Была фабрыка мастакоў, а цяпер пластмаса – Кузьміч пра Парыж напярэдадні раскопкі магілы Ван Гога

Была фабрыка мастакоў, а цяпер пластмаса – Кузьміч пра Парыж напярэдадні раскопкі магілы Ван Гога

«Белсат»

Беларускага мастака Аляксея Кузьміча судзілі ў Францыі 31 ліпеня пасля таго, як ён спрабаваў раскапаць у Парыжы магілу Вінцэнта Ван Гога з крыкамі «Мастак, уставай!». Яму прысудзілі месяц арышту і цяпер могуць дэпартаваць з ЕЗ. «Белсат» гутарыў з Кузьмічом незадоўга да ягонага затрымання. Расказваем, што тады казаў мастак пра жыццё ў «паліцэйскім» Парыжы, свабоду творчасці і сваю папярэднюю працу «Транзіт», для якой употай вяртаўся ў Беларусь.

Аляксей Кузьміч. Парыж, Манмартр. 10 ліпеня 2024 года. Фота: Ганна Русінава / «Белсат»

Відэа з акцыяй на могілках у Парыжы, якую Аляксей Кузьміч назваў «Рэнесанс», з'явілася на яго YouTube-канале 29 ліпеня. Ад 1 жніўня ён знаходзіцца ў СІЗА для замежнікаў пасля суда. Месяца арышту ён можа пазбегнуць пры аплаце штрафу 1500 еўра. Тады заключэнне зменяць на ўмоўнае. Аднак яму пагражае дэпартацыя. Цяпер адвакаты спрабуюць аспрэчыць гэтае рашэнне.

«Тут усюды бетон»

10 ліпеня «Белсат» сустракаўся з Аляксеем Кузьмічом у Парыжы. Паводле яго апісання гэтага гораду, можна лепш зразумець, чаму ён вырашыў «абудзіць» Вінцэнта Ван Гога.

«Парыж складаны для мяне горад. Я яго адначасова люблю і ненавіджу. Я тут апынуўся выпадкова, як і шмат чаго адбываецца ў жыцці. Гэты горад – плавільны кацёл. Тут бясконцае нагрувашчванне культуры, часцяком такой мёртвай субстанцыі.

У 2021 годзе я рабіў акцыю ў Парыжы, якая называлася "Імітацыя". Мне захацелася мёртвыя гэтыя напластаванні ажывіць. Калісьці на Манмартры бурліла жыццё, тут была сапраўдная фабрыка мастакоў – новыя ідэі, новыя імёны. Цяпер гэта пластмаса – толькі ходзяць турысты фатаграфуюцца. Тут толькі мінулая культура, а парастка жыцця не прысутнічае», – сказаў Аляксей Кузьміч.

Аляксей Кузьміч спрабуе «абудзіць» Ван Гога. Фота: скрыншот відэа «Renaissance». July 29, 2024. Auvers-sur-Oise, France / YouTube

Ён адзначыў, што ў Парыжы прывабныя бясконцыя напластаванні культуры накшталт музеяў і бібліятэк, але ў той жа час «гэта вельмі паліцэйскі горад».

«Паліцыя на кожным кроку і часцяком яны дзейнічаюць не па законе. Мясцовыя актывісты нават параўноўваюць гэта з Беларуссю», – сказаў Кузьміч.

У Парыжы яму складаней, бо там ён чужы, а ў Беларусі сямʼя і сябры. Таксама гэта адбіваецца на творчасці, паколькі кожная акцыя – гэта вялікая падрыхтоўка і прасцей гэта рабіць у камфортным асяроддзі, адзначыў суразмоўца. А творчая свабода аднолькавая, як у Беларусі, так і ў самай дэмакратычнай краіне.

«Нават у турме, свабода ж ідзе знутры. Горад для мяне не гуляе ніякай ролі. Я не пытаюся ні ў каго, можна гэта рабіць ці нельга. Таму пытанне творчай свабоды не стаіць. Пытанне адказнасці стаіць, што будзе пасля. У гэтым ужо ёсць нюансы. У Беларусі на мяне завялі крымінальную справу пасля маёй акцыі “Транзіт”. Тут, у Францыі папярэджанне далі. Вось розніца», – сказаў мастак.

«Транзіт, або Зад назад» – міні-фільм пра тое, як Аляксей Кузміч эміграваў з Беларусі пасля выбараў 2020 года, а праз тры гады «пад носам міліцыянтаў» вярнуўся, зрабіў новы пашпарт і зноў збег за мяжу.

Аляксей Кузьміч у Менску падчас свайго таемнага вяртання ў 2023 годзе. Фота: скрыншот з фільму «Транзит, или Зад назад» / YouTube

А ў Францыі ён апынуўся пад пагрозай крымінальнага пераследу ў 2021 годзе, калі спрабаваў трапіць у Елісейскі палац з бутэлькай, у якой было грудное малако, аднак яна была падобная на кактэйль Молатава.

«У Францыі мяне не пасадзілі, таму што, па-першае, пра мяне напісалі ўсе газеты мясцовыя. Крымінальная паліцыя ў пачатку хацела завесці на мяне справу за наўмысны гвалт з ужываннем зброі. Гэта цяжкі крымінальны артыкул. Калі б мясцовыя СМІ не пісалі пра гэта, калі б я быў нікому не вядомым чалавекам, цалкам магчыма, што гэтым артыкуле далі б ход. Атрымліваецца, мяне не пакаралі, але далі папярэджанне, што, калі нешта такое цягам пяці гадоў адбудзецца, то яны падымуць гэтую справу і завядуць яе», – адзначае ён.

Тады на пытанне, ці спыняе гэта яго ад таго, каб праводзіць новыя акцыі, Кузміч адказаў:

«Калі над табой вісіць пагроза крымінальнага пераследу, нармальна гэта ці не? Пра якую свабоду можна казаць? Проста яны паступаюць разумней, чым у Беларусі. Няма такой цвёрдалобасці, як у постсавецкіх краінах».

«Хочацца быць сумленным з самім сабой»

У 2023 годзе мастак патлумачыў сваё вяртанне ў Беларусь у тым ліку жаданнем развітацца з цяжка хворай бабуляй. Аднак не паспеў. Цяпер ён удзячны за ўсё, што з ім адбылося.

Аляксей Кузьміч. Фота: art_kuzmich / Instagram

«Мастаку нельга варыцца ва ўласным соку. Я кажу нельга, але наогул гэта не дастасавальна да мастацтва, таму што тут няма адзінага рэцэпту, Што рабіць. У той жа Беларусі ёсць прыклады Язэпа Драздовіча. У яго цэлы мікракосм, які ён адлюстроўваў. Алёна Кіш хадзіла па вёсках і рабіла вышыванкі за ежу, за начлег. Таксама яна асабліва не падарожнічала па Парыжах, – працягнуў Кузьміч. – Мне здаецца, што мастаку трэба падарожнічаць, жыць у іншых краінах, максімальна выходзіць з зоны камфорту. Таму што немагчыма на тым багажы, які ты атрымаў у Акадэміі, стаць мастаком. Акадэмія цябе хутчэй ламае і не дае быць мастаком.

Свет суровы і мастацкі не менш, чым свет рэальны. Мастаку трэба спрабаваць выязджаць, шлях гэта будзе непрыемна і балюча. І хай ён у нейкі момант адчуе, што ён тут ніхто. Што там ён нешта з сябе ўяўляў, а тут такіх вагон і маленькі вазок. І важна не згубіцца і паспрабаваць сябе знайсці. Таму, можа, прынята ненавідзець тое, што адбылося ў 2020 годзе, але я ўдзячны ў нейкай ступені, што ўсё так адбылося і мне давялося зʼехаць з краіны. Я разумею, што я за гэты час вырас і як мастак, і як чалавек.

Я ў цэлым удзячны свету, што я знаходжуся тут і што ён так са мной паступіў, на першы погляд, не вельмі справядліва, таму што я не магу бачыць сваіх родных, але для таго, чым я займаюся, гэта толькі пайшло на карысць».

У творчым плане суразмоўца пакуль не спяшаецца даваць ацэнкі сваёй творчасці з пункту гледжання гісторыі.

«Мастаку займацца самааналізам – занятак не вельмі добры. Думаць, якое месца ён зойме ў гісторыі мастацтваў – гэта добра, але справа няўдзячная. Гісторыі мастацтваў на меркаванне мастака адносна яго месца ў гэтай гісторыі зусім начхаць. Праз 100 і нават 400 гадоў яна робіць такія выкрутасы. Мастакі, якія цяпер у топе, праз 100 гадоў могуць сысці ў забыццё. Мастакоў пераадкрываюць, пераасэнсоўваюць ужо з пазіцыі часу.

Я магу сказаць толькі, што, займаючыся мастацтвам, мне хочацца быць сумленным з самім сабой і разумець, што я зрабіў усё, што ад мяне залежыць і ўсё, што я хацеў зрабіць, я зрабіў. А кім я апынуся ўжо на старонках гісторыі – маргіналам, якога ніхто не ведае, ці мае працы будуць прызнаныя вартымі і прарыўнымі для часу – гэтага я не магу прадбачыць. І па вялікім рахунку мне ўжо будзе ўсё роўна», – заключае са смехам Кузьміч.

Ганна Русінава, Арсен Рудэнка, «Белсат»

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале

Report Page