Глава 17. Шлях да канстытуцыйнага федэральнага ўрада

Глава 17. Шлях да канстытуцыйнага федэральнага ўрада

Аўтар: Бэргланд Дэвід

Цэнтральнай лібэртарыянскай думкай адносна ўрада зьяўляецца ідэя аб тым, што ўрадавыя чыноўнікі павінны падпарадкоўвацца тым жа маральным нормам, што й усе астатнія людзі. Іншымі словамі, урад (і любы наняты ім чалавек) павінен падпарадкоўвацца закону.


У выпадку з фэдэральным урадам гэтым законам зьяўляецца Канстытуцыя; урад мае й можа прымяняць толькі тыя паўнамоцтвы, якія відавочна й недвухсэнсоўна дадзены яму Канстытуцыяй.


Такая пазыцыя можа падацца рэвалюцыйнай. На сёньняшні дзень суды прызнаюць нямногія канстытуцыйныя абмежаваньні на паўнамоцтвы Кангрэса й прэзыдэнта. Але амэрыканцы, якія ратыфікавалі Канстытуцыю, былі б уражаны такім яе экспансіянісцкім тлумачэньнем. Яны былі б шакаваныя тым, што фэдэральнаму ураду дазволена заканадаўча рэгуляваць фактычна ўсе аспэкты нашага жыцьця.


У наш час дамінуе ідэя аб тым, што ўрад можа й павінен вырашаць любую праблему, якая ўзьнікае ў грамадзтве. Незалежна ад таго, што здараецца, калі камусьці не падабаецца вынік, тыповай рэакцыя: « гэта павінна рэгулявацца законам». Заканадаўцы, зрэшты, заўсёды рады адгукнуцца. І яны ніколі не задаюцца пытаньнем, ці адносіцца закранутае пытаньне да таго тыпу, які можа быць эфэктыўна вырашаны ў законным парадку. (Такія пытаньні наогул дастаткова рэдкія). І яшчэ менш іх хвалюе, ці павінна гэтае пытаньне вырашацца законам.


Ці ёсьць наогул аспэкты нашага жыцьця, якія фэдэральнаму ураду варта пакінуць у спакоі? Відавочна, што шмат палітыкаў у Кангрэсе й выканаўчай уладзе не ўсьведамляе, што існуюць якія-небудзь абмежаваньні. Паглядзіце хаця б на велізарную колькасьць фэдэральных агенцтваў і Фэдэральны рэестар (які зьмяшчае 78000 старонак фэдэральных прадпісаньняў, нормаў, прэзыдэнцкіх зваротаў і выканаўчых загадаў толькі за 2004 год).


Той факт, што Канстытуцыя дае Кангрэсу толькі абмежаваны набор канкрэтных паўнамоцтваў, і што большая частка таго, што рэальна робіць Кангрэс ляжыць далёка за яго функцыямі, не перашкаджаюць пастаянна расьці апетытам палітыкаў да кантролю над нашым эканамічным жыцьцём.


Кангрэс разам з выканаўчай уладай не адстае й у сваёй страсьці да ўмяшаньня ў наша прыватнае жыцьцё. Найбольш яскравы прыклад — гэта «вайна з наркотыкамі». Што можа быць больш «асабістым» рашэньнем, чым выбар таго, што прынімаць у сваё цела? Дзе ў Канстытуцыі сказана, што Кангрэсу дадзена ўлада абʼяўляць злачынствам прыём якіх-небудзь хэмічных рэчываў? Для любога чалавека, які хоць крыху валодае англійскай мовай, відавочна, што такое нідзе не пазначана ў Канстытуцыі. Кангрэс ня мае ніякай канстытуцыйнай сілы прымаць законы ў адносінах да вашага здароўя, лячэньня й любой субстанцыі (шакаляда, бульбы-фры?), якую вы вырашыце прыняць унутар.


КАМПАКТНЫ ЦЭНТРАЛЬНЫ ЎРАД З АБМЕЖАВАНАЙ УЛАДАЙ


Бацькі Канстытуцыі — і амэрыканскі народ, які ратыфікаваў яе — былі выключна ўважлівыя ў стаўленьні рызык стварэньня фэдэральнага ўрада. Яны ведалі, што палітыкі й урадавыя служачыя будуць немінуча імкнуцца да пашырэньня сваёй улады (У 1788 Томас Джэферсан папярэджваў у вядомым выслоўі: «Натуральны ход рэчаў вядзе да зьмяншэньня свабоды й росту ўплыву ўрада»).


Прыхільнікі прапанаванай Канстытуцыі даказвалі, што яна створыць кампактны й параўнальна слабы ўрад, паўнамоцтвы якога будуць дакладна прапісаны ў Канстытуцыі. Але гэта падалося амэрыканцам недастатковым. Да сваёй згоды на ратыфікацыю Канстытуцыі яны запатрабавалі прыняцьці Біля аб Правах, у відавочным выглядзе які пералічвае рэчы, якія фэдэральнаму ўраду забаранялася рабіць. Да прыкладу, Біль аб Правах устанаўлівае, што Кангрэс «не выдасьць ніводнага закона», накіраванага на абмежаваньне свабоды слова, свабоды веравызнаньня, прымяненьне жорсткіх або незвычайных пакараньняў, які парушае права людзей «мець і насіць зброю» і гэтак далей.


У процівагу даказвалася, што Біль аб Правах не патрабуецца, бо новаму фэдэральнаму ўраду не было дадзена паўнамоцтваў парушаць правы людзей. Фэдэральны ўрад, на іх думку, мае тыя й толькі тыя правы, якія відавочна пералічаны ў Канстытуцыі. Апаненты таксама даказвалі, што, пералічваючы канкрэтныя правы, якія ўрад ня можа парушаць, Біль аб Правах прывядзе да інтэрпрэтацыі, што гэтыя й толькі гэтыя правы абаронены. У адказ на прыведзеныя аргумэнты Джэймз Мэдысан прапанаваў Дзевятую й Дзесятую Папраўкі, якія былі ўключаны ў Біль аб Правах.


Дзевятая папраўка абвяшчае: «Пералік у Канстытуцыі канкрэтнага набору правоў не адмаўляе й не прымяншае іншых правоў грамадзян». Дзесятая Папраўка гучыць так: «Паўнамоцтвы, не дэлегаваныя Злучаным Штатам Канстытуцыяй, а таксама, не забароненыя ёй штатам, прыналежаць адпаведна штатам або народу».


Дзевятая й дзясятая папраўкі выразна растлумачваюць, што фэдэральны ўрад мае толькі тыя паўнамоцтвы, якія ў відавочным выглядзе дадзены яму Канстытуцыяй, што народ мае яшчэ многія правы ў дадатак да тых, якія згаданыя ў першых васьмі Папраўках, і што ўсе правы, не дадзеныя фэдэральнаму ураду ў відавочным выглядзе застаюцца за штатамі ці народам.


ШЛЯХ ДА ЎЛАДЫ ПРАЗ «ПУНКТ АБ РЭГУЛЯВАНЬНІ ГАНДЛЮ»


«Пункт аб рэгуляваньні гандлю» апынуўся слабым зьвяном у ланцугу, які стрымлівае ўладу фэдэральнага ўрада. Гэты пункт першапачаткова прызначаўся для абароны свабоднага гандлю ўнутры ЗША. Ён даваў Кангрэсу права рэгуляваць камэрцыю паміж штатамі — маючы на ўвазе, што Кангрэс можа адмяняць пратэкцыянісцкія барʼеры, уведзеныя ўрадамі штатаў. Бацькі-Аснавальнікі разумелі нэгатыўныя наступствы абмежаваньняў свабоднага гандлю. Яны мелі перад вачыма вопыт эўрапейскіх краін і некалькіх гадоў існаваньня штатаў у рамках Артыкулаў Канфэдэрацыі, а таксама й тэарэтычнае абгрунтаваньне, дадзенае Адамам Сьмітам у працы «Багацьце народаў».


Але замест таго, каб выкарыстоўвацца для пашырэньня эканамічнай свабоды, пункт аб рэгуляваньні гандлю стаў прымяняцца для павелічэньня ўлады фэдэральнага ўрада ў рэгуляваньні амаль усяго — зьвязанага і не зьвязанага з гандлем паміж штатамі. У адным са сваіх найболей вядомых (і разбуральных) рашэньняў, Вярхоўны суд у 1942 году (справа Wickard v. Filburn) пастанавіў, што фэдэральны ўрад мае права рэгуляваць колькасьць пшаніцы, якая гадуецца фэрмэрам. У дадзенай справе фэрмэр у штаце Агаё вырошчваў пшаніцу на некалькіх акрах для сваёй сямʼі й хатняй жывёлы. Ён зусім не зьбіраўся яе прадаваць за межамі штата.


Тым ня менш, выявіўшы цуды перакручанай лёгікі, Вярхоўны суд аднагалосна пастанавіў, што раз фэрмэр выгадаваў пшаніцу для асабістага выкарыстаньня, то ён не купіў яе ў іншых. Такім чынам, вырашчаная ім пшаніца «канкуруе з пшаніцай», якая прадаецца, напісалі судзьдзі. Рашэньне ўстанавіла тую дактрыну, што прадукт, які не ўдзельнічае ў міжштатным гандлі, можа тэарэтычна ўплываць на яе, тым самым, падпадаючы пад кантроль фэдэральнага ўрада.


Любому, хто патраціў хоць крыху часу на засваеньне асноў Канстытуцыі, відавочна, што гэтае рашэньне проста катастрафічнае. Пункт аб рэгуляваньні гандлю ніколі не даваў фэдэральнай ураду ўлады кантраляваць любую дзейнасьць, якая можа мець нейкія аддаленыя наступствы для міжштатнага гандлю.


Калі гэта тое, што насамрэч абазначае пункт аб рэгуляваньні гандлю, то Канстытуцыя не стварае наогул ніякіх абмежаваньняў на паўнамоцтвы ўрада. Проста таму, што любая чалавечая дзейнасьць, вядзе да наступстваў (магчыма нязначных) для гандлю, а яна, у сваю чаргу, вядзе да наступстваў (магчыма нязначных) для гандлю паміж штатамі. Гэтая інтэрпрэтацыя азначае, што пункт аб рэгуляваньні гандлю дае фэдэральнаму ураду права неабмежавана рэгуляваць усіх, каго заўгодна й усё, што заўгодна. Прыняцьце такой трактоўкі азначае поўнае ігнараваньне Дзевятай і Дзесятай Паправак, як калі б яны зусім не існавалі.


НАТУРАЛЬНЫЯ ПРАВЫ: КЛЮЧ ДА ІНТЭРПРЭТАЦЫІ КАНСТЫТУЦЫІ


Як жа трэба інтэрпрэтаваць Канстытуцыю? Якія належныя канстытуцыйныя ліміты на дзеяньні ўрада? Адзін з адказаў зьмяшчаецца ў тэорыі натуральных правоў, выяўленай у Дэклярацыі Незалежнасьці. Урад існуе толькі для абмежаваных мэт: абароны правоў грамадзян. Усе людзі маюць роўныя правы. Ніводны чалавек, у тым ліку ўрадавыя чыноўнікі, ня маюць права парушаць правы іншых, незалежна ад таго, якімі высакароднымі матывамі яны кіруюцца. Урад ня мае паўнамоцтваў дзейнічаць як нянька, прадухіляючы нашы, патэнцыйна дурныя рашэньні аб тым, што купляць, якія рэчывы прымаць ці як нам пражыць нашыя жыцьці.

Або як Джэферсан падаў гэта ў сваёй першай інаўгурацыйнай прамове: «Мудры й умераны ўрад, які ўтрымае людзей ад нанясеньня шкоды адзін аднаму, які ў рэшце пакіне ім свабоду ў вырашэньні пытаньняў вытворчасьці й разьвіцьця й ня стане забіраць у іх хлеб, які яны зарабілі. Вось што такое добры ўрад...».

Кожны, хто шануе свабоду — і кожны, хто жадае людзям працьвітаньня, міру й багацьця — павінен пачаць з адмаўленьня неабмежаванай улады фэдэральнага ўрада. Яны павінны адхіліць маральнасьць умяшаньня фэдэральнага ўрада ва ўсе сытуацыі, якія могуць камусьці з нас быць непрыемныя.

Хутчэй мы павінны заўсёды ўзьнімаць пытаньні, якія адпавядаюць амэрыканскай традыцыі натуральнага права. Дзе ў Канстытуцыі напісана, што фэдэральны ўрад можа рабіць гэта? Ці далі мы, народ, згоду на тое, каб намі кіравалі такім чынам?

Давайце пакінем цяжар доказу абаронцам пашыранай улады ўрада. Давайце запатрабуем, каб яны паказалі тое месца ў Канстытуцыі, якое ў відавочным выглядзе дазваляе тую ці іншую норму ці закон, якім яны зьбіраюцца нас абцяжарыць. Давайце настоім на тым, каб яны патлумачылі, як прапанаваныя ўрадавыя ўмяшаньні стасуюцца з канцэпцыяй абмежаванага ўрада, прапанаванай Айцамі-Аснавальнікамі.


НАЛЕЖНЫМ ЧЫНАМ АБМЕЖАВАНЫ ФЭДЭРАЛЬНЫ ЎРАД


З майго пункту гледжаньня, фэдэральны ўрад мае толькі дзьве легітымныя функцыі. Першая — гэта нацыянальная абарона. Другая — гэта абарона нашых канстытуцыйных правоў ад парушэньняў дзяржавай і лякальнымі ўрадамі. Добрым гістарычным прыкладам апошняга можа служыць адмена «законаў Джыма Кроў» у паўднёвых штатах. Гэтыя законы адмаўлялі роўную законную абарону афраамэрыканцаў, якую яны атрымалі па Чатырнаццатай Папраўцы.


Каб, у рэшце рэшт, прыйсьці да такога стану спраў, мы прапануем больш сьціплую рэформу: абмежаваньне ўлады фэдэральнага ўрада толькі тымі паўнамоцтвамі, якія відавочна дадзены яму Канстытуцыяй. Іншымі словамі, заклікаць урад выконваць закон.


На што было б падобны такі фэдэральны ўрад? Простым адказам будзе паказаць некаторыя з мноства фэдэральных дэпартамэнтаў і агенцтваў, якія не дазволены Канстытуцыяй. Ніводнае зь іх не павінна існаваць у канстытуцыйным фэдэральным урадзе:


1. Дэпартамэнт энэргетыкі

2. Дэпартамэнт адукацыі

3. Дэпартамэнт працы

4. Дэпартамэнт сельскай гаспадаркі

5. Дэпартамэнт камэрцыі

6. Дэпартамэнт транспарта

7. Дэпартамэнт мэдыцынскіх і сацыяльных паслуг

8. Упраўленьне па барацьбе з наркотыкамі

9. Бюро па алькаголі, тытуні й нашэньні зброі

10. Фэдэральнае ўпраўленьне авіяцыі

11. Фэдэральная камісія па сувязі

12. Фэдэральная камісія па гандлі

13. Агенцтва па абароне навакольнага асяродзьдзя

14. Агенцтва па надзвычайных сытуацыях

15. Камісія па роўных правах пры найманьні на працу

16. Гідратэхнічная служба даліны ракі Тэнэсі

17. Нацыянальная кампанія чыгуначных пасажырскіх зносін.


Вы зразумелі карціну. Скасаваньне дэпартамэнтаў і агенцтваў з гэтага сьпісу будзе частковым, але важным крокам у правільным напрамку. Па сапраўднаму канстытуцыйны фэдэральны ўрад будзе макулінкай цяперашняга й запатрабуе толькі макулінку ад штогадовага бюджэту ў 52.4 трыльёна заяўленага цяперашнімі палітыкамі.


Скарачэньне фэдэральнага ўрада назад да яго канстытуцыйных маштабаў будзе азначаць, што яно павінна будзе выконваць закон (як вы ці я). Гэта таксама азначае, што сотні мільярдаў долараў штогод ня будуць адбірацца ў тых, хто іх зарабляе й аддавацца вашынгтонскім палітыкам для фінансаваньня іх знаходжаньня ва ўладзе. Замест гэтага, гэтыя даляры, заробленыя цяжкай працай, застануцца ў індывідаў, якія змогуць патраціць гэтыя грошы на паляпшэньне свайго жыцьця й жыцьця іх семʼяў у адпаведнасьці зь іх уласнымі каштоўнасьцямі.



Report Page