Дамавікова ўдзячнасць

Дамавікова ўдзячнасць

Атаесамленьне / Atajesamleńnie

Жыў у адной хаце вуж-дамавік. Гаспадар не крыўдзіў яго, гаспадыня, падаіўшы карову, не прамінала пачаставаць цёплым малаком, а дзеці прымалі ў супольныя гульні.


І здарыласа так, што знайшлі яны, гуляючы, ў старай прызьбе каля хаты яйкі, якія вуж там склаў, каб вывеліса маленькія вужаняты. Залекацела ад болю вужачае сэрца, калі ён ўбачыў, што яго немаўляткам бяда пагражае. Кінуўса ён да дзяцей, віўса каля іх рук, імкнучыса адхіліць бяду, і жаласна сіпеў: « Не крыўдуйце маіх дзетак! Аддайце іх мне….» Але дзеці не разумелі вужачай мовы ды, каб ён не замінаў ім у гульнях, узялі гольку і прагналі з падворка.

І папоўз, бядуючы, дамавік у пушчу. Паўзе, паўзе і плача над сваім няшчасцем. Ажно бачыць, выпаўзае са струхнелага пня яго знаёмая – злая ядавітая змяя.

«Чаго сумуеш?» – пытаецца яна ў вужа. А той і кажа: «Так і так» – пра няшчасце сваіх дзетак. Змяя зларадасна ўсміхнуласа ды кажа: «Не плач, я табе зараз дапамагу».

Не паспеў і азірнуцца вуж, як змяя – шусь на падворак ды ў сялянскую каморку. У каморцы якраз стаялі гладышы з малаком.


Падпаўзла яна да аднаго гладыша, узняласа над ім, разявіла пашчу і ўпусціла ў яго кроплю атрутнага яду. Потым падпаўзла да другога, трэцяга, чацвёртага і кожны з іх атруціла. Анямелы ад жаху вуж не толькі ня змог з сябе слова, але проста аслупянеў на парозе, на змяіныя злачынствы гледзячы. А тая жвава перапаўзла цераз парог на падворак. Сыкнула вужу: «Вось я і адпомсціла за тваіх дзетак!» – ды шмыгнула з падворка зноў у пушчу.

Якраз у той час у хаце была гаспадыня і праз шчылінку ў дзвярах да каморы бачыла, што ўчыніла змяя гадзюка. Зачыніла яна моцна на засаўку камору і пайшла шукаць мужа, каб сказаць яму пра ўбачанае. Ажно на падворак увайшоў сам гаспадар, заўважыў, чым гуляюць дзеці, ды зараз жа загадаў: — Асцярожненька збярыце і занясіце ўсе яйкі туды, адкуль іх узялі. Дзеці паслухмяна сабралі свае незвычайныя за- баўкі ды занеслі на прызбу.

— А цяпер закапайце іх у лісце і кастрыцу так, як яны ляжалі раней. Дзеці зрабілі ўсё так, як ім было сказана. Тады бацька і кажа ім: — Гэта яйкі нашага вужа. Ён закапаў іх у прызбе на тое, каб праз некалькі дзён з кожнага яечка вылупілася маленькае вужанятка. Вось таму і нельга чапаць іх, нельга крыўдзіць вужа. Вуж жа, убачыўшы, што яго яйкі ўратаваныя, адразу кінуўся да каморы. Але дзверы былі моцна зачынены. Ён, знайшоўшы мышыную норку, праціснуўся цераз яе ў камору і пачаў выварочваць гладышы з атручаным малаком. Вывернуў адзін, вывернуў другі, трэці, а калі падпаўзаў да чацвёртага, дзверы раптам адчыніліся, і на парозе каморы з’явіліся гаспадар з дзецьмі. Вуж нават і не заўважыў, як пільна і з якой удзячнасцю глядзела на яго ўся сям’я.

І нездарма ж па сёлах, што параскіданыя вакол Белавежскай і Лядскай пушчаў, людзі кажуць: «І самы люты звер за дабро дабром дзякуе».



Крыніца: Беларуская літаратура : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / А. І. Бельскі, Л. К. Цітова. — 2-е выд.

Report Page