Хто такая Ірына Злобіна?

Хто такая Ірына Злобіна?

Народная Воля

Не так даўно былі вынесены прысуды па «справе БелаПАН». Калі асуджаных журналістаў – Ірыну Леўшыну, Дзмітрыя Наважылава і Андрэя Аляксандрава – многія добра ведаюць, то пра Ірыну Злобіну інфармацыі няшмат.

Нагадаем: Ірына Злобіна была затрымана 12 студзеня 2021 года. Разам з ёй арыштавалі і яе сябра – медыяменеджара Андрэя Аляксандрава.

15 студзеня ў афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманы «па падазрэнні ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці». Паводле яго слоў, Аляксандраў і Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і вяртання сродкаў на ўтрыманне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і Ізалятары часовага ўтрымання.

Ірыну Злобіну абвінавацілі паводле ч.2 арт.342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці») і ч.1 арт.356 («Здрада дзяржаве») Крымінальнага кодэкса. Ёй прысудзілі 9 гадоў зняволення.

Хто такая Ірына Злобіна і чым яна раней займалася?

Ірына нарадзілася 25 красавіка 1989 года ў Мінску, вучылася ў 42-й і 15-й гімназіях.

«Іра – вельмі разумная і добрая дзяўчына, – кажа сяброўка Ірыны Злобінай. – Яшчэ калі яна была школьніцай, вельмі любіла кветкі, таму пазней і адкрыла сваю кветкавую краму».

Як распавяла наша суразмоўца, у Ірыны ёсць старэйшая сястра, яе бацькі пенсіянеры.

«Яна вельмі сумуе па блізкіх, – дадае сяброўка Злобінай. – На навагоднія святы, напрыклад, тайны Санта прынёс родным Ірыны падарункі ад яе. Сястры – прыгожы святочны вяночак на дзверы, бабулі – вялікую скрынку пірожных. Бацькі таксама не засталіся без падарункаў.

А яшчэ Іра вельмі любіць свайго сабаку – джэк-расела Тоні. Яны паўсюль былі разам».

Пасля школы Злобіна паступіла на факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Апошнія гады займалася сваім невялікім бізнесам – продажам кветак і сувеніраў.

«Мы вучыліся з Ірай у адным класе, – распавядае яе сяброўка. – Адным словам, я даволі доўга ведаю яе як бясконца добрага і чуллівага чалавека. А яшчэ яна неверагодна разумная і прыгожая.

Мне падаецца, Іра вельмі не любіць публічнасці – таму пра яе так мала і ведаюць. У яе раней быў бізнес, звязаны з продажам кветак. Яна спачатку адкрыла сваю анлайн-краму, а затым дадала да яе прыгожае памяшканне ў Мінску на вуліцы Кастрычніцкай, дзе было шмат не толькі кветак, але і іншых раслін. Яе вітрына проста ўпрыгожвала вуліцу.

Увогуле, Іра шмат часу аддавала на аздабленне тэрас кавярняў. Хацела, каб Мінск быў прыгожым горадам».

У нейкі момант Ірына ад магазіна стамілася і вырашыла знайсці новую справу, якая дазволіла б ёй не залежаць ад канкрэтнай лакацыі. І тады яна перавучылася на UX-дызайнера, а гэта было вельмі запатрабавана ў IT-сферы.

«У гэтай сферы Іра вельмі паспяхова пачала развіваць сваю кар’еру, – працягвае яе аднакласніца. – Гэта па вялікім рахунку таксама пра тое, як зрабіць прыгожа і зручна. Проста трэба было працаваць у віртуальным свеце – і з любой кропкі свету.

Вельмі хочацца як мага хутчэй убачыць сяброўку на волі, каб мы змаглі любыя кропкі свету ёй паказаць. Хаця, як мне падаецца, яна адразу паедзе на лецішча да бацькоў і будзе праводзіць час з імі, а не ў падарожжах.

Нам не ўсе лісты прыходзяць ад Ірыны, і нашы таксама да яе не даходзяць. Тым больш каштоўная адна гісторыя, звязаная з Ірай, пра якую мне стала вядома.

Аказваецца, у СІЗА Іра з суседкамі па камеры прарасцілі костачкі ад яблыкаў, якія мы ёй рэгулярна перадаём. І нават пасадзілі іх у нейкія шчыліны ў прагулачных дварах. Дзве пакінулі ў камеры і назіралі, як яны растуць. Кажуць, адзін парастак быў тонкі і з лісцікамі, а другі, маленькі і тоўсценькі, доўга збіраўся з думкамі, але затым таксама выпусціў лісцікі.

А яшчэ ад Іры я атрымала параду: кажа, што ўсе павінны прачытаць «Няўцешных» Кадзуа Ісігура. І дадала: «Сяброўка, вельмі-вельмі чакаю ўсё наша будучае жыццё. Усё вакол нас будзе садам».

1 верасня гэтага года Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна пажаніліся. Яны распісаліся ў сталічным СІЗА на Валадарскага.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

Публікацыя з № 83 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.





Report Page