ГАРЭЛКА

ГАРЭЛКА

Атаесамленьне / Atajesamleńnie

Гарэлка ў беларусаў мае выразны сімвалічны статус. Неадназначнасць стаўлення да гарэлкі ў рэальным жыцці вызначае дачыненні яе ў этыялагічных легендах як са станоўчым, так і з негатыўным полюсамі, як з Богам, так і з чортам. Згодна з запісамі са Століншчыны, Бог, ведаючы, што гарэлку гоніць чорт, зрабіў так, каб людзі, якія не злоўжываюць ёю, былі моцныя і здаровыя. У той жа час за выдумку чорта гнаць гарэлку з жыта Бог у дзесяць разоў скараціў ураджай.

Гарэлка ўваходзіць у шэраг абавязковых элементаў пахавальна – памінальнага комплексу.Пасля пахавання запрашаўся і сам нябожчык – яму лілі гарэлку на абрус са словамі: “Хадзі выпі чарачку гарэлкі”. У час памінання ставілі на стол асобную чарку, адлівалі гаррэлку на стол, лілі на магілку.

Гарэлка – адзін з неадлучных элементаў каляндарных святаў. Амаль усе земляробчыя абрады адбываліся паводле канону старажытных аграрна-культавых дзеяў, якія патрабавалі шырокага гуляння, весялосці, багацця страў.

У народнай свядомасці захавалася псіхалагічная матывіроўка сакральнасці і неабходнасці “піру” ў святы, звязаныя з земляробствам: “Без гарэлкі і празнік не ў празнік”. Значным сведчаннем важнай ролі гарэлкі і піва стала сумяшчэнне значэнняў “піццё, пачастунак” і “вялікае свята” ў адным слове – канун.

Усведамленне залежнасці плёну ад частавання характэрна для большасці абрадаў. Да прыкладу, на вячэру пасля вывазу гною запрашаліся зусім незнаёмыя людзі: “Хадзіце, выпіце чарку, каб жыта вялося”, а за сталом чарцы папярэднічаў тост: “Як вып’еш, так і адмочыць. Піце, каб усходы былі часцейшыя і гусцейшыя”. У такім разе іміатыўная магія прыпадабняе гарэлку да дажджу.

Мае міфалагічеы падтэкст і наступны матыў: менавіта з п’яных гасцей жартавала нячыстая сіла; вядомы шэраг былічак пра п’янага, які блудзіў па лесе, прачынаўся сярод балота, атрымліваў у падарунак “шышкі” і падобнае. Ап’яненне (у тым ліку наркатычнае) парушала прастора – часавыя арыенціры, спрыяла падобным кантактам з нежыццю”, як бы здымаючы межы паміж светамі.


Крыніца: Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011.

Report Page