Глава 14. Забруджваньне навакольнага асяродзьдзя й экалягічныя каштоўнасьці

Глава 14. Забруджваньне навакольнага асяродзьдзя й экалягічныя каштоўнасьці

Аўтар: Бэргланд Дэвід

Сёньня ўсе заклапочаны праблемамі "забруджваньня" і станам "навакольнага асяродзьдзя". Большасьць мае толькі цьмянае ўяўленьне аб тым, аб чым яны гавораць, але ўзровень заклапочанасьці даволі высокі. Гэта значыць, што неабходна вызначыць гэтыя паняцьці для далейшага абмеркаваньня.


"Забруджваньнем" лічыцца дзеяньне, пры якім асоба (ці кампанія), выдаляючы штосьці непатрэбнае з таго, чым валодае (звычайна нешта шкоднае для здароўя, непрыемнае ці тое й іншае разам), выкідвае гэта ў межы чужога валоданьня бяз згоды ўладальніка.


"Навакольнае асяродзьдзе" - агульнаўжывальны тэрмін, зь невыразным сэнсам, бо ён азначае "ўсё знадворку". Будзе больш зразумелым, калі пад навакольным асяродзьдзем разумець спалучэньне ўсіх уладаньняў у сьвеце, каму б яны ні належалі: індывідам, кампаніям ці дзяржаве. Ясна, што розьніца ў адносінах да ўласнасьці ў вялікай меры залежыць ад таго, ці зьяўляецца ўласнасьць прыватнай ці ёю валодае ўрад.


Праблемы навакольнага асяродзьдзя ахопліваюць шырокае кола пытаньняў, такіх як забруджваньне паветра або вады, дзікая прырода, абарона відаў, якім пагражае небясьпека, лясныя й пашавыя ўгодзьдзі, правы водакарыстаньня й здабыча карысных выкапняў. Усё гэта мае вялікую каштоўнасьць для многіх людзей. Аднак, пытаньне аб прыярытэтах і аб тым, як іх лепш узгадніць адзін з адным, даволі спрэчнае.


Выбар: прыватная ўласнасьць ці бюракратыя


Выбар, перад якім мы стаім, складаецца з двух прававых схем. Першая заключаецца ў мадэлі бюракратычнага кіраваньня, лепш за ўсё прадстаўленай, напрыклад, у фэдэральным агенцтве па ахове навакольнага асяродзьдзя (ААНА), Лясной службе ЗША й Бюро па землеўпарадкаваньні. Большасьць амэрыканцаў лічаць, што без гэтых агенцтваў нашы воды й паветра былі б безнадзейна загублены, а прыватнікі зьнесьлі б бульдозэрамі нацыянальныя паркі й на іх месцы ўзьвялі б супэрмаркеты й кандамініюмаў.


Альтэрнатыўнай прававой схемай зьяўляецца традыцыйная англа-амэрыканская сыстэма прыватнай уласнасьці, пры якой прыватныя грамадзяне могуць набываць, засноўваць, абараняць і абменьваць правы на ўласнасьць ва ўсіх формах. У такой сыстэме задача дзяржавы - абараняць правы грамадзян на ўласнасьць, а не рэгуляваць яе выкарыстаньне.


Ніводны з гэтых варыянтаў не дасканалы. Утопія - немагчымая. Але сыстэма, заснаваная на прыватнай уласнасьці, калі ёй даюць магчымасьць працаваць, значна лепш спраўляецца з аховай навакольнага асяродзьдзя.


Многія амэрыканцы падзяляюць некалькі памылковае меркаваньне аб нашым цяперашнім становішчы й аб тым, як працуе наша сыстэма. Па-першае, лічаць, як правіла, што забруджвальнікаў могуць спыніць толькі афіцыйныя прадстаўнікі ААНА або падобных яму дзяржаўных службаў. Па-другое, многія думаюць, што ва ўладальнікаў прыватнай уласнасьці ёсьць нейкая перакручаная схільнасьць да разбурэньня яе каштоўнасьці дзеля імгненнай нажывы. Па-трэцяе, многія думаюць, што толькі прасякнутыя духам грамадзкіх інтарэсаў чыноўнікі ўмеюць кіраваць лясамі, пашамі або дзікай прыродай так, як трэба, каб з часам не страціць гэтыя каштоўнасьці. Мы зараз убачым, што кожнае з гэтых меркаваньняў няправільнае.


Забруджваньне — гэта парушэньне чужога права валоданьня


Для лепшага разуменьня пытаньня забруджваньняў, разгледзім наступны просты прыклад. Калі нейкі чалавек выносіць сваё сьмецьце да мяжы свайго ўчастка й перакідвае яго праз плот да суседа, то гэта несумненна азначае "парушэньне права чужога валоданьня". У гэтым выпадку мы справядліва можам чакаць дапамогі пацярпеламу з боку закону.


У нашага закона на працягу стагодзьдзяў зьявілася пара вельмі эфэктыўных сродкаў. Пацярпелы бок можа падаць у суд за прычыненьне ўрону, каб прадухіліць такія дзеяньні ў далейшым. Ён таксама можа атрымаць грашовую кампэнсацыю за ўжо нанесеную яго ўласнасьці шкоду. Забруджваньне можа і павінна разглядацца як звычайнае, з пункту гледжаньня закона, правапарушэньне. Менавіта таму, што асоба або кампанія выкідвае сваё сьмецьце ў межы чужой уласнасьці безь якой-небудзь згоды.


Праблемы забруджваньня, пра якія мы звычайна чуем, зьяўляюцца проста больш складанымі сытуацыямі. У забруджваньні паветра ўдзельнічаюць асобы або кампаніі, якія выкідваюць адходы паветранага паходжаньня, яны трапляючы ў атмасфэру, ўрываюцца ў межы чужой уласнасьці, у тым ліку самую фундамэнтальную нашу ўласнасьць - цела. У забруджваньні вод удзельнічаюць асобы або кампаніі, якія накіроўваюць адкіды ў ваду, якая ім не належыць.


Галоўны асноўны фактар у пытаньні забруджваньня вод складаецца ў тым, што воднымі шляхамі валодае дзяржава. Прыватнага валоданьня рэкамі, азёрамі й ручаямі для любых практычных мэт у Амэрыцы больш не існуе. Дзяржава дазволіла парушальнікам забрудзіць ваду, у той час як прыватныя ўладальнікі правоў на рачную ваду мелі б куды мацнейшае жаданьне распачаць эфэктыўныя законныя меры супраць забруджвальнікаў.


Пахаваньне таксічных адходаў - яшчэ адна праблема, якую прасьцей за ўсё зразумець як парушэньне правоў чужога валоданьня. Калі атрутныя хімікаты засынаюцца зямлёй і з падземнымі водамі трапляюць у межы чужой уласнасьці, то пацярпелыя павінны мець законную магчымасьць для пакрыцьця шкоды з боку тых, хто зрабіў пахаваньне, якое выклікала ўварваньне ў чужое валоданьне.


На жаль, наяўнасьць законнага права на кампэнсацыю ўрону не заўсёды азначае, што пацярпелы атрымае поўную кампэнсацыю. Часам забруджвальнікі апраўдваюцца перад судом, абʼяўляючы аб сваім банкруцтве або проста зьнікаючы. Гэта мае месца ў многіх сытуацыях, якія адносяцца ня толькі да таксічных адходаў.


Аднак, калі прыватнай уласнасьці наносіцца ўрон атрутнымі адкідамі, то гэта зусім не азначае, што дзяржава павінна прымушаць іншых людзей плаціць за расчыстку (шляхам спагнаньня падаткаў), нават калі забруджвальнік апраўдаўся перад судом. Так званы "Супэрфонд", мэтанакіравана арганізаваны для фінансаваньня ачысткі ад забруджваньняў таксічнымі адходамі, у рэчаіснасьці пазычае сродкі кампаніям, якія й зрабілі такія забруджваньні, таксама кампесуе страту людзям, чыя ўласнасьць пацярпела ад іх. Такія праграмы заахвочваюць безадказнасьць адносна навакольнага асяродзьдзя, даючы зразумець любому, што дзяржава аплаціць усе яго праблемы зьвязаныя з атрутнымі адходамі. І ў чарговы раз сярэдні працуючы падаткаплацельшчык аказваецца завалены рахункамі.


Палітычная бюракратыя — дрэнная ахова асяродзьдзя


Бюракратычнае кіраваньне памнажае й абцяжарвае праблемы забруджваньня асяродзьдзя. Бюракратыя - зьява палітычнае. Калі рашэньні прымаюцца палітычнымі мэтадамі, то верх атрымліваюць тыя ідэі, якія належаць людзям маючым большы палітычны ўплыў. Часьцяком гэта тыя ж самыя людзі, якіх бюракратыя павінна кантраляваць. Акрамя ўсяго іншага, "грошы - матчына малако палітыкі". I ў каго можа быць больш грошай для лабіраваньня палітыкаў, у вялікага бізнэсу ці ў эколягаў?


Таму не варта дзівіцца, што аўтамабілебудаўнікам і зьвязу аўтамабілебудаўнічых працоўных атрымалася запаволіць распрацоўку чыстых, эфэктыўных, незабруджвальных рухавікоў. Калі б суды прызналі права прыватных грамадзян прымаць меры супраць забруджвальнікаў паветра як парушальнікаў іх права на ўласнае цела й маёмасьць, то паветра стала б нашмат чысьцей, чым зараз.


На досьвітку эры Галоснасьці ў былым Савецкім Саюзе й ва Ўсходняй Эўропе, увесь сьвет даведаўся, што пры сацыялізьме навакольнае асяродзьдзе страшна пакутуе; значна мацней, чым на больш капіталістычным Захадзе, дзе прававыя сыстэмы адносна паважлівей да прыватнай уласнасьці. Азёры, рэкі й паветра ў раёнах Усходняга блока так сапсаваны, што людзі там хранічна хварэюць, а працягласьць жыцьця падае. Гэта можа паслужыць урокам тым, хто рупіцца за больш цэнтралізаваны дзяржаўны кантроль над "абаронай" асяродзьдзя. Цэнтральнае плянаваньне губіць эканоміку. Яно загубіць і навакольнае асяродзьдзе па тых жа прычынах.


Дзяржаўная недатыкальнасьць


Іншым важкім фактарам зьяўляецца прынцып "дзяржаўнай недатыкальнасьці" . Гэты прававы прынцып папярэджвае дзеяньні грамадзян супраць дзяржавы, акрамя тых выпадкаў, калі ўрад згодны судзіцца. Дзяржаўныя электрастанцыі й каналізацыйныя ачышчальныя збудаваньні - адны з найгоршых забруджвальнікаў, але ў прыватных грамадзян няма законнай магчымасьці для адпору ім.


Павагу да прыватнай уласнасьці ў прававой сыстэме й адмена дактрыны дзяржаўнай недатыкальнасьці далі б грамадзянам, якія працуюць у сваіх раёнах, інструмэнт для паскарэньня работ па ачыстцы асяродзьдзя.


Бюракратыя спараджае судовую цяганіну


Нехта памылкова думае, што замена чыноўніцкага кіраваньня сыстэмай, заснаванай на прыватнай уласнасьці, спародзіць масу судовых працэсаў па пытаньнях навакольнага асяродзьдзя. Памылка тут у няўліку таго, што наша цяперашняя бюракратычная сыстэма ўжо і так патрабуе паслуг арміі адвакатаў, як у дзяржаўных агенцтвах, так і ў праўленьнях усіх рэгуляваных кампаній. У цяперашні час цяжбы з нагоды навакольнага асяродзьдзя - наймагутны тормаз прадуктыўнасьці. Сёньня будаўніцтва любога абʼекта можна адкласьці або зусім спыніць рашэньнем суда ў імя аховы прыроды. Спажыўцы вымушаны больш плаціць за дамы (ці за што заўгодна), таму што прадпрыемства павінна пакрыць вартасьць бягучай або патэнцыйнай цяжбы па навакольным асяродзьдзі, і ўключае яе ў цану свайго тавару.


Наадварот, калі правы ўласнасьці выразна акрэсьлены, то цяжбаў меньш, бо патэнцыйным удзельнікам судовых працэсаў лягчэй вызначыць, што можна, а што не.


Прыватнае кіраваньне рэсурсамі працуе лепш за бюракратычнае


Урад Злучаных Штатаў валодае прыкладна адной трэцяй земляў у краіне, пераважна на поўдні й паўднёвым захадзе. Некаторыя з гэтых земляў - індзейскія рэзэрвацыі, іншыя - нацыянальныя паркі, такія як Елаўстоўнскі, трэція - лясныя й пашавыя ўгодзьдзі, чацьвёртыя - цнатлівая цаліна, а таксама кантынэнтальны шэльф і прыбярэжны шэльф, які зьмяшчае шмат нафты й іншых карысных выкапняў. Многія эколягі выказваюць вялікую заклапочанасьць тым, што калі б прыватныя ўладальнікі набылі сабе гэтыя багацьці ў рукі, то адбыліся б жудасныя рэчы. Гэтую заклапочанасьць можна зразумець, але яны часьцей памыляюцца, чым маюць рацыю. Шкода асяродзьдзю часьцей за ўсё наносіцца ў выніку дзяржаўнага кіраваньня, а не прыватнымі ўладальнікамі.


Як і пры любой бюракратыі, у дзяржаўных чыноўнікаў якія адказваюць за зямлю, няма магчымасьці эфэктыўна параўноўваць розныя шляхі яе выкарыстаньня, бо не працуе рынкавы коштаўтваральны мэханізм. Людзі з рознымі ідэямі наконт выкарыстаньня прыналежных грамадзтву рэсурсаў ня могуць гандлявацца адзін з адным за зямлю, што паказала б якое менавіта выкарыстаньне зямлі людзі шануюць вышэй. Не накіроўваныя рынкавым коштаўтварэньнем, чыноўнікі й заканадаўцы прымаюць свае рашэньні з палітычных меркаваньняў. Таму, як правіла, перамагаюць людзі зь вялікай палітычнай вагой. Калі б у Елаўстоунскім парку былі выяўленыя якія-небудзь "стратэгічныя матэрыялы", абвешчаныя неабходнымі для нацыянальнай абароны, то няўжо змаглі б чальцы экалягічнага руху адолець пэнтагонаўскае лобі? Адзінае, што мы ведаем напэўна, - урад ЗША штогод губляе грошы, кіруючы землямі, якія кантралюе.


Страшныя гісторыі зь мінулага (і сучаснасьці) аб барбарскай высечцы лясоў і вытоптваньні пашы, пры ўважлівым разглядзе звычайна аказваюцца выпадкамі няправільнага чыноўніцкага кіраваньня. Гэта не значыць, што прыватныя кампаніі не набываюць калі-некалі часовыя правы на высечку лясоў або выпас на дзяржаўных землях, абясплоджваючы іх. Але такія паводзіны - проста рацыянальны адказ на ўмовы дагавораў, якія стымулююць іх да гэтага. Дзяржаўныя распарадчыкі зямлёй проста вельмі дрэнна выконваюць сваю працу па ахове грамадзкага здабытку. На самай справе, Лясная служба ЗША за кошт падаткаплацельшчыкаў нярэдка пракладваюць прасекі ў нацыянальных лясах для палягчэньня лесанарыхтовак. Гэта нішто іншае, як субсідзіраваньне лесанарыхтоўчых кампаній. Лясная служба па традыцыі таксама не патрабуе ад лесарубных кампаній аплаты поўнага кошту дрэў, якія сьпілоўваюцца на дзяржаўных землях.


Параўнайце бюракратычны мэтад з прыватнымі лесаўладальнікамі. У апошніх ёсьць усе істотныя матывы папаўняць лясныя запасы для таго каб зямля доўгі час мела самую высокую каштоўнасьць. Бо ня выпадкова лесаапрацоўчыя кампаніі, накшталт "Ўэйерхаўзер" і "Джорджыа Пасіфік", працуюць са сваімі ляснымі ўгодзьдзямі даўжэй і прадукцыйней, чым фэдэральныя ўлады й улады штатаў - са сваімі. Такое эфэктыўнае выкарыстаньне ўключае ў сябе ня толькі лесанарыхтоўкі, але й прылады кэмпінгаў і турыстычных лагераў.


Эколягі — уладальнікі ўласнасьці


Акрамя камэрцыйных прадпрыемстваў, якія валодаюць ляснымі масівамі, лясы й цнатлівыя землі належаць шэрагу экалягічных і прыродаахоўных арганізацый. Нацыянальнае Адʼюбонскае таварыства (National Audubon Society), напрыклад, валодае 75 запаведнікамі й яшчэ ў ста іншых дзейнічаюць яго мясцовыя аддзяленьні. Запаведнік дзікай прыроды ў Рэйні (Люізіяна), налічвае па плошчы 26 000 акраў, ён населены выдрамі, норкамі, аленямі, паўзунамі і птушкамі, якія належаць Адʼюбонскаму грамадзтву. Даходы ад нафтавых і газавых сьвідравін, разьмешчаных на тэрыторыі запаведніка, ідуць на аплату яго працы. Адʼюбонскае грамадзтва займаецца сьвідравінамі так, як гэта зручна для першачарговага прызначэньня запаведніка й яго ўладальнікаў.


"Захаваньне прыроды" ("Nature Conservancy") - яшчэ адна арганізацыя, якая прызнае каштоўнасьць прыватнага валоданьня для аховы прыроды. Гэтая арганізацыя вызначае ўнікальныя па значэньні мясцовасьці й зьбірае грошы ў добраахвотных ахвярадаўцаў для іх выкупу. Адным з такіх набыцьцяў стаў востраў Санта-Круз у Санта-Барбары (Каліфорнія). Большасьць, верагодна зьдзівіцца, даведаўшыся, што галоўнымі ахвярадаўцамі ў праект "Захаваньне прыроды" зьяўляюцца якраз тыя самыя "буйныя карпарацыі", якіх часта завуць разбуральнікамі навакольнага асяродзьдзя.


У апошні час усё больш экалягічных груп схіляюцца да меркаваньня, што прыватнае валоданьне - найлепшы шлях да дасягненьня іх мэт. Улічваючы тое, што ўрад распараджаецца зямлёй стратна, то падаткаплацельшчыку было б выгадна, калі б такія арганізацыі, як "Захаваньне прыроды", грамадзтва "Некранутая прырода" і клюб "Сьера", маглі б набываць дзяржаўныя землі з характарыстыкамі якія адказваюць іх ідэям.


Нікчэмныя вынікі бюракратычнай мадэлі


Былая ўпэўненасьць у тым, што ўрад "абараніць прыроду", загадзя прывёў да перакручаных вынікаў і бесьперапыннага канфлікту. Цяпер законы, сапраўды, дазваляюць любому спыніць лесанарыхтоўкі, распрацоўку выкапняў, нафтаздабычу, будаўніцтва дамоў, дарог або любую іншую дзейнасьць, падаўшы ў суд і задумаўшы цяжбу, якая будзе цягнуцца гадамі. Некаторыя ўдзельнікі экалягічнага руху могуць лічыць прыстанак для асобнай калёніі плямістых соваў значна важней працоўных месцаў для тысяч лесарубаў і будаўнікоў або хат, якія можна ўзьвесьці для тысяч семʼяў, зь лесу які нельга высякаць.


Іншыя "эколягі" кажуць, што чалавецтва гэта "рак" для Зямлі, што Зямлі было б лепш, калі б чалавецтва наогул не існавала. Яны, адпаведна, заклікаюць да таго, каб законы ўтрымлівалі людзей ад найменшых зьмен у "натуральным" навакольным асяродзьдзі. Гэтыя найболей радыкальныя эколягі ясна даюць зразумець, што яны вераць у тое, што ўсё, што зрабіла чалавецтва з мэтай паляпшэньне жыцьцёвых умоў свайго біялагічнага віду на Зямлі, стала катастрофай і павінна быць зваротна перароблена так, каб усе астатнія віды як расьліннага й жывёльнага сьвету змаглі жыць далей без уплыву homo sapiens. Да няшчасьця, гэтыя эмацыйныя заклікі часта ўражваюць урадавых творцаў палітыкі, якія не няўмеюць мысліць.


Сёньня, здаецца, тым чалавекам якому менш за ўсё дадзена правоў вырашаць, што рабіць на прыватнай уласнасьці, зьяўляецца яе ўладальнік. А калі гаворка ідзе аб дзяржаўнай уласнасьці, палітызаваная бюракратычная сыстэма выклікае бясконцую серыю канфліктаў, судовых працэсаў і гвалту. Трэба знайсці найлепшае рашэньне гэтага.


Для кожнага, хто занепакоены забруджваньнем асяродзьдзя, захаваньнем дзікай прыроды, відамі, якім пагражае зьнікненьне або іншымі экалягічнымі праблемамі, прыватызацыя дае нашмат больш надзей, чым працяг бюракратычнага кіраваньня. Якога-небудзь дасканаляга рашэньня не даюць ні чыноўніцкае кіраваньне, ні свабодна-рынкавая сыстэма, заснаваная на абароненых законам правах аб абмене й валоданьні прыватнай уласнасьцю. Але пасьля належнага разгляду альтэрнатыў становіцца зразумела, што схема з прыватнай уласнасьцю прадугледжвае найлепшае з наяўных інструментаў для правядзеньня ў жыцьцё самага разумнага й плённага выкарыстаньня ўсіх складальнікаў навакольнага асяродзьдзя. Гэты інструмэнт - наша галоўная надзея на задавальненьне самых неадкладных экалягічных патрэбаў усіх людзей, цяпер і ў будучыні.

Report Page