Гэтая вайна - лакальны канфлікт ці сусьветная вайна?

Гэтая вайна - лакальны канфлікт ці сусьветная вайна?

Средства для ухода


Адкажы сабе на гэтае пытаньне — і ты зразумееш сваё месца і месца Беларусі ў гэтых падзеях. Бо адна справа, калі гэтая вайна — канфлікт дзьвюх краінаў, у які Беларусь у той ці іньшай якасьці апынулася ўцягнутай. Калі адказаць так, то атрымліваецца, што для Беларусі і беларусаў (і тых, якія за перамены, і тых, якія падтрымліваюць рэжым) гэтая вайна хоць і адбываецца блізка — хаця б наўпрост праз наяўнасьць межаў і з Украінай, і з Расеяй — але яна ўсё адно “недзе там”. А Беларусь у такім выпадку чыста псіхалягічна ўспрымаецца быццам на перыферыі канфлікта, ня гледзячы ні на ейны фактычны статус суагрэсара, ні на тое, што яна дэ-факта знаходзіцца пад той акупацыяй, супраць якой Украіна і змагаецца. І абапіраецца такі адказ выключна на тое, што дагэтуль баявыя дзеяньні вядуцца і людзі гінуць толькі (?) на тэрыторыі Украіны. Вайны “тут” няма. Яна — “там”. 

Але ж ці праўда, што вайна ідзе толькі на тых тэрыторыях, на якія падаюць ракеты? Альбо вайна ў XXI стагоддзі — гэта не толькі пра зброю і тэрыторыі, а яшчэ і пра ідэі, пра інфармацыю, пра тэхналёгіі, пра эканоміку ў рэшце рэшт?


Давай паглядзім разам, паважаны чытач.


Непасрэдна ў ваенных дзеяньнях удзельнічаюць дзьве краіны. Замежныя дабраахвотнікі з таго ці іньшага боку афіцыйна не сьведчаць аб удзеле іх краін паходжаньня ў баявых дзеяньнях. Такім чынам нават наяўнасьць беларускіх палкоў на баку Ўкраіны не сьведчыць аб удзеле Беларусі ў вайне. Аб ім сьведчаць ракеты і самалёты, якія лятуць з тэрыторыі Беларусі, і войскі, якія ўваходзілі ва Ўкраіну з тэрыторыі нашай краіны. Але то расейскія самалёты, ракеты і войскі. Таму лукашысцкая Беларусь пакуль што толькі “суагрэсар”. Але ж ужо гэта — першы доказ таго, што Беларусь у гэтым канфлікце зусім не на перыферыі, а як мінімум недзе вельмі блізка да самага пекла.


Рухаемся далей. Ці дапамагае Расеі хтосьці акрамя лукашысцкай Беларусі? Так. Зброяй — як мінімум Іран. Магчыма і Кітай, але тут неабвергных доказаў пакуль няма. Дыпляматычна і інфармацыйна - як мінімум усе тыя краіны, якія даслалі назіральнікаў на “рэферэндумы”. А там і Бразілія, і Ўругвай, і Егіпет, і Сірыя, і Тога, і ЮАР, і Беларусь. Зноў… А яшчэ пра-расейскай рыторыкай вядзе інфармацыйную вайну крамлёўскае лобі на тэрыторыі Эўропы: найбольш адметныя ў гэтым пляне тыя ж Сербія і Венгрыя. Але ёсьць і іньшыя, якія дзейнічаюць не навідавоку. Зь іньшага боку і тыя ж КНДР з КНР не могуць проста абстрагавацца ад Украінскай тэмы. То бок і ў пляне паставак зброі, і ў пляне дыпляматыі, і на інфармацыйным фронце мы можам казаць калі не аб кааліцыі, то як мінімум аб сітуатыўным зьвязе, дзе ў кожнага свае інтарэсы, але ёсьць і адна агульная рыса: усе гэтыя краіны далёка не ўзоры сучасных дзяржмадэляў. Хутчэй яны падобныя на аўтарытарныя (як мінімум) водгукі мінулага, гэткія анахранізмы, якія невядома як дажылі да часоў, калі ўвесь астатні сьвет пайшоў далёка наперад. І гэта ўжо пра ідэі, гэта — пра мадэль будучыні, зь якой кожная з гэтых краінаў так ці інакш сябе атаясамлівае. Такая сабе векавечная кансэрвацыя status-quo, дзе народы - гэта рабы, а ўсе рэсурсы і каштоўнасьці плянэты засяроджаныя ў руках 1% самапрызначаных элітаў.


А хто ж з другога боку? Па-першае - краіны, якія пастаўляюць зброю Ўкраіне, дапамагаюць выведкай і навучаньнем украінскіх вайскоўцаў. Ужо па стане на першае сакавіка 2022 іх было 17, потым стала болей. Па-другое - усе краіны, якія ўвялі якія-небудзь санкцыі супраць любой з краінаў “зьвяза дыктатараў”. І тут лік ідзе на дзясяткі. Па-трэцяе - усе краіны, якія дапамагаюць Украіне фінанансамі. А яшчэ тыя краіны, якія хаця б на ўзроўні рыторыкі і інфармацыйнай палітыкі сталі на бок Украіны, транслюючы тым самым “анты-дыктатарскія” ідэі. Агулам гэтая кааліцыя налічвае каля шасьцідзесяці (60) краінаў, а то ўжо і болей. І за рэдкім выключэньнем (кшталту Турцыі) краіны кааліцыі аб’ядноўвае тое, што яны абралі дэмакратычны шлях развіцьця. А яшчэ тое, што ўзровень ВУП на душу насельніцтва ў іх істотна перавышае аналягічны паказчык у краінаў “зьвяза дыктатараў”. І гэта сьведчыць аб тым, што на пачатку XXI стагоддзя анахранічная мадэль разьвіцьця адных краінаў стала відавочна прайграваць больш сучаснай мадэлі іньшых, і вось такім чынам яна вырашыла даказаць сваю вартасьць. То бок мы маем ужо вайну экзістэнцыяльных узораў, розных сьветапоглядаў на разьвіцьцё і будучыню чалавецтва. А калі так, то гэта бадай найважкі прызнак таго, што гэтая вайна - сусьветная. Нават не тое, што агулам у ёй тым ці іньшым чынам задзейнічаны да сотні краінаў, а тое, што гэтая вайна вырашае, якім шляхам далей будзе разьвівацца чалавечае грамадства ўвогуле.


Сусьветнымі называюць тыя войны, па выніку якіх быў падпісаны дакумант, які вызначыў лёс і ўсталяваў новы status-quo для краінаў усяго сьвету. У нас няма ўпэўненасьці, што пад час першай ці другой сусьветнай войнаў агульнараспаўсюджанымі былі менавіта такія іх назвы. Хутчэй за ўсё пра гэта казалі адзінкі, а цяпер так іх называем усе мы. І справа тут не ў колькасьці кантынентаў, на якіх адбываліся баявыя дзеяньні, а ў тым, што пасьля гэтых войнаў сьвет ужо ня быў такім, як да іх.


А цяпер галоўнае: ці разумеюць ваюючыя бакі, што гэтая вайна - сусьветная? Ніякіх сумневаў: разумеюць. З боку Расеі аб гэтым сьведчыць ужо толькі абвешчаная мабілізацыя, бо дагэтуль мабілізацыя ў гісторыі Расеі адбывалася толькі двойчы: 18 ліпеня 1914 (першая сусьветная) і 23 чэрвеня 1941 (другая сусьветная). А з супрацьлеглага боку аб гэтым сьведчыць як мінімум тое, што лэнд-ліз у гісторыі ЗША адбываўся толькі аднойчы: у 1941-1945 гадах для падтрымкі хаўрусьнікаў па анты-гітлераўскай кааліцыі. А як максімум - сам факт наяўнасьці кааліцыі ў 6-7 дзясяткаў краінаў.


Дык і што з таго? Якім чынам сусьветны характар гэтай вайны павінен зьмяніць тваё да яе стаўленьне, паважаны чытач?


Тут усё проста.

Першае: Беларусь не дзесьці на перыферыі, яна ў самым эпіцэнтры глабальнага канфлікту, і менавіта тут вызначаецца лёс кожнага з нас. І тут ужо не мае розьніцы, меў ты магчымась з’ехаць з краіны ці не. У выніку паразы Ўкраіны ці калі Беларусь не здолее вырвацца з дыктатарскага палону, у цябе, беларус, не будзе ніякай будучыні. Нідзе. Сьвятлана Ціханоўская ня здолее абараніць цябе ад палітычных наступстваў таго, што ты — грамадзянін не існуючай краіны, якая страціла сябе праз агрэсію ў дачыненьні да суседа. Любы з гэтых вынікаў прывядзе да таго, што ты, беларус, станеш чужынцам паўсюль, дзе будзеш. Стаўленьне да цябе будзе такім жа, як да расейцаў, і ніякі дэмакратычны лідар калісьці існаваўшай краіны не здолее табе дапамагчы. І радзімы ў цябе не будзе…


Другое: пакуль мы, беларусы, не пераможам, у нас усё будзе рабіцца толькі горш. Тое, што ты зараз лічыш дном, нават і блізка ім не з’яўляецца. Адсутнасьці перамогі тоесна бясконцаму пагаршэньню сітуацыі для цябе і для тваіх дзяцей, а то і для дзяцей тваіх дзяцей. У цябе няма варыянтаў — ты абавязаны перамагаць, калі жадаеш хоць чагосьці добрага сабе і сваім дзецям. 


Трэцяе выцякае з другога: перад самай перамогай усё будзе так дрэнна, што будзе падавацца, што перамагчы немагчыма. А потым мы пераможам.


І галоўнае: сьмерць рашысцкага рэжыму ў тым, што ён так старанна намагаўся калекцыянаваць ад самага пачатку сваёй імперскай сутнасьці. У калёніях. І “беларускі балкон” і ёсьць той адзінай карткай, выцягнуўшы якую з рашысцкай калёды ты, беларус, падасі сігнал і чачэнцам, і дагестанцам, і ўсім астатнім стагоддзямі прыгнечаным народам, якія так жа, як і ты, маюць права на самавызначэньне. Бо яны за табой назіралі і бачылі тваю барацьбу.



Report Page