Чорныя крылы Палесся

Чорныя крылы Палесся

Eugene Misiyuk

У гарачы чэрвеньскі дзень паветра дрыжыць на гарызонце ад марыва. Асфальт плавіцца. Нават вецер кароткімі павевамі, нібы з печкі, дзьмухае гарачынёю ў твар. Па небу марудна цягнуцца вялікія кучавыя воблакі. На прыдарожных слупах белыя буслы на гнёздах стаяць з выпрастанымі крыламі, закрываючы птушанят ад бязлітаснага сонца. Падаецца, што толькі ластаўкі не заўважаюць спякоту, ды з вясёлым шчэбетам мітусяцца ў паветры, пралятаючы небяспечна блізка каля рэдка праязджаючых аўтамабіляў. Уздоўж берагоў шматлікіх меліярацыйных каналаў рыбаловы засынаюць над сваімі вудамі, млеючы пад спякотным сонцам.

Квітнеючыя лугі Палесся

Палессе – гэта зялёнае мора без пачатку і канца. Тут усё зялёнага колеру: дрэвы, трава, вада. Уся гэтая палеская зеляніна сачыцца сакавітасцю і вільгаццю. Сапраўдныя трапічныя джунглі ў сэрцы Еўропы.

Зялёны - дамінуючы колер прыроды Палесся

Застаўляючы на дарозе свае аўтамабілі, нацягнута жартуем паміж сабой ці будуць тут пагранічнікі, калі мы павернемся з лесу. Тэрыторыя, якую мы збіраемся наведаць, знаходзіцца ў Драгічынскім раёне на мяжы з Украінай. Не пагранічная паласа, канешне, але ўсё роўна блізка. Да шпацыру рыхтуемся як да паходу ў джунглі: збіраем усе неабходныя рэчы ў заплечнікі, штаны ўвабраныя у шкарпэткі, абавязковы капялюш і запас вады.

Палессе - гэта сапраўдныя джунглі

Нягледзячы на надвор’е (вельмі горача) усе ў штанах і ў вопратцы з доўгімі рукавамі. У кожны свой прыезд у гэтыя мясціны я маю дачыненне з насякомымі. Сказаць, што іх шмат – нічога не сказаць, іх тут проста незлічонае мноства. Увайшоўшы ў лес, адразу маем дачыненне з усім, што лятае і п’е кроў: камары, слепні, мошкі ды кляшчы. Падаецца, што я да ўсяго ўжо звыклы, але, калі бачу як Юля ідзе праз лес у футболцы з кароткімі рукавамі, мароз па скуры прабягае. Юля – мясцовая, таму яе насякомыя не чапаюць, затое над Юрай, які ідзе перада мной, круціцца рой гнюсу.

Юля - мясцовы краевед і бясстрашная жанчыны. Па лясах і балотах ходзіць сама у кашульцы з кароткім рукавом

Спачатку ідзём старой зарослай лясной дарогай. Потым прадзіраемся скрозь густы падлесак вільготнага мяшанага лесу. Пад нагамі булькае і чмякае. Часам трапляецца аер. Навокал працуе птушынае радыё: паўсюль чуваць птушыныя песні.

Палескія рабінзоны

Праз некаторы час трапляем у сасняк і заміраем. На адной сасне, амаль у самай кароне дрэва гняздо, з якога злятае птушка і садзіцца на галіну бліжэйшай сасны. Прыглядаемся – шуляк-галубятнік. Драпежнік непакоіцца і крычыць. Каб болей не надакучваць птушцы, хутка пакідаем гэтае месца і накіроўваемся ў глыб лесу, далей на пошукі гнязда птушынага гаспадара тутэйшых лясоў.

Дзесьці ў кароне дрэва хаваецца шуляк-галубятнік

Бусел чорны (Ciconia nigra) – птушка з атраду буслападобных сямейства бусліных. Па сваіх памерах крыху меншы чым белы бусел (да 100 см даўжынёй, масай да 3 кг). Разарваны арэал распасціраецца праз усю Еўразію, лакальна ў паўднёвай частцы Афрыкі. У Еўразіі жыве ў лясной зоне, імкнучыся пазбягаць людзей.

https://dzienniklodzki.pl/na-tropie-tajemnic-bociana-czarnego/ar/c7-15584031

На месцы гнездавання буслы прылятаюць у канцы сакавіка — пачатку красавіка. Самец запрашае самку на гняздо, распушаным белым падхвосцем і выдаючы сіпаты свіст. Чорны бусел — манагамная птушка, размнажацца пачынае з трох гадоў. Адна пара можа мець па 2 гнязды на адлегласці 150—1000 м адно ад другога і займаць іх па чарзе. Адкладвае ад 2 да 6 белых яек. Сярэднія памеры яек 65,3 — 47,2 мм. Бакі жылога гнязда і лясны подсціл пад ім заўсёды вапнавае-белыя ад экскрэментаў. Гэтым яно адрозніваецца ад гнёздаў драпежных птушак. Наседжваюць абедзве птушкі 32-38 сутак. Паколькі насіжванне пачынаецца з першага адкладзенага яйка, птушаняты з'яўляюцца не адначасова. Птушаняты, якія толькі вылупіліся, белага ці шэраватага колеру з аранжавай у аснавання дзюбай. Кончык дзюбы зелянява-жоўты. Прыкладна 10 дзён птушаняты чорнага бусла толькі ляжаць у гняздзе, затым пачынаюць садзіцца. Ва ўзросце 35-40 дзён устаюць на ногі. Усяго ў гняздзе птушаняты сядзяць 55-65 дзён. Бацькі кормяць птушанят каля 4-5 раз у суткі, адрыгваючы ежу. Птушаняты канчаткова пакідаюць гняздо на 70-75 суткі.

https://dzienniklodzki.pl/na-tropie-tajemnic-bociana-czarnego/ar/c7-15584031

Сілкуецца ў асноўным рыбай, дробнымі воднымі хрыбтовымі і бесхрыбтовымі жывёламі, корміцца на плыткаводдзі, заліўных лугах і паблізу ад вадаёмаў. На зімоўку, акрамя пералічанага корміцца дробнымі грызунамі, буйнымі казуркамі, радзей змеямі і яшчаркамі, малюскамі.


Чорны бусел – адзін з негалосных сімвалаў Палесся. Гайстар (назва паходзіць ад ніжненямецкага слова Heister, што азначае... сарока), так яшчэ іначай завуць чорнага бусла – птушка дзікая і вельмі асцярожная. Знайсці гняздо чорнага бусла зусім няпроста. У адрозненні ад белага бусла, які гняздуецца каля чалавека, чорны бусел выбірае для гнездавання старыя вільготныя запушчаныя лясы, парослыя густым хмызняком на ўскрайку балот, далінах рэк ці забалочаных лугоў.

Гайстар лунае над Палессем

Апошнім часам пачалі з’яўляцца гнёзды гэтых птушак каля лясных дарог, але ўсё роўна ў месцах, куды звычайнаму чалавеку трапіць цяжка, а калі і трапіць, то наўрад ці заўважыць гняздо, так добра яно прыхавана палескай зелянінай. Нам знаныя шэсць гнёздаў, якія мы знайшлі падчас маніторынгаў у мінулыя гады ў гэтай мясцовасці. Сёння мы іх правяраем, каб зразумець ці ёсць у гэтым годзе птушаняты, і паспрабуем правесці першае кальцаванне.

Юра акальцаваў шмат белых буслоў. У гэтым годзе мы распачалі кальцаванне і чорных.

Юра мае дасведчанне ў кальцаванні буслоў. Ён удзельнічаў у буйной праграме па мечанню каляровымі кольцамі белых буслоў на Палессі. Аднак чорны бусел – не белы. Перш чым штосьці рабіць, трэба авалодаць тэарэтычнымі ведамі, асабліва калі мова ідзе пра прыроду, бо тут, як у медыцыне, пануе галоўны прынцып – не нашкодзь. Напрацягу ўсяго этапу падрыхтоўкі мы вывучалі вопыт нашых айчынных і замежных калег.

Дарыюш Андервальд кальцуе птушаня чорнага бусла (https://www.e-kolo.pl/wiadomosci,17179,-czworaczki-legu-bociana-czarnego-w-nadlesnictwie-kolo-zaobraczkowane)

Юра кантактаваў з вучонымі з НАН Беларусі, я з польскім арнітолагам Дарыюшам Андервальдам (Цэнтр прыродна-лясной асветы ў Рогаве, Польшча), які ўжо шмат год займаецца вывучэннем чорнага бусла.
Калісьці ў 2020 годзе мы шукалі для яго GPS-перадатчык з загінулай птушкі на поўдні Брэсцкага раёна. Дарыюш даў падрабязныя рэкамендацыі, як правесці кальцаванне без рызыкі для птушанят.

Рэшткі чорнага бусла і перадатчык, які быў на ім. Высветліць, што здарылася з буслом, не атрымалася

Кожная пара буслоў мае сваё гняздо. Як і ў белых буслоў, у чорных адно гняздо выкарыстоўваецца на працягу шэрагу гадоў, часам з перапынкамі, стала дабудоўваецца і можа дасягаць значных памераў. Каардынаты ўсіх знаных нам гнёздаў “забітыя” у Юрын навігатар. Таму мы ўпэўнена рухаемся праз лес наперад.

Пад цёмным полагам вільготнага палескага лесу, сярод балацін і густога падлеску стаіць стары карчакаваты дуб. Магутны, таўшчынёй у два-тры чалавечыя абхваты, цягнецца ён увысь, дамінуючы над усімі навакольнымі дрэвамі. Дуплісты ствол яго, расшчэплены калісьці маланкай і выпалены ў сярэдзіне агнём, падаецца непрыступным. У розныя бакі цягнуцца яго доўгія і моцныя рукі-галіны. На адной з гэтых галін, метраў дзесяць над зямлёй, грувасціцца вялікае гняздо з шматлікага галля і палак. У гняздзе стаіць чорны бусел.

Чорны бусел у гняздзе

Крывава-чырвоную дзюбу яго відаць здалёк. Сінявата-чорнае пер’е на галаве, шыі, спіне і крылах пераліваецца зялёным і залацістым колерамі ў рэдкіх сонечных праменях, якія прабіваюцца праз густое дубовае лісце. Некалькі хвілін затаіўшы дыханне, мы назіраем за птушкай. Колькі самабытнага хараства ў чорным бусле, колькі чароўных імгненняў можна перажыць, вось так таемна, хаваючыся ў хмызняку, назіраючы за ім у натуральным асяроддзі.

Дзяніс рыхтуецца да ўваходу на дрэва

Хутка пільнае птушынае вока заўважае нас і моцнымі ўзмахамі крылаў чорны бусел уздымаецца ў паветра. Мы хутка накіроўваемся ў бок дуба. У нас ёсць 30-40 хвілін каб спраўдзіць наяўнасць птушанят у гняздзе і акальцаваць іх. Пад дрэвам шмат птушынага памёту – гэта добры знак. Гэта значыць, што птушкі тут праводзяць шмат часу. Пакуль Дзяніс рыхтуецца да ўваходу на дрэва, мы аглядаем мясцовасць навокал. У некалькіх кроках ад дуба ў густой траве мы знаходзім буслінае яйка. Вось гэта ўжо нядобры знак.

Яйка бусла пад дрэвам - нядобры знак
Яйка на далоні
Пакуль мы разглядаем яйка, знойдзенае на зямлі, Дзяніс узбіраецца на дрэва. Справа гэта вельмі цяжкая.

Цяжка ўзбірацца на гладкі, амаль без сучкоў, ствол дуба. Дзяніс некалькі разоў слізгаецца ўніз, але ўсё ж такі ўзбіраецца і крычыць зверху ўніз:

- Пуста!

Птушанят у гэтым гняздзе няма. Такое здараецца. Часам буслы маюць па нейкіх прычынах перапынак у гнездаванні, але яйка пад дрэвам сведчыць аб тым, што спроба гнездавання была. Мажліва птушаняты сталі чыесьці здабычай. Смяротнасць сярод маладняку вельмі высокая і перавышае 50%. Вялікую пагрозу для буслянят ўяўляюць неспрыяльныя ўмовы надвор'я, такія як засуха і буры, а таксама драпежнікі. Куніцы, шулякі і крумкачы ядуць яйкі і нападаюць на маладых буслоў. Ёсць жа непадалёк гняздо шуляка. Прыклады, калі драпежныя птушкі хапалі птушанят чорных буслоў з гнязда нам знаныя. Не так даўно Юра ў гняздзе арлана знайшоў цэлую “калекцыю” касцей чорных буслоў.

Цэлая "калекцыя" рэштак чорных буслоў з гнязда арлана ў Маларыцкім раёне

Усе гэтыя думкі непакояць нас, але ўсё гэта толькі гіпотэзы і трэба ісці далей, правяраць наступныя гнёзды.

Наперад да наступнага гнязда

Да другога гнязда шлях зручнейшы: дарога вядзе праз звычайны сасновы лес, дзе таксама час ад часу трапляюцца выспачкі з густога хмызняку. Вось на палянцы адной з такіх выспачак таксама раскінуў свае галіны стары дуб-волат, у кароне якога знайшла сабе прытулак яшчэ адна сям’я чорных буслоў.

Дуб-волат, які на працягу шмат гадоў дае прытулак чорным буслам

Па інфармацыі атрыманай з лясгасу, тэрыторыя, на якой знаходзіцца гэтае гняздо, была перадана пад ахову яшчэ ў 1984 годзе. Гэта значыць, што чорныя буслы гадуюць тут птушанят ужо больш за 35 гадоў. Ну, а хутчэй за ўсё і яшчэ даўней.

Дзяніс хутка ўзіраецца на дрэва

Зноў дарослы чорны бусел злятае з гнязда. Зноў у нас 30-40 хвілін, каб правесці ўсе маніпуляцыі. На шчасце, тут мы знайшлі птушанят: тры белыя пушыстыя камячкі сядзелі ў неглыбокім высціланым імхом гняздзе і гучна гыркалі, цёхкаючы сваімі ўжо доўсць моцнымі дзюбамі. Каля птушанят шмат жаб – іх будучы абед. Дзяніс асцярожна, па аднаму, пачаў апускаць маленькіх буслянят на зямлю.

Асцярожна апускаем птушанят на зямлю

- Сапраўдныя дыназаўры! – гледзячы на птушанят і не утрымаўшыся ад захаплення, гаворыць Наста.

Сапраўды дыназаўры

Птушаняты, яшчэ мокрыя (буслы ў асабліва гарачыя дні паліваюць птушанят вадой, каб тыя не пераграваліся), не разумеючы, што адбываецца, глядзяць на нас. Каб занадта не турбаваць, накрываем бусляня анучай і пачынаем кальцаваць. Спачатку каляровае кальцо на адну нагу, потым металічнае на іншую.

Спачатку каляровае кальцо
Кальцо трэба склеіць

Кольца трэба замацаваць вышэй калена, каб бусел не зачапіўся ім за рыбалоўную жылку ці яшчэ якую-небудзь вяроўку. Дадзеныя запісваем і павяртаем птушанё на дуб. Справа ідзе хутка, вопыт Юры дае аб сабе ведаць. Праз паўгадзіны ўсе птушаняты былі павернуты ў гняздо, а мы хутка рэціруемся. Ужо каля аўтамабіля за кубачкам кавы мы весела абмяркоўваем удалае першае кальцаванне чорнага бусла. Марым і адначасова задаёмся пытаннямі. Ці спаткаем мы гэтых буслоў яшчэ раз? Ці выжывуць яны ўвогуле? Ці павернуцца на Палессе ў наступным годзе?

Першае бусляня акальцавана!


Пасля кароткага перапынку выпраўляемся ў дарогу. На чарзе ў нас праверка яшчэ аднаго гнязда, якое знаходзіцца на поўдні Кобрынскага раёна. Але нечакана на дарозе перад намі з'яўляецца блокпост дэсантнікаў. Па баках трасы ўкапаныя БТРы. Да першай машыны падыходзіць салдат, у руках аўтамат. Адмоўна пампуе галавой, паказвае рукой у зваротны бок. Зразумела: забарона на ўезд, нашыя машыны заварочваюць, а мы вымушаныя падпарадкавацца.

Дарога да наступнага гнязда

Па плане ў нас яшчэ адно гняздо ў Кобрынскім раёне. За два кіламетры ад вызначанай кропкі пакідаем машыны і пешшу рухаемся спачатку палявой дарогай, потым “грэблей” на ўскрайку балота. Нечакана адкрываем для сябе, што на “грэбле” даволі інтэнсіўны рух, як для лясной дарогі. Гэтае гняздо чорнага бусла знаходзіцца каля самай дарогі, і мы хвалюемся, што такі рух можа моцна патрывожыць птушак. Аднак, хоць гняздо і размешчана ў даволі "людным" месцы, у адрозненні ад папярэдніх, убачыць яго з дарогі практычна немагчыма - так надзейна яго хавае расліннасць.

Гняздо хоць і знаходзіцца нізка над зямлёй, але надзейна схавана

З другой спробы мы заўважаем гняздо і ў гэты ж момант з яго злятае дарослая птушка. Тут чорныя буслы таксама абралі сабе стары дуб. Само гняздо размяшчаецца ўсяго на тры-чатыры метры над зямлёй.

Дзяніс з нашай дапамогай хутка ўзбіраецца на галінку і, агледзеўшы птушанят, робіць выснову, што яны яшчэ занадта малыя для кальцавання. Трэба было хутка сыходзіць, дарослая птушка час ад часу кружылася над намі, відавочна трывожачыся за буслянят. Акальцуем іх у наступны раз.

Гэта было апошняе гняздо па плане, трэба было вяртацца дадому. Першы вопыт кальцавання чорнага бусла прайшоў паспяхова. Час на прыродзе ляціць хутка і з'язджаць заўсёды крыху сумна. Толькі і грэе думка, што хутка новыя прыгоды і новыя адкрыцці. Хутка мы зноў вернемся ў краіну чорнага бусла…

***

Чорны бусел, чорны бусел-белагруд,
памажы ты Беларусі,
будзь жа тут,
дзе даўно ўжо жоўта лотаць не расце,
белы бусел не клякоча на страсе.
Чорны бусел, чорны бусел-белагруд,
табе лётаць над балотам не дадуць.
Тут рачулачкі і рэкі ў кайданах,
і зямля пяском зьмяіцца на вятрах.
Чорны бусел, чорны бусел-белагруд…

Мікола Папека

Фота: Анастасія Сяргеева, Кацярына Крупянкова, Юры Янкевіч, Яўген Місіюк


Report Page