Hunger Strike Diary. Day 1

Hunger Strike Diary. Day 1

https://t.me/neabyjakavy

Першы дзень галадоўкі і 19 суткі ў зняволенні пачаліся як звычайна ў 06:00. Спаў я дрэнна: ужо традыцыйна ноччу накатваюць 1000 і 1 думка, якія перашкаджаюць заснуць. У камеры стаяць трохпавярховыя нары, мой паверх — другі. Саскочыўшы на падлогу, я скруціў матрас і закінуў яго на верхнюю нару, пасля чаго сеў на першую, падсунуў пад спіну падушку і зрабіў спробу паспаць седзячы. Першая нара пада мной — лепшае месца ў камеры, бо яна знаходзіцца ў сляпой зоне, адразу насупраць стала, такім чынам з «кармушкі» не відаць што на ёй адбываецца. Таксама мы зрабілі выснову, што відэакамера, якая знаходзілася ў куце пад столем, хутчэй за ўсё не працуе, таму што яе корпус быў нейкі ўжо пажаўцелы ад табачнага дыму і дадаткова быў пакрыты тоўстым пластам пылу. Я ўжо пачаў вылічваць праз колькі дзён выходзіць Пеця, каб пераехаць на яго месца.

Прачнуўся я ў той момант, калі пачалася раздача сняданку. Пасля фразы «12 человек в камере» я крыкнуў праз усё памяшканне, што «адзін абвесціў галадоўку» і даваць трэба толькі 11 порцый. Адразу давёў да сукамернікаў, што гэта не «запасная» і не дадатковая порцыя, што ад яе трэба прынцыпова адмаўляцца і не браць, бо я збіраюся адмовіцца пасля заканчэння 15 сутак ад подпісу за аплату харчавання. Сукамернікі пачалі снедаць, а я яшчэ на некалькі гадзін праваліўся ў сон.

Прачнуўся я ад таго, што пастукалі ў дзверы і загадалі ўсім збіраць рэчы. Нас перавялі ў іншы корпус, у якім я ўжо сядзеў на мінулым тыдні. Відавочна, што той корпус вызваляюць пад новую партыю затрыманых, якіх звычайна перавозяць па чацвяргах. Чацвер — дзень перадач на Акрэсціна, таму калі рабіць этап у гэты дзень, то затрыманыя губляюць магчымасць атрымаць перадачу, а лянівыя супрацоўнікі дадзенай установы вызваляюць сябе ад пэўнага аб'ёму працы: прымаць, а потым выдаваць перадачы затрыманым. У нашай камеры была даволі вялікая і цудоўная бібліятэка ў 30-40 кніг, якую ніхто не жадаў цяпер цягнуць у новы корпус, бо ва ўсіх было шмат асабістых рэчаў з перадач. Як адзіны чалавек у камеры, не атрымліваючы перадачы, я вызваўся несці гэтую торбу з кнігамі, аб чым вельмі хутка пашкадаваў — да яна важыць больш, чым я! Вельмі дрэнная думка трымаць усе кнігі ў 1 торбе, лепш каб у кожнага на руках было па некалькі кніг, мяняцца паміж сабой і браць іх з сабой пад час пераездаў. Як да гэтай думкі не прыйшоў чалавек, які цягнуў кнігі пад час мінулага пераезду?!

Наш ужо сфармаваны калектыў рассялілі па розных камерах, якія да гэтага былі запоўнены толькі часткова. У маёй новай камеры — 14 чалавек, згодна з колькасцю спальных месцаў. Тут у хлопцаў не менш цікавая бібліятэка ў прыкладна такой жа колькасці, цяпер на кожнага кніг па 5 атрымаецца. Новыя людзі, новыя знаёмствы, новыя шакуючыя гісторыі затрыманняў і зноў трэба распавядаць сваю гісторыю і адказваць на адны і тыя ж пытанні. Ні першы і не апошні раз. Маю заяву з галадоўкай у гэтай камеры ўспрынялі больш пазітыўна, чым у папярэдняй, што маральна мяне трохі падтрымала. Адмаўляцца ад абеду і ад вячэры было значна прасцей. У час прыёму ежы сукамернікамі я звычайна сыходжу ў самую дальнюю частку камеры і пішу дзённік, якраз за гэты час паспяваю сфармуляваць думкі і запісаць іх. За першыя 30 гадзін галадоўкі я пакуль адчуваю сябе цудоўна: слабасці пакуль яшчэ няма, галава не кружыцца, але наперадзе яшчэ мінімум 11 дзён. Ніякіх тэарэтычных ведаў аб галадоўцы ў мяне няма. Пакуль мне нават не зразумела ці атрымаецца ў мяне ў фізічным плане працягваць весці гэты дзённік на наступным тыдні. Але настрой — рашучы.

Перад адбоем калідорны адчыніў усе кармушкі ў камерах. Ён ленаваўся сартаваць лісты па камерах згодна спісам, таму ён выкарыстоўваў наступную схему: зачытваў услых прозвішчы, а камера, у якой знаходзіўся адрасат, называла свой нумар. Такім чынам я даведаўся што Маріна знаходзіцца ў некалькіх камерах ад мяне і ў той вечар атрымала вельмі шмат лістоў, можа якіх 8-10. Таксама, здаецца, я чуў прозвішча Вовы, але ў якой ён камеры мне пакуль не зразумела.


Report Page