«Дадатковае абследаванне дачцэ так і не зрабілі…»

«Дадатковае абследаванне дачцэ так і не зрабілі…»

Народная Воля

Бацька зняволенай журналісткі Ксеніі Луцкінай распавёў «Народнай Волі», што яго дачку перавезлі з Мінска ў СІЗА Гомеля.

Нагадаем: Ксенію Луцкіну, якая ў 2020 годзе працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, абвінавачвалі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Паводле версіі следства, яна ўвайшла «ў склад так званай «Каардынацыйнай рады» і «ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ», займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання».

За час знаходжання за кратамі ў Ксеніі Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу – у 2014 годзе жанчыне зрабілі аперацыю і выдалілі дзве пухліны ў галаве.

28 верасня Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналістцы 8 гадоў зняволення.

– Пасля вынясення прысуду мне дазволілі спатканне з Ксенія ў СІЗА на Валадарскага, – кажа Алег Луцкін, бацька журналісткі. – А 25 кастрычніка яе перавезлі з Мінска ў СІЗА Гомеля, дзе яна і будзе чакаць разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе.

– Як зараз самаадчуванне дачкі?

– Са здароўем усё кепска. Хвароба не адступае, таму ў яе пастаянныя галаўныя болі, трасуцца рукі і ногі.

Яшчэ калі была ў Мінску ў СІЗА, Ксеніі абяцалі дадатковае медыцынскае абследаванне, але абяцанні так словамі і засталіся. Сказалі: магчыма, у Гомелі зробяць МРТ. Адным словам, можа, зробяць, а можа, і не зробяць…

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

Публікацыя з № 88 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.




Report Page