Даваенны Менск на паштоўках "Саюзфота"
Тэлеграм-каналы "Палявая пошта" і "Беларускі піонэр"Нашым чытачам, пэўна, знаёмы выпускі савецкіх паштовак з беларускімі гарадамі. Шмат такіх набораў друкавалася ў перыяд 60-х - 80-х. Беларусь адбудоўвалася пасьля вайны, трэ было паказываць вынікі працы: новыя вуліцы і прашпекты, фабрыкі і заводы, помнікі і скверы, карацей, сьветлую сацыялістычную сучаснасьць :)
Вядома, былі карткі з гарадамі БССР і ў даваенныя годы. Але такія выдавалі меньшымі тырыжамі, небагата іх захавалася да нашых дзён, дый наогул няшмат пра іх вядома. Разам з каналам “Беларускі Піонэр” будзем пісаць пра нашу краіну на паштоўках таго часу, пачнем з Менску на здымках “Саюзфота”!
Трохі з гісторыі
Трэст “Саюзфота” (далей “СФ”) – усесаюзнае аб’яднанне па цэнтралізаванаму выпуску фотаілюстрацый для часопісаў, журналаў ды іншых спажыўцоў фотаінфармацыі. Арганізацыя была створана ў 1931 г. каб падвысіць эфектыўнасць дзяржагітацыі і прапаганды.
Па выніку атрымаўся адзіны на ўсю краіну фотаканцэрн, які меў лакальныя філіі ў саюзных рэспубліках, у нашай краіне – “Белсаюзфота”.
Паштоўкі
Дом Урада БССР - перліна міжваеннай архітэктуры. Вялізарны будынак архітэктара Іосіфа Лангбарда ўзводзіўся ў 1929-1934 гады і дагэтуль з’яўляецца самым вялікім адміністрацыйным збудаваннем у Беларусі па ўнутранай плошчы. Цікава, што большасць здымкаў Дома Урада ў 1930-я гады была зроблена з даху галоўнага корпуса БДУ, які стаяў насупрацьлеглым баку Савецкай вуліцы. Цяпер той стары корпус, які яшчэ да вайны быў перададзены Педагагічнаму інстытуту, схаваны за новай высоткай БДПУ.
Паштоўка выдавецтва БелСФ. На вонкавым баку ўсе надпісы па-беларуску: адрас рэдакцыі, аўтар фота, наклад і кошт. Адваротны бок пусты. Паводле надпіса, верасень 1937-ага. Але сама картка магла быць надрукавана раней.
Здымкі для паштовак рабілі фотакарэспандэнты СФ на месцах. У сярэдзіне 30-ых такіх супрацоўнікаў у арганізацыі было ўжо больш за тысячу. Дакладна невядома, колькі з іх працавала ў Беларусі, але з наяўнага матэр'ялу мы даведаліся ужо пра чатырох: нехта Грын, Казловіч, Шышко, Лупейка. За кожны прыняты негатыў фотакоры атрымлівалі ад 4 да 10 рублёў, пазьней грашовыя ўзнагароды замянілі на таварныя.
Першы дом Саветаў - жылы дом для наменклатурнай эліты БССР. Ён размясціўся ў былым даходным доме Абрампальскага па вуліцы Савецкай і дагэтуль мае такі ж адрас, нягледзячы на тое, што з пачатку 1930-х гадоў, калі быў зроблены здымак, наваколле дома кардынальна змянілася - вузенькая Савецкая з трамвайнымі шляхамі пасярэдзіне ў гэтым месцы пашырылася да адной з найбуйнешых плошчаў у Еўропе - пл.Незалежнасці. Да рэвалюцыі гэта была па сутнасці ўскраіна горада, але пасля пабудовы ўніверсітэцкага гарадка БДУ і Дома Урада - менавіта тут пачаў фармавацца новы цэнтр сталіцы.
“Еўропа” - найбуйнейшая гасцініца дарэвалюцыйнага Мінска і пасля рэвалюцыі выконвала свае функцыі. На паштоўцы цікава тое, што тут пададзена старая, але, відаць, папулярная ў народзе назва гасцініцы, хаця афіцыйна ў тыя часы яна называлася “Цэнтральная гасцініца Менкамгасу”
Парк Горкага таксама мае вялікую дарэвалюцыйную гісторыю, бо гарадскі парк на гэтым месцы быў афіцыйна адчынены яшчэ ў 1805 годзе. У 1920-я гады парк меў назву “Сад Профінтэрн”, а імя Горкага яму прысвоілі ў 1936 годзе. На паштоўцы выяўленыя трыбуны паркавага велатрэку, якія знаходзіліся прыкладна там дзе зараз лядовая арэна ХК “Юнасць”.
Адваротны бок на ўсіх папярэдніх паштоўках пусты, але на картцы з гасцініцай "Еўропа" зноўку рукапісны надпіс - 1937 год.
Серыя 1938-ага года.
Гэтыя карткі былі надрукаваны ў Маскве, за аснову ўзяты здымкі Г. Казлоўскага. Тыраж кожнай - 20.000 экзэмпляраў.
Зараз месца з паштоўкі выглядае іначай. Дрэвы Александраўскага сквера амаль такія ж самыя, а вось уся забудова вуліцы Савецкай у левай часцы фота знікла. Гэты квартал моцна пацярпеў у вайну і пасля вызвалення на месцы яго руінаў была арганізавана новая гарадская плошча - Кастрычніцкая.
Вуліца Карла Маркса, мабыць, адна з самых добра захаваных у архітэктурным плане гістарычных вуліц сталіцы. Не, драўляных дамкоў з гэтага фота ўжо не пабачыш - на іх месцы зараз стаіць гмах Міністэрства энергетыкі. Але высокі будынак на фоне цалкам захаваўўся да нашых дзён, толькі трохі памяняў знешнасць. Даваенны дом Наркамлеса (Народнага камісарыята лясной гаспадаркі) з’явіўся на рагу Маркса і Камсамольскай у сярэдзіне 1930-х. Ён выгарэў у вайну і быў адноўлены са зменамі ў архітэктурным стылі - міжваенны канструктывістскі выгляд быў прыведзены да стандартаў пасляваеннага неакласіцызму.
Ужо другая паштоўка з Домам Урада. У міжваенныя часы ўчастак вуліцы Савецкай карысталі для правядзення святочных парадаў і шэсцяў. Нездарма ў п’едэстале помніка Леніну размяшчалася сапраўдная трыбуна, на якой падчас урачыстасьцяў стаялі кіраўнікі БССР.
Дом Чырвонай Арміі - яшчэ адзін твор Іосіфа Лангбарда. Ён з’явіўся на месцы дарэвалюцыйнага Архірэйскага падвор’я і па легендзе ўключае ў свой аб’ём падмуркі старых пабудоў. Дарэчы, яшчэ адна з легендаў кажа, што пры праектаванні архітэктар планаваў, што парадны ўваход у Дом афіцэраў будзе з боку Свіслачы (супрацьлеглы бок ад выяўленага на фота). Таму спраектаваў там вялікую парадную лесвіцу, але пры наступных разбудовах горада той бок аказаўся схаваны за новымі дамамі, і цяпер, каб пабачыць тую лесвіцу, трэба абыходзіць дом з двара.
Адваротны бок картак гэтай сэрыі ўжо аформлены: выдзелена месца пад адрас і паштовую марку, маюцца зьвесткі пра выдавецтва, год друку, тыраж і кошт. На другім варыянце маецца інфармацыя і па- ангельску: "copyright by Unfonoto(?), Amsterdam and Sovfoto New-York".
"Sovfoto" aka "Eastfoto" - амерыканскае фотаагенцтва, заснаванае ў 1932 г. У тыя часы, пэўна, супрацоўнічалі з СФ і атрымлівалі актуальныя фотаматэр'ялы з Савецкага Саюза.
Падсумаваньне
У другой палове 30-ых быў надрукаваны шэраг паштовак па Менску, на якіх паказалі дасягненьні архітэктуры і горадабудаўніцтва ў сталіцы БССР.
Усе карткі можна ўмоўна падзяліць на 2 тыпа паводле месца друку: "беларускі" выпуск і "расейскі".
Першы друкаваўся ў Менску адносна малымі тыражамі.
Наўрад ці гэта адмысловая серыя, бо ўсе выявы зроблены рознымі фотакарэспандэнтамі і выдадзены неаднолькавымі тыражамі ад 2 да 10 тысяч.
Пэўна, у рэдакцыі адбіралі найбольш удалыя негатывы і выпускалі ў якасьці паштовак па-асобку.
Афармленьне толькі з вонкавага боку, але па-беларуску. На адваротным баку, на жаль, нічога няма. На асобных экзэмплярах ад рукі напісаны 1937 год, але зьвесткі ад самога выдавецтва здымалі б усе пытаньні пра дакладную дату выпуска.
Другі друкаваўся ў Маскве, і пра гэтыя паштоўкі можна казаць як пра асобную серыю: афармленьне аднолькавае з кожнага боку дый і здымкі ад аднаго фатографа.
Карткі таксама рэдкія, але ж дзякуючы тыражу ў 20 тысяч, іх можна часьцей знайсці ў продажы.
У артыкуле прадстаўлены толькі 8 паштовак, спадзяемся, у тым ліку дзякуючы нашым чытачам, атрымаецца знайсці больш экзэмпляраў, каб напісаць яшчэ адзін артыкул ці якасна дапоўніць першы :)
________________
Дзякуй за ўвагу!
Падтрымаць аўтараў можна падпіскай у сац.сетках, падабайкамі ды рэпостамі :)
Беларускі піонэр: https://t.me/belaruskipioner
Палявая пошта: https://www.instagram.com/poshtabel/
Калі ласка, спасылайцеся на сацсеткі Палявой пошты ці Беларускага Піонэра, калі карыстаеце матэр’ялы з артыкула :)