“Калі мы выйшлі на плошчу, я зразумеў, што запахла палёным”. Як 51 год таму ў Гродне адбылася дэманстрацыя хіпі

“Калі мы выйшлі на плошчу, я зразумеў, што запахла палёным”. Як 51 год таму ў Гродне адбылася дэманстрацыя хіпі

Радыё "Harodnia"

Рух хіпі ў 1960-х гадах ахапіў шмат краін. Не стаў выключэннем і Савецкі саюз. У Гродне хіпі збіраліся каля помніка Элізы Ажэшкі, называючы гэта месца “у мамачкі”. Аператыўныя атрады міліцыі часта прыціналі іх сходы. Каб выказаць сваю нязгоду, 11 жніўня 1971 года хіпі правялі ў Гродне дэманстрацыю.

Дэманстрацыя хіпі
Ілюстрацыйны малюнак створаны нейрасеткай Midjourney

“Пратэстныя настроі назапашваліся. У самым канцы 1960-х - пачатку 1970-х рабяты часта збіраліся ў лесапарку Пышкі на спеўнай эстрадзе, дзе можна было падключыць апаратуру, пайграць і паспяваць. Але аднойчы туды наляцелі “аператрадаўцы” і ўсіх пастрыглі [літаральна прымусова састрыгалі даўгія валасы - Радыё “Harodnia”]. Пасля гэтага ўсе сказалі - колькі можна маўчаць! Вырашылі ў Гродне правесці акцыю пратэсту”, - пісаў у кнізе “Гродно и Гродненцы” краязнаўца Віктар Саяпін.

Да гродзенцаў далучыліся хіпі з іншых гарадоў Беларусі, а таксама з Вільні, Рыгі, Таліна.

Плакаты і лозунгі пісалі на кватэры і складалі ў дрывотні

“Рыхтаваліся загадзя. Плакаты і лозунгі пісалі на кватэры ў Міхаіла Гуленіна. Ён жыў на вуліцы Сацыялістычнай [скрыжыванне з вуліцай Маркса - Радыё “Harodnia”]. Там была дрывотня, там усё складалі”.

Удзельнікі дэманстрацыі хіпі Міхаіл Гуленін (справа) і Уладзімі Меджэеўскі (злева). Пачатак 1970-х гг. Фота з архіва Віктара Саяпіна

На плакатах з якімі моладзь планавала выйсці на вуліцу, пісалі: “Рукі прэч ад даўгіх валасоў”, “The Beatles forever!”, “All you need is love”. 

Прайшлі па Сацыялістычнай і Савецкай, а на плошчы ўжо чакала міліцыя

Моладзь прайшла шэсцем па вуліцах Сацыялістычнай і Савецкай. Калі яны выйшлі на Савецкую плошчу, там іх ужо чакалі міліцэйскія машыны і аўтобусы. Плошчу перакрылі, а дэманстрацыю разагналі, некаторых нефармалаў затрымалі альбо вывезлі за горад. Некаторыя нават патрапілі ў псіхіятрычную лякарню.

“Па дарозе да нас далучыліся і блатныя, і п’яніцы. Народу сабралося не менш за 300 чалавек, там і бойкі пачаліся, і іншыя эксцэсы”, - пісаў Віктар Саяпін.

Удзельнікі дэманстрацыі хіпі Вячаслаў Цэпеногаў і Уладзімір Мельнік. Пачатак 1970-х гг.
Фота з архіва Віктара Саяпіна.

“Калі мы выйшлі на плошчу, я зразумеў, што запахла палёным. Поўна міліцыі і камітэтчыкаў у грамадзянскім. “Варанкі”. Хтосці аддае загады ў рупар. У рукавах дубінкі гумовыя, але ўжо пару месяцаў як дубінкі былі забаронены”, - узгадваў Міхаіл Гуленін у 2003 годзе.

Перад тым, як Гуленіна схапілі і пацягнулі ў машыну, ён паспеў крыкнуць жыхарам балтыйскіх краін, каб збягалі. І ўбачыў, як бацька аднага сябра па прозвішчу Леўто выратаваў хлопцаў і ўпусіў іх у касцёл. Пазней ён выпусціў іх праз іншыя дзверы, якія выходзілі на будоўлю.

Талінец Віру прывёз з сабой баявога пеўня

Адзін з удзельнікаў дэманстрацыі - талінец Віру. Ён прывёз з сабой баявога пеўня, якога вадзіў на ланцужку. У выпадку небяспекі певень хаваўся пад клёшы гаспадара, шырыня якіх дасягала 40 см. На Савецкай плошчы эстонца Віру і яго пеўня затрымалі таксама, але пазней адпусцілі. 

Талінец Віру які прывёз баявога пеўня. Пачатак 1970-х гг.
Фота з архіва Віктара Саяпіна

“Так званае “сарафаннае радыё” перадало інфармацыю пра гродзенскую дэманстрацыюі імгненна і яна распаўсюдзілася калі не па ўсім Савецкім саюзе, то па значнай частцы саюза. Бо такіх прэцэдэнтаў не было да тых часоў”, - распавядаў Віктар Саяпін у 2016 годзе.

Дарэчы, адзін з удзельнікаў шэсця хіпі, які прыехаў з краін Балтыі, пазней стаў міністрам культуры сваёй краіны.

Дэманстрацыя хіпі
Ілюстрацыйны малюнак створаны нейрасеткай Midjourney

Пры напісанні артыкула выкарыстана інфармацыя з кнігі краязнаўца Віктара Саяпіна “Гродно и Гродненцы”,  2017 г.

Спадабаўся артыкул? Дзяліся з сябрамі і падпісвайся на наш канал.

ПАДПІСАЦЦА НА РАДЫЁ "HARODNIA"




Report Page