ЕЎРАПЕІЗАЦЫЯ

ЕЎРАПЕІЗАЦЫЯ

ZUBR.in

Пагроза знішчэння краіны і нацыі беларусаў навісае над намі стагоддзі. Пра значнасць і шкоднасць расейскага уплыву на Беларусь не прамовіў толькі лянотны. І калі ў 2020 годзе было шмат размоў пра нейтралітэт між Усходам і Захадам, то на сённяшні дзень дыскурс і беларускіх палітыкаў, і ў масавай свядомасці асэнсаваных беларусаў змяніўся на цалкам еўрапейскую арыентацыю.

Мы дайшлі да кропкі, калі для перавагі і пазбаўлення ад расійскай імперскай навалы няма іншага варыянту.

За апошнія тры гады беларусы ў краіне канчаткова ўпэўніліся, што “а можа так і трэба” вядзе да бяды, вайны, жыцця у ідэялагічным загончыку і пагрозы знішчэння і нацыі, і краіны.  Тым часам у беларусаў, што з'ехалі, вось тут і цяпер натуральна фарміруецца еўрапейская свядомасць.

Беларусам як нацыі, якая асэнсавала сябе як грамадзянская, наканавана сваім розумам і сваімі рукамі ствараць уласную ўстойлівую нацыянальную дзяржаву, роўную іншым і пабудаваную на еўрапейскіх каштоўнасцях. 

Эміграцыя як фактар

Пераважная колькасць тых ад паўмільёна да мільёна беларусаў, што былі вымушаныя эміграваць пасля 2020 году, не кажучы ўжо пра папярэднія хвалі, цяпер аўтаматычна праходзяць праз працэсы і дэсаветызацыі, і беларусізацыі, і еўрапеізацыі.

Беларусы замежжа, пакінуўшы радзіму, што гібее пад гібрыднай расейскай акупацыяй і прасавецкім сцягам, дыхаюць няхай не родным, але вольным паветрам у краінах, дзе найпершая каштоўнасць – не дзяржава, а чалавек, які можа абараніць свае правы. Гэта адно з галоўных адрозненняў дэмакратыі ад савецкай сістэмы.  І гэта не пустая дэкларацыя, не міф і не выдумка. Так, існуюць "ріал політік", карупцыя, бюракратыя, аднак падважнікаў і механізмаў для стрымлівання і супрацьдзеяння дастаткова. Закон працуе, у адрозненне ад Беларусі, у якой “бывае не да законаў”.

Другі аспект і нагода браць прыклад – павага людзей у дэмакратычных краінах да свайго, нацыянальнага, і яго развіццё. 

Супольнасць беларусаў замежжа свядома кіруецца шчырай любоўю да спадчыны і ідэяй пабудавання новай Беларусі і ўсяляк імкнецца яе рэалізоўваць нават у няпростых – і побытава, і псіхалагічна – умовах эміграцыі. Ад пераходу на беларускую мову ў выхаванні дзяцей і штодзенным жыцці да стварэння “протапарламенту” ў выглядзе Каардынацыйнай рады і рэалізацыі шматлікіх палітычных, культурных, эканамічных, лічбавых, медыя, грамадзянскіх, праваабарончых і мілітарных праектаў і ініцыятыў, якія дэманструюць і нам самім, і свету: “мы, беларусы, існуем як нацыя”. 

Касцяк нацыі — у Беларусі

Палітычныя вязні – людзі, што нясуць на сваіх плячах самы вялікі для фізічнага і псіхалагічнага стану цяжар у супрацьстаянні рэжыму. Аднак, нягледзячы на гэта, большасць з іх ніколі не пагадзіцца на памілаванне ці гандаль з хворым дыктарарам пра іх вызваленне наўзамен “пацяпленню” адносінаў ды адмене ці паслабленню санкцый.

Яны, як і беларусы і беларускі на вайне супраць Расіі ва Украіне — касцяк нацыі, для якой воля — сапраўдная каштоўнасць. Воля нацыі дзякуючы гэтым мужным людзям гартуецца і крысталізуецца ў бесчалавечных умовах вайны і змагання, ізалятараў, турмаў, калоній, адзіночных камер і камер ШЫЗА. Воля нацыі як доказ яе годнасці і вартасці.

А фота нескаронага бел-чырвона-белага сцяга, няхай зробленага сярод глыбокага лесу, з шыльдачкай “Жыве Беларусь!”, якія дагэтуль дасылаюцца у медыя “з зямлі”, сведчаць, што —  "не забіць, не спыніць, не стрымаць".

За такі сцяг даюць званне экстрэміста і гады турмы, але людзі робяць тое, што трымае іх дух і дух тых, хто побач з імі, у гэтай гіпербалізаванай прасавецкай рэальнасці з ідэёлагамі і разнарадкамі побач з "памяркоўнымі" (якіх, на жаль, шмат, бо чалавеку ўласцівая мімікрыя як спосаб сыходу з жорсткай рэальнасці) і з рэпрэсіямі, якія пераўзышлі сталінскія калі не колькасцю жыццяў ахвяр, то нахабнасцю, дзікай лютасю і тупасцю выканаўцаў загадаў сістэмы. 

Гісторыя сведчыць, што апантаныя радзімай людзі заўсёды былі, ёсць і будуць. Нават у самыя цяжкія часы. Гэта калосы, што сёння трымаюць на сваіх плячах самае галоўнае – беларускі дух супраціву гвалту і самачыну ўнутры краіны, падтрымліваюць парадыгму “чалавек-чалавек” ці, як мы кажам, "беларус беларусу беларус", дапамагаючы тым, каму трэба дапамагчы тут і цяпер, і трымаюць сувязь са сваімі паплечнікамі, што цяпер у эміграцыі.

Еўрапеізацыя на асабістым узроўні

Надыйдзе момант, калі неабходнасць быць за мяжой Беларусі з-за пераследу скончыцца.

Так, зноў жа з гісторыі вядома, што значная частка вымушаных эмігрантаў застаецца там, куды занясло ветрамі пераменаў.

Аднак у Беларусі так ці інакш, назусім ці наездамі, з’явіцца шмат асэнсаваных людзей, якія мэтанакіравана набіраліся патрэбных ведаў і навыкаў за час эміграцыі ў краінах Еўропы, працавалі на базе дэмакратычных каштоўнасцяў, паспрабавалі сябе і атрымалі досвед у палітычнай практыцы і грамадзянскім актывізме па самых розных накірунках, ад спробаў ствараць органы самакіравання і падтрымання міжнародных сувязяў да гуманітарнай падтрымкі палітвязняў і іх сем'яў і валанцёрства з былымі палітвязнямі-рэлакантамі.

А загартаваныя ў турмах і ўмовах рэжымнай краіны і у баях на фронце, моцныя і светлыя сапраўды ідэйныя людзі рэабілітуюць свой стан (і дапамагчы ім у гэтым — наш святы абавязак), будуць рабіць свой унёсак у новую краіну і са свайго боку не дапусцяць, каб у працэсе стварэння новай краіны запанавалі хлусня, крывадушнасць, кумаванне, самачын і іншыя добра вядомыя хібы лукашысцкай рэальнасці.

Сённяшняя задача кожнага беларуса і беларускі  – і тых, хто ў краіне і ў зняволенні, і тых хто за мяжой, і тых, хто ўзяў на сябе цяжкую місію трымаць зброю і рызыкаваць сваім жыццём на фронце  –  крочыць далей на мэту вызвалення Беларусі ад рэжыму, дзень за днем ставячы сабе прамежкавыя мэты і робячы крок за крокам да еўрапейскіх каштоўнасцяў свабоды і дэмакратыі.

Падводзячы вынікі, высвятляючы недахопы, выпраўляючы памылкі.

Вызначаючы сваё месца, свае задачы і сваё асабістае прызначэнне, якое прыкладзецца ў справу на перастварэнне роднай краіны, і нарошчваючы свой патэнцыял метадам спроб, памылак і высноў.

Беларусы зробяцца моцнай еўрапейскай нацыяй, калі кожны возьме за прынцып жыць і дзейнічаць сумленна, любіць радзіму, клапаціцца адно пра аднаго і шанаваць продкаў. Продкі нашы пачалі пракладаць шлях, пакінулі вялізную спадчыну і далі нам прыклад. 





Report Page