Глава 13. Эканамічная свабода = асабістая свабода

Глава 13. Эканамічная свабода = асабістая свабода

Аўтар: Бэргланд Дэвід

Лібэртарыянскія развагі аб эканоміцы, як заўсёды, пачынаюцца з ідэі аб праве ўсіх людзей рабіць тое, што яны жадаюць, са сваім жыцьцём, целам і маёмасьцю. Людзі, занятыя ў бізнэсе, у камэрцыйнай ці гаспадарчай дзейнасьці, застаюцца людзьмі. Яны не трапляюць у гэткую катэгорыю другой клясы зь ніжэйшымі правамі толькі таму, што яны працуюць каб зарабіць сабе на жыцьцё.


Людзі маюць права ўступаць ва ўзаемаадносіны на мірнай, добраахвотнай і сумленнай аснове. Гэта ўключае ў сябе вытворчасьць, продаж, куплю й выкарыстаньне разнастайных тавараў і паслуг, якія ёсьць на рынку.


Незалежна ад таго, жывуць яны ў ЗША ці ў іншай краіне, гэты прынцып застаецца трывалым. Людзі павінны вырабляць тавары й абменьвацца імі, каб зарабляць сабе на жыцьцё.


Там, дзе прызнаецца права ўсіх асоб займацца мірнай і сумленнай вытворчасьцю й гандлем, там такая эканамічная сыстэма называецца "вольны рынак". Гэты натуральны стан спраў. Як сказаў адзін сатырык, свабодны рынак гэта тое, што адбываецца, калі ніхто не перашкаджае гэтаму адбывацца. Лібэртарыянцы стаяць за свабодны рынак, паколькі гэта адзіная сыстэма, якая базуецца на асабістых правах і складаецца зь іх. Дастаткова відавочна, што свабодны рынак — самая пладавітая гаспадарчая сыстэма, у параўнаньні з усімі існуючымі на гэтай зямлі альтэрнатывамі. А якія ж альтэрнатывы?


Фашызм, камунізм, сацыялізм


Фашызм (ня блытаць з нацызмам!) — гэта палітыка-эканамічная сыстэма, пры якой людзям дазволена валодаць уласнасьцю, але большасьць найважнейшых рашэньняў па ёй прымаюць дзяржаўныя ўлады. Пры тыповым фашызьме ўлады ўстанаўліваюць узроўні зарплат і коштаў, вырашаюць, якія тавары вырабляць, хто можа весьці бізнэс, дзе яго можна весьці, хто можа ці ня можа працаваць, якія пасады ён можа займаць і г.д.


Хаця Злучаныя Штаты часьцей за ўсё разглядаюць як краіну капіталізму рынкавай эканомікі, але й у ЗША былі фашысцкія пэрыяды, у прыватнасьці падчас Другой Сусьветнай вайны. У залежнасьці ад ступені ўрадавага ўмяшаньня й кантролю ў эканамічных справах, сыстэма лёгка можа перасекчы мяжу паміж "рынкам" і "фашызмам". Многія аўтарытэтныя назіральнікі гавораць сёньня, што сытуацыя ў ЗША больш фашысцкая, чым свабодна-рынкавая, у прыватнасьці на мясцовым узроўні, дзе мы сутыкаемся з інтэнсіўным дзяржаўным рэгуляваньнем, такім як кантроль за арэндай, занаваньне, кантроль за ростам і іншыя абмежаваньні выкарыстаньня прыватнай уласнасьці.


Палітычная сыстэма, у якой дзяржава валодае ўсімі ці большасьцю гаспадарчых галін, называецца сацыялізмам ці камунізмам. Сацыялістычная й камуністычная эканоміка ў пачатковы пэрыяд таксама дапускае прыватнае валоданьне ўласнасьцю, такіх як маленькія фэрмы ці крамкі, але ўсе значныя рашэньні аб вытворчасьці й разьмеркаваньні прымаюцца цэнтральнымі органамі плянаваньня.


Недахоп свабоды ў кантралюемай эканоміцы


Як пры фашызьме, так і пры сацыялізьме дзяржаўныя ўлады вельмі нізка ці зусім не шануюць асабістую й палітычную свабоду, душачы іх да становішча фактычнага неіснаваньня. У людзей невялікі выбар у карʼеры і ў тым, як лепш распарадзіцца ўласнасьцю, каб наладзіць сваё жыцьцё. Тое ж самае тычыцца й любога іншага творчага боку іх жыцьця. Самае галоўнае, што такія ўмовы вельмі аблягчаюць уладам прыгнечаньне палітычнага іншадумства.


Урады, якія кантралююць валоданьне й карыстаньне кампутарамі, друкаванымі станкамі й вяшчальнымі антэнамі, могуць вырашаць, хто можа, а хто ня можа друкаваць газэты, кнігі ці памфлеты, вяшчаць па радыё ці тэлебачаньні.


Асабістая свабода залежыць ад эканамічнай. Альбо, вось паглядзіце на гэта з іншага пункту гледжаньня, выкарыстоўваючы клясычную камуністычную фразу: хто не падпарадкоўваецца, той ня есьць.


Да таго ж становіцца ўсё больш зразумела, што дэмакратычны палітычны лад залежыць ад эканамічнай свабоды. Паўсюль людзі зьвяргаюць камуністычныя й іншыя аўтарытарныя дзяржавы. Яны ўсе заклікаюць да дэмакратыі й рынкавай эканомікі. Гэта не проста супадзеньне. Кантроль над эканомікай — інструмэнт, які перш за ўсё выкарыстоўваецца дыктатурамі для падаўленьня нязгоды й усякага выкліку кіруючай партыйнай эліце.


Вольны рынак азначае высокую прадукцыйнасьць


Свабодны рынак залежыць ад прызнаньня чалавечых правоў, у прыватнасьці - правоў на ўласнасьць. Каб быць прадуктыўным, любому чалавеку даводзіцца ўмела выкарыстоўваць рэсурсы, якімі ён валодае, пачынаючы зь яго ўласнага цела, і выкарыстоўваць іх так, як яму больш выгадна. Ніякі свабодны рынак ня можа існаваць без законнай абароны правоў асобы: валодаць і распараджацца сваёй "прыватнай уласнасьцю".


Галоўная прычына вялікай прадукцыйнасьці свабоднага рынку ў тым, што людзі, уступаючы ў эканамічнае ўзаемадзеяньне, лічаць, што гэта прынясе ім выгаду. Два індывіды, якія вырашаюць мець справу адзін з адным, паступаюць так таму, што кожны чакае ў выніку застацца ў выйгрышы. Напрыклад, калі я прапаную вам на продаж сваю карову за 1000 даляраў, а вы вырашаеце яе купіць, то, значыць, мне лепш мець 1000 даляраў, чым карову, а вам - карову замест 1000 даляраў. Кожны з нас адчувае, што можа стаць больш прадуктыўным з тым, што атрымае, у параўнаньні з тым , што аддае. Кожнаму з нас, паводле нашых уласных ацэнак, стане лепш, чым раней.


Калі прызнаюцца чалавечыя правы й людзям дазваляецца ўдзельнічаць у мірнай і сумленнай гаспадарчай дзейнасьці, то гэта павялічвае прадуктыўнасьць ўсіх. Мы бачым як расьце эканамічны пірог. Людзі працуюць больш старанна, вырабляюць больш, больш назапашваюць і становяцца вынаходлівымі, калі ведаюць, што ад сваіх намаганьняў атрымаюць выгады для сябе й сваіх семʼяў. Гэта растлумачвае, чаму з пачаткам прамысловай рэвалюцыі ў краінах з адносна высокай эканамічнай свабодай, прадукцыйнасьць і жыцьцёвыя стандарты ва ўсіх павысіліся. Хоць у той жа час моцна ўзрасло насельніцтва. Эканамічны пірог стаў большы й кожнаму дастаўся большы кавалак.


Там, дзе дзяржава менш за ўсё ўмешваецца ў гаспадарчую дзейнасьць грамадзян, эканамічная прадукцыйнасьць павялічваецца хутчэй, чым там, дзе дзяржава кіруе эканомікай. У Ганконгу, напрыклад, брытанскія ўлады зусім мала ўрываюцца ў гаспадарчыя справы насельніцтва, і гэты невялікі востраў, ня маючы прыродных рэсурсаў, у стане пракарміць мільёны жыхароў.


Гісторыя прыводзіць нам "лябараторны" эксьперымент з Усходняй і Заходняй Нямеччынай. Пасьля спыненьня Другой Сусьветнай вайны, Нямеччыну прыходзілася адбудоўваць нанова. Усходняя Германія была ва ўладзе камуністычнага праўленьня, тады як Заходняя кіравалася тымі, хто прытрымліваўся парад эканамістаў-рыначнікаў, і ўсталявалі адносна свабодную эканамічную сыстэму. Заходне-Германскую прадукцыйнасьць пасьля Другой Сусьветнай вайны назвалі "эканамічным цудам". Ва Ўсходняй Нямеччыне не было асабістых свабод, і яе цэнтралізаваная плянавая эканоміка, хоць і якая субсідуецца Савецкім Зьвязам, у выніку прыйшла да краху ў 1989 г. разам са шматлікімі іншымі сацыялістычнымі гаспадарчымі сыстэмамі.


Цэнтралізаванае плянаваньне непазьбежна правальваецца


З канца XIX ст. да нядаўняга часу большасьць інтэлектуалаў і мноства іншых, разглядалі сацыялізм ці камунізм як "хвалю будучыні". Адзін з гігантаў тэорыі рынкавай эканомікі, Людвіг фон Мізэс, у 1922 г. апублікаваў сваю кнігу, азагалоўленую "Сацыялізм", у якой ён паказаў, чаму цэнтралізаваная плянавая эканоміка ня можа мець посьпех. Без наяўнасьці коштаўтваральнага мэханізму, які ёсьць толькі ў рынкавай эканоміцы, які дапамагае яго росту. Яны ня могуць дакладна ведаць, куды разьвіваць вытворчасьць і як разьмяркоўваць рэсурсы, а таксама зразумець, добрыя ці дрэнныя былі іх рашэньні. Няма й канкурэнтнай дысцыпліны, якая падахвочвае кіраўнікоў прадпрыемстваў да вытворчасьці таго, чаго жадаюць спажыўцы. Няма й асабістай зацікаўленасьці працоўных, якія атрымліваюць адну й тую ж плату, як бы яны ні працавалі. Мізэсу й іншым крытыкам сацыялізму ў 1922 г. і ў наступныя гады надавалася мала ўвагі, пакуль, нарэшце, крушэньне сацыялістычнай эканомікі былога савецкага блока не даказала іх слушнасьць.


У нашыя дні вучэньні аб сацыялістычнай эканоміцы не карыстаюцца даверам. Усё, акрамя прадстаўнікоў некалькіх разнавіднасьцяў левай ідэалёгіі, прызнаюць цэнтралізаванае плянаваньне безнадзейным. Сёньня самае вострае пытаньне ва Ўсходняй Эўропе й былых савецкіх рэспубліках — як лепш перайсьці да рыначнай эканомікі. Прыемна адзначыць, што многія эканамісты, якія займаюць высокія пасады ў сваіх урадах, шукаюць дапамогі ў сачыненьнях Людвіга фон Мізеса, Фрыдрыха Хаека й іншых прадстаўнікоў свабодна-рынкавай школы. На жаль, тут, у Злучаных Штатах, інтэлектуалы, заканадаўцы й палітыкі, здаецца, не настроены скончыць з цэнтральным плянаваньнем і эканамічным рэгуляваньнем на карысьць гаспадарчай свабоды ў Амэрыцы.


Скараціць кіраваньне, павялічыць свабоду й прадукцыйнасьць


Любое зьніжэньне падаткаў і любое скарачэньне ўрадавага кантролю над эканамічнай дзейнасьцю грамадзян павысіць прадукцыйнасьць Амэрыкі й павялічыць занятасьць. Гэта будзе азначаць павышэньне жыцьцёвых стандартаў для ўсіх жыхароў краіны, а таксама значна шырэйшы выбар магчымасьцяў і сродкаў для ўсіх людзей, якія жадаюць палепшыць сваё становішча ў жыцьці.


Чаму зьніжэньне падаткаў падвышае эканамічную прадуктыўнасьць?


Калі людзі могуць заключаць зьдзелкі й свабодна дамаўляцца адносна ўмоў любых эканамічных адносін, тады зьдзейсьненыя зьдзелкі паляпшаюць становішча ўдзельнікаў зь іх пункту гледжаньня. Бясспрэчна, некаторыя рашэньні й інвэстыцыі не спрацоўваюць, а нейкія праекты правальваюцца. Аднак, калі церпяць няўдачу прыватныя асобы або кампаніі, то гэта іх уласныя страты, і іншыя не абавязаны іх ратаваць.


Урад жа, наадварот, можа прымусіць людзей аплачваць свае паслугі й кампенсаваць урон які яны прычынілі. Дзяржаўнае чынавенства не зьяўляецца прадметам для справаздач аб прыбытках і стратах, і ня мае заахвочвальных матываў да рынкавай канкурэнцыі, для таго каб стаць больш эфэктыўным. Калі ўрад прымае дрэнныя рашэньні, то такія рашэньні закранаюць больш людзей і каштуюць значна даражэй.


Празьмерныя дзяржаўныя выдаткі - добра вядомая зьява. Гэта непазьбежнае сьледзтва бюракратыі, якая не зьяўляецца субʼектам рынку. Гэтак жа як і пры сацыялістычнай эканоміцы, чынавенства, занятае кіраваньнем, тут дзейнічае ў сыстэме, якая дае ім вельмі слабыя магчымасьці або стымулы да эфэктыўнага выкарыстаньня рэсурсаў з найбольшай карысьцю. На самой справе, дзяржаўныя ўлады, як правіла, імкнуцца да разрастаньня сваіх службаў, да найму ўсё большага пэрсаналу й відаў дзейнасьці, да штогадовага павелічэньня бюджэту. Такая мера "посьпеху" ў бюракратаў. Паколькі падаткаплацельшчыкі ня могуць адмовіцца плаціць за іх працу, то чыноўнікі проста не ў стане даведацца, якая рэальная каштоўнасьць "паслуг", якія яны аказваюць. Нядзіўна, што бюракраты ўвесь час недаацэньваюць кошт "сваіх" праектаў і пераацэньваюць значэньне й важнасьць таго, што яны робяць.


Гэта не тлумачыцца нейкімі генэтычнымі ці маральнымі чыньнікамі, гэта проста натуральнае сьледзтва сыстэмы, якое робіць іх сьляпымі да рынкавага вопыту, што у сваю чаргу падахвочвае іх да неэфэктыўных дзеяньняў.


Пры дадзеных ненармальных умовах нават анёлы не змаглі б дзейнічаць у гэтай сыстэме эфэктыўна. Дзяржава адбірае ў выглядзе падаткаў заробкі й зьберажэньні занятых у прыватным сэктары, і пераводзіць іх грошы бюракратам, якія выкарыстоўваюць іх самым неэфэктыўным чынам. Агульны эканамічны пірог памяньшаецца. Такім чынам, зьмяншэньне падаткаабкладаньня й абʼёму функцый дзяржавы створыць усім нам спрыяльныя эканамічныя ўмовы. Прадукцыйнасьць узрасьце, і больш людзей зможа знайсьці працу, робячы тое, што ім падабаецца й што дае ім самыя вялікія магчымасьці для паляпшэньня іх жыцьця ў адпаведнасьці зь іх каштоўнасьцямі.


Інакш кажучы, эканамічная й асабістая свабоды не могуць існаваць адзін без аднаго.


Report Page