Hunger Strike Diary. Day 10

Hunger Strike Diary. Day 10

https://t.me/neabyjakavy

Дзясяты дзень галадоўкі і 28 суткі ў зняволенні пачаліся зноў лукашэнкаўскім гімнам. Прычым так званы гімн гучаў, як мне падалося, гучней, чым звычайна. На першых секундах ужо хтосьці зліваў ваду ва ўнітазе, заглушаючы гукі гімна з калідора — дзякуй, брат! У першай палове дня нас чакала магчымасць зноў убачыць гарачую ваду — магчымасць не толькі памыцца, але яшчэ і сагрэцца. Зноў хваляваўся за тое, што ісці прыйдзецца на парадак далей, чым было звычайным за апошнія дні. Слабасць у нагах вельмі адчувальна, але хвілін 30 на нагах прастаяў без праблем, як здужаў і дарогу ў абодва бакі.

Пасля таго, як учора вызвалілі чарговых некалькі чалавек і на іх месца яшчэ нікога не прывялі, я звярнуў увагу на адно з пустых спальных месцаў: мне падалося, што яно менш праглядаецца з відэакамеры і вочка ў сцяне. Я адразу пераехаў туды. Так як з 06:00 да 22:00 нельга карыстацца матрасам і можна сядзець на ложку толькі на цвёрдых і халодных металічных пласцінах, то цяпер я замест матраса раскладваю цёплую і мяккую вопратку, якой у нас назбіралася цэлая сумка ад ужо вызваленых. З відэакамеры і вочка ў сцяне прагляд пад такім вуглом, што іншая нара не дазваляе бачыць на чым менавіта я сяджу/ляжу, але бачна, што матрас я не карыстаю, бо ён ляжыць на самым бачным месцы, зверху. Такім чынам, з павялічаным узроўнем камфорту я праваляўся да самага вечара без заўваг, падымаўся з ложка толькі тады, калі было чуваць што дзверы адчыняюцца.

Раней я рабіў усё магчымае, чым толькі можна заняць час: чытаў кнігі, разгадваў сканворды і судоку, гуляў у даміно і іншыя гульні, стараўся быць у самым цэнтры двіжа, які адбываецца ў камеры. Цяпер жа апошнія дні я амаль не ўстаю з ложка. Нават весці размовы няма ніякага інтузіязму, не кажучы ўжо пра тое, каб спрачацца, прыводзіць аргументы і адстойваць свае меркаванні. Таму камунікацыю з іншымі я амаль спыніў. Максімум — адказы ў 2 словы на пытанні ў мой адрас. Але сёння ў мяне нават чытаць дрэнна атрымліваецца: цяжка сканцэнтравацца і кожную старонку прыходзіцца перачытваць двойчы, каб улавіць хоць нейкі сэнс. Заўважыў, што ў нас з'явілася кніга Оруэла «1984», сюжэт якой я добра ведаю, таму вырашыў перачытаць яе яшчэ раз, ведаючы сюжэт, працэс чытання павінен ісці прасцей.

Чым бліжэй надыходзіць час сканчэння тэрміну зняволення, тым больш галава пачынае грузіцца рознымі думкамі. Засталося сядзець 10 сутак — чакаеш пакуль яны скончацца, засталося 6 сутак — чакаеш пакуль яны скончацца, засталіся 1 суткі — і ты ня ведаеш ці выйдзеш адсюль заўтра, ці колькасць сутак зноў аднавіцца да 15 (пры не самым горшым варыянце). Калі сядзеў у пачатку кастрычніка — выйшаў праз 15, а вось апошні раз — 15 сутак аднавіліся і прыйшлося весці адлік з самага пачатку. 50/50. Не зразумела як яно будзе на гэты раз, але на ўсякі выпадак я рыхтуюся да горшага развіцця падзей. Усю ноч гэтыя думкі круціліся ў галаве і перашкаджалі заснуць. Цяжка вызначыць у якой гадзіне я заснуў, калі ўвогуле я засыпаў.



Report Page