Чужы шлях да свайго шчасця

Чужы шлях да свайго шчасця

Паўлінка

«Наступная літаратурная сустрэча адбудзецца 30 верасня, прымеркаваная да дня нараджэння Ніла Гілевіча. Прыходзьце, сябры!». На гэтым артыкул у газету быў скончаны. Цяпер можна ісці спаць. Менавіта такім чынам праходзілі суботнія вечары Зоі ўжо некалькі гадоў. Яна была выпускніцай гімназіі, збіралася паступаць на факультэт журналістыкі. Дзяўчына адчувала сябе па-сапраўднаму шчаслівай гэтыя чатыры гады (менавіта столькі часу прайшло з пачатку яе творчага шляху ў журналістыку). Зоя актыўна ўдзельнічала ў конкурсах і збірала партфоліа.

У яе была цудоўная сям'я, лепшыя аднакласнікі і настаўнікі, адзінае, у чым Зоі не пашчасціла — гэта каханне. Мікіта вучыўся ў спартыўнай школе, вольны час праводзіў ці з сябрамі, ці з мячом. Гімназія Зоі і школа Мікіты часта праводзілі спартыўныя гульні паміж сабою, і вось падчас адной з іх дзяўчына і заўважыла яго, а потым неўзабаве стала даведацца пра яго ад агульных знаёмых усе больш, прычым не толькі пра сям'ю, вучобу, захапленні, але і факты ў псіхалогіі. Здавалася, што хлопец дзяліў людзей на дзве групы: каго ён ненавідзець і каго ён любіць. Аднак Зоя не трапіла ні ў першую, ні ў другую. Невядома толькі, чаму…

Дзяўчына вырашыла зрабіць больш рашучы крок насустрач. Сонечным вераснёўскім днём, калі ў паветры адчуваецца апошні подых лета, Зоя прыехала на ровары да Мікіты на дачу. Іх хаты стаялі ў пятнаццаці хвілінах язды. Дзяўчына, як сапраўдны журналіст (яшчэ сябры называлі яе ваенкарам за здольнасць хутка знаходзіць, ствараць якасную інфармацыю), даведалася, дзе ён жыве. Прыемны ветрык, ласкавыя дотыкі сонейка, дрэвы, што рыхтуюцца да стракатага ўбрання і ў цэлым асенні пейзаж дарылі неверагодную асалоду і караталі час. Будучая журналістка хацела прапанаваць Мікіце напісаць пра яго ў газету. Той быў перспектыўным футбалістам, а рэдакцыя якраз дала Зоі заданне — стварыць артыкул пра юнака ці дзяўчыну, у якіх ёсць дасягненні ў спорце. Ён быў падыходзячай кандыдатурай і шанцам Зоі адначасова.

Вось яна з хваляваннем падыходзіць бліжэй, сэрца пачынае біцца часцей. «Зараз ці ніколі. У нашай прафесіі без рашучасці нікуды, смялей кроч насустрач», — дзяўчына ўспамінала словы яе першай настаўніцы ў свеце журналістыкі Ганны Віктараўны. Менавіта яны, а таксама сіла кахання дапамаглі Зоі зрабіць рашаючы крок. Дзяўчына адчыніла вялізную цяжкую калітку, вышынёй, як і плот, пад два метры. Вакол было падазрона ціха, не рушыліся нават маладыя яблыні, на якіх было чамусьці шмат гнілых яблыкаў. «Дзіўна, у такое надвор'е, я думала, усе на вуліцы».

З хваляваннем журналістка наблізілася да саду і, аглядаючы яго, заўважыла страшнае, тое, што перавярнула яе жыццё і прымусіла цалкам змяніцца: у ценю, каля старых брудных дошак сядзеў Мікіта ў інвалідным крэсле і прабіваў чорным нажом футбольны мяч. У той момант было праткнута чымсьці незаўважным, але вострым і сэрца Зоі. Мікіта злосна паглядзеў на яе — дзяўчына нічога не магла прамовіць. Карыя вочы, у якіх блішчалі гнеў і раздражнёнасць, літаральна прымусілі Зою пайсці, але нават калі яна глядзела ўжо не на яго, а на кветкі, што былі каля яе хаты на коумбе, ці на восеньскае неба, ці на іншых людзей, у яе вачах ўсё роўна была вусцішная карціна: гнілыя яблыкі, старыя дошкі, праколаты мяч і… Ён у інвалідным крэсле.

Праз некаторы час Зоя даведалася, што Мікіце патрэбна складаная аперацыя. А ўсё з-за таго, што пасля чарговай тусоўкі футбаліст сеў за руль п'яным, сябар Алік застаўся з пераломам рукі, а самому Мікіце пашчасціла менш… Яму ў пазваночнік былі ўстаўлены нейкія дэталі, ленты і даставаць іх патрэбна было толькі чамусьці праз дванаццаць гадоў. І гэта адзіная надзея. Адзіны шанец.

Зоя цвёрда вырашыла, што павінна дапамагчы яму. Толькі як?

Праз некаторы час на рабочым столе дзяўчыны станавілася ўсё менш часопісаў, газет, чарнавікоў… Замест іх сталі з'яўляцца падручнікі па хіміі і біялогіі. За сабраныя ганарары Зоя купіла кнігі, звязаныя з медыцынай. І так пачаўся чужы шлях да свайго шчасця.

Гісторыя пра Мікіту збірала вакол сябе тым часам усё больш чутак, ад якіх хлопцу рабілася невыносна. Ён жыў толькі чаканнем аперацыі, якая павінна была вярнуць усё як раней.

Прайшло адзінаццаць гадоў. Зоя стала хірургам. Большасць яе знаёмых усё яшчэ былі ў шоку ад такога пераходу ад журналістыкі да медыцыны. Аднак нельга сказаць, што не засталося ў жыцці Зоі Аляксандраўны ні сляда ад яе мары: яна знаёмілася з іншымі спецыялістамі, пісала пра іх дасягненні.

Праз год да Зоі як да лепшага хірурга прывезлі і яго. Дзяўчына пазнала Мікіту: у гэтых вачах не было іскр той злосці, толькі бясконцая стомленасць. На яго руках было два шрамы. Рукі, навошта вы тады ўзяліся за руль?

Аперацыя прайшла паспяхова. Увесь гэты час Зоя была побач з ім, але нават не думала, што ён пазнае яе. Аднойчы Мікіта падслухаў размову двух медсясцёр, адна з якіх, мяркуючы па ўсяму, прыйшла ўладкоўвацца на працу, а другая ўводзіла яе ў «курс справы».

— Ходзяць чуткі, што Зоя Аляксандраўна магла стаць вядомым журналістам, аднак у адзінаццатым класе яна рэзка змяніла ўсё.

— Цікава, а як яе прозвішча?

— Альясава. Зоя Альясава.

Мікіта задумаўся: Зоя Аляксандраўна Альясава, хацела стаць журналісткай… Усё сыходзіцца! Ён хацеў… Хацеў сказаць ёй тады, што кахае, аднак бацькі сталі пераконваць, маўляў, не трэба з ёй звязвацца, яна ж прыехала з нейкай закінутай вёскі, мала што вядома пра яе сям'ю, ды і наогул… У той вечар ён раззлаваўся на бацькоў і паехаў да Зоі, пабачыў постаць, падобную да яе і… Далей усё было размытым: і думкі, і словы, і жыццё. Ён не мог ёй нічога сказаць і тады: бацькі Мікіты пераканалі сына, што ад Зоі могуць быць толькі праблемы і ён мусіў быў з імі пагадзіцца. А цяпер яна… Яна тут!

У дзень выпіскі ён прынёс ёй ліловыя астры. Мікіта не ведаў, з чаго пачаць размову, таму проста сказаў: «Ты ведала, што са старажытнагрэчаскай мовы астра — гэта зорка?»

А яшчэ менавіта астры цвілі тады, дванаццаць рокаў таму, калі Зоя падышла да хаты Мікіты з прапановай напісаць пра яго артыкул, якая так і засталася неагучанай. Ён не ведаў, колькі перажыла Зоя за гэты час, але ён адчуваў падзяку. Гэта прымусіла яго зрабіць крок, а потым яшчэ.

…Яны нерухома стаялі ў абдымках, вочы іх былі закрытыя. Восеньскі ветрык з расчыненага вакна пяшчотна дыхаў на дзве застыўшыя постаці, цяжар думак пачаў адпускаць, крыўды і боль пакрысе растаплівала сонца. Са стала ў гэты момант упала асадка — вельмі падобная да той, якой пісала Зоя дванаццаць год таму, калі марыла стаць сапраўднай журналісткай…


Report Page