Франц Кафка “Працэс” (Выдавец Зміцер Колас, 2020)

Франц Кафка “Працэс” (Выдавец Зміцер Колас, 2020)

t.me/bellitra


Мы жывём у такія часы, калі выраз “Мы рождены, чтоб Кафку сделать былью” ўжо не падаецца проста смешнай перапрацоўкай песні авіятараў.


Раман “Працэс” Кафка пісаў у 1914-1915 гадах, але апублікаваны твор быў толькі праз 10 гадоў, у 1925 годзе, праз год пасля смерці пісьменніка. Па-беларуску раман упершыню выйшаў у 2020 годзе ў выдавецтве Змітра Коласа ў перакладзе Лявона Баршчэўскага.

Галоўны герой рамана, 30-гадовы пракурыст Ёзэф К., працуе ў банку. Аднойчы раніцай яго дома арыштоўваюць два загадкавыя чалавекі. Герою нават не тлумачаць, у якім злачынстве ён вінаваты. Яго затрымліваюць, але не накіроўваюць у суд, дазваляючы працягваць займацца сваімі паўсядзённымі справамі і хадзіць на працу.

Далей разварочваюцца падзеі, цалкам пазбаўленыя сэнсу. Па-першае, Ёзэф ніяк не можа даўмецца, што ж ён такое зрабіў. Усе спробы апраўдацца робяць толькі горш. Таксама ёсць складанасці з тым, каб знайсці сабе абаронцу. Ён наймае добрага адваката, чытачы чакаюць нейкую кульмінацыю, што зараз усё вырашыцца, але замест гэтага мы атрымліваем пэўную антыкульмінацыю, калі галоўны герой з жахам разумее, што ягоны наняты адвакат нічога не можа зрабіць. Ад безвыходнасці К. звяртаецца да іншых людзей, судовага мастака і турэмнага капелана, але і яны не даюць рады, яшчэ больш упэўніваючы героя ў бессэнсоўнасці намаганняў.


Як чалавек, якому часта даводзілася працаваць у судзе, Кафка добра ведаў асаблівасці яго функцыянавання. Таму гэты твор вылучаецца камічным поглядам на абсурднасць жыцця, здзекам з бясконцых бюракратычных працэсаў. Нягледзячы на ўвесь трагізм падзей, гэты раман усё ж камічны. Кафка знаходзіць гумар у самых трагічных і бесперспектыўных сітуацыях. Дарэчы, пісьменнік смяяўся, зачытваючы сябрам некаторыя фрагменты з рамана. Гэта камедыя, праўда, змрочная. Змрочная пародыя на прававую сістэму.


Няма ніякага спосабу кінуць выклік сістэме, якую вы не можаце зразумець, якая не працуе ў адпаведнасці са здаровым сэнсам або логікай, якая дзейнічае толькі паводле сваіх уласных незразумелых і супярэчлівых правіл. Гэты раман — гісторыя маленькага чалавека, бездапаможнага перад магутнымі сіламі безаблічнай прававой сістэмы. Раман ставіць перад чытачамі сур’ёзныя пытанні пра справядлівасць, гвалт і ўладу. Але робіць гэта праз адносна даступную, няхай і часам абсурдную гісторыю пра чалавека, якога несправядліва пераследуюць за неназванае злачынства.


Калі хочаце больш даведацца пра самога Кафку і раман «Працэс», то слухайце 72 выпуск майго падкаста Bellit.

Report Page