Дзень Волi

Раніца Дня Волі сёлета выдалася ціхая і сонечная. Горад вызваліўся ад снегу, але яшчэ не зазелянеў ва ўсю моц. У паветры як ніколі лунала смага вясны і свабоды. Можа таму, з самай раніцы ў камеры Сяргей не мог знайсці сабе месца. Не хацелася нi чытаць, нi маляваць, ні, нават, размаўляць з сядзельцамi. Толькі тужліва цягнула пад сэрцам у чаканні чагосьцi.
Дзень волі... у гэты дзень калісьці яны з бацькам побач ішлі па праспекце маршам. I было ГЭТА - прыгожае і ўзнёслае адчуванне сябе чалавекам, свабодным чалавекам, якi вольна iшоў побач з такімі ж свабоднымі і ганарлівымі людзьмі. Да.... У гэтым годзе ўсё было чорным. Які там будзе Дзень Волі?..
Прынеслі абед. Хлопцы хутка паелі і памылі посуд. Ежа, як звычайна, была не смачная, а хлеб - чэрствы. Сяргей абыякава глядзеў у неба праз турэмнае акно. Неспакойна прыслухоўваўся да гукаў горада. Думкi яго вярнулiся да малодшага брата, хлопцаў, з якімі ўсю восень хадзілі ў ланцугі ды на маршы, дзяўчат, гэтых беларускіх чараўніц дваравых сустрэч i гарбаты... Так, не тая цяпер вясна... Раптам - ён нават ахнуў ад здзіўлення - погляд выхапіў ў вузкім аконным праёме нешта, што вывела яго з задуменнасці.
- Хлопцы!!! Глядзіце! Там... - у неба павольна і важна ўздымаліся нябесныя ліхтарыкі. Белыя... Чырвоныя ... А некаторыя, дык бел-чырвона-белыя! І іх былі сотні!..
Сотні нябесных ліхтарыкаў у некалькі хвілін запоўнілі вясновае неба над захопленным у палон горадам; спакойна і нетаропка абвясціўшы ўсім беларусам, што яны не зломлены i барацьба працягнецца, пакуль наша не возьме! Годна і вольна плылі яны ў нябесным парадзе свабодных сэрцаў. Хлопцы сбiлiся у кучу i прагна глядзелi на паветраныя караблiкi колеру свабоды. Стоячы у маленькай турэмнай камеры, гледзячы на гэты неверагодны марш, Сяргей як быццам iзноў апынуўся на праспекце і пайшоў па ім расправіўшы плечы.
І побач з ім iшлi Вольныя i Шчаслiвыя Людзi: яго таварышы по барацьбе, бацькi i блiзкiя...