Глабальным выклікам - інтэрнацыянальны адказ

Глабальным выклікам - інтэрнацыянальны адказ


У мінулую нядзелю мы наведалі чарговую акцыю беларускай дыяспары Варшавы, каб нагадаць пра інтэрнацыянальную салідарнасць і пагрозу нацыяналізму. Наш таварыш выступіў з наступнай прамовай:

"У суботу па Варшаве прайшоў вялікі марш польскіх нацыяналістаў пад лозунгам"гэта ня наша вайна", яшчэ раней, 11 лістапада 2022 яны выходзілі з банэрам "НЕ - украінізацыі Польшчы". Ці сапраўды мы павінны заплюшчыць вочы на падзеі ў суседняй краіне і займацца толькі мясцовымі справамі? Ці можа вайна быць чужой?

Па-першае, любая вайна гэта яшчэ і смерці нявінных, мірных жыхароў. Спыніць вайну (у дадзеным выпадку толькі ў выніку перамогі над агрэсарам) азначае ўратаваць мільёны жыццяў і даць шанец на вольнасць жыхарам некалькіх краін. Гуманнасць, неабыякавасць і салідарнасць павінны кранацца не толькі беларусаў, але любых людзей: уцекачоў, мігрантаў, жыхароў далёкіх краёў.
Па-другое, гэтая вайна вызначае лёс цэлага рэгіёна Ўсходняй Эўропы. Да яе вынікаў будзе залежыць у якім эканамічным і палітычным стане апынецца цэлы шэраг краін. Перамога над імперыяй карысная ўсім нам.

Па-трэцяе, любая значная лакальная падзея будзе мець уплыў і на ўвесь свет. Экалагічны крызіс, патокі міграцыі, эканамічны дысбаланс - гэта далёка ня поўны пералік глабальных выклікаў, на якія можна адказаць толькі сумеснымі высілкамі.

А што наконт тых, хто лічыць што гэта не іх вайна? Ці ёсць назва такой залішняй увазе на мясцовых падзеях, такому лакальнаму эгаізму? Ёсць. Імя яму - нацыяналізм.

Веданне гісторыі, валоданне якой-небудзь мовай, пашана да родных ці любоў да роднага горада не робяць вас нацыяналістам. Веданне гісторыі неабходна каб пазбягаць памылак, а карыстанне якойсьці мовай неад'емнае права чалавека. Дык а якія прыкметы па якім можна адрозніць, вылучыць нацыяналіста?

1) Нянавісць альбо абыякавасць да тых, хто адрозніваецца.

Мы павінны памятаць не толькі Асвенцым, але і Катынь, Хатынь, Валынь, Гайнаўку. Шмат народаў адчулі на сабе што такое не падыходзіць пад чыесьці стандарты, стаць лішнім праз чыюсьці паразмерную любоў да роднай культуры. Што такое вылучацца, быць іншым настолькі, што ў цябе адымаюць нават права на жыццё.

2) Такая нецярпімасць да разнастайнасці і імкненне да культурнай уніфікацыі прыводзяць да жадання кантраляваць культурную прастору, быць яе цэнзарам. Гэта забароны, запалохванне, маніпуляцыі, забабоны, падзяленне грамадства на правільных і не. Гэта прага да моцнай улады. А моцная ўлада патрэбная толькі слабаму грамадству. Гэта шлях да тыраніі.

Тыя, хто прапагандуе варожасць і нянавісць, хто імкнецца пазбавіць кагосьці права голаса і самі не павінны ім валодаць. Дэмакратычныя каштоўнасці належаць толькі тым, хто іх падзяляе. На дэмакратычнай трыбуне не павінна быць месца для аматараў тыраніі, для розных ябацек і ультранацыяналістаў. Тых, каму стан культуры больш важны, чым правы чалавека. А да гэтых правоў, між іншым, належыць і права карыстацца любой мовай ці культурай. Тут ня месца тым, хто лічыць, што людзі існуюць для моў, а не мовы для людзей, тым, хто клапоціцца пра захаванне традыцый больш, чым пра дэмакратычную будучыню.

Нават еднасць павінна ведаць свае межы, трэба глядзець з кім яднаешся. Трэба адрозніваць еднасць ад канфармізму, салідарнасць ад неразборлівасці.

Сёння адзначаецца 160-годдзе пачатку паўстання Каліноўскага. Гэта вельмі паказальны эпізод гісторыі, які нагадвае як важна ўмець абіраць хаўруснікаў. Падчас паўстання Каліноўскі прапаноўваў пашырыць патрабаванні да тэзісаў сацыяльнай роўнасці і культурнай аўтаноміі Літвы. Але прыхільнікаў такога падыходу была меншасць і кіраўніцтва паўстання не дазволіла далучыць гэтыя тэзісы да мэтаў паўстання. Не дазволіла праз польскі нацыяналізм і шляхецкі гонар.

Мы павінны супрацьдзейнічаць спробам нацыяналістаў будаваць межы паміж народамі і сеяць варожасць. Адказ - інтэрнацыянальная салідарнасць!

За нашу і вашу вольнасць! Разам і назаўжды!

Report Page