Часопіс "Наша гісторыя" №1 (2018).

Часопіс "Наша гісторыя" №1 (2018).

t.me/bellitra

Па-першае, дзякуй усім, хто спрычыніўся да стварэння гэтага выдання: прыдумаў, ажыццявіў. Гэта сапраўды годная справа. І дзякуй тым, хто яго падтрымлівае праз пакупку)

Па-другое, мяне радуе, што дзякуючы гэтаму часопісу пачалі цікавіцца гісторыяй нават тыя мае знаёмыя, якія ёй ніколі не цікавіліся.

Ну і па-трэцяе, гэта сапраўды цудоўны праект, і спадзяюся, што ён усур'ёз і надоўга.

А яшчэ гэта выдатны прыклад таго, як беларускамоўнае выданне можа захапіць сац.сеткі, што безумоўна паўплывае на продажы. Ці гэта правільная стратэгія прасоўвання, ці проста сарафаннае радыё, але не чуў пра "Нашу гісторыю" толькі лянівы. Ды і дэмакратычны кошт 5,50 р. за 100 якасных крэйдаваных старонак — гэта амаль бясплатна.

Калі звярнуцца да зместу, то ўбачым, што тут сапраўды ёсць пра што пачытаць розным людзям. Не сказала б, што я такі ўжо аматар і знаўца гісторыі, але нават для мяне знайшліся захапляльныя матэрыялы. Напрыклад, гісторыя жыцця Багдана Сташынскага, забойцы Сцяпана Бандэры. У ім згадваецца найлепшая сацыяльная рэклама, якую я толькі бачыла: пра безбілетны праезд 😁

Таксама цікавае ўзнаўленне аднаго дня з жыцця мінскага юрыста ў 1600 годзе і артыкул пра асаблівасці пахаванняў у ВКЛ. Актуальным у сувязі з нядаўнім Днём беларускай вайсковай славы будзе аналіз Бітвы пад Оршай. Аматары літаратуры могуць пачытаць пра рэальную асобу, Данілу Скварнюка, які натхніў Янку Брыля на напісанне апавядання "Memento mori" (яно, дарэчы, у школьнай праграме). А яшчэ з першага выпуска часопіса вы даведаецеся, хто такія стараверы і дзе іх знайсці ў наш час. 

Цікавы часопіс і тым, што адлюстроўвае не толькі падзеі беларускай гісторыі. Вельмі карыснымі для мяне апынуліся артыкулы па гісторыі курдаў і чарнагорцаў.

Ну а расслабіцца і пасмяяцца, калі стаміліся ад сур'ёзных гістарычных тэм, можна ў артыкуле з кароткай гісторыяй гумару. Адтуль вы даведаецеся, напрыклад, як выглядае адзін з самых старажытных жартаў свету. Ну і пачытаеце іншыя старыя анекдоты, яны ўсё яшчэ смешныя 😁


З мінусаў: крыху прэтэнзій да рэдактуры тэкстаў. Не ўсе гісторыкі бліскуча валодаюць мовай і захапляльна пішуць тэксты, таму за некаторымі ўсё ж варта папраўляць асобныя моўныя канструкцыі, сказы і г.д. Але гэта не было вялікай перашкодай у часе чытання.


Зусім хутка чакаем другі нумар, а першы ўсё яшчэ можна пастарацца знайсці ў кіёсках Белсаюздрук. І дакладна можна купіць у нас у Кніжнай Шафе (пр-т. Дзяржынскага, 9).

Report Page