Чаму Кітай зацікаўлены, каб Беларусь наладзіла адносіны з Еўропай

Чаму Кітай зацікаўлены, каб Беларусь наладзіла адносіны з Еўропай

«Наша Ніва»

Аляксандр Лукашэнка, а следам за ім дзяржаўныя чыноўнікі і прапагандысты, часта паўтараюць тое, што ў складаны перыяд Беларусь заўсёды можа спадзявацца на Кітай, які гатовы падставіць плячо. Але ці так гэта насамрэч? Пагаварылі пра беларуска-кітайскія адносіны з палітычным аглядальнікам Арсенам Сівіцкім. Эксперт вылучыў некалі дастаткова нечаканых гіпотэз: Кітай не будзе ўкладвацца ў краіну, у якой кепскія адносіны з Еўрасаюзам.



«НН»: Як бы вы ахарактаразавалі сённяшні стан беларуска-кітайскіх адносін? Таваразварот нібыта расце, але найперш за кошт імпарту з боку Кітая. Гэта сведчыць пра тое, што Кітай дапамагае Лукашэнку ў цяжкай сітуацыі?

Арсен Сівіцкі: Трэба пачаць з таго, што рост таваразвароту між Кітаем і Беларуссю не з’яўляецца характарыстыкай, па якой можна меркаваць пра глыбіню адносін Пекіна і Мінска. Галоўная праблема нашых адносін заключаецца ў тым, што як бы гэты таваразварот не рос, захоўваецца адмоўнае сальда для Беларусі. Гэта пры тым, што апошнімі гадамі было дасягнута некалькі дамоўленасцяў, якія адкрылі кітайскія рынкі для беларускай прадукцыі, найперш сельскагаспадарчай. 

Беларусь у гэтай тэндэнцыі не выключэнне, усе краіны, што гандлююць з Кітаем, маюць адмоўнае сальда, нават ЗША. Нярэдка гэта прыводзіць да гандлёвых і палітычных канфліктаў між Пекінам і Вашынгтонам. Я б не казаў, што гэта праблема толькі беларуска-кітайскіх эканамічных адносін — гэта хутчэй звычайнае становішча для любой краіны, якая мае адносіны з найбуйнейшай эканомікай свету. 

Цікава, што такая інтэнсіфікацыя двухбаковых адносін як эканамічных, гэтак і палітычных, прыходзіцца на перыяд пасля 2014 года, акурат з пачаткам расійска-ўкраінскага вайсковага канфлікту. Справа ў тым, што Кітай спачатку планаваў уключыць Украіну ў склад ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», як свой усходнееўрапейскі лагістычны і прамысловы хаб. Галоўная мэта для кітайцаў — дасягнуць еўрапейскага рынку праз Украіну. Пекін добра ведаў, што Кіеў вёў перамовы аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам з зонай вольнага гандлю. Але анексія Крыма з боку Расіі і дэстабілізацыя на Данбасе прымусілі кітайцаў адмовіцца ад гэтых планаў і пераключыць сваю стратэгічную ўвагу на Беларусь.


Пекін


«НН»: Гэта і час паляпшэння адносін з Еўрасаюзам.

АС: Усё правільна. Якраз у 2015 годзе з дзяржаўным візітам Беларусь наведвае кіраўнік КНР Сі Цзіньпін, які і кажа, што наша краіна становіцца галоўным усходнееўрапейскім хабам ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Беларускія ўлады ў сваю чаргу абавязваліся стварыць усе неабходныя ўмовы, каб кітайскія кампаніі і карпарацыі атрымалі свабодны доступ на еўрапейскі рынак. З гэтага моманту набірае актыўнасць па аднаўленні працы беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». А я напомню, што яго заклалі Лукашэнка і Сі Цзіньпін яшчэ ў 2010 годзе, калі апошні быў намеснікам кіраўніка КНР. Але доўгі час там не рэгістраваліся ніякія рэзідэнты, адсутнічалі кітайскія кампаніі. Толькі ў 2015 годзе, пасля таго як заходнія краіны пачалі адмяняць і прыпыняць санкцыі супраць Беларусі, гэта падштурхнула інвеставаць кітайскія кампаніі ў «Вялікі камень». 

Гэты працэс дынамічна развіваўся да палітычнага крызісу 2020 года, які сур’ёзна абвастрыў унутры- і знешнепалітычную сітуацыю вакол Беларусі, а таксама прывёў да аднаўлення санкцыйнай палітыкі з боку заходніх краін. Для Кітая паўтараецца сітуацыя 2011 — 2015 гадоў, калі ўжо існавалі санкцыі і яны стваралі дадатковыя рызыкі для кітайскіх кампаній. Яны і тады стрымліваліся ад рэгістрацыі ў Беларусі і дзейнасці эканамічнай, цяпер мы назіраем такі самы працэс.

«НН»: Яго можна бачыць ужо цяпер?

АС: Так, ён назіраецца.

«НН»: Правільна казаць, што Беларусь цікавая Кітаю найперш як выхад у Еўропу?

АС: Так, сапраўды. Больш за тое, кітайскія эксперты, якія наведвалі Беларусь на працягу апошніх гадоў, раілі Мінску для паляпшэння ўнутранага бізнэсу і клімату, а таксама дыверсіфікацыі эканомікі, дзве рэчы: увайсці ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і падпісаць эканамічнае пагадненне з Еўрасаюзам. Можа, пад уплывам гэтых рэкамендацый гэтыя мэты былі ўключаныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця 2016–2020 гадоў.



«НН»: Досыць нечаканая думка, што Кітай быў зацікаўлены ў больш глыбокай прысутнасці нашай краіны ў Еўропе.

АС: Па сутнасці, Кітай падштурхоўваў Беларусь да больш глыбокіх гандлёва-эканамічных сувязяў з Еўропай. Бо рынак ЕС Кітаем разглядаецца як адзін з найбольш перспектыўных. Калі глядзець на стратэгію Кітая, то яны прыходзілі з інвестыцыямі ў тыя краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, якія маюць глыбокія інстутыцыйныя адносіны з ЕС. Ці дамовы аб паглыбленым супрацоўніцтве і партнёрстве, ці рэжым доступу да сістэмы прэферэнцый, як было ў Арменіі, ці сяброўства ў ЕС у перспектыве. 

«НН»: У сувязі з цяперашнім крызісам, ці можна сказаць, што развіццё беларуска-кітайскіх адносін пастаўлена на паўзу?

АС: Можна. Тут мы паўтараем той цыкл, які праходзілі ўжо 2011–2015 гадах, калі Беларусь у знешнепалітычнай ізаляцыі з боку краін Еўропы. Справа ў тым, што стратэгічная культура Кітая дазваляе даволі доўга трымаць паўзу, і ў залежнасці ад дынамікі вельмі гнутка адаптаваць стратэгію. 

Цяпер мы знаходзімся ў такой сітуацыі, калі вымушаныя канкураваць за кітайскія інвестыцыі з іншымі краінамі рэгіёна. Вось той беспрэцэдэнтна высокі ўзровень адносін з Кітаем, якога Беларусь дасягнула за невялікі адрэзак часу, нічога не гарантуе. Ён дае толькі магчымасці, якімі можна скарыстацца, каб рашыць задачы па рэфармаванні беларускай эканомікі. 

Цікава, што парады кітайскіх экспертаў, яны звычайна на 80–90% супадаюць з тымі, якія даюцца Беларусі з боку міжнародных фінансавых інстытутаў. Мяч знаходзіцца на баку беларускіх уладаў, цяпер усё залежыць ад таго, як Лукашэнка вырашыць палітычны крызіс. Калі гэта будзе адпавядаць чаканням і заходніх краін, і Кітая, то гэта можа даць больш інтэнсіўныя адносіны з Пекінам. 



«НН»: Падтрымка беларускіх уладаў з боку Пекіна падаецца пакуль хутчэй сімвалічнай, чым рэальнай. Гэта так?

АС: Сапраўды, Кітай перш за ўсё падтрымлівае беларускія ўлады на ўзроўні рыторыкі. Калі казаць пра фінансавую падтрымку, то гэта выглядае невыразна. Гэта таксама паказвае нам, што Кітай не будзе выдаткоўваць сродкі. У сітуацыі з Украінай у 2013 годзе, калі Віктар Януковіч падчас візіту ў Пекін прасіў крэдыт у памеры 15 мільярдаў даляраў, Кітай паставіў умову: абавязковае падпісанне дамовы аб асацыяцыі і стварэнне зоны свабоднага гандлю з Еўрасаюзам. У такіх умовах Кітай быў гатовы даць крэдыт. Цікава, што гэты візіт адбываўся ўжо пасля Віленскага саміту Усходняга партнёрства, дзе Януковіч адмовіўся падпісваць гэтыя дакументы.

У матэрыяле выкарыстаны ілюстрацыі Depositphotos.com.

Report Page