Ежы Гедройц

Ежы Гедройц

Пераклад на беларускую мову. Арыгінал: Анджэй Бжезецкі – галоўны рэдактар часопіса «Новая Усходняя Еўропа» і публіцыст «Тыгодні…
Jerzy Giedroyc przy pracy. Maisons-Laffitte, 1980 r. / Sygn. FIL00001
FOT. A. SULIK


“Я - чалавек усходні”, - пісаў Ежы Гедройц у 1996 годзе Юліўшу Мерашэўскаму*. Звязаўшы гэтае сцверджанне выключна з літоўскімі каранямі Рэдактара, вы б памыліліся.

Бо горадам дзяцінства Гедройца, які нарадзіўся ў Мінску, была Масква, у частцы яго сям’і было рускае паходжанне (ён і сам ажаніўся з расіянкай), а яшчэ ў ім цякла грузінская кроў. “Думаю, у мяне ёсць пэўнае разуменне гэтых рэчаў”, - пісаў рэдактар «Культуры»** свайму галоўнаму палітычнаму публіцысту. І не памыляўся. Цэлыя дзесяцігоддзі фігура Ежы Гедройца нязменна асацыюецца з Усходняй Еўропай засланяючы іншыя сферы ягонай дзейнасці - узяць хаця б адкрыццё і папулярызацыю выбітных польскіх пісьменнікаў другой паловы ХХ стагоддзя, а тэрміны, ці “лінія”, Гедройца, і сёння сустракаюцца ў польскай публіцыстыцы ў дыскусіях аб польскай ўсходняй палітыцы. 


Украіна: упершыню

Але ўсходнія сантыменты Гедройца абумовіла не толькі паходжанне. Аблічча Другой Рэчы Паспалітай і яе геапалітычнае становішча гарантавалі кожнаму, хто пачынаў публічную дзейнасць, сутыкненне з праблемай украінцаў, беларускай меншасці ці адносін з Савецкім Саюзам. Так было і з Гедройцам: з нацыянальнымі пытаннямі ён стукнуўся ўжо ва ўніверсітэце, калі ўзяў курс гісторыі, каб адкласці службу ў войску. Ён займаўся тады на семінары прафесара Мірона Кардубы, прысвечаным гісторыі Украіны, але, як сам прызнаваўся ў сваёй аўтабіяграфіі, пераломным момантам стала – ужо ў час працы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі – знаёмства з Гуцульшчынай***, якое і прывяло Гедройца да ўкраінскага пытання.

Праблемы адносін польскага і ўкраінскага народаў былі частай тэмай публікацый у перадваенных часопісах, дзе Гедройц быў рэдактарам: у «Бунце маладых» і «Палітыцы». А ён сам па просьбе Міністэрства замежных спраў заснаваў часопіс «Усход». Але спачатку кола інтарэсаў Гедройца і яго часопісаў абмяжоўвалася асаблівасцямі наладжання адносін і дасягнення паразумення з меншасцямі, што жывуць на тэрыторыі Польшчы, і толькі ў 1934 годзе ўкраінская праблема пашырэла да пытання незалежнасці гэтага народа. І гэта ўпісвала Гедройца ў кантэкст «праметэйскай»**** і «ягелонскай»***** палітыцы, якую са зменным поспехам спрабавалі ажыццяўляць пілсудчыкі.

«Самастойны "Бунт", а пазней "Палітыка" не столькі узнялі праблему, колькі падтрымвалі зацікаўленасць ёй і мадыфікавалі шляхі яе вырашэння з улікам змен у польска-ўкраінскіх адносінах і міжнароднай сітуацыі», – пісаў займаўшыся дзейнасцю Гедройца гісторык Рафал Хабельскі.

Вайна і ссоўванне меж Польшчы патрабавалі ад пакінутага ў эміграцыі Гедройца карэктавання ў падыходзе да Усходу, але дух – то бок пошукі паразумення – застаўся.


Прастора УЛБ 

Ужо ў 1952 годзе «Культура» Ежы Гедройца апублікавала тэкст Юзафа Лабадоўскага, які пастулюе прымірэнне палякаў і ўкраінцаў, але, што яшчэ важней, вырашылася надрукаваць ліст семінарыста Юзафа З. Маеўскага, у якім былі такія словы: «Як мы, палякі, маем права на Ўроцлаў, Шчацінняў і Гданьск, гэтак і літоўцы па праве патрабуюць сабе Вільнюс, а ўкраінцы – Львоў», – а таксама: «Хай жа літоўцы, якія перажываюць горшыя, чым мы, часы, цешацца свайму Вільнюсу, а ў Львове хай раздзімаецца жоўта-блакітны сцяг».

Для эміграцыі, якая ўсё яшчэ марыла пра Польшчу ў перадваенных межах (дый для краіны, дзе ўсяго некалькі гадоў таму хадзілі прыпеўкі ў стылі «Атамная бомба – і ў Ільвоў увойдзем мы»), заклік уціхамірыцца са стратай гэтых двух святых для палякаў гарадоў быў раўнацэнны блюзнерству. Абураным галасам не было канца. Адказваючы ім, «Культура» каротка фармулюе сваю пазіцыю:

«Польшча можа вярнуць і падтрымваць сваё незалежнае існаванне толькі як частку федэралізаванай Еўропы. Мы стаім на тым, што права ўдзелу ў будучым еўрапейскім федэрацыйным саюзе маюць не толькі народы, стварыўшыя незалежныя дзяржавы ў 1939 годзе, але і ўкраінцы з беларусамі. Улічваючы небяспеку расійскага імперыялізму – як мінулага, гэтак і будучага, – узнікненне незалежнай Украіны і яе ўдзел у еўрапейскім федэрацыйным саюзе з'яўляецца для Польшчы справай першараднай важнасці».


Расстралянае адраджэнне

Гедройц цвёрда прытрымліваўся абранай лініі, і ўсходнія пытанні ніколі не схадзілі са старонак «Культуры». Ён увесь час шукаў кантактаў з украінскімі і расійскімі эмігрантамі і прапанаваў ім супрацу. Адным з найважнейшых аўтараў «Культуры» стаў украінец Багдан Асадчук, які таксама дапамог Гедройцу наладзіць сувязі з лідарамі ўкраінскай эміграцыі. Яшчэ адным аспектам дзейнасці ў дадзеным кірунку стала выданне пад канец 50-х гг. ХХ стагоддзя анталогіі ўкраінскай паэзіі «Розстріляне відродження». Гэтым праектам Гедройц набыў сімпатыю ўкраінскіх эмігрантаў і не толькі іх.

Найболей поўны выраз погляды Гедройца атрымалі ў публіцыстыцы Юліуша Мерашэўскага. У 1974 годзе ў артыкуле «"Польскі комплекс" Расіі і прастору УЛБ» апошні пісаў, што Польшча павінна зрачыся «ягелонскай канцэпцыі», якая ў свядомасці літоўцаў ці ўкраінцаў звязана з польскім імперыялізмам. Польшча павінна імкнуцца да супрацы з украінцамі, літоўцамі і беларусамі (адсюль і скарачэнне «УЛБ»), бо толькі суверэннасць гэтых народаў усцеражэ Польшчу ад расійскага імперыялізму. Мерашэўскі, зрэшты, лічыў, што і расійцы змогуць адмовіцца ад імперыялізму: «Ідэя самавызначэння і волі братэрскіх народаў, што аддзяляюць нас ад Расіі, з адначасным шчырым адрачэннем ад любых імперыялістычных планаў, да якіх варта прылічыць надзею дамовіцца з Масквой праз галаву гэтых народаў, – праграма такога роду магла б вярнуць польскай палітыцы незалежнасці высокамаральны матыў, якога ёй бракуе сёння». 

Практычнай рэалізацыяй дактрыны УЛБ была, напрыклад «Дэкларацыя па ўкраінскім пытанні», апублікаваная «Культурай» у 1977-м. Дакумент, падпісаны рускімі інтэлектуаламі (у тым ліку Андрэем Амальрыкам, Уладзімірам Букоўскім, Наталляй Гарбанеўскай) і палякамі (Ежы Гедройц, Юзаф Чапскі, Густаў Герлінг-Грудзіньскі), пастуляваў салідарнасць з украінцамі, якія змагаюцца за незалежнасць сваёй краіны, і неабходнасць ліквідацыі савецкага каланіялізму. Тое, што Гедройц да закліку адмовіцца ад прэтэнзій на ўкраінскія землі прыцягнуў расійцаў, было нечувана (зрэшты, нават цяпер шмат якія расійскія дэмакраты не прызнаюць права Украіны на поўную незалежнасць). І гэта быў не першы выпадак, калі Гедройц залучаўся ў адносіны паміж народамі Савецкага Саюза: прыкладам, у 1966-м ён спрабаваў пераканаць украінскіх інтэлектуалаў, якія працуюць у заходніх універсітэтах, падпісаць пратэст супраць рэпрэсавання савецкай дзяржавай расійскага пісьменніка Андрэя Сіняўскага. Як казаў рэдактар «Культуры» Івану Рудныцкому, «удзел украінцаў у пратэставай акцыі меў бы вялікае палітычнае значэнне».


У інтарэсах Польшчы

Панятак «УЛБ» трывала ўвайшло ў польскую мову, але яго след заўважны і ў палітычнай практыцы, дзе УЛБ не абмяжоўваецца трыма краінамі, а часам нават азначае ўсю Усходнюю Еўропу і Каўказ. Ужо ў 1981 годзе «Салідарнасць» (безумоўна, у духу Мезон-Лафіта) абвясціла «Паведамленне працаўнікам Усходняй Еўропы», у 1989–1991 гг. Польшча, пакуль яшчэ існаваў Савецкі Саюз, праводзіла «двувектарную» палітыку адначасных кантактаў з Масквой і ўсё больш самастойнымі рэспублікамі, у 1991 годзе першай у свеце прызнала незалежнасць Украіны (на жаль, спазніўшыся з Літвой), а да дактрыны Мерашэўскага і Гедройца па чарзе апелявалі польскія прэзідэнты Аляксандр Квасьнеўскі, Лех Качыньскі і Браніслаў Камароўскі. 

З дактрынай УЛБ непарыўна звязана расійская праблема ў польскай палітыцы. Некаторыя лічаць, што УЛБ варожая Расіі, але гэта няпраўда. Ежы Гедройц ніколі не быў носьбітам антырасейскіх паглядаў, больш за тое – спадзяваўся на паразуменне з неімперыялістычнай Расіяй. А на думку аднаго з выбітных польскіх інтэлектуалаў і дыпламатаў Адама Даніэля Ротфельда, толькі збліжэнне з Расіяй дазволіць цалкам рэалізаваць «лінію» Гедройца. «Я заўсёды любіў рускую літаратуру і чытаў па-руску амаль гэтак жа, як па-польску, то бок вельмі шмат», – пісаў Прынц з Мезон-Лафіта ў сваёй аўтабіяграфіі.

«Культура» увесь час шукала кантактаў і супрацы з рускай эміграцыяй, а Літаратурны інстытут выдаваў кнігі рускіх аўтараў. Узорам рэдактара для Гедройца быў рускі інтэлектуал ХIХ стагоддзі Аляксандр Герцэн, з яго часопісам «Звон». «Наша заданне – выконваць функцыю дражджэй і прасоўваць пэўныя ідэі. У Герцэна таксама не было ліцэнзіі. Мы ці то вяртчэй яго, ці то больш удачлівыя, таму што ён спатыкнуўся на польскім пытанні, а мы (пакуль што) трымаемся, прасоўваючы ідэю хаця б пераасэнсаванні прыналежнасці Вільнюса і Львова», – пісаў Гедройц Ежы Стэмпоўскаму. 

Дактрына УЛБ была ў разуменні Гедройца прыладай шырэйшай вонкавай палітыкі. Меркавалася (і ў найвысокай ступені справядліва), што паразуменне з народамі Усходняй Еўропы – неабходная ўмова для бяспекі будучай, суверэннай, Польшчы.

«Нашай галоўнай мэтай павінна стаць нармалізацыя польска-расійскіх і польска-нямецкіх адносін і адначасна з гэтым – абарона незалежнасці Украіны, Беларусі і балтыйскіх дзяржаў у цеснай супрацы з імі», – сцвярджаў ён у «Аўтабіяграфіі ў чатыры рукі».

А ў інтэрв'ю Барбары Торуньчык казаў, што незалежная Расія патрэбна Польшчы не менш, чым незалежная Украіна: каб часам весці гульню разам з адным партнёрам супраць іншага.

Нягледзячы на ўсходнія сантыменты, Гедройц глядзеў на ўсе праз прызму інтарэсаў польскай дзяржавы. Ён прасоўваў дактрыну УЛБ, вядома, з сімпатыі да народаў Усходняй Еўропы, але галоўным чынам таму, што, па яго думцы, яна была ў інтарэсах Польшчы. Таксама ён сцвярджаў, што пазіцыя Польшчы на Захадзе залежыць ад яе значэння на Усходзе. І таму – ужо пасля 1991 года – быў прыхільнікам захавання адносін з краінамі УЛБ, нават калі іх кіраўнікі не апраўдвалі чаканняў. У інтарэсах Польшчы, як лічыў Гедройц, была і супраца з Беларуссю, якой кіраваў Аляксандр Лукашэнка.

Гэта не значыла, што Гедройц заплюшчваў вочы на правы чалавека. Да самага канца жыцця ён быў уцягнены ў размаітую дзейнасць на карысць дэмакратыі ва Усходняй Еўропе: у 1998 годзе «Культура» апублікавала «Беларускую дэкларацыю свабоды», падпісаную беларускімі інтэлектуаламі, а з польскага боку – у тым ліку Ежы Гедройцам і Анджэем Вайдам. А за год да смерці Гедройц пераконваў Часлава Мілаша, што таму разам з Віславай Шымборскай варта намінаваць на Нобелеўскую прэмію беларускага пісьменніка Васіля Быкава.

«Лішнім было б тлумачыць табе, што ўручэнне гэтай прэміі беларускаму пісьменніку стала б, без перабольшання, рэвалюцыяй у Беларусі», – пісаў ён аўтару «Заняволенага розуму».           

Быўшы прыхільнікам польска-ўкраінскага пагаджэння, крытыкуючы палякаў за антыўкраінскую пазіцыю, Гедройц пратэставаў і тады, калі супраць праўды грашылі ўкраінцы. У 1976 годзе, знайшоўшы ў адным з украінскіх часопісаў непраўдзівую інфармацыю пра польска-ўкраінскія адносіны, ён пісаў Івану Кедрыну-Рудныцкому:

«Шмат усяго было паміж палякамі і ўкраінцамі – шмат непрыемнага і вельмі цяжкага. Але я не думаю, што варта апераваць няпэўнымі звесткамі. Нармалізацыя адносін – агульная мэта нашых народаў, дзеля якой трэба казаць адзін аднаму ў вочы чыстую праўду. Але толькі праўду».


Пасля Гедройца

Канцэпцыі Ежы Гедройца не варта разглядаць, як быццам бы тыя не паддаюцца мадыфікацыі. Ён сам казаў у адным з інтэрв'ю:

«Наша пазіцыя – і гэта бачна з артыкулаў Мерашэўскага – увесь час перажывала нечаканыя змены. Ва ўмовах адной кан'юнктуры ёсць шанцы на нейтралізацыю, ва ўмовах іншай – на нешта іншае. Безумоўна, па меры магчымасці да кожнай сітуацыі варта прыстасоўвацца – хаця б таму, што, нават калі мы не можам уплываць на ход падзей, гэта прымушае людзей задумвацца. Для мяне гэта найважнейшая функцыя «Культуры». Ці пацвердзіліся розныя канцэпцыі – ужо не так важна. А ўзгадняцца з рэальнасцю – важна. Як і лічыцца з думкай сусветнай супольнасці».

А як на канцэпцыю Гедройца глядзелі і глядзяць яе адрасаты? На жаль, ні ён, ні набытак «Культуры» не карыстаюцца шырокай вядомасцю ў краінах Усходняй Еўропы. Але Гедройца ведаюць і шануюць эліты гэтых краін, прапануючы разглядаць ідэю рэдактара «Культуры» як выточную кропку. Выбітны ўкраінскі гісторык Яраслаў Грыцак некалькі гадоў таму пісаў: «Баюся, з Ежы Гедройцам можа здарыцца тое, што здарылася са шмат якімі класікамі: пра іх шмат кажуць, але мала хто чытае іх творы, і яшчэ менш тых, хто іх разумее. Нам патрэбна адэкватнае разуменне Гедройца цяпер, калі яго эпоха прайшла.

 

Яго працы спароджаны пэўным гістарычным кантэкстам, якога ўжо не будзе. Шмат якое з таго, пра што ён пісаў – ці добра, ці дрэнна, – губляе сэнс у новым свеце, які паўстаў пасля 1989 года і – пазней – пасля 11 верасня 2001-га і Памяранчавай рэвалюцыі 2004-га. Польска-ўкраінскія адносіны, на шчасце, палепшыліся, але абодва народы стукнуліся з новымі выклікамі і пагрозамі. Пытанне, на якое мы павінны адказаць, калі хочам быць сумленныя самі з сабой, гучыць так: што будзе пасля Гедройца?»  



*Юліуш Мерашеўскі — журналіст, публіцыст, перакладнік, дзеяч польскай антыкамуністычнай эміграцыі.

**«Культура» — штоквартальны эмігранцкі часопіс, што выходзіў з 1947 па 2000 год і меў ключавую ролю ў развіцці польскай грамадскай думкі і фармаванні польскай усходняй палітыкі пасля 1989 года.

***Гуцульшчына — гісторыка-этнаграфічная зямля гуцулаў, размешчаная на паўднёвым усходзе Украінскіх Карпат

****Праметэізм уяўляе сабой палітыка-інтэлектуальную плынь, што нарадзілася ў Польшчы ў міжваенны перыяд. Яго мэтай была падтрымка нацыянальных рухаў народаў СССР, дэзынтэграцыі бальшавіцкай імперыі і стварэнне на яе руінах цэлага шэрага незалежных дзяржаў, саюзных да Варшавы.

*****Ягелонская ідэя — польская канцэпцыя федэральнай дзяржавы, скіраваная на Усход у бок Літвы, Беларусі і Украіны, то бок у арэале «польскага культурнага ўплыву», і якая ўяўляла мультынацыйную, шматканфесійную дзяржаву-імперыю, асноўным супернікам якой з'яўляецца Расія

Report Page