Cусветны рэкорд адначасовай гульні ў шашкі ў Мінску
Віталь Аніська6 сакавіка 1935 года ў Мінску быў усталяваны сусветны рэкорд адначасовай гульні ў рускія шашкі. Чэмпіён СССР Ігар Цімкоўскі правёў сеанс на 125 (!) дошках.
У Мінск адзін з самых яркіх савецкіх майстроў прыехаў у пачатку сакавіка і за два дні да рэкорднага сеанса прачытаў лекцыю ў цэнтральным рабочым шахматна-шашачным клубе.
У канцы 1932 года Цімкоўскі ўжо наведваў сталіцу Беларусі. Яго запрасілі прыняць удзел у чэмпіянаце рэспублікі. Масквіч, які гуляў па-за конкурсам, перамог з адрывам у адно ачко, хаця прайграў віцебчаніну Барысу Берлінкову.
Аднак вернемся да сеанса 6 сакавіка. Вось што пісала газета «Чырвоная змена»:
Цімкоўскі гуляе вельмі хутка, а там, дзе ён задумваецца, ідуць галаваломныя цудоўныя камбінацыі, і яго сапернікі аказваюцца адразу ў пройгрышных сітуацыях. Аднак толькі пасля двухгадзіннай гульні Цімкоўскі выйграе першую партыю ў рабочага завода імя Варашылава тав. Платкава.
Барацьба працягваецца, і ў некаторых партыях майстар стаіць ужо на пройгрыш. Пасля трох часоў гульні Цімкоўскі прайграе першую партыю 12-гадоваму піянеру, вучню 5-й школы Ізе Рубіну.
На момант удзелу ў сеансе Цімкоўскага Ізя меў другую катэгорыю. Ён прыйшоў у шашачную секцыю, якую вёў майстар Гардон, у 7-гадовым узросце.
Сеанс, які праходзіў у актавай зале Вышэйшага педагагічнага інстытута, доўжыўся 5 гадзін 15 хвілін і закончыўся з лікам 104½ : 20½ (+91 –7 =27) на карысць майстра.
Да 55-годдзя з дня правядзення сеанса мінскі шашачны журналіст Барыс Агашын паразмаўляў з былым піянерам Рубіным, які ўжо стаў Аляксандрам Якаўлевічам (прыводжу частку гутаркі па часопісу «Шашкі»):
Мастер Тимковский остался в моей памяти высоким худощавым симпатичным мужчиной с чуть вьющейся рыжеватой шевелюрой, одет был в строгий серый костюм. Сеанс он проводил виртуозно, быстро переходя от столика к столику. Кое-кто пытался сжульничать, снимая его шашки с доски или подставляя себе лишнюю. Но в этом случае мастер произносил «вы что-то здесь сделали» и рукой смахивал все шашки.
Помню, что наша партия проходила в позиционном стиле. Она, естественно, не сохранилась, а жаль. Мне удалось первым победить грозного соперника. После окончания партии Тимковский любезно поздравил меня с победой и пожелал дальнейших успехов. Поздравили друзья, товарищи, а тренер Гордон по-отечески обнял меня.
Не сустракаў інфармацыю пра гэты сеанс у кнігах Аркадзя Ракітніцкага, які шмат пісаў пра гісторыю шашак у Беларусі і хутчэй за ўсё сам прымаў у ім удзел. Магчыма, прычынай быў арышт Цімкоўскага ў 1938 годзе.
20 верасня на першай паласе шахматна-шашачнай газеты «64» выйшаў разгромны ананімны артыкул «За чысціню звання савецкага майстра», у якім сцвярджалася, што трое ўдзельнікаў нядаўна прайшоўшага ў Кіеве чэмпіянату СССР – Цімкоўскі, Цюнеў і Гіляраў – выкарыстоўвалі сваё знаходжанне на турніры для п'янства і гулянак. Паведамлялася, што рашэннем Усесаюзнай секцыі Цімкоўскі «за маральнае разлажэнне» пазбаўлены звання майстра і выключаны з шэрагаў савецкай шахматна-шашачнай арганізацыі. Цюнева і Гілярава дыскваліфікавалі на два гады.
Што насамрэч адбывалася на тым чэмпіянаце, мы ўжо не даведаемся. Па словах відавочцаў, Цімкоўскага мучыў зубны боль. Ён прапускаў туры, потым наганяў, даігрываў, лячыўся.
Неўзабаве Цімкоўскага арыштавалі. Далейшы яго лёс дакладна невядомы. Па ўспамінах савецкага шахматыста Б. С. Вайнштэйна, апублікаваных С. М. Гарбачовым, прычынай быў «канфлікт з органамі правапарадку, але не палітычная рэпрэсія. Вам магу сказаць даверліва, не для друку – ён патрапіў у дрэнную кампанію, стаў піць і здзейсніў растрату. Тэрмін яму далі невялікі /адносна/, але калі і як ён вярнуўся – я не ведаю».
Дагэтуль невядомы ні час, ні месца гібелі Ігара Цімкоўскага. Меркавана, адбылося гэта ў 1941 годзе.