Глава 16. Тэрапеўтычная дзяржава

Глава 16. Тэрапеўтычная дзяржава

Аўтар: Бэргланд Дэвід

«Крызіс аховы здароўя» — адна з галоўных тэм палітычных спрэчак у грамадзтве. Палітыкі, што нядзіўна, жадаюць яшчэ большага дзяржаўнага ўмяшаньня ў тое, як працаваць лекарам, лякарням, фармацэўтычным і страхавым кампаніям. Экспэрты ў галіне аховы здароўя прытрымліваюцца самых розных поглядаў — нехта заклікае да большага, нехта — да меншага дзяржаўнага фінансаваньня й рэгуляваньня мэдыцынскага рынку.


Інфармацыя якая паступае звычайна нясе панічны адбітак крызісу. У мільёнаў амэрыканцаў не застрахавана здароўе! Кошт мэдыцынскага абслугоўваньня імкліва расьце! Урачы сыходзяць, паколькі страхаваньне мэдыцынскіх памылак занадта дорагое! Генна-мадыфікаваныя прадукты выходзяць з-пад кантролю! Дзяржаўнае мэдыцынскае абслугоўваньне й мэдыцынская дапамога немаёмным — самыя хутка даражэючыя артыкулы ў фэдэральным бюджэце! Фармацэўтычныя кампаніі здабываюць вялізныя прыбыткі! Бальнічныя палаты неадкладнай дапамогі перагружаны!


Ніхто не аспрэчвае каштоўнасьць добрага здароўя, ці тое, наколькі важны доступ да мэдыцынскага абслугоўваньня. Чаму ж наша мэдыцынская сыстэма здаецца нездавальняючай? Як яна дайшла да такога? Што мы можам зрабіць для выпраўленьня гэтага становішча?


Пазьбегнуць блытаніны


Давайце спачатку пазбавімся ад дакучлівых памылак і паглядзім у вочы рэчаіснасьці. Не бывае бясплатных абедаў і бясплатнага мэдыцынскага догляду. Такія довады затуманьваюць рэальнасьць, бо ўрачы, мэдсёстры, бальніцы й мэдыцынскія бюракраты не працуюць дарма. Калі тыя, хто атрымлівае мэдыцынскую дапамогу, не аплачваюць яе непасрэдна, то яе аплачваюць іншыя сваімі падатковымі далярамі, больш высокімі страхавымі ўнёскамі або больш высокімі ганарарамі лекарам і лякарням.


Ні ў кога няма «права» на мэдыцынскае абслугоўваньне. Для мяне патрабаваць такое права — значыць прымушаць іншых людзей забясьпечваць мяне лекамі, дактарамі й лякарнямі за іх кошт. Прынцып уласнасьці на сябе, ўтрымлівае мяне ад вылучэньня такога недарэчнага патрабаваньня. Я ня маю маральнага права прымушаць іх аплочваць мае жаданьні ці патрэбы. Памылковае меркаваньне аб тым, што мэдыцынскае абслугоўваньне — «права», зьяўляецца насамрэч першачарговай крыніцай хаосу ў цяперашняй мэдыцыне.


Сацыялістычны ўрадавы кантроль можа палепшыць нашу сыстэму мэдыцынскага абслугоўваньня ня лепей, чым эканоміку Савецкага Саюза й Усходняй Эўропы. Ахова здароўя ўключае ў сябе мільёны тых, хто прапануе паслугі й тых, хто іх спажывае, заключаюцца мільярды зьдзелак штодня. Яно цудоўна магло б функцыянаваць і ва ўмовах свабоднага рынку, але яму гэтага не дазваляюць.


Амэрыканская мэдыцына ўжо й так цьвёрда рэгулюецца й кантралюецца сотнямі фэдэральных і мясцовых службаў. Урад кіруе буйнымі бальніцамі, напрыклад, якія знаходзяцца ў падпарадкаваньні Ўпраўленьня па справах вэтэранаў або акруговых улад. Гэтыя ўстановы й іх пацыенты пакутуюць ад неэфэктыўнага кіраваньня й абʼектыўных праблем, якія нязьменна ўзьнікаюць пры сацыялізьме. Заканадаўцы й чыноўнікі ня ведаюць і ня могуць ведаць, як накіраваць дэфіцытныя мэдыцынскія рэсурсы туды, дзе яны будуць больш карысны, з улікам пераваг тых, каму гэта больш за ўсё трэба — пацыентам. Замест гэтага яны прымаюць палітычныя рашэньні, якія дапамагаюць ім лягчэй перавыбірацца.


Няма дасканаляга рашэньня. Утопіі не існуе. Чалавечыя істоты нязьменна пакутуюць ад шматлікіх хвароб, яшчэ да нараджэньня і да самай старасьці. Мэдыцынскае абслугоўваньне ня можа зьмяніць гэтага. Яно можа толькі абмежавана дапамагчы. Нашае грамадзтва старэе, і пажылым людзям часьцей патрабуюцца мэдыцынскае назіраньне, шпіталізацыя й лекі.


Нарэшце, нам трэба, пагадзіцца з тым, што мэдсёстры, дактары, бальніцы, фармацэўтычныя кампаніі й іншыя мэдыцынскія прафэсіяналы не зьяўляюцца сусьветным злом, таму што патрабуюць плату за свае паслугі. Дрэннае здароўе, зразумела, робіць нас сярдзітымі й ранімымі, але было б памылкай апалчацца супраць тых, хто зарабляе сабе на жыцьцё клопатам і лячэньнем, або заклікаць да бюракратычнага нагляду над імі. Узрастаньне дзяржаўнага ўмяшаньня ў мэдыцынскія паслугі толькі зьменшыць іх прапанову, выцясьняючы найлепшых прадстаўнікоў мэдыцынскіх прафэсій, і адпужваючы таленавітую моладзь ад заняткаў мэдыцынай.


Тэрапеўтычная дзяржава


Урадавая палітыка й даверлівая амэрыканская грамадзкасьць стварылі тэрапеўтычную дзяржаву. Дзяржаўная ўлада зраслася з мэдыцынскім апаратам так, што пазбаўляе шараговых грамадзян права самім вырашаць пытаньні свайго лячэньня. Толькі зацьверджаныя дзяржавай асобы, могуць прадастаўляць мэдыцынскія кансультацыі або лячэньне. Толькі зацьверджаныя дзяржавай рэчывы, можна ўжываць для лячэньня хваробы, таксама як і атрымаўшыя дзяржаўную ліцэнзію дактары могуць іх прапісваць.


Такім жа чынам тэрміны «захворваньне» і « лячэньне» пашырыліся, маючы на ўвазе ўсё больш аспэктаў нашага жыцьця, так што, па сутнасьці, любая чалавечая дзейнасьць пры падтрымцы закона можа быць падвергнута «мэдыцынскаму ўмяшаньню». Возьмем, напрыклад дзяцей. Многія дзеці, якія раней называліся «гіпэрактыўнымі» зараз лічацца хворымі « засмучэньнем дэфіцыту ўвагі». Многія ўрадавыя школы патрабуюць, каб гіпэрактыўныя дзеці прымалі прэпарат Рыталін, у адваротным выпадку яны могуць быць выключаны са школы. У некаторых выпадках бюракраты ад адукацыі прыцягвалі бацькоў гэтых дзяцей да адказнасьці за тое, што тыя адмаўляліся шпігаваць дзяцей гэтым псыхатропным прэпаратам. Страта свабоды й асабістай самастойнасьці непазьбежна вынікае з тэрапеўтычнай дзяржавы.


Заснавальнікі нашай краіны разумелі значнасьць аддзяленьня царквы ад дзяржавы. Яны разумелі, што калі рэлігія злучана зь дзяржаўнай уладай, то людзі церпяць ад страты свабоды й ад адмовы ў праве на свабодную навуковую й інтэлектуальную дзейнасьць. Гэтак жа важна аддзяліць ад дзяржавы й мэдыцыну.


Першым крокам да гэтага будзе адмова ад таго погляду, што бюракраты Вялікага Брата ведаюць усё лепш за нас. Мы павінны патрабаваць права на самастойнае прыняцьце рашэньняў аб лячэньні й мэдыцыне.


Нешта з гісторыі мэдыцыны


Мэдыцына XIX стагодзьдзя была прымітыўнай. Анэстэзія была ў зачаткавым стане, а антыбіётыкі не былі адкрыты. Значэньне падтрыманьня стэрыльных умоў яшчэ не было вядома, і заражэньне забівала многіх хворых. Хірургія была рэдкая й дарагая. Сьмяротныя эпідэміі былі звычайнай справай, вакцынацыя была невядома. Рэнтгенаўская тэхналёгія толькі зьбіралася зьявіцца на сьвет. Хатняе лячэньне часта было бясьпечней, чым шпітальнае. Людзі без абмежаваньняў з боку закону карысталіся патэнтаванымі лекамі.


У такіх абставінах урачы маглі дапамагчы нямногім, акрамя мінімальнага догляду й парад. Для занятку мэдыцынай не патрабавалася ніякіх ліцэнзій. Пацыенты мелі справу непасрэдна зь лекарамі, удзельнічаючы ў прыняцьці рашэньняў якія тычацца лячэньня й дамаўляючыся аб кошце.


Манаполія Амэрыканскай Мэдыцынскай Асацыяцыі


Адкрыты доступ да мэдыцынскай прафэсіі новых практыкуючых мэдыкаў прымусіў даўно абгрунтаваных лекараў стварыць Амэрыканскую Мэдыцынскую Асацыяцыю (АМА). Са зьяўленьнем АМА стала зразумела, што першачарговай мэтай гэтай арганізацыі зьяўляецца абмежаваньне колькасьці практыкаў дзеля захаваньня эканамічных пазыцый яе чальцоў. Яе мэта: абмежаваць колькасьць дактароў так, каб кожны лекар які працуе рабіў больш грошай.


АМА цалкам дабілася посьпеху. У пачатку ХХ ст. АМА ўзялася за кантраляваньне мэдыцынскіх вучылішчаў, сьцьвярджаючы або не прымаючы іх навучальныя праграмы. Многім існаваўшым вучылішчам даводзілася закрывацца з-за адмовы ў зацьвярджэньні. Закрыліся амаль усе мэдыцынскія вучылішчы для чарнаскурых. У рэшце рэшт, для ўрачоў-асьпірантаў у вучылішчах засталося значна менш свабодных месцаў.


Плян АМА ня мог здзейсніцца безь дзяржаўнай падтрымкі, таму Асацыяцыя шукала яе ва ўрадаў штатаў. Урады штатаў уступілі ў супрацоўніцтва, праводзячы законы, якія патрабуюць для вядзеньня мэдыцынскай практыкі пасьведчаньняў аб заканчэньні зацьверджаных АМА вучылішчаў. Так нарадзілася мэдыцынскае ліцэнзаваньне.


Манапалісты ад мэдыцыны маскавалі свае сапраўдныя намеры мовай грамадзкіх інтарэсаў. «Мы павінны абараніць недасьведчанае грамадзтва ад знахароў і шарлатанаў, якія ня маюць належнай мэдыцынскай падрыхтоўкі й пачуцьця этыкі» — сьцьвярджалі яны. Дзяржаўная мэдыцынская бюракратыя высоўвала той жа аргумэнт. Гэта проста хлусьня. Мэдыцынскае ліцэнзаваньне мае мала агульнага зь якаснай аховай здароўя. Затое яно мае шмат агульнага з абмежаваньнямі й кантролем за тымі, хто прапануе кансультацыі й дапамогу ў адносінах да здароўя.


Камітэт па харчаваньні й леках


Кангрэс стварыў Камітэт па харчаваньні й леках (КХЛ) у 1906 годзе пасьля сэнсацыйных выкрыцьцяў, зьвязаных з санітарнымі пытаньнямі ў мясной прамысловасьці. Пры выдачы дазволу на продаж фармацэўтычных сродкаў КХЛ да 1962 г. патрабаваў толькі каб яны былі бясьпечныя. З 1962 г. КХЛ стаў патрабаваць выпрабаваньняў іх бясьпекі й эфэктыўнасьці пры спэцыфічным прызначэньні.


Правядзеньне ў жыцьцё правілаў КХЛ 1962 г. выклікала павелічэньне захворваньня й сотні тысяч заўчасных сьмерцяў, а таксама рост выдаткаў. Паводле ацэнкі Інстытуту Катона ў сярэднім на зацьвярджэньне новых лекаў у КХЛ ідзе каля 15 гадоў. Паводле ацэнкі Інстытуту палітыкі й інавацый на вывад новых лекаў на рынак у сярэднім траціцца $880 млн. У выніку, мноства жыцьцёва важных лекаў, многія зь якіх ужо даўно дазволены ў іншых краінах, недаступныя амэрыканцам. Найбольш вядомы прыклад з бэта-блакатарамі. Паводле ацэнкі доктара Люіса Лазаньі, дырэктара Цэнтра дасьледаваньня разьвіцьця лекаў Інстытуту Тафта, сямігадовая затрымка зацьвярджэньня гэтых лекаў для сардэчных хворых прывяла да заўчаснай сьмерці 119000 чалавек.


Крызіс са СЬНІДам высьвеціў тыя перашкоды для аховы здароўя, якія стварае КХЛ. Актывісты барацьбы са СЬНІДам адкрыта ўвозяць у краіну незацьверджаныя сродкі для яго лячэньня, каб выратаваць паміраючых ахвяр гэтай хваробы, і прадэманстраваць абсурднасьць забароны даступных шляхоў лячэньня хворых, якія ў адваротным выпадку будуць асуджаныя. Іх актыўнасьць заахвоціла КХЛ паскорыць некаторыя са сваіх працэдур у надзеі на адкрыцьцё сродку супраць Сьніду. Аднак не існуе ніякіх лагічных абгрунтаваньняў для адмовы хворым, якія пакутуюць ад любой іншай хваробы, у праве самім вырашаць пытаньні свайго лячэньня.


У чым заключаецца грамадзкая зацікаўленасьць?


Усе мы хочам, каб мэдыкі, якія займаюцца нашым лячэньнем, былі добра падрыхтаваны й кампэтэнтныя. Мы хочам, каб наша мэдыцына была сумленная й эфэктыўная. Нам патрэбна інфармацыя аб мэдыцынскіх прафэсіяналах і аб мэдыкамэнтах, якія мы набываем, для таго, каб прымаць прадуманыя рашэньні аб лячэньні. Вось у чым заключаецца грамадзкая цікавасьць.


Дзяржаўная ліцэнзія не сьведчыць аб кампэтэнтнасьці лекара. Калі б гэта сьведчыла, то не было б мэдыцынскіх памылак і судоў з прычыны гэтага. У большасьці штатаў ліцэнзаваньне ўведзена толькі для ўрачоў агульнай практыкі. Большасьць спэцыялізаваных лекараў — хірургі, гінэколягі, анэстэзіёлагі й іншыя — экзаменуюцца й сертыфікуюцца рашэньнем камісіі практыкуючых лекараў, а не ўрадавых бюракратаў. Калі нам патрабуецца лячэньне, мы разлічваем на парады сваякоў, сяброў ці іншых лекараў, якім мы давяраем. Дзяржаўная ліцэнзія нічога не дае нам акрамя ілжывага пачуцьця бясьпекі.


Падобнай жа выявай няма неабходнасьці й у КХЛ як у пастаўшчыку мэдыцынскай інфармацыі. На амэрыканскім рынку ёсьць мноства прыватных прадпрыемстваў, якія падаюць інфармацыю спажыўцам. Лябараторыі страхавых кампаній правяраюць і сертыфікуюць электрычныя прыборы. Амэрыканскае таварыства па выпрабаваньнях матэрыялаў правярае й устанаўлівае стандарты для тысяч матэрыялаў, якія прымяняюцца ў прамысловасьці. Саюз спажыўцоў публікуе «Спажывецкія агляды», папулярны ілюстраваны часопіс, які асьвятляе тэставаньне сотняў прадуктаў. Калі ўрад пакіне сфэру мэдыцыны, то існуючы інфармацыйны бізнэс з задавальненьнем пашырыцца й стане прадастаўляць спажыўцам неабходныя даныя аб мэдыцыне. Усё, што вам і мне трэба рабіць, гэта быць пераборлівымі пацыентамі й з розумам карыстацца наяўнай інфармацыяй.


Мэдыцынскае страхаваньне: адзяліць пацыента ад доктара


«Мэдыцынскае страхаваньне» — гэта няправільны тэрмін. Параўнайце яго са страхаваньнем аўтамашыны. Калі страхуюць аўтамабіль, уладальнік сам плаціць за паўсядзённую эксплёатацыю машыны, а страхаваньне, уступае ў сілу толькі пры падзеях, зьвязаных са спэцыфічнай рызыкай, такіх як аварыя ці крадзеж. Большасьць мэдыцынскіх страховак, звычайна прапанаваных у якасьці льгот пры працаўладкаваньні, лепш назваць перадаплатай любых мэдыцынскіх выдаткаў. У большасьці выпадкаў хворыя плацяць вельмі мала ці зусім нічога са сваёй кішэні за лячэньне, візыты да лекараў ці шпіталізацыю. Як правіла, страхавая кампанія амаль цалкам аплачвае рахункі доктара ці бальніцы.


Гэтая сыстэма вядзе да павышэньня выдаткаў. Той, хто амаль нічога не плаціць са сваёй кішэні за мэдыцынскую ўвагу, будзе імкнуцца набыць яе больш, чым, калі б ён выплачваў поўны кошт, ці хаця б яго істотную долю. Такім чынам, гэтая сыстэма падштурхоўвае пацыентаў да залішняга выкарыстаньня мэдыцынскіх паслуг, а ва ўрачоў адбірае стымулы да зьніжэньня выдаткаў. Яшчэ раз зьвернемся да аўтамабільнага страхаваньня. Калі б страхавая кампанія аплачвала ўвесь кошт бягучага абслугоўваньня, сталі б вы шукаць, дзе таньней памяняць алей, шклоачышчальнікі ці шыны?


Страхавая сыстэма таксама знішчае ўсякую магчымасьць перамоваў паміж лекарам і пацыентам аб кошце той ці іншай кансультацыі ці працэдуры. На самай справе, многія лекары й пацыенты гэтага проста ня ведаюць ці ім усё роўна. Яны спадзяюцца на страхавую кампанію (ці дзяржаўную сыстэму аховы здароўя), каб тыя ўсё вырашылі й сказалі ім. Цікаўна, што калі мэдыцынскія працэдуры не зьяўляюцца абавязковымі й не пакрываюцца страхоўкай, напрыклад, плястычная хірургія, пацыент і лекар сапраўды дамаўляюцца аб кошце працэдуры яшчэ да таго перш чым яе пачаць.


Уплыў падаткаў на мэдыцынскае страхаваньне


Мільёны людзей ня маюць ніякай мэдыцынскай страхоўкі. Значную ролю тут іграе фэдэральная падатковая сыстэма. Мэдычнае страхаваньне, якое аплачваецца працадаўцам, зьяўляецца для яго падатковым вылікам, але не абкладаецца падаткам як даход працаўніка. Страхоўка, якая набываецца чалавекам незалежна, або ўладальнікам уласнай справы, наадварот падлягае падаткаабкладаньню. Калі яны мяняюць працу або іх звальняюць, то яны губляюць сваю страхоўку. Многія іншыя разважліва адмаўляюцца ад набыцьця мэдыцынскай страхоўкі з-за яе дарагоўлі, і, у асобнасьці, калі гэтыя выдаткі ня могуць быць заяўлены для падатковага выліку.


Пакуль існуюць фэдэральныя падаходныя падаткі, любое набыцьцё мэдыцынскай страхоўкі павінна мець статут падатковага выліку. Гэта дало б беспрацоўным або ўладальнікам уласнай справы такія ж падатковыя льготы, якія атрымліваюць служачыя, чыю страхоўку аплачвае працадаўца (беспрацоўныя павінны мець права заявіць вылік у далейшым пры зьяўленьні пастаяннага даходу). Да таго ж, любая прамая аплата мэдыцынскіх выдаткаў павінна таксама адымацца з падаткаў.


Яшчэ адной рэформай было б правіла, якое дазваляла б пералічваць страхоўку работніка ад аднаго працадаўцы да іншага ці ў статус беспрацоўнага. Тады працаўнік ня будзе адчуваць сябе зьвязаным з адным працадаўцам толькі дзеля ўтрыманьня мэдыцынскай страхоўкі. Ён ці яна атрымае вялікую рухавасьць на рынку працы. Там, дзе мясцовыя ці фэдэральныя законы перашкаджаюць страхавальнікам і працадаўцам прыняць гэтую рэформу, такія законы павінны быць адменены.


Мэдыцына «вялікага ўрада»


1960-я гады ўбачылі сапраўдны выбух росту дзяржаўных праграм, дзяржаўнага рэгуляваньня. Гэты час быў таксама эрай росту коштаў на ахову здароўя. У 1960 г. Кангрэс прыняў закон аб фінансаваньні праграм мэдыцынскай дапамогі, па якіх працавалі штаты. У 1965 г. Кангрэс абʼявіў, што ва ўсіх ёсьць права на асноўную мэдыцынскую дапамогу й стварыў сыстэму дзяржаўнага мэдыцынскага абслугоўваньня й мэдыцынскай дапамогі немаёмным. Дзяржаўнае мэдыцынскае абслугоўваньне састарэлых прадугледжвае непасрэднае мэдыцынскае абслугоўваньне састарэлых, аплачваючы іх шпіталізацыю і выдаткі на лекара. Мэдыцынская дапамога немаёмным — гэта спалучэньне фэдэральнай і мясцовай праграм, якая аплачвае мэдыцынскія дапаможнікі бедным, незалежна ад узросту.


Урад стаў самым вялікім і адзіным пакупніком аховы здароўя. Па дасьледаваньнях Інстытуту Катона ўрад зараз напрамую аплачвае 44% усіх нацыянальных выдаткаў на ахову здароўя. Непазьбежным вынікам стаў касьмічны ўзьлёт коштаў для падаткаплацельшчыкаў і пацыентаў.


Дзяржаўнае мэдыцынскае абслугоўваньне й Мэдыцынская дапамога немаёмным — самыя хуткарослыя артыкулы фэдэральнага бюджэту. Да 2030 году карыстальнікамі сыстэмы дзяржаўнага мэдыцынскага абслугоўваньня састарэлых стануць 76 мільёнаў чалавек — удвая больш, чым цяпер. З-за старэньня насельніцтва гэтыя льготныя мэдыцынскія арганізацыі маюць $30 трыльёнаў незабясьпечаных абавязацельстваў і запатрабуюць павелічэньня падаткаў для таго, каб не збанкрутаваць. У палітыкаў толькі два варыянты выбару: падняць падаткі ўдвая ці зьнізіць абʼём ільгот. Вось прамыя наступствы сацыялізму ў мэдыцыне.


Павелічэньне дзяржаўнага ўмяшаньня непазьбежна азначае павелічэньне рэгуляваных нормаў і больш высокія выдаткі. Ад страхавых кампаній патрабуюць страхаваць усе мажлівыя фізычныя й ментальныя рызыкі. У адпаведнасьці з «Падручнікам палітыкі Катона», «штаты выпусьцілі патрабаваньні па абавязковым страхаваньні 1823 асобных відаў рызык». Такія патрабаваньні завышаюць кошт страхоўкі для ўсіх. Страхавым кампаніям таксама забараняюць павышаць страхавыя ўзносы для груп павышанай рызыкі. Так атрымліваецца, што людзі, якія звыкнуліся сачыць за сваім здароўем, субсідуюць мэдыцынскія выдаткі людзей, якія не жадаюць адмаўляцца ад шкодных звычак, такіх як пʼянства, курэньне ці абжорства. Ад бальніц трэба абслугоўваць любога, хто ўвайшоў у адзьдзяленьне неадкладнай дапамогі, нават калі ён ня можа плаціць. Палаты неадкладнай дапамогі сталі першачарговым лячэбным цэнтрам для бедных.


Крызіс мэдыцынскіх памылак


Яшчэ адным бокам павелічэньня кошту мэдыцыны зьяўляецца нарастальная тэндэнцыя судоў прысуджаць фантастычныя сумы ў якасьці пакрыцьця шкоды пацярпелым ад мэдыцынскіх памылак (хоць, несумнеўна, няправільнае лячэньне часам мае месца, і пацярпеламу боку належыць кампэнсацыя ад тых, хто нанёс шкоду).


Дактары некаторых спэцыяльнасьцяў, напрыклад, акушэры, спынілі практыку, бо больш ня могуць аплачваць страхаваньне. Гэтае скарачэньне колькасьці кваліфікаваных лекараў вызначаных спэцыяльнасьцяў пакідае без дапамогі адных хворых і паднімае кошты для іншых.


У некаторых штатах заканадаўцы ўжо наклалі абмежаваньні на памер страхавых прэмій за мэдыцынскія памылкі. Але гэтая фіксацыя не выпраўляе ключавую праблему, корань якой па-ранейшаму ў аддзяленьні пацыента ад лекара. Людзі звыклі верыць, што вартыя дасканаляга мэдыцынскага догляду без усялякіх мэдыцынскіх памылак. Пазбаўляючы хворых значнага ўдзелу ў прыняцьці мэдыцынскіх рашэньняў, урачы спараджаюць уяўленьне, быццам прафэсійныя мэдыкі ўсёведаючыя. Таму, калі нешта здараецца, для пацыента гэта азначае, што доктар зрабіў нешта ня так і мусіць за гэта заплаціць.


Гэта дапамагае растлумачыць рост кошту мэдыцыны з прычыны разьвіцьця тэхналёгіі. Асноўным прававым крытэрам прафэсійнай памылкі зьяўляецца тое, ці дзейнічаў дадзены прафэсіянал у адпаведнасьці з «звычайнай практыкай» такіх жа прафэсіяналаў у грамадзтве. Але суды імкнуцца прымяняць да ўрачоў больш высокія стандарты. Яны патрабуюць, каб лекары, аглядаючы нас, выкарыстоўвалі ўсе магчымыя дыягнастычныя тэсты. Такім чынам, лекары падвергнуць нас бессэнсоўнай колькасьці дарагіх аналізаў, каб пазьбегнуць адказнасьці за няправільную практыку.


Больш сацыялізму толькі пагоршыць справу


Сёньняшняя сытуацыя з мэдыцынай — самае складанае з нашых унутрыпалітычных пытаньняў. Да няшчасьця, ніводны палітык не жадае пацікавіцца, ці не зьяўляюцца крыніцай праблем дзеяньня ўрада.


Некаторыя цяперашнія палітычныя прапановы складаюцца з: нацыянальнай праграмы па мэдыцынскім страхаваньні незабясьпечаных людзей, аплачваньне за рахунак росту падаткаў; законаў, якія патрабуюць ад працадаўцаў прадугледжваць мэдыцынскае страхаваньне для сваіх работнікаў; фіксаванай дзяржавай стаўкі акладаў урачоў і кошту іншых мэдыцынскіх паслуг; абмежаваньня колькасьці й відаў мэдыцынскіх працэдур, якія аплачваюцца сыстэмамі льготнай мэдыцынскай дапамогі. Адна з прапаноў якая часта прасоўваецца, складаецца ў прыняцьці цалкам сацыялізаванай сыстэмы мэдыцыны як у Канадзе.


Нашым палітыкам час адкрыць для сябе той факт, што сацыялізм праваліўся ўсюды, дзе яго спрабавалі прымяніць. Усе сацыялістычныя мэдыцынскія сыстэмы прэтэндавалі на бясплатнае абслугоўваньне. Мы ж ведаем, што няма нічога бясплатнага. Сацыялістычная мэдыцына схільная да нізкіх стандартаў, гэта можна бачыць на прыкладах такіх сацыялістычных устаноў у ЗША, як шпіталі Ўпраўленьня па справах вэтэранаў, акруговыя бальніцы й мэдыцынская дапамога ў індзейскіх рэзэрвацыях. Амэрыканцы былі б зусім не радыя, калі б яны пазбавіліся доступу да якаснай аховы здароўя, хоць у амэрыканскай аховы здароўя пакуль яшчэ самая высокая ў сьвеце якасьць.


Сацыялізаваная мэдыцына кантралюе сытуацыю шляхам нарміраваньня доступу да бальніц і лячэньня. Для праходжаньня нетэрміновых працэдур пацыенты месяцамі чакаюць чаргі ў бальніцу. У Канадзе сярэдні час чаканьня працэдур складае 17.7 тыдняў. У той жа час у ЗША хворыя з падобнымі сьведчаньнямі да лячэньня трапляюць туды зь невялікай адтэрміноўкай ці зусім безь яе. Многія канадцы прыяжджаюць на лячэньне ў ЗША, каб пазьбегнуць чэргаў у Канадзе, з задавальненьнем аплачваючы дадатковыя выдаткі дзеля мэдыцыны лепшай якасьці й эканоміі часу.


Любое прапанаванае дзяржаўнае ўмяшаньне можа толькі пагоршыць сытуацыю. Дзяржаўнае фіксаваньне коштаў, то бок устанаўленьне верхняй мяжы цаны, якую можа прызначыць пастаўшчык, заўсёды прыводзіць да памяншэньня прапановы й якасьці. Напрыклад, фармацэўтычныя кампаніі штогод трацяць мільярды даляраў на распрацоўку новых мэдыкамэнтаў. Калі ўрад пачне абмяжоўваць кошты, якія яны прызначаюць, то інвэстары спыняць укладваць грошы ў гэтыя кампаніі, і ў тых застанецца менш сродкаў на дасьледаваньні. Вынікам будзе меншая колькасьць новых лекаў і большая колькасьць хвароб і сьмерцяў.


Іншы прыклад. Калі ўрад запатрабуе ад усіх працадаўцаў прадастаўляць пэрсаналу мэдыцынскую страхоўку, то вельмі сурʼёзна ўзрасьце беспрацоўе. Многія дробныя кампаніі, ужо зараз якія працуюць на мяжы выжываньня, будуць няздольныя здужаць дадатковыя выдаткі й зачыняцца. Тыя, хто жадае адкрыць свой бізнэс, могуць апынуцца не ў стане гэтага зрабіць з-за ўзрастаньні сабекошту з прычыны неабходнасьці мэдыцынскага страхаваньня працаўнікоў.


Мэдыцынскі пэнсійны й ашчадны рахункі


Існуюць дзьве асэнсаваныя прапановы па паляпшэньні сытуацыі пры бягучай падатковай сыстэме — мэдыцынскі пэнсійны рахунак і мэдыцынскі ашчадны рахунак.


Мэдыцынскі пэнсійны рахунак дапоўніў бы асноўны пэнсіённы рахунак. Працуючыя змогуць укладваць у асабісты пэнсійны рахунак $2000 даляраў у год, якія ня будуць абкладацца падаткам, а працэнты, якія налічваюцца на яго, таксама не падлягаюць падаткаабкладаньню. Па выхадзе на пэнсію ўладальнік рахунку можа, калі заўгодна, здымаць зь яго грошы і выплачваць пры гэтым падаткі, як правіла, па больш нізкіх стаўках, бо даходы пэнсіянэра ніжэйшыя. Ідэя мэдыцынскага пэнсійнага рахунку дазволіла б працуючым зьберагчы ад падаткаабкладаньня больш грошай падчас працоўнай дзейнасьці, каб больш грошай заставалася для мэдыцынскіх мэт пасьля выхаду на пэнсію.


Мэдыцынскі ашчадны рахунак паляпшае ідэю пэнсійнага рахунку, вырашаючы пытаньне бягучых мэдыцынскіх выдаткаў працоўных. Згодна з гэтай прапановай падатковы закон дазволіў бы працуючым адкладаць заробкі на ашчадны рахунак і закрываць яго толькі ў выпадку катастрафічных мэдыцынскіх патрэб. Працаўнікі ня змогуць здымаць зь яго грошы на звычайныя выдаткі па лячэньні.


Як у выпадку мэдыцынскага пэнсіённага рахунку, так і пры мэдыцынскіх зьберажэньнях, чалавек выйграе ад памяншэньня падаткаў, таму што ўнесеныя грошы застаюцца яго ўласнасьцю (у адрозьненьне ад падаткаў на мэдыцынскую дапамогу немаёмным). У выпадку, калі сродкі не выкарыстоўваюцца, яны пераходзяць спадчыньнікам уладальніка рахунку.


Некаторыя лібэртарыянскія падыходы


Праблемы з аховай здароўя ня маюць дасканаляга ўтапічнага рашэньня. Аднак мы можам палепшыць становішча, пазбавіўшыся ўрадавага рэгуляваньня, шляхам правядзеньня палітыкі, якая дапаможа пацыентам аднавіць кантроль над уласным жыцьцём у галіне мэдыцыны.


1. Прадугледзець вызваленьне ад падаткавых затрат на мэдыцынскае страхаваньне й індывідуальныя выдаткі на мэдыцыну.

У якасьці першага кроку й прамежкавай прапановы й толькі пакуль існуе фэдэральны падаходны падатак, падатковае заканадаўства павінна прадугледзець падатковы вылік у памеры ўсіх мэдыцынскіх выдаткаў, панесеных асобным падаткаплацельшчыкам, у тым ліку кошт страхаваньня (Падатковы вылік павінен прадастаўляцца ў выглядзе скарачэньня сумы падатку на суму выдаткаў). Падатковы вылік дазволіў бы большай колькасьці людзей набываць мэдыцынскае страхаваньне, у асобнасьці тым, хто не атрымлівае яго як ільготу па месцы працы. Прапанова аб мэдыцынскіх пэнсійных і ашчадных рахунках, якая абмяркоўвалася вышэй, таксама была б карыснай прамежкавай мерай.


2. Дэкрыміналізаваць самалячэньне.

Бо ўсе людзі належаць самі сабе, то яны маюць права вырашаць самі, як абысьціся са сваімі мэдыцынскімі праблемамі, у каго пракансультавацца, якія мэдыкамэнты й якія зёлкі прымаць. Для пачатку гэта азначае зьняцьце прававых абмежаваньняў на доступ да лекаў. Калі вы захочаце прыняць рашэньне аб уласным лячэньні пэўнымі лекамі, то ніякі закон не павінен перашкаджаць вам купіць яго непасрэдна ў аптэцы, фармацэўтычнай кампаніі або ў краме лячэбнага харчаваньня. Вы можаце пракансультавацца ў лекара, але вам не павінна быць трэба яго дазвол (рэцэпт) для выкарыстаньня сродкаў па вашаму выбару. Гэтая рэформа зьберажэ для хворых мільёны з доктарскіх ганарараў, якія пацыенты плацяць за наведваньні толькі дзеля атрыманьня рэцэпта.


3. Замяніць КХЛ прыватным сэктарам у пытаньні выпрабаваньня лекаў.

Адмяніць паўнамоцтвы КХЛ па кантролі фармацэўтычных выпрабаваньняў. Бюракратычны падыход на гады затрымлівае зьяўленьне апрабаваных мэдыкамэнтаў, што вядзе да росту іх кошту. Выпрабаваньні ў прыватным сэктары добра сябе зарэкамэндавалі ў іншых галінах і маглі б даваць урачам і хворым усю неабходную інфармацыю, якая дапамагае ім самім прымаць разумныя рашэньні аб тым, што й зь якой мэтай ужываць. Каб не было ўмяшаньня КХЛ, у нас было б багацьце бясьпечных, якасных мэдыкамэнтаў па цэнах ніжэйшых за цяперашнія.


4. Замяніць дзяржаўнае мэдыцынскае ліцэнзаваньне прыватным.

Скончыце з манаполіяй арганізаванай мэдыцыны ў ахове здароўя. У якасьці першага кроку заканадаўцы штатаў павінны адкрыць ліцэнзаваньне выпускнікоў усіх мэдыцынскіх навучальных устаноў, а ня толькі зацьверджаных АМА. У іншых краінах ёсьць мноства добра падрыхтаваных і дасьведчаных лекараў, якія ня могуць практыкаваць у нашай краіне.


У любым выпадку, дзяржаўнае ліцэнзаваньне мэдыкаў павінна спыніцца. Ёсьць шмат адмыслоўцаў з мэдыцынскімі навыкамі, якія не зьяўляюцца ліцэнзаванымі лекарамі: мэдсёстры, няні, фэльчары й г.д. Адна з прычын, з-за чаго мэдыцынскі догляд каштуе так дорага, у тым, што вельмі многае з таго, што цалкам кампэтэнтна могуць выканаць гэтыя спэцыялісты, па законе могуць рабіць толькі ліцэнзаваныя мэдыкі. Выкарыстаньне паслуг гэтых мэдыцынскіх спэцыялістаў зэканоміла б хворым мільярдныя сумы. Што трэба пацыенту, дык гэта толькі інфармацыя аб падрыхтоўцы, вопыце й кваліфікацыі мэдыка, для таго каб хворы мог купіць належны ўзровень кансультацыі й лячэньня. Цяпер існуюць прыватныя мэдыцынскія камісіі, якія выдаюць пасьведчаньні мэдыцынскім спэцыялістам. Без абавязковага дзяржаўнага ліцэнзаваньня гэты працэс сертыфікацыі распаўсюдзіўся б на ўсіх мэдыцынскіх адмыслоўцаў з рознымі ўзроўнямі падрыхтоўкі.


5. Вызваліць ад рэгуляваньня бальніцы.

Як правіла, штаты не дазваляюць будаўніцтва й пашырэньня бальніц, пакуль ініцыятары праекту не дакажуць дадатковую неабходнасьць у іх. Прадпрымальнікі ад мэдыцыны, якія жадаюць прапанаваць шпітальныя паслугі, павінны мець такую магчымасьць. Канкурэнцыя зьніжае кошты, калі рынак функцыянуе ў нармальных умовах.


6. Скончыць з праграмамі льготнай мэдыцынскай дапамогі.

З часу свайго ўвядзеньня праграмы льготнай дапамогі састарэлым і немаёмным нанесьлі невымерную шкоду сыстэме аховы здароўя й абыходзяцца ў сотні мільярдаў падатковага цяжару, зьяўляючыся прыгнётам для эканомікі. Многія людзі пастаўлены ў такое становішча, пры якім ім цяжка зразумець, як маглі б яны выжыць без гэтых праграм, таму самая вялікая перашкода да спыненьня іх дзеяньня ляжыць у палітычнай галіне.


Першым лагічным крокам стала б скасаваньне мэдыцынскай дапамогі немаёмным, паколькі гэтая праграма — частка фінансаваньня за кошт фэдэральных падаткаў праграмы мэдыцынскіх дапаможнікаў, якая праводзіцца штатамі. Няма ніякага сэнсу спаганяць з амэрыканцаў падаткі, пампаваць грошы ў Вашынгтон, а затым рассылаць рэшткі зваротна па штатах. Штаты павінны затым згарнуць свае праграмы мэдыцынскіх дапаможнікаў нараўне з усімі дзяржаўнымі дапаможнікамі, як пра гэта гаварылася ў 12 главе. Мэдыцынская ж дапамога састарэлым — проста фэдэральная праграма дапаможнікаў для старых, большасьць якіх самі могуць здужаць аплату мэдыцынскіх рахункаў. Першым крокам да адмены гэтай праграмы стала б вывядзеньне зь яе тых, хто па фінансавым становішчы здольны аплачваць уласныя рахункі. Зь цягам часу праграма павінна быць згорнута поўнасьцю.


Людзі вартыя пражыць доўгае й здаровае жыцьцё. Зьмяншэньне ролі дзяржавы ў ахове здароўя й перадача вялікіх правоў на прыняцьце рашэньняў у гэтай галіне індывідам — першы крок да таго, каб зрабіць гэта магчымым.

Report Page