Дзяўчына палітвязня: «Ён верыць у лепшае, не губляе надзею». Гісторыя берасцейца Святаслава Герусімука

Дзяўчына палітвязня: «Ён верыць у лепшае, не губляе надзею». Гісторыя берасцейца Святаслава Герусімука

Вясна | Брэст
Святаслаў Герасімук з Таццянай. Фота з прыватнага архіву

У Беларусі працягваецца затрыманне і пераслед людзей у межах крымінальных справаў па акцыях пратэсту 9-10 жніўня 2020 супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах.

Святаславу Герасімуку прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (нібыта скокнуў на міліцэйскі шчыт 10 жніўня 2020 на вуліцы Машэрава). На сённяшні дзень, ён прызнаны палітвязнем.

Дзяўчына Святаслава распавяла "Вясне" гісторыю свайго любімага, з якім у адносінах больш за 5-ць гадоў, а апошнія 1,5 года яны пражывалі разам.

«Святаслаў быў не згодны з вынікамі выбараў у Беларусі. Ён любіць сваю краіну і яго хвалюе тое, што адбываецца», – гаворыць Таццяна.

У панядзелак, 10 жніўня Святаслаў і яго дзяўчына прыехалі ў горад на шпацыр, рухаліся па вуліцах Брэста і дайшлi да скрыжавання Машэрава – бульвар Касманаўтаў.

Па словах Таццяны: «На ходніках стаялі невялікія групы людзей, з усіх бакоў скрыжавання. Усё было ціха і спакойна. Былі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу. Мы спыніліся недалёка ад іх, каб паглядзець, што тут адбываецца. Праз некаторы час з боку універсітэта выйшла калона людзей. Святаслаў папрасіў мяне сысці. Ён застаўся, а я пайшла...»

Калі Таццяна была далёка ад месца "развітання", ёй сталі чутныя выбухі, хутчэй за ўсё гэта былi светлашумавыя гранаты, што там адбывалася яна не бачыла.

Святаслава Герасімука забралі з дому днём 22 снежня 2020 года, па словах яго дзяўчыны,

затрыманне было, нібы як у фільме, дзе адбываецца захоп асабліва небяспечнага злачынца:

«Мяне адразу паставілі да сцяны, таму я толькі чула, што адбываецца. Накаціла паніка. Крыху пазней яго увезлi, у доме зрабілі ператрус, канфіскавалі нашыя рэчы».

24 снежня 2020 года Святаслаў прызнаў віну і раскаяўся, ўгаварыла на гэта яго ж адвакатка.

Пасьля затрыманьня прайшло больш за 1,5 месяца, па словах Таццяны: «Лягчэй не становіцца. Чым больш часу праходзіць, тым мацней сумуеш па чалавеку. Пастаянна думаеш, як ён там».

У Святаслава былі і ёсць вялізныя планы на сваю шчаслівую і свабодную будучыню, але, на жаль, сёння яго пазбавілі магчымасці рэалізоўвацца ў сваёй краіне, будаваць сваю будучыню і быць свабодным. Па словах яго сяброў і блізкіх: «такія людзі як Святаслаў – сапраўды добрыя людзі, не павінны знаходзіцца за кратамі, адназначна».

Святаслаў. Фота з прыватнага архіву

Святаславу, як і ўсім героям пераменаў вельмі цяжка, але нават у такой, здавалася б, бязвыхаднай сітуацыі ён імкнецца праводзіць час з карысцю, чытае кнігі па самаразвіццю, вывучае англійскую мову.

Мы спыталі пра здароўе Свята, нам адказала Таццяна, што ў першыя тыдні, калі трапіў у СІЗА ён прастудзіўся. У яго астма, з-за тых, хто паліць у камеры яму даводзілася сядзець бліжэй да акна, ад таго, верагодней і прадула. Але на сённяшні дзень ён адчувае сябе здавальняюча.

Святаслаў, як і шмат палітзняволеных, валодае моцным характарам, ён піша што «трымаецца на пазітыве, просіць блізкіх, каб не перажывалі за яго». Па словах дзяўчыны, ён разумее, што іншага выйсця, як пераадолець гэта выпрабаванне, у яго няма. Таксама, як і ў яе няма іншага варыянта, акрамя як прайсці гэты шлях разам, у думках трымаючыся за рукі.

Таццяна кажа: «Ён верыць у лепшае, не губляе надзею, як і я».

21 лютага ў Святаслава дзень народзінаў, напішыце яму ліст, адпраўце паштоўку. Хай ведае, што мы пра яго не забываем і чакаем дадому!

Адрас для лістоў:
СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37
Святаслаў Герасімук.

Report Page