"Гарэзлівы пацалунак" Ева Вайтоўская

"Гарэзлівы пацалунак" Ева Вайтоўская

Alina
Папялушка і брытанскі арыстакрат

Калі я была маленькая, то разам са старэйшай сястрой глядзела анімэ "Озорной поцелуй". І вось праз шмат гадоў я зноў сутыкнулася з гэтай гісторыяй))


Пра пісьменніцу:
Гэты раман напісала многім знаёмая пісьменніца Марыя Мартысевіч. Гэты твор адрозніваецца ад яе папярэдніх, таму яна вырашыла скарыстацца псеўданімам.

Пра кнігу:
Кніга заснаваная на сюжэце японскай мангі "Ітадзура на кіс" ("Гарэзлівы пацалунак"), якая выходзіла ў Японіі ў 90-я. Намалявала яе Тада Каору, але яна памерла, не скончыўшы працу. Пазней выйшла анімэ, якое я бачыла, і шмат серыялаў у Карэі, Кітаі і інш.

Ева Вайтоўская захоўвае тыя ж падзеі, але пераносіць іх у Мінск і крыху змяняе, каб яны адпавядалі нашым рэаліям ("каб гэтага Статкевіча з яго забаронамі пярун ляснуў"; "як там сплю на новым месцы прысніся жаніх нявесце").

Насамрэч мне здавалася, што гэта не атрымаецца так выдатна, бо сапраўды, калі параўноўваць Японію і Беларусь... Аднак гэта атрымаўся выдатны сучасны моладзевы раман, які мяне вельмі парадаваў, бо ўвабраў у сябе ўсё, што я люблю: дарамы, любоўны трохкутнік і мову.

Сюжэт:
Гэта гісторыя пра троечніцу Соню Сінічку, якая закахалася ў лепшага ва ўсім Максіма Статкевіча ("Ён хадзіў па школе ў поўнай самоце, з каменным, нібы вечна нечым незадаволеным тварам брытанскага арыстакрата"). Пасля няўдалага прызнання Соні, лёс кідае яе на амбразуру - і яна вымушаная жыць пад адным дахам з каханым, які толькі і робіць, што здзекуецца і прыніжае (усё як заўжды, усё як мы любім). Канечне, ёсць яшчэ адзін хлопец, які кахае Соню. Але куды яму - добраму, але праставатаму - да зоркі школы з бездакорным брытанскім вымаўленнем.

Мне спадабалася, што твор не падобны да тых кніг, напісаных дарослымі людзьмі, якія "з вышыні свайго вопыту" глядзяць на гэтыя мізэрныя праблемы падлеткаў і хочуць яшчэ, каб твор падабаўся школьнікам. Падзеі апісваюцца так, як напісаў бы сам школьнік, аўтар і чытач пачуваюцца на роўных, дзякуючы гэтаму ты сапраўды верыш таму, што там адбываецца.

Аўтарка дамагаецца гэтага і на ўзроўні мовы: "дзірык", "сабачылася", "пайшлі сценка на сценку", "ты з дубу ляснула", "мятніся кабанчыкам", "у тэмпе вальса". Магчыма, для некаторых гэта будзе выглядаць крыху нацягнута і непраўдападобна, але я наогул не чула ніколі "моладзевага слэнгу" па-беларуску, таму гэта ў любым выпадку гучыць нязвыкла))

Асабістыя ўражанні:
Некаторыя абвінавачваюць гэты твор у залішняй "стэрыльнасці". Маўляў, у наш час школьнікі нашмат разняволеныя і дарослыя, а ў гэтай кнізе ўсё дастаткова міла і нявінна, таму нікога гэта не зацікавіць. Але мне падабаецца і анімэ, і кніга менавіта гэтым. Не скажу, што ў школе (і асабліва ў ліцэі ў 10-11 класах) я была ціхая і стрыманая)) але ўсё роўна мне вельмі падабалася тое, што ты ўвесь час выведваў і асэнсоўваў, хто на каго паглядзеў, з кім размаўляў і каму ўсміхаўся, а не хто з кім спаў. Прынамсі мяне гэта збольшага абмінула - і ў мяне засталіся светлыя і мілыя ўспаміны, у якія я вельмі хачу вярнуцца.

Вынік:

5🌱 Гэта выдатны моладзевы раман, якіх вельмі не стае ў белліце (асабліва ў школьнай праграме). Ужо даўно пара давесці падлеткам і юнакам, што белліт можа быць захапляльным, які апісвае тое, што адбываецца ў дадзены момант, а не 100500 гадоў таму. Шчыра раю вам пачытаць)))

P. S. Па колькасці выкліканых эмоцый гэта кніга дакладна пападзе ў топ гэтага года😌

P. P. S. Мяне парадавалі маленькія ўстаўкі, якія згадвалі тую культуру, адкуль да нас прыйшоў гэты сюжэт ("Як у персанажаў з японскіх мульцікаў"; "Бесхацінец пасля землятрусу"; "Хлопец раскідаў падушкі па падлозе і апусціўся на іх, склаўшы ногі лотасам: - Усходні стыль").

Report Page