"Хам-Вэстфален" перамагае, "Магдэбург" аступаецца

"Хам-Вэстфален" перамагае, "Магдэбург" аступаецца

Гандбол са сваёй званіцы

21-ы тур ізноў быў укарочаным. Усё з-за таго, што "Міндэн" усё яшчэ не можа знайсці неабходнай колькасці гульцоў. Галоўнае, каб усё было лакалізавана ўнутры аднаго клуба.

Пачаўся тыдзень з сенсацыйнай перамогі "Хама". Вэстфальцы правялі вельмі роўны матч супраць "Гумэрсбаха" а ў клатчы Ёнатан Даян вырашыў лёс паядынку. Той самы выпадак, калі нават пры адсутнасці добрага ростару можна ўзяць сваё дысцыплінай і добрымі дзеяннямі брамніка Фелікса Хяртляйна.

Тым самым аўтсайдар здолеў падцягнуцца да ўратавальнага 16-га радка. На ім месціцца "Вецлар". Пакуль што Хрвое Хорват так і не здолеў навесці парадак. Не самы стабільны "Эрланген" быў нашмат мацнейшы. Самая вялікая розніца бачыцца ў гульні кіпераў. Бяртрам Облінг паказаў майстар-клас Цілю Клімпке і Анадзіну Сулякавічу.

У матчы сераднякоў "Гамбург" не пакінуў ніводнага шанцу "Гановеру". Па сутнасці, калі супраць каманды з поўначы гуляе нехта, хто робіць шмат памылак у нападзе, вынік прадказальны. Каспер Мортэнсан здабыў чарговыя 9 галоў і працягвае ўзначальваць бамбардзірскую гонку лігі.

"Рэйнскія львы" здабылі два пункты толькі дзякуючы геройству Ёэля Бірлема ў канцоўцы. Малады кіпер ліквідаваў 6 з 10 атак саперніка. Без ягоных намаганняў "Гёпінген" атрымаў бы перамогу, якая была б вельмі лагічнай. Аднак гасцям хапіла чатырох хвілін (з 52 па 56) правалу гаспадароў, каб развярнуць гульню на 180 градусаў.

"Лісы" гулялі з "Мельзунгенам". Нягледзячы на яркую вывеску, чагосьці цікавага цягам матчу было мінімум. Вынік — двухзначная перамога. І гэта нягледзячы на тое, што берлінцы завяршалі сустрэчу фактычна без асноўных выканаўцаў.

"Зебры" нечакана правалілі першую палову гульні супраць "Лемга". Але пасля перапынку каманда Філіпа Йіхі ўзялася за справы і здабыла даволі камфортную перамогу. Калі Сандэр Сагасэн праводзіць ідэальны матч, то гэтага і варта чакаць.

У паралельных сустрэчах не было яўнага фаварыту. "Бергіш" хоць і вышэй у табліцы за "Штутгарт", але калектывы стабільнымі не назавеш. Швабы не расклеіліся пасля няўдалага старту і ціхай сапай перахапілі ініцыятыву.

Нічыя была б справядлівым вынікам, але ў гульні нерваў пераможцам выйшаў Даніэль Фярнандэс. Ягоны гол пад сірэну ўсталяваў канчатковыя лічбы на табло. За 6 секунд да таго Лінус Арнэсан не трапіў нават у створ брамкі.

Але галоўнае засталося на дэсерт. "Магдэбург" завітаў да "Лейпцыга" ў спадзяванні здабыць чарговыя два ачкі. Вядома, ніхто не чакаў лёгкага шпацыру, але чэмпіёны ўсё ж былі фаварытамі.

Здарылася тое, што павінна было здарыцца рана ці позна. Хлопцаў Бенэта Вігерта не хапіла на 60 хвілін. Чым бліжэй справа ішла да сірэны, тым цяжэй ім было атакаваць. Паказальна перадапошняя хвіліны была растрачана на спробы ўсямёх вывесці каго-небудзь на прыдатную пазіцыю. Усё дарма: пасля кідку кіпер зафіксаваў мяч дзвюма рукамі.



Report Page