаў і мікраэлементаў? Адсутнасць ужо працяглы час фізічнай актыўнасці? Учарашняе павышэнне мяккасці ложку і камфорту ляжання на ім майму целу не спадабалася? Дадаткова спіну магло як прадуць з форткі, якая ў нас не зачыняецца да канца, так і нацягнуць з халоднай сцяны, на якую час ад часу абапіраешся.
Сёння прыйшлі лісты да 13 чалавек у камеры з 14, усім акрамя мяне. Не сказаць, што я ўпэўнены, што іх павінна быць шмат у мой адрас, але раней яны былі і неяк рэзка спыніліся. Можа дзесьці там прынялі рашэнне абрэзаць мне пошту? А можа адтуль ужо і пісаць няма каму, усе селі? Спадзяюся на тое, што там ёсць больш важныя справы, чым пісаць мне лісты...
Пад час паверкі сукамернік запытаўся ці можна зараз перадаць лісты на адпраўленне. Адказ быў: «Да, всем можно, кроме голодающего». Я і не збіраўся нічога адпраўляць. Калі з камеры кожны дзень выходзяць па некалькі чалавек, то пры неабходнасці лепш перадаць ліст з імі, без чытання цэнзарамі, і быць упэўненым, што ліст будзе апушчаны ў паштовую скрыню ў гэты ж дзень. Ужо ёсць упэўненасць, што на выхадзе няма вобшука і лісты падобным чынам даходзяць без праблем. Але што вось гэта зараз было?! Чарговая нязграбная спроба націснуць на мяне або проста салдафонскі гумар такі? — Не зразумела. Але зноў вяртаюся да меркавання, што пошту для мяне ўсё ж такі могуць рэзаць.
Пасля абеду выйшлі апошнія ўдзельнікі стачкама Беларуськалія, якія атрымалі па 15 сутак. Іх затрымалі пад час экскурсіі ў Ружанах, адразу цэлы аўтобус, больш за 40 чалавек. Затрымалі іх у той момант, калі я ўжо выходзіць збіраўся, а атрымалася, што я яшчэ тут, а яны ўжо выйшлі. Мы не адразу заўважылі, але калі іх выводзілі і паставілі ў калідоры да сцяны, то яны неяк незаўважна ўключылі нам электрычнасць. Пацаны ваще ребята. Сукамернікі адразу пачалі рабіць каву, пах якой я так і не адчуваю, нягледзячы на тое, што ўсе іншыя сімптомы ў мяне ўжо даўно прайшлі. Але ўлічваючы тое, што ў камеры акрамя паху кавы, ёсць яшчэ мноства не самых прыемных пахаў, то неадчуванне іх можна разглядаць як даволі значны плюс.
Нас засталося 11 чалавек у камеры. Наступны па графіку на выхад — я. Заўтра, 29 лістапада, ў мяне дзень нараджэння, таму атрымаць у такі дзень падарунак у выглядзе перазатрымання, было б непрыемна ўдвая. Паглядзім заўтра што будзе...