Суд над начальнікам турмы, гарадская рада супраць прастытутак, спартовае свята ў цэнтры: Гродна 100 гадоў таму
Hrodna 11:27Начальніка турмы асудзілі за махінацыі, гарадская рада прыбірала з вуліц прастытутак, аматары здаровага ладу жыцця ладзілі свята ў цэнтры горада - вось чым жыў Гродна 100 гадоў таму.
На гістарычным канале Hrodna 11:27 працягваем расказваць, якія падзеі з жыцця Гродна асвятляла мясцовая газета "Echo Grodzieńskie" ў 1924 годзе. Публікуем вытрымкі з яе за тыдзень з 27 траўня да 2 чэрвеня. Як заўсёды, суправаджаем некаторыя з іх кароткім тлумачальным каментарыем.
27 траўня ў Гродне прайшло свята Вясны. Яго ладзілі навучэнцы прафесійна-тэхнічнага вучылішча пад кіраўніцтвам Масціцкай, рэжысёрам выступіла Падгорская. Была паказаная аднаактавая камедыя з удзелам дзяўчат у маляўнічых строях, пашытых у майстэрні ПТВ.
27 траўня на Сенным рынку ў Марыі Бальт, якая пражывае па вуліцы Падольная 16, невядомымі была скрадзена скураная торба са 100 млн марак і пашпартам, выдадзеным нямецкімі ўладамі.
27 траўня з незачыненага памяшкання па вуліцы Пагулянка, 4 неядомымі былі скрадзеныя 23 млн марак і пашпарт Марыі Максель.
Сенны рынак называўся так ад аднага з тавараў, які там прадаваўся - сена. Рынак знаходзіўся ў ваколіцах скрыжавання сённяшніх вуліц Сацыялістычнай і Свярдлова. Пра раён Пагулянка спяваў Віктар Шалкевіч у песні “Ганка, дзеўка з Пагулянкі”. Так называлі частку горада ў ваколіцах сённяшняга праспекта Касманаўтаў і кінатэатра “Усход”.
27-28 траўня: начальніка гродзенскай турмы пасадзілі за капусту
27-28 траўня ў Акруговым судзе слухалася крымінальная справа ў адносінах начальніка турмы ў Гродне Адама Новака, абвінавачанага ў растраце дзяржаўных грошай, у перавышэнні ўлады, у запісе ў дакументах непраўдзівых дадзеных і падробцы рахункаў.
Склад суду: Навінскі (старшыня), суддзі - Ільін і Кашубскі. Пракурор - Мілер. У якасці грамадзянскага прадстаўніка генеральнай пракуратуры - асэсар Стэфан Барткевіч. Абараняў абвінавачанага адвакат Даніловіч.
У якасці сведкаў былі выкліканыя 36 чалавек, з якіх 28 прысутнічалі асабіста. Пры гэтым сведка Карчмарэк, былы кіраўнік часткаю гаспадаркі вязніцы, у імкненні “абяліць” Новака як кажуць рускія, “переборщил” і выкрыў факты, якія нават не было ў абвінавачанні.
У першы дзень да 21 гадзіны слухаліся сведкі, а таксама зачытваўся акт абвінавачання і сведчанні адсутных сведкаў, у другі ладзілася экспертыза, складаліся ўнёскі, рабіліся прамовы бакоў і да самай поўначы выносіўся прысуд.
Гэты працэс, нягледзячы на разгляд злачынстваў, здзейсненых тры гады таму, не згубіў актуальнасці і дае магчымасць зірнуць на пэўныя гістарычныя падзеі, якія адбыліся зусім нядаўна. Хтосьці дасціпна назваў справу “Вавілонскай Вежай”.
Абвіначаваны А. Новак віну не прызнаў і на прыведзеныя доказы даў наступнае тлумачэнне: “Атрымаўшы кіраванне зруйнаванаю праз бальшавікоў турмою і не маючы дастатковых або пастаянных сродкаў і крэдытаў для неабходнага яе абнаўлення і падтрымання зняволеных, я быў вымушаны займацца рознымі рэчамі для выканання ўскладзеных на мяне абавязкаў”.
Так ён тлумачыў набыццё ў Астраўку 16 т капусты, колькасць якой у дакументах занізіў да 10 т. Пры гэтым дайшло да таго, што 300 пудоў капусты, прызначаныя для харчавання зняволеных, згнілі. Частку з яе А. Новак здолеў прадаць Эйнаровічу за 2000 марак (па дакументах), аднак на рукі атрымаў 20000 марак, якія, паводле яго, патраціў на набыццё вупражы для чатырох турэмных коней. Яшчэ 75 галовак капусты былі раздадзеныя супрацоўнікам вязніцы, пры гэтым адзін з турэмных наглядчыкаў, наперакор паказанням абвінавачанага, упарта сцвярджаў, што за атрыманую капусту заплаціў.
Таксама А. Новак выкарыстоўваў для будаўніцтва ўласнага жылля і для сваіх супрацоўнікаў дрэва, прызначанае для патрэбаў турмы.
На пытанне пра накіраванне 20 фурманак навозу ў Пышкі А. Новак адказаў, што ён казаў забраць не навоз, а смецце і гнілую капусту. За гэтае смецце ён атрымаў салому на падсцілку для коней, а вось навоз з турмы быў вывезены на зямлю, прызначаную вязніцы, у Калбасіно і Гнойніцу.
“Несапраўдны” рахунак на імя Аркіна на 20 тысяч марак за быццам бы вываз нечыстотаў з турмы насамрэч быў прызначаны на набыццё будаўнічых матэрыялаў для рамонту даху ў турме.
За дзяржаўныя субсідыі ў 1,168 млн марак, паводле Новака, быў заключаны кантракт з Калецкім на пастаўку бульбы, але за яе быццам бы прыйшлося заплаціць гатоўкай. Гэтыя грошы былі атрыманыя ад гродзенскага старасты, які распавёў, што выдзеліў іх на просьбу А. Новака з падаткаў, сабраных у Гродне, для харчавання вязняў і выплату заробкаў супрацоўнікам, тым самым прыняўшы удзел у адным са злачынстваў, інкрымінаваных кіраўніку турмы. Стараста прызнаўся, што некалькі разоў накіроўваў Новака ў Варшаву па грошы, але кожны раз той вяртаўся без сродкаў і з загадам рабіць так, як ён можа.
Праведзеная ў другі дзень экспертыза разліковых кніг, якая доўжылася ад 11 да 17 гадзінаў, засведчыла, што Новаку можна прыпісаць толькі забіранне сабе ў 1921 годзе паўтары сажні паваленага дрэва і некалькі падробленых дакументаў.
Адвакат Даніловіч вінаваціў ва ўсім “гістарычны момант”, назваўшы яго перыядам лёсавызначальных наступстваў. А ўся справа супраць А. Новака, паводле яго адваката, паўстала ў выніку інтрыг.
Суд вынес прысуд: асудзіць Адама Новака на шэсць месяцаў зняволення і спагнаць з яго судовыя выдаткі на суму 20 злотых. Паводле закону аб амністыі ад 6 ліпеня 1923 года, тэрмін зняволення быў зменшаны напалову. У сувязі з фальшывым пазначэннем колькасці капусты, з бяздзейснасцю ўладаў па захаванні капусты і выкарыстаннем дзяржаўнага дрэва для прыватных патрэбаў, а таксама растратай 1,168 млн марак і беспадстаўным выкарыстаннем дзяржаўных коней спагнаць з А. Новака на карысць дзяржавы 598 злотых 45 грошай.
Паводле выдання Андрэя Чарнякевіча "Памяць пра Гродна", Адам Новак кіраваў гродзенскай турмой у 1919-1922 гадах. Да таго ён быў у турме наглядчыкам. Да Першай сусветнай вайны служыў у царскім войску (1907-1911) і працаваў маляром, потым быў у бежанстве, у 1920 уступіў у дабраахвотнікам у польскае войска. На момант суду меў 38 гадоў. Далейшыя лёсы Новака невядомыя.
Адвакатам Новака быў, відаць, Альгерд Даніловіч, даволі вядомы ў той у Гродне адвакат, які пазней, у 30-я гады, пачаў мясцовую палітычную кар'еру ў гарадской радзе.
28 траўня у Ганны Пясецкай з вуліцы Артылерыйскай, 20 былі скрадзены залатая шпілька, срэбны ланцужок і грошы. Затрыманы 11-гадовы Антон Малевіч, справа якога перададзена ў суд.
28 траўня: гарадская рада разбіралася з пажарнай бяспекай, прастытуткамі і галоўнай плошчай горада
28 траўня адбылося пасяджэнне гарадской рады, якая па прапанове раднага Любіча разглядзела наступныя пытанні:
1) пра забеспячэнне хворых, якія знаходзяцца ў гарадскім шпіталі;
2) абарона будынкаў электрастанцыі на вуліцы Ягелонскай ад пажару, які можа ўзнікнуць з–за блізкага размяшчэння лёгкаўспламяняючых матэрыялаў (салома, сена);
3) пра прыбіранне прастытутак з вуліцы Гувера.
Гарадская рада прыняла да ўвагі словы прэзідэнта Стэмпнеўскага, што магістрат намагаўся ўжо прыбраць склад сена з будынку Гурэвіча, што праверка магістрату не знайшла віны персаналу шпіталя ў абслугоўванні хворага, які выскачыў з другога паверху, пасля чаго памёр. Што, нягледзячы на рашэнне гарадской рады ў папярэднія гады прыбраць прастытутак з вуліцы Гувера і іншых месцаў Гродна, дзяржаўная паліцыя не садзейнічае выкананню гэтага рашэння.
Прапанова пра перанос з плошчы Баторыя на плошчу Скідзельскую гандлю дрэвам і перавозчыкаў на плошчу перад домам Замкоўскага адхіленая 14 галасамі, пры чатырох устрымаўшыхся і 9 галасах у падтрымку. Радны Якімовіч спрабаваў пераканаць магістрат, матывуючы гэта тым, што Таварыства любіцеляў Гродна імкнецца да ператварэння плошчы Баторыя ў рэпрэзентацыйную.
Магістрат пагадзіўся на будову па вуліцы Ажэшкі павільёна з тэрасай Панцэвічам з умовай, што праз тры гады ён пяройдзе ва ўласнасць горада і будзе выкананы паводле праекту, зацверджанага магістратам.
Радны Абрам Любіч, які вынес на абмеркаванне прапановы, быў чальцом рады горада ад спіса Габрэйскага дэмакратычнага блока ў 1919-1927 і 1934-1939 гадах. Працаваў правізарам, у 1925 годзе - кіраўнік хімічна-бактэрыялагічнай лабараторыі на Сенным рынку.
Вуліца Ягелонская гэта сённяшняя вуліцы Будзёнага. Там шмат дзесяцігоддзяў размяшчалася першая гродзенская электрастанцыя.
Вуліца Гувера гэта сённяшняя вуліцы Тэльмана. Яна сапраўды доўгі час была вядомая ў горадзе сваімі публічнымі дамамі і прастытуткамі.
Плошча Баторыя - сённяшняя плошча Савецкая - гістарычна была рынкам, гандлёвай плошчай. Захоўвалася гэтая традыцыя, як бачым, і ў міжваенны час. Плошча Скідзельская гэта плошча ля сённяшняга аўтавакзала, дзе знаходзіўся першы Скідзельскі рынак да яго пераносу на сённяшняе месца.
30 мая на чыгуначным вакзале ў Васіля Пракоп’ева невядомымі скрадзены грошы і асабістыя рэчы.
31 траўня каля 23 гадзін па вуліцы Ажэшкі, заняўшы ўсю шырыню ходнікаў, рухаліся двое сяброў нападпітку. Адзін з іх у капелюшы чыгуначніка. Відавочна, што іхныя крокі былі скіраваныя ў нейкае месца, дзе можна было б яшчэ больш узмацніць прыемны настрой, які ўжо ў дастатковай ступені быў узняты чапляннем да мінакоў. І гэта яны б абавязкова зрабілі, калі б не няўдача, якая паўстала перад імі ў асобе камісара 1-й акругі, які прапанаваў ім у такі мілы спякотны дзень халодны пакой у камісарыяце. Развясёлыя сябры напачатку адмаўляліся, не жадаючы злоўжываць ветлівасцю, але ўрэшце паддаліся ўплыву запэўніванняў камісара, і прынялі яго гасціннае запрашэнне.
Заўважце, у якой іранічнай манеры пададзена простая навіна пра затрыманне двух п’яных гродзенцаў. Вось каб сёння пра кожную дастаўку ў выцвярэзнік у такім літаратурным стылі пісалі!
31 траўня кіраўніцтва габрэйскага прытулку для сірот у Гродне правяло латарэю. Пераможцаў заклікаюць звяртацца ў Бюро габрэйскай гміны па вуліцы Гувера, 4 з 10 да 14 гадзін.
Габрэйскі прытулак знаходзіўся ў адметным будынку па сённяшнім адрасе праспект Касманаўтаў, 6. Яго ў 1910 годзе пабудавалі на грошы багатага габрэйскага прадпрымальніка Шарашэўскага.
1 чэрвеня: спартовыя спаборніцтвы і даклад у Старым замку
1 чэрвеня ў Самуля Ганядзкага з вуліцы Паліцыйнай, 29 з памяшкання невядомымі скрадзены грошы і упрыгожванні на 8 млрд марак.
1 чэрвеня пачынаецца тыдзень Чырвонага Крыжа пад пратэктаратам генерала Л.Бербецкага.
1 чэрвеня мясцовы аддзел Польскага гімнастычнага таварыства “Сокал” (“Sokół”) адзначыў першую гадавіну асвячэння свайго штандару.
Ужо ў 11.30 са стадыёна мужчынскай гімназіі на вуліцы Кірхавай рушылі дзеці да Гарнізоннага касцёла ў суправаджэнні вайсковай музыкі. Атрады сокалаў і саколіц у святочных строях са штандарам на чале калоны. За дружынаю ішла Жаночая харцэрская калона са штандарам на чале з Л. Кеданкаю, кандыдаткаю пятага класа Жаночай настаўніцкай семінарыі, далей - мужчынскай харцэрская дружына таксама са штандарам на чале з камендантам В. Латошкаю. Калону замыкаў спартыўны атрад з вучняў Мужчынскай гімназіі.
Пасля ўрачыстай імшы, праведзенай ксяндзом Раманам Тартылам, усе ўдзельнікі калоны ўтварылі чатырохвугольнік вакол Гарнізоннага касцёла.
Тут старшыня “Сокала” прафесар Жаночай настаўніцкай семінарыі ў Гродне Уладыслаў Трашынскі распавёў пра дзейнасць польскага сакольства, якая бярэ пачатак пасля задушэння паўстання 1863 года. Першае “гняздо сокалаў” паўстала ў Львове ў 1866 годзе.
Пасля выступу старшыня “Сокала” забіў у дрэўка штандару памятны цвік, пасля чаго адбыўся парад і паход рушыў вуліцамі Дамініканскай, Ажэшкі і Кірхавай на стадыён гімназіі. Урэшце, пасля выканання гімну “Сокала” і харцэраў калона спынілася.
У 16 гадзін стадыён гімназіі запоўнілі гараджане і 80 чалавек узялі ўдзел у спаборніцтвах.
Лепшым у бегу на 100 м стаў Мароз з вынікам 12,4 сек, які перамог таксама ў кіданні 5 кг ядра - на 11,35 м, і ў кіданні дзіды - 35,30 м.
Найлепшы ў скачках у даўжыню з вынікам 5,23 м стаў Сідаровіч, які перамог таксама ў бегу на 1500 м з вынікам 6 хвілін 37,2 сек, кіданні дыску - 26,50 м.
У скачках у вышыню з вынікам 2,40 м перамог Маленда.
Пасля заканчэння спаборніцтваў старшыня Трачыньскі падзякаваў кіраўніку “Сокала” прафесару З. Марозаўскаму за працу.
У 22 гадзіны адбылася танцавальная вечарына ў “Доме афіцэраў” на Старым Замку, якая доўжылася да 4 гадзін раніцы.
Таварыства "Сокал" гэта найстарэйшае польскае фізкультурнае таварыства. Яго мэта - прасоўваць здаровы лад жыцця і папулярызаваць спорт. "Сокол" стаяў у вытокаў польскага харцэрства (польскі варыянт скаўтаў). Тэрытарыяльныя адзінкі арганізацыі называліся "гнёздамі". "Сокал" быў пазней забаронены ў камуністычнай Польшчы, але аднавіў дзейнасць у 1989 годзе. Цікава, што і ў Гродне мясцовыя палякі аднавілі таварыства ў 1996 годзе.
1 чэрвеня З’езд Краязнаўчага таварыства з усёй Польшчы са знакамітым прафесарам Кулвецам на чале, а таксама з прафесарам Славінскім дзякуючы намаганням акруговага кола Таварыства вайсковых ведаў у “Доме Афіцэра” зрабіў даклад на тэму “Польшча і яе сталіца.”