Hunger Strike Diary. Day 0

Hunger Strike Diary. Day 0

https://t.me/neabyjakavy

Падыходзілі да канца 18 суткі ў зняволенні. Па ашчушчэніям было ўжо каля 16 гадзін, але судзіць мяне неяк не спяшаліся. 72 гадзіны пасля затрымання павінны былі скончыцца ў 18.30. У гэты ж час павінен быў высвабадзіцца Руслан, медык-неўролаг, які быў затрыманы на 3 дні пазней за мяне. Адсядзеўшы свае 15 сутак, ён ужо сабраў свае рэчы і чакаў пакуль для яго адчыняцца дзверы. Дзверы адчыніліся, але вызвалі не яго, а мяне. Я ў шутку запытаўся «З рэчамі?» Але старшына, якога перавялі ў СІЗА для ўзмацнення з нейкай іншай структуры, яшчэ ні разу не змог адказаць на нашыя пытанні. Не было адказу і зараз, старшына стаяў разгублены і хлопаў вачамі. У суд вялі ў іншы корпус, які знаходзіцца каля самой брамы СІЗА, але большую частку маршрута павялі праз вуліцу. Дзякуючы гэтаму парушэнню інструкцыі (канваіраванне павінна адбывацца максімальна праз падземныя калідоры, без выхаду на адчыненую прастору, калі гэта магчыма) у мяне была цэлая хвіліна, каб паглядзець на неба і ўдыхнуць свежага паветра. Злавіў сябе на тым, што гэта толькі 18-я суткі, а я радуюся небу, быццам 118-я. У будынку мяне паставілі тварам да сцяны, але глядзець у сцяну было зусім нецікава, таму я пачаў круціць галавой налева і направа, назіраючы за мітуснёй, якая адбывалася ў калідоры. Хутка па ўнутранай частцы маёй правай нагі прыляцеў удар недзе сзаду таксама з нагі і крыкам «Смотреть перед собой!». Сцяна адразу стала выглядаць больш цікава, чым гэта было спачатку: я заўважыў на ёй нейкую шчыліну, якая пачыналася каля самой падлогі, цягнулася ўверх — туды, куды не атрымлівалася паглядзець не падымаючы галавы. Гэтая шчыліна настолькі мяне зацікавіла, што я пачаў прыслухоўвацца, што робіць карацель у мяне за спіной, каб у зручны момант падняць галаву і ўпэўніцца ў тым, што шчыліна заканчваецца столем. Раптам я пачуў, што па калідоры кагосьці вядуць і не звяртаючы ўвагу на дыханне за спіной, павярнуўшы галаву ў правы бок, я ўбачыў як вядуць з суда Наталку з Марінай. Выглядалі яны, мякка кажучы, ня вельмі. Маріна праігнорыла мае пытанне «Колькі?» і зайшла ў стакан у метры злева ад мяне. Не памятаю каб я бачыў калісьці яе ў такім стане, таму прысуд для мяне стаў відавочным.

Праз некалькі хвілін я стаяў у клетцы памерам каля 0.7х2 метра, якая знаходзілася ў памяшканні каля 3х5 метра і праз дзверы клеткі размаўляў з адвакатам. Так званы суддзя сядзеў за сталом у 1,5 метрах ад адваката, але потым іранічна прамовіў: «Не буду вам мешать» і выйшаў з так званай судовай залы на некалькі хвілін. Адвакат распавёў мне, што ў матэрыялах справы няма супраць мяне абсалютна нічога, акрамя сведкі — супрацоўніка ГУБАЗіК — які персанальна прыехаў з Менску ў Баранавічы, каб асабіста сведчыць супраць нас. «Нічога сабе» — падумаў я — «Цяпер ёсць магчымасць глядзець у нахабныя вочы ілжэсведкі і такога ж суддзі...» Мінулыя ж 2 суды праходзілі па відэасувязі праз тэлефон якога-небудзь супрацоўніка ізалятара. Таксама я даведаўся праз адваката, што з 8 чалавек, з якімі разам мяне затрымалі ў мінулым месяцы, 6 былі перазатрыманы, а Наталка і Маріна ўжо атрымалі яшчэ па 10 і 15 сутак адпаведна. Спадзявацца на іншы вынік з майго боку было б як мінімум наіўна. Лепшай навінай было тое, што Каріна выйшла 3 дні назад з Акрэсціна і не была перазатрымана, а зараз знаходзіцца недзе каля брамы, менш за сотню метраў ад мяне. Саша таксама выйшаў пасля 30 сутак і не быў перазатрыманы на трэці тэрмін.

Так званы суд прайшоў стандартна: з доказаў майго «правапарушэння» сапраўды былі толькі сведчанні супрацоўніка ГУБАЗіК, ён, як звычайна, «точно не помнил» у адказ на любое ўдакладняючае пытанне. На пытанне наконт вопраткі, у якой ён бачыў здзяйсненне мной «правапарушэння», ён схітрыў, пералічыўшы 1 у 1 тое ж адзенне, у якім я стаяў у клетцы. Яшчэ ў самым пачатку паседжання я адмоўна адказаў на стандартнае пытанне так званага суддзі аб даверы яму. Як толькі я пабачыў суддзю, я адразу пазнаў яго. Менавіта яго апісваў сукамернік Паша, сябра стачкама Беларуськалія, як суддзю, які напярэдадні выносіў самыя вялікія тэрміны затрыманым шахцёрам. Калі Паша ўчора распавядаў пра суды, то я ўжо ў той момант уяўляў як будзе выглядаць так званы суддзя, які будзе разглядаць маю справу і назначыць мне чарговыя 15 сутак. Такім чынам, пачуўшы прысуд, разумеючы, што на выхадзе пасля 30 сутак я зноў магу быць перазатрыманы яшчэ раз і так бясконца, я вырашыў неяк адказаць на гэтае. Стоячы ў клетцы я зрабіў заяву: «У знак пратэсту супраць несправядлівасці суда і ілжэсведчанняў супрацоўніка ГУБАЗіК абвяшчаю галадоўку да моманту поўнага свайго вызвалення». Так званы суддзя зрабіў выгляд што нічога не пачуў, падняўся са свайго месца і выйшаў у калідор, а канваір адчыніў клетку, каб вывесці мяне з яе. Стоячы ў калідоры перад выхадам з корпусу, тварам да той самай шчыліны, якая мяне ўжо зусім не цікавіла, я пачуў як за паваротам так званы суддзя размаўляў з кімсьці і распавядаў што «...он голодовку объявил ...».

Вярнуўшыся ва ўжо знаёмую мне камеру і распавёўшы ўсім, што я абвесціў галадоўку, меркаванні сукамернікаў падзяліліся: частка лічыла гэта моцным учынкам, другая частка — глупствам. Хутка ў камеру зазірнуў фельдшар і я не ўпусціў моманту далажыць яму таксама, што цяпер у гэтай камеры будзе галадаючы. Хтосьці запытаўся, як гэта фіксіраваць, на імя каго пісаць заяву? Даведаўшыся ФІО начальніка ІЧУ, мы ўсёй камерай калектыўна (у калектыве ў тым ліку прысутнічаў практыкуючы юрыст) напісалі заяву, у якой праінфармавалі яго пра галадоўку і сфармулявалі патрабаванні для яе спынення: поўнае вызваленне і спыненне палітычнага пераследу. Перадаўшы калідорнаму старшыні заяву, я звярнуў увагу на пачуццё голаду, але заява зроблена і рабіць крок назад — банальнае балабольства. Таму, выпіўшы кружку вады, я адчыніў кнігу «12 стульев» і паспрабаваў з галавой сысці ў чытанне.

Але праз пару гадзін мяне чакала наступнае выпрабаванне: сукамернікам прыйшлі перадачы з вялізарнай колькасцю смачнасцяў. Я ўжо ведаў ад адваката, што перадачу для мяне ў Каріны не прынялі і думаю, што напэўна так нават лепш, менш спакусы будзе. Пеця пачаў арганізоўваць мне гуманітарную дапамогу, як чалавеку без перадачы, і дастаў са свайго пакета байку. Я адразу апрануў яе і пасціраў сваю. Перад сном страўнік пачаў падаваць гукі і нагадваць пра сябе. «Да ладна, пару гадзін толькі галадаем!» — пранеслася ў галаве, але я вырашыў сёння не чытаць да позняй ночы і лёг спаць трохі раней, чым звычайна.


Report Page