Дэкларацыя аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі
Сувэрэннасьць Беларускай дзяржавы мае выток у незалежнасьці Полацкага Княства, Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Пасьля анэксіі Беларусі ў канцы XVII стагодзьдзя імкненьне беларускага народу да незалежнасьці выявілася ў шэрагу паўстаньняў (1794, 1830—31, 1863—64 гг.), у асэнсаваньні неабходнасьці аднаўленьня незалежнай дзяржаўнасьці. Гэты працэс прывёў да скліканьня Усебеларускага Кангрэсу ў сьнежні 1917 г. і закончыўся ў 1918 годзе ўтварэньнем на аснове шырокага, свабоднага і дэмакратычнага народнага прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і абвяшчэньнем яе незалежнасьці, што засьведчана Трэцяй Устаўной граматай БНР, паводле якой уся ўлада на Беларусі перада валася Усебеларускаму Устаноўчаму Сойму. Гэтым актам, прызнаным шэрагам еўрапейскіх дзяржаў, было засьведчана аднаўленьне беларускай дзяржаўнасьці.
Аднак першыя крокі Беларусі да адраджэньня былі абарваныя процідзеяньнем іншых дзяржаў і новай імпэрскай сілы — Расейскай камуністычнай партыі зь яе ідэяй сусьветнай рэвалюцыі.
У сьнежні 1918 года тэрыторыю Беларусі бяз згоды беларускага народу і Ураду БНР заняла Чырвоная Армія РСФСР. На зямлі Беларусі была ўстаноўлена таталітарная бальшавіцкая ўлада і незаконным, недэмакратычным шляхам створаны залежны ад яе ўрад, які 1 студзеня 1919 года па рашэньні ЦК РКП(б) абвясьціў аб стварэньні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая, аднак, незалежна ад жаданьня чужых сілаў аказалася пераемніцай дзяржаўных традыцыяў Беларусі. Без абвяшчэньня незалежнасьці БНР не была б утворана і БССР.
Праз два месяцы гэтая рэспубліка была ліквідавана бальшавікамі і створана штучнае дзяржаўнае ўтварэньне – Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Неўзабаве яна была таксама скасавана і на тэрыторыі з шасьці паветаў цэнтральнай Беларусі ў ліпені 1920 года зноў была ўтворана БССР.
Але і гэтая марыянеткавая дзяржаўнасьць была прынесена у ахвяру унітарнаму бальшавізму. Коштам Беларусі таталітарныя ўлады Расеі купілі сабе мір з Польшчай, падзяліўшы зь ёю ў Рызе ў 1921 годзе этнічныя беларускія землі і разьяднаўшы адзінакроўны народ; адвольна перакройвалі карты і перайначвалі межы БССР, выключыўшы зь яе складу частку адвечных беларускіх тэрыторыяў на ўсходзе — цяперашнія землі Магілёўскай, Гомельскай, Смаленскай, Бранскай, часткова Пскоўскай вобласьцяў. Дзеля імпэрскіх палітычных мэтаў у 1939 годзе Літве была перададзена Віленшчына разам зь Вільняй, а ў 1944 годзе Польшчы — Беласточчына зь Беластокам. Усё гэта адбывалася са згоды прызначанага Масквой кіраўніцтва БССР, якое паслухмяна ішло на згубныя эканамічныя і палітычныя экспэрыменты над народам, якое стала саўдзельнікам у злачынствах калектывізацыі, дэнацыяналізацыі, гэнацыду.
Падпісаньне прадстаўніком БССР Саюзнага дагавору ня мела юрыдычнай сілы, бо гэтае рашэньне прынятае пад дыктоўку Масквы ва ўмовах таталітарнага рэжыму і акупацыі, без правядзеньня рэфэрэндуму і ратыфікацыі Рэспублікай гэтага акту. Усё гэта дае права Вярхоўнаму Савету БССР не заключаць новы Саюзны дагавор і дэнансаваць дагавор 1922 года ў аднабаковым парадку.
Аднак нацыянальна-адраджэнскія і дзяржаўна-стваральныя працэсы, нягледзячы на перашкоды, працягвалі разьвівацца ў БССР у першыя гады яе існаваньня. Гэта было станоўча ацэнена законным Урадам БНР у эміграцыі. У 1925 годзе частка дзеячоў Ураду БНР прызнала нацыянальна-будаўнічую дзейнасьць у БССР і вярнулася на Бацькаўшчыну, чым засьведчыла факт пэўнай пераемнасьці паміж БНР і БССР. Але неўзабаве ўсе дзеячы БНР, што вярнуліся на Беларусь, былі рэпрэсаваныя і расстраляныя.
Беларускі народ са зброяй у руках выступаў супраць таталітарнай улады ў Слуцкім паўстаньні 1920 года, у часы калектывізацыі. Гераізм і самаахвярнасьць нашага народу ў барацьбе з фашызмам у другой сусьветнай вайне здабылі вызнаньне міжнароднай супольнасьці. Беларусь у 1946 годзе стала сябрам (членам) — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Аднак гэта не зьмяніла каланіяльнага становішча Беларусі. Таталітарная дыктатура растаптала правы беларускага народу і давяла эканоміку і культуру Беларусі да крызіснага, амаль безвыходнага стану. Апошняе глабальнае злачынства унітарнай імпэрыі — Чарнобыльская катастрофа, маўчаньне вакол яе наступстваў — галоўны ўдар нанесла па Беларусі. Выратавацца ад чарнобыльскай бяды немагчыма, не маючы дзяржаўнай незалежнасьці. Беларускі народ, стаўшы незалежным, зможа валодаць сваімі прыроднымі рэсурсамі, сваёй працай і яе вынікамі, эканомікай, распараджацца сваім лёсам, унутранай і знешняй палітыкай і накіраваць свае багацьці, якімі цяпер не распараджаецца, на выратаваньне ад Чарнобыльскай катастрофы.
Незалежнасьць Беларусі ажыцьцяўляецца праз пераходны перыяд, палажэньні якога вызначаюцца гэтай Дэклярацыяй і дагаворам аб пераходным перыядзе паміж БССР і СССР тэрмінам ня больш аднаго года, на працягу якога Беларусь захоўвае пэўныя саюзныя стасункі з СССР.
Зыходзячы
— з унівэрсальнага права народаў на самавызначэньне і незалежнае дзяржаўнае жыцьцё, замацаванага ў артыкуле І Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох;
— з тысячагадовай традыцыі беларускай дзяржаўнасьці;
— з акту абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Радай Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году;
— з арт. 68 і 69 дзейнай Канстытуцыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якія дэкляруюць яе сувэрэнітэт;
Улічваючы,
— што Беларусь зьяўляецца сябрам (членам)—заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў і паўнапраўным суб’ектам міжнароднага права;
Адзначаючы,
— што палітычны сувэрэнітэт Беларусі можа рэалізавацца толькі ў форме незалежнай нацыянальнай дзяржаўнасьці;
— што незалежнасьць Беларусі — натуральная і галоўная ўмова забесьпячэньня правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі, жыцьцёвых інтарэсаў яе насельніцтва і гістарычнай пэрспэктывы беларускага народу, гарантыя самавызначэньня і свабоднага выбару Рэспублікай свайго шляху,
1. Пацьвердзіць незалежнасьць Беларусі паводле Трэцяй Устаўной Граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 году.
Надаць Беларускай дзяржаве афіцыйнае найменьне Беларуская Рэспубліка, якое сьведчыць пра пераемнасьць дзяржаўнасьці ад Беларускай Народнай Рэспублікі і ўзніклай як яе наступства Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Найменьне Беларуская Рэспубліка адлюстроўвае і замацоўвае рэспубліканскую форму дзяржаўнага кіраваньне на Беларусі.
Незалежнасьць Беларускай Рэспублікі азначае:
— поўны сувэрэнітэт Беларусі, вяршэнства органаў дзяржаўнай улады Беларускай Рэспублікі пры вырашэньні ўсіх пытаньняў дзяржаўнага, палітычнага і эканамічнага жыцьця Беларусі на ўсёй яе тэрыторыі;
— абсалютнае права беларускага народу валодаць, карыстацца і распараджацца нацыянальным багацьцем Беларусі.
— вяршэнства Канстытуцыі і Заканадаўства Беларускай Рэспублікі на ўсёй яе тэрыторыі, адпаведнасьць заканадаўчых актаў Беларускай Рэспублікі міжнародным пагадненьням аб правох чалавека;
— сувэрэннае права народу Беларусі вызначаць свой грамадскі лад і форму дзяржаўнага кіраваньня;
— увядзеньне грамадзянства Беларускай Рэспублікі;
— гарантыі гістарычнай пэрспэктывы беларускай нацыі, яе мове і культуры, мовам і культурам нацыянальных меньшасьцяў Беларусі;
— адсутнасьць на тэрыторыі Беларусі ўзброеных сілаў іншых дзяржаў і ператварэньне яе ў бязьядзерную краіну.
2. Пацьвердзіць юрыдычную сілу палажэньня Трэцяй Устаўной Граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 году, паводле якой уся ўлада ў дзяржаве перадаецца Усебеларускаму Устаноўчаму Сойму.
3. Прыпыніць у дачыненьні да Беларускай Рэспублікі дзеяньне Саюзнага дагавору 1922 году, які:
а) супярэчыць палажэньням Трэцяй Устаўной Граматы Рады БНР аб незалежнасьці Беларусі і выключнаму праву Усебеларускага Устаноўчага Сойму прымаць рашэньне пра дзяржаўныя сувязі Беларусі;
б) падпісаны БССР ва ўмовах незаконнай яе акупацыі і не ратыфікаваны зьездам Саветаў (Вярхоўным Саветам) БССР;
в) фактычна страціў сілу ў выніку ператварэньня СССР ва унітарную дзяржаву.
4. Абвясьціць да моманту скліканьня Усебеларускага Устаноўчага Сойму пераходны перыяд, падчас якога:
а) дзейнічаюць тыя нормы Канстытуцыі БССР і заканадаўчыя акты, якія не супярэчаць гэтай Дэклярацыі і міжнародным пагадненьням аб правох чалавека;
б) вышэйшую дзяржаўную ўладу ў Беларускай Рэспубліцы ажыцьцяўляе яе Вярхоўны Савет;
в) выбары дэлегатаў на Усебеларускі Устаноўчы Сойм праводзяцца з удзелам міжнародных назіральнікаў.
Беларусь застаецца свабодным суб’ектам адной эканамічнай прасторы з СССР. Пры гэтым паважае ўсе свае дагаворы, абавязкі і сувязі з іншымі рэспублікамі, стараецца прадаўжаць гэтыя сувязі, застаючыся поўнасьцю сувэрэннай дзяржавай, незалежнай ад іншых дзяржаў.
Беларуская Рэспубліка клапоціцца пра беларусаў, што жывуць па-за яе межамі, спрыяе захаваньню і разьвіцьцю іхніх рознабаковых сувязяў з Бацькаўшчынай.
Беларуская Рэспубліка выказвае гатоўнасьць і добрую волю да ўсебаковага супрацоўніцтва і ўзаемавыгадных пагадненьняў з суседнімі дзяржавамі, з усімі народамі сьвету.