Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: крымінальная справа Георгія Лукашэвіча
Віталь АніськаСерыю матэрыялаў да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі, якое адзначаецца сёлета, пачынаю крымінальнай гісторыяй з жыцця Георгія Лукашэвіча, які быў другім па ліку яе старшынёй.
2 ліпеня 1923 года рашэннем Савета Народных Камісараў БССР быў створаны Вышэйшы савет фізічнай культуры Беларусі – папярэднік цяперашняга Міністэрства спорту і турызму. Ён працаваў на правах пастаяннай камісіі, у склад якой уваходзіла па аднаму прадстаўніку ад пяці наркаматаў, Мінгарсавета, камуністычнай партыі, камсамола і прафсаюзаў. Штатнымі работнікамі былі толькі намеснік старшыні, адказны сакратар, некалькі інспектараў, справавод і машыністка.
У 1924 годзе адказным сакратаром ВСФКБ стаў Георгій Лукашэвіч (такое імя ўжывалася ў бухгалтарскіх дакументах, у газетах яго пазней называлі Рыгорам). Біяграфічных звестак Лукашэвіча пакуль не знойдзена. Вядома, што акрамя асноўнай працы, ён судзіў рэспубліканскія спаборніцтвы па розных відах спорту, выступаў з артыкуламі ў друку, быў адным з рэдактараў выдання ВСФКБ «Фізкультурнік».
У пачатку 1926 года Лукашэвіч атрымаў грамадскую нагрузку – ён змяніў Радзівона Шукевіча-Траццякова на пасадзе старшыні цэнтральнай шахматна-шашачнай секцыі Беларусі, якая дзейнічала пры ВСФКБ.
Праз некалькі месяцаў «Зьвязда» пісала, што шахматная і асабліва шашачная гульні значна пашырыліся ў беларускай вёсцы, нават былі праведзены турніры вясковых гурткоў па шашках.
Усяго на сярэдзіну 1926 года ў Беларусі налічвалася 65 шахматна-шашачных гурткоў, якія ахоплівалі 3440 чалавек.
Галоўнай падзеяй года мусілі стаць Усебеларускія шахматна-шашачныя спаборніцтвы, у рамках якіх планавалася правесці чэмпіянаты рэспублікі і камандныя турніры гарадоў. Але з-за рэжыму эканоміі, уведзенага ў Савецкім Саюзе, шашачныя спаборніцтвы былі адменены, і прайшло толькі шахматнае першынство.
Аднак прабыў старшынёй секцыі Лукашэвіч нядоўга. 30 лістапада 1926 года адбылося чарговае паседжанне прэзідыума ВСФКБ. Адзін з пунктаў парадку дня быў засакрэчаны. Верагодна, ён тычыўся дзейнасці адказнага сакратара Лукашэвіча. Бо ўжо 5 снежня шахматна-шашачная секцыя звяртаецца да ВСФКБ з просьбай знайсці новага старшыню (ім праз два дні быў назначаны Шукевіч-Траццякоў). Што ж адбылося з Лукашэвічам?
Часткова адказ на гэтае пытанне знайшоўся ў пратаколе паседжання прэзідыума ВСФКБ ад 21.12.1926.
Пункт 129. Аб прыёме спраў ад тав. ЛУКАШЭВІЧА.
Слухалі:
Тав. ЛЕЎ інфармуе аб становішчы інвентару і грашовых спраў, прынятых ад тав. ЛУКАШЭВІЧА.
Адначасова зачытвае акт прыёму спраў, у якім адзначана становішча спраў і наяўнасьць інвентару.
У адносінах грашовай часткі маецца запазычнасьць ад тав. ЛУКАШЭВІЧЫМ непасрэдна Савету ў ліку 165 рублёў, якія ён атрымаў на розныя патрэбы і не адчытаўся.
Акрамя запазычнасьці Савету тав. ЛУКАШЭВІЧ маець запазычнасьць перад ВСФК РСФСР – 215 рублёў, Белмедторг – 75 рублёў, ЦРК – 23 руб. 50 кап. На гэты сродкі тав. ЛУКАШЭВІЧ выдаў даведку аб тым, што апошнія зьяўляюцца яго асабістай запазычнасьцю і не маюць ніякіх адносін да ВСФКБ.
Пастанавілі:
Прапанаваць тав. ЛУКАШЭВІЧУ ў тыднёвы тэрмін пакрыць запазычнасьць у супраціўным выпадку гэту справу перадаць у судзебныя ўстановы.
Пункт 131. Бягучыя справы.
в) Заява тав. ЛУКАШЭВІЧА аб выдачы яму 150 рублёў кампенсацыі за нескарыстованы водпуск у 1925-26г. і выхаднога пасобія.
Пастанавілі:
Лічыць магчымым выплату тав. ЛУКАШЭВІЧУ 100 рублёў за нескарыстованы водпуск.
Выхаднога пасобія не выдаваць прыймаючы пад увагу тое, што тав. ЛУКАШЭВІЧ быў паведамлен за 2 тыдня да звальнення ад працы.
А поўную карціну таго, што адбылося, беларуская прэса дала толькі праз два гады, якія Лукашэвіч, як аказалася, правёў у Баку.
30 лістапада 1928 года ў газеце «Зьвязда» выйшла невялікая зацемка пад назвай «Арышт “фізкультурніка” Лукашэвіча»:
Пракуратурай скончана сьледзтва па справе б. адказнага сакратара ВСФКБ Лукашэвіча. Будучы сакратаром з 1924 па 1927 год Лукашэвіч растраціў 2.000 руб. Па яго нядбайнасьці згінулі яшчэ 3.000 руб. У 1927 годзе ён уцёк з Менску. Апыніўся Лукашэвіч у Баку, дзе ён паступіў інструктарам Асоавіяхіму. У момант арышту высьветлілася, што Лукашэвіч растраціў яшчэ 1.600 рублёў, якія належаць Бакінскаму Асовіяхіму. Справа Лукашэвіча будзе слухацца ў Менску.
Сумы былі вялікімі: у чэрвені 1926 года за працу ў ВСФКБ Лукашэвіч атрымаў на рукі 100 рублёў.
Пра вынікі суда распавяла газета «Савецкая Беларусь» у пачатку 1929 года:
Рыгор Уладзімераў Лукашэвіч 24 лістапада 1924 года, як адказны сэкратар Вышэйшага Савету Фізычнае Культуры Беларусі, атрымаў аванс 3000 р. на закупку ў Маскве лыж, пратрымаў гэты аванс месяц у кішэні і заместа таго, каб перавесьці ў Маскву праз касу Наркамфіну, палажыў грошы ў партфэль і накіраваўся ў Маскву. На станцыях і ў буйных гарадох па шляху да Масквы Лукашэвіч выходзіў з цягніка, наведваў буфэты, а, урэшце, у Маскве згубіў партфэль з авансам.
У 1925 і 1926 гадох Лукашэвіч, ня гледзячы на зробленае ім злачынства, служыў адказным сэкратаром і ў моц службовага становішча зноў атрымаў 75 р. пазыкова з Белмэдгандлю, аванс на пабудову пляцоўкі пры садзе “Прафінтэрн” 265 р. і на правядзеньне курсаў па фізкультуры 1682 р. 50 к., але грошы гэтыя па належнасьці не расходваў, а растраціў.
2 лютага 1927 г. Лукашэвіч з пасады адказнага сэкратара быў зьняты. Распачалося па справе сьледзтва, але Лукашэвіч не сумаваў і падрабіўшы подпіс намесьніка старшыні савету фізкультуры Цэйтліна – і сфабрыкаваўшы гарантыю, Лукашэвіч атрымаў у Менскакрсаюзе паляўнічую стрэльбу, разьвітаўся з Менскам, парушыў дадзеную падпіску аб нявыезьдзе да суду з Менску і накіраваўся ў Баку, дзе адразу прыстасаваўся інструктарам Бакінскага райсаюзу ТДА-Авіяхіму.
Як інструктар, Лукашэвіч і на новай працы меў справу з грашыма і праз некаторы час прагуляў яшчэ 1637 руб. і зноў хацеў зьмяніць сваё жыхарства, але яго затрымалі і аддалі суду.
Нарсуд г. Баку засудзіў Лукашэвіча на тры гады зьняволеньня і накіраваў Лукашэвіча ў Менск расквітвацца за авансы перад Менскім акруговым судом.
Справа Лукашэвіча разгледжана і Менскі акруговы суд прыгаварыў Рыгора Лукашэвіча на пяць год зьняволеньня з суровым адмежаваньнем без дастасаваньня амністыі, акрамя таго суд прысудзіў з Лукашэвіча на карысьць Белмэдгандлю 75 р., саюзу Менахоты 80 руб. і на карысьць дзяржавы 2048 р. 16 к.
Як склаўся далейшы лёс Георгія Лукашэвіча, невядома.
Да 100-годдзя з часу заснавання шахматна-шашачнай секцыі Беларусі: пачатак.