Дайджэст. Частка 3
Валер ЛітвінчукЯшчэ дваццать згуляных настолак.
Pies
Не самы звычайны, але не і не самы наварочаны трык-тэйкінг ад AllPlay. Тут няма масцей - толькі лічбы. Тэматычна - вы збіраеце інгрыдыенты для пірагоў. Кожны ход усе гульцы гуляюць па карце і потым разбіраюць іх у парадку старшынства карт, якіх яны выклалі. На некаторых картах ёсць "рэцэпты" - наборы, якія вы павінны скінуць, каб атрымаць пераможныя пункты. Не спадабалася, што можна красці чужыя інгрыдыенты (але ёсць сабака, які дапаможа іх абараніць). Спадабаліся жэтоны Пірагоў, якія дадаюць да наміналу вашай карты акурат 3,14.

Bacon
Зноў трык-тэйкінг, зноў ад AllPlay, і нават зноў пра ежу. Гэтым разам гатуем сняданак, але каго я падманваю - гэта чарговая гульня калодай карт з лічбамі і масцямі. Знаўцы трыкоў скажуць, што гэта насамрэч ладэр-клаймінг - знаёмая шмат каму механіка з гульні Scout, калі больш моцнай камбінацыяй карт трэба "пабіць" слабейшую. Асноўная фішка Бекона - камандная гульня, але мы гулялі ўтраіх, таму каманд у нас не атрымалася. Але ўсё адно - мне зайшло, бо ладэры я люблю больш за звычайныя трыкі. Астатнія ж мае супартыйцы пакінулі больш прахалодныя водгукі.

St. Patrick
Уважлівы чытач можа нават па назве здагадацца аб жанры гэтай гульні, бо у імені Патрык ёсць слова трык. Тут маем цікаўны падзел кожнага раўнда на дзве часткі, калі ў першай мы драфцім спецыяльныя токены, якія дапамогуць нам трохі пазней, а ў другой гуляем той самы трык-тэйкінг. І з першага погляду ўсё падаецца даволі звычайным - чатыры колеры, лічбы ад 1 да 9, гуляй карту, а астатнія павінны трапіць у масць. Але ёсць нюанс - кожная сямёрка, акрамя зялёнай, і ўся чорная масць - гэта адмоўныя пункты, бо сама гульня ідзе на страту пераможных пунктаў, а не на набор. І абараніцца ад дрэнных карт дапамагаюць тыя самыя жэтоны, якія мы драфцілі ў самым пачатку. У гульні вельмі дрэнна напісаныя правілы, яна мае шмат нюансаў, але ня гледзячы на гэта, яна мне падалася даволі цікавай.

Narcos: The Board Game
Ведаю, што лічыцца быццам гэтая гульня правалілася - не трапіла нават у першыя тры тысячы на БГГ, прадаецца за капейкі на барахолках і амаль ніколі не з’яўляецца ў сацыяльны сетках. Але ня гледзячы на тое, што да гэтай партыі я амаль пяць год не здымаў яе з паліцы, я ўсё адно не збіраюся пазбаўляцца ад яе. Не менш, чым першакрыніца, менавіта серыял пра Пабла Эскабара, мне падабаецца і асноўная механіка - hidden movement, то-бок схаваны рух. Насамрэч "руха" тут лічы, што няма - Эскабар проста аддае каманды сваім "сікарыё", якія робяць усю справу. І вось тое, наколькі далёка далятае чарговы ягоны загад, і робіцца той самай інфармацыяй, якая дазваляе выкрыць месца, дзе сядзіць Пабла. Я не ведаю, чым гульня там правінілася перад кам’юніці, але па-ранейшаму лічу яе добрым пракладам жанру "адзін супраць усіх".

Vinhos: Deluxe Edition
Працягнуў катаваць сябе Ласердай. Гэтая гульня запомнілася менавіта праз тэму, бо атамасфера - гэта вядома ж найслабейшы момант у гульнях Вітала, але тут я нават штосьці адчуў. Аўтар паспрабаваў адлюстраваць увесь працэс прафейсінай дзейнасці партугальскага вінароба - ад набыцця вінаграднікаў да вытворчасці віна, ад будавання вінакурні да найму фермераў і гэтак далей. І хаця ў Стэгмаера з ягоным Вінаробствам гэта атрымалася значна лепш, я б не адмовіўся згуляць яшчэ раз у Віно, шчыра кажучы.

The Gallerist
У працівагу вышэй згаданаму Віну, Галерыст адчуваўся для мяне найбольш астрактным з усіх маіх досведаў з ласердаўскімі гульнямі. Я нават прыгадаць не магу, што рабіў тэматычна - здаецца валодаў мастацкай галерэяй, клікаў туды наведвальнікаў і нешта на гэтым зарабляў. Магчыма так, а магчыма і не. Магу толькі ўпэнена згадаць, што гэтая гульня адчувалася найбольш простай сярод ужо пяці згуляных мной у аўтара.

Sea Dragons
У першую чаргу ўзяў гэтую гульню праз прозвішча мастака, якое змешчана на каробке. Не памятаю, ці казаў некалі, што Уэберсан Санцьяга робіць сёння адны з найцікавейшых ілюстрацый у індустрыі? Калі не, то кажу зараз. І магчыма таму, я нават не звярнуў увагу на другое вядомае прозвішча побач, а менавіта Сімона Лучані, які з’яўляецца адным з аўтараў гульні. І канешне, згуляўшы ў Марскіх Цмокаў, можна без сумневаў зразумець, што Лучані тут зноў выключна каб павялічыць продаж. Сама ж гульня - гэта неблагі абстракт, з цікаўнай канцэпцыяй, калі вам патрэбна выкладваць сваіх цмокаў, маючых розныя складаныя формы, не кранаючыся чужых частак, і адначасова разумець, што гульня ўсё ж такі арэа-кантрол, дзе вам наадварот хочацца напхаць сваіх фігурак як мага больш на адной тэрыторыі. Гулялася даволі бодра, але якога-небудзь ваў-эфекта не заўважыў.

Feudum з дадаткамі Rudders & Ramparts, Seals & Sirens, Windmills & Catapults, Squirrels & Conifers
Магчыма шмат хто палічыць мяне вычварэнцам, але я на самой справе люблю распавядаць правілы Феоду і глядзець, як акругляюцца вочы маіх супартыйцаў. Калі хто не ведае, то Феод - адна з найскладанейшых гульняў у маёй калекцыі. Прычым складаная не праз комплексныя дзеянні ці падлікі, а менавіта праз даволі аб’ёмны рулбук, які вельмі багаты на шматлікія нюансы і дробязі. Гэты раз не быў выключэннем, тым больш, што я дадаў адразу ўсе існуючыя дадаткі, таму і гуляць мы пачалі толькі праз дзве гадзіны пасля таго, як селі за стол. Вынікі мяне не здзівілі - па-ранейшаму толькі я лічу Феод годным настольным творам. Усе ж мае супернікі не ацанілі ні створанага аўтарам сусвета, ні ўласна гульнявога працэсу.

La Granja: Deluxe Master Set
Маю ў калекцыі старую версію, але трэба ж было паспрабаваць і новую. Нават дзеля таго, каб узгадаць, як яно было раней, адкаталі звычайную партыю, і толькі потым дадавалі розныя модулі, якіх у дэлюкс накідалі, калі не памыляюся, больш дзесятка. Гульня, як і шмат год таму, не адчуваецца чарговым карычневым еўра, як мінімум праз даволі агрэсіўны арэа-кантроль, хоць гэты самы момант мне і не вельмі падабаецца. А што падабаецца, так гэты мульці-карыстанне картамі. Рабі прыбудовы, павялічвай ураджай, майструй павозкі - і ўсё гэта аднымі і тымі ж картамі. У цэлым добрая гульня.

Kabuto Sumo
Здаецца, сярод трушных настольшчыкаў не прынята добра адклікацца пра дэкстэрыці гульні. Але я не саромеюся свайго жадання чарговы раз праверыць уласную спрытнасць. У адрозненні ад усім вядомых Джэнг і яе клонаў, тут трэба даволі павольна выпіхваць з рынга драўляныя дыскі, якія атаясамліваюць жукоў-рэслераў. Клёвая тэма, круты прадакшэн, другі мой улюбёны ілюстратар Кванчай Морыя, але ёсць адзін істотны мінус - гульня можа зацягнуцца і ператварыцца ў бясконцае перацягванне канату. Таму пакуль чакаю новую версію і спадзяюся ўжо хутка паглядзім, што аўтары там пафіксілі.

Zoo Vadis
Мяне цяжка назваць аматарам Райнера Кніцыі, хоць і ёсць некалькі гульняў, якія я насамрэч лічу шыкоўнымі. Звычайна ягоны почырк пожна пазнаць па выразнай матэматычнасці - недарэмна ж ён прафесар матэматыкі. Але Zoo Vadis зусім не падобная на ўсё, што я бачыў раней. Гэта гульня будуецца выключна на перамовах. То-бок там амаль няма звычайных настольных механік. Усё, што патрэбна, гэта пераканаць тваіх супернікаў падзяліцца з табой сваім голасам. Ой, я ж здаецца не распавёў пра сэтынг! Жывёлы ўзялі заапарк пад свой кантроль і намагаюцца, перасоўваючыся па чужых вальерах, дайсці да галоўнага. А каб мець такую магчымасць, якраз і патрэбныя тыя самыя галасы, бо апынуцца ў наступным вальеры можна толькі пры згодзе большасці жывёлаў у цяперашнім. Вось тут і спатрэбяцца вашыя здольнасці да перамоваў. Мне спадабалася (і гэта нават не таму, што я перамог 😅).

Return to Dark Tower з дадаткам Alliances
Напэўна не для каго не будзе сакрэтам, што гэтую гульню ацэньваюць менавіта праз недасягальны ўзровень прадакшэну. Здавалася б, звычайная "Пандэмія", але вежа ўсё выцягвае. І я таксама далучуся да ўсіх, каго знешні выгляд гульні не пакінуў раўнадушным. У астатнім гэта тыповы кааператыў, які насамрэч мне нагадаў тую самую гульню, дзе трэба ратаваць планету ад вірусаў. Адзіны істотны мінус для мяне - даўжыня партыі. Для такой у цэлым простай гульні 5 гадзін выглядае занадта.

Voidfall
Не навінка для мяне, таму планаваў, што з кожнай партыей гульня будзе станавіцца хутчэй, але ўсё роўна не атрымліваецца менш за 4 гадзіны на партыю. Што ж тычыцца самой гульні, то яна па-ранейшаму мне падабаецца за адным выключэннем - і гэта дэтэрмінаваныя баі. Хацелася хаця б трошкі кубоў ці прыхаваных карт моцы.

Lunar
Вельмі цікавы камандны трык-тэйкінг, які трэба гуляць выключна ў рэжыме 2 на 2. Кор-механіка тыповая для трыкоў, дзе ёсць звычайныя ўзяткі, правіла must follow і вось гэта ўсё. Але галоўная кілер-фіча - гэта дэканструкцыя карты на колер і лічбу паасобку. То-бок твой напарнік гуляе напрыклад карту, якая задае масць, а ты ўжо павінен абраць лічбу і наадварот. Вядома ж усё гэта прыпраўлена абмежаваннем на камунікацыі. Карацей кажучы, топавы трык!

9 Lives
Ух, пяты трык у адным дайджэсце! Але тут казаць шмат не буду, бо мяне не моцна ўразіў, калі шчыра. Усё даволі звычайна, акрамя часткі, дзе робіцца стаўка на колькасць узятак: поле - гэта дыванік, токены - гэта коткі, і вы раскладваеце котак уздоўж гэтака самага дываніка, закрываючы адну ці некалькі ставак. Мне ж не вельмі спадабалася менавіта праз тое, што не люблю механіку прэдыктаў. Ніколі не магу абраць слушную колькасць.

Spectral
На гэтую гульню мой позірк патрапіў праз маю зацікаўленнасць маленькімі індзі-выдаўніцтвамі. Гэтым разам гаворка пра Bitewing Games - трохі вышэй узгаданая Zoo Vadis і яшчэ адна гульня з будучага агляду дакладна застануцца ў маёй калекцыі. А вось на конт Spectral я не ўпэўнены. Гульня ўяўляе сабой арэа-мажорыці з асноўным дэдуктыўным складнікам. На агульным поле пры дапамозе ўласных паляўнічых за скарбамі, вы будзеце падглядваць ў закрытыя карты і знаходзіць альбо тыя самыя скарбы, альбо нешта дрэннае. Як шукаць мы хутка зразумелі, але як скарыстацца ведамі і асабліва як блефаваць - не атрымалася. Але дакладна ёсць жаданне даць гульне другі шанец - не дарэмна ж сам Том Уэсэл восем з паловай балаў паставіў.

Spots
Здаецца, я быў апошнім, хто пазнаёміўся з гэтай гульнёй. Просты і сімпатычны філер на кубах з push-your-luck механізмам. Планавалася, што стане альтэрнатывай для вельмі мной паважанага Лас Вегаса, але не атрымалася. Партыя атрымалася не вельмі цікавай і не такой азартнай, як я чакаў. Таму гульня ўжо нават прададзеная.

Knarr
Як часта са мною бывае, менавіта праз візуальны бок гэтая гульня трапіла на мае радары - яна даволі часта мільгала ў стужцы настольнага інстаграма. Таксама як і папярэднія Spots, шмат кім ужо была апрабаваная на BGA. Я ж даволі доўга чакаў сваю фізічную копію. Нарэшце дачакаўся і не расчараваўся. Здавалася б звычайная гонка з сэт-калекшанам, але нешта ў ёй усё ж такі ёсць.

Tiger & Dragon
Магчыма адзіны існуючы вялікі Оінк. Доўга не хацеў купляць менавіта праз памер - хтосьці скажа пра АКР, але мяне трохі бянтэжыла, што гульня выбіваецца з прывычнага "памернага раду". Яшчэ і візуальна яна чамусьці мне нагадвала Маджонг, што таксама не спрыяла жаданню яе паспрабаваць. Але ж нарэшце мяне пераканалі і, як аказалася, не дарэмна. Не ведаю чаму, але адчуў вайбы даміно, хаця з агульнага тут толькі механіка кіравання рукой. Здаецца тут ёсць яшчэ модны сёння камандны рэжым, але мы гулялі ў базавы. І нават у такім варыянце гульня пакінула вельмі станоўчыя ўражанні.

12 Chip Trick
Апошні трык у гэтай справаздачы (таму што і гульня апошняя ў дайджэсце 😅). Вельмі прастая, але адначасова элегантная гульня на ўзяткі. Дзякуючы назве, вы магчыма ўжо здагадаліся, што пад час партыі выкарыстоўваецца літаральна 12 покерных чыпаў. З не вельмі звычайнага для жанру - тут ёсць правіла "may follow", бо масцей амаль што няма. То-бок скінуліся па чыпу, пачынаючы з таго, хто згуляў найбольшы намінал, разабралі жэтоны назад. Хітрасць жа ў тым, што спачатку трэба забраць "сярэднія" чырвоныя чыпы і адначасовы не перакрочыць "згараемую" суму ў 21 пункт. Вельмі крута і азартна!

Ну як вам чарговая дваццатка? Нешта цікавае пабачылі?