Сяргей Цяцерын
@harbatsevichГісторыя поспеху Сяргея Цяцерына наўрад ці б адбылася, калі б у экс-прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына не было «свайго» трэнера па тэнісе — Шаміля Тарпішчава.

Звычкі Масквы пераймаў і Мінск, таму ў Аляксандра Лукашэнкі таксама з'явіўся персанальны тэнісіст Сяргей Цяцерын, які потым раскрыўся яшчэ і як асабісты масажыст.
Увайшоўшы ў бліжняе кола Лукашэнкі, Цяцерын стаў атрымліваць дзяржаўныя пасады, брутальным чынам вучыў чыноўнікаў менш піць і больш часу прысвячаць дзяржаўным справам, а таксама ўзначаліў федэрацыю тэніса і з такой работай атрымаў уваход у міжнародныя тэнісныя колы, дзе калі-нікалі, а сустракаюцца асобы каралеўскай крыві.
Стаў уплываць на дзяржаўныя справы. Зрэшты, гісторыя ведае прыклады, калі важныя палітычныя рашэнні нараджаліся ў балбатні за масажным сталом (напрыклад, Фелікс Керстэн).

У бізнэс-колах такіх людзей, як Цяцерын тых часоў, называлі «хóдамі».
«Ходамі» да Лукашэнкі. Камусьці трэба вырашыць праблему? Распачаць бізнес? Шукай «хода», уручай яму дакументы на подпіс і тлумач, якім чынам ён можа пераканаць. На якіх умовах ён гэта зробіць — гэта ўжо іншае пытанне.
Злыя языкі кажуць, што калі Цяцерын зачасціў з такімі просьбамі за іншых, то Лукашэнка яму кінуў: «Ну што, усё ж купілі цябе твае бізнэсмены?».
З часам Цяцерын і сам захацеў займацца бізнэсам, наняў разумеючых людзей. У яго сітуацыі стаць паспяховым бізнесменам не было праблемай — для Лукашэнкі больш каштоўныя блізкія людзі, нават хакейны трэнер Дзмітрый Баскаў будзе мець больш уплыву на дзяржаўныя рашэнні, чым міністр спорту, бо вучыць сына Мікалая кідаць шайбу. Міністра можна мяняць хоць кожны месяц і мала што зменіцца, а Баскавых, якія ўвайшлі ў бліжняе кола, не будзеш мяняць часта. Гэтак жа з Цяцерыным.

Цяпер яго бізнэс-інтарэсы надзвычай шырокія. Ён паспеў пакінуць след і ў мэблевай сферы, і ў продажы прадуктаў і алкаголю, і ў рэстаранным бізнэсе.
Тэлевізійшчыкі лічылі Цяцерына адной з галоўнай сваіх праблем, бо ён доўгі час здымаў вяршкі з рынку тэлерэкламы. Кіраўніцтва каналаў з дапамогай Міністэрства інфармацыі доўгі час спрабавала перанакіраваць фінансавыя плыні бліжэй да каналаў, каб зарабляць больш і рабіць больш уласнага кантэнту. У выніку гэта збольшага атрымалася, праўда, на якасць кантэнта наўрадці паўплывала.
Кажуць, Цяцерын ледзь не выпаў з абоймы ў 2020-м пасля таго, як яго дачка падтрымала рух за дэмакратыю, а яго таварышы з асацыяцыі ветэранаў КДБ звярнуліся да кіраўніцтва сілавых органаў з патрабаваннем спыніць гвалт. Але абышлося — здолеў пераканаць, што за дзеянні сяброў не адказвае.